АКЦЭСО́РНЫЯ МІНЕРА́ЛЫ (ад лац. accessorius дадатковы),

мінералы, якія ёсць у горных пародах у нязначных колькасцях (менш за 1%); заканамерная частка вывергнутых і асадкавых парод. Спачатку лічыліся выпадковымі дадатковымі мінераламі (адсюль назва). Тыповыя акцэсорныя мінералы гранітаў — апатыт, цыркон, турмалін, гранат і інш. Пры разбурэнні парод намнажаюцца ў россыпах. Па характары акцэсорных мінералаў можна выявіць роднаснасць, паходжанне і ўзрост горных парод.

т. 1, с. 223

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЛАВЕ́РДЫ,

кафедральны сабор 1-й чвэрці 11 ст., помнік груз. сярэдневяковага дойлідства. Пабудаваны за 20 км на ПнЗ ад г. Тэлаві. Выцягнутае ўверх збудаванне, у плане — падоўжаны крыж; у сяродкрыжжы купал на высокім барабане (рэканструяваны ў 15 ст.). Грандыёзная ўнутр. прастора (выш. больш за 42 м). Дэкор скупы. У 1960-я г. раскрыта размалёўка 15 ст.

Сабор Алаверды.

т. 1, с. 225

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЛЬБЕДАМЕ́ТР (ад альбеда + ...метр),

метэаралагічная прылада для вымярэння альбеда. Працуе на прынцыпе інтэгральнага шаравога фатометра. Альбеда зямной паверхні вымяраюць паходным альбеда — спалучэнне двух піранометраў; прыёмная паверхня аднаго з іх павернута да Зямлі і ўспрымае рассеянае святло, другога — да неба і рэгіструе падаючае выпрамяненне. Карыстаюцца і адным піранометрам, прыёмная паверхня якога паварочваецца то ўніз, то ўгару.

Альбедаметр.

т. 1, с. 272

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЛЬФАРТЫЁЗ коней,

гельмінтозная хвароба жарабят і дарослых коней, якая выклікаецца нематодай Alfortia edentatus. Пашыраны ўсюды. Паразіты пашкоджваюць тоўсты кішэчнік і выклікаюць запаленне брушыны. Хвароба працякае востра і хранічна. Вострае цячэнне (прыгнечанне, адмова ад корму, анемія, павышэнне т-ры цела) звычайна бывае ў жарабят, многія з захварэлых гінуць. Хранічнае цячэнне (2—3 месяцы) часцей у дарослых коней. Лячэнне тэрапеўтычнае.

т. 1, с. 287

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЛЬФО́НС XIII (Alfonso; 17.5.1886, Мадрыд — 28.2.1941),

кароль Іспаніі [1886—1941]. З дынастыі Бурбонаў. Сын Альфонса XII. Да 1902 правіў пры рэгенцтве сваёй маці Марыі Крысціны Аўстрыйскай. У 1-ю сусв. вайну захоўваў нейтралітэт краіны. Пасля перамогі на выбарах рэспубліканцаў эмігрыраваў (крас. 1931). У 1936 падтрымаў паўстанне нацыянал-фаш. сіл супраць рэспублікі. Адрокся ад прастола на карысць свайго сына Хуана.

т. 1, с. 287

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЛЮ́ТАРСКІ ЗАЛІ́Ў,

у Берынгавым м., на ПнУ ад п-ва Камчатка, паміж п-вамі Гавена і Алютарскім. Даўж. 83 км, шыр. на ўваходзе 228 км, глыб. ў паўд. ч. да 1000 м. Утварае бухты Лаўрова і Сумнення. Прылівы няправільныя, паўсутачныя, выш. 0,3—1,9 м. Большую ч. года ўкрыты лёдам; каля берагоў са снеж. да мая — прыпай.

т. 1, с. 292

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АМАЗАНІ́Т (ад назвы р. Амазонка, дзе ўпершыню знойдзены),

мінерал, разнавіднасць мікракліну, афарбаваная іонамі свінцу. Крышталізуецца ў трыкліннай сінганіі. Утварае крышталі, часцей зярністыя масы з альбітам, кварцам і інш. Колер блакітнавата-зялёны, бірузовы ці ярка-зялёны. Цв. 6—6,5. Шчыльн. больш за 2,5 г/см³. Трапляецца ў гранітах і гранітных пегматытах. Вырабны камень. Амазанітавыя граніты выкарыстоўваюцца як абліцовачны матэрыял.

Амазаніт.

т. 1, с. 303

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

А́МІЯ, глейная рыба (Amia calva),

рыба атрада аміяпадобных. Адзіны сучасны рэліктавы прадстаўнік атрада Amiiformes. Жыве ў неглыбокіх стаячых забалочаных вадаёмах Паўн. Амерыкі на Пд ад Вялікіх азёр.

Даўж. да 90 см. Цела акруглае, рыла кароткае. Восевы шкілет акасцянелы, на галаве скурныя косці (адзнака прымітыўных рыб). Луска цыклоідная; спінны плаўнік доўгі, хваставы — сіметрычны, круглаваты. Можа дыхаць атм. паветрам. Драпежнік.

Амія.

т. 1, с. 319

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АГНІ́ШЧА,

прыстасаванне, дзе ў старажытнасці распальвалі і зберагалі агонь, які служыў чалавеку для абагравання, прыгатавання ежы і абароны ад дзікіх звяроў. Рэшткі першых агнішчаў знойдзены на стаянках пітэкантрапа ва Усх. Афрыцы (больш за 1 млн. г. таму назад) і сінантрапа ў Кітаі (каля 300 тыс. г. назад). На Беларусі найб. старажытныя агнішчы вядомы з эпохі верхняга палеаліту (Бердыж, Юравічы).

т. 1, с. 78

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

А́ДАМС ((Adams) Джон Каўч) (5.6.1819—21.1.1892),

англійскі астраном. Прэзідэнт Лонданскага астр. т-ва, дырэктар Кембрыджскай астр. абсерваторыі (з 1861). Працы па нябеснай механіцы (асн. з іх — тэарэтычнае вызначэнне векавога паскарэння Месяца). На аснове матэм. аналізу няправільнасцяў у руху планеты Уран незалежна ад У.Левер’е ў 1845 адкрыў планету Нептун. Прапанаваў рознасны метад лікавага інтэгравання звычайных дыферэнцыяльных ураўненняў першага парадку.

т. 1, с. 93

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)