запаленне рагавой абалонкі вока, іншы раз з частковым або поўным яе памутненнем (бяльмом) і паніжэннем зроку да слепаты. Адрозніваюць К. экзагенныя (пры ўздзеянні знешніх фактараў, пераважна інфекц., ці пры траўме) і эндагенныя (пры захворваннях арганізма); па лакалізацыі бываюць паверхневыя і глыбокія. Сімптомы К.: святлабоязь, слёзацячэнне, боль, пачырваненне вока, парушэнне празрыстасці рагавіцы, паніжэнне зроку.
Найчасцей бываюць вірусныя К. (напр., герпетычны выклікаецца вірусамі герпесу). Катаральныя ўзнікаюць пры інфекц.кан’юнктывітах (ганарэйным, дыфтэрыйным), трахоме і інш. Пры бактэрыяльных гнойных К. (выклікаюцца стафілакокамі, пнеўмакокамі і інш.) можа развіцца паўзучая язва з дэфектам рагавіцы і рубцом. Паверхневыя туберкулёзна-алергічныя скрафулёзныя К., як правіла, двухбаковыя; гематагенныя глыбокія К. пашкоджваюць адно вока з моцным памутненнем рагавіцы. Парэнхіматозны К. (тыповая форма глыбокага эндагеннага К.) найчасцей бывае пры прыроджаным сіфілісе. Лячэнне: рассысальная тэрапія, хірург — кератапластыка.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КОЛТ,
старажытнае жаночае ўпрыгожанне. Вядома ў слав. і некаторых інш. народаў у 11—13 ст. Меў выгляд акруглай ці зоркападобнай формы метал. падвескі, якая мацавалася да галаўнога ўбору з 2 бакоў на ланцужках або стужках. У сярэдзіне К. быў звычайна пустацелы; мяркуецца, што туды змяшчалі тканіну, прамочаную духмяным алеем. У 11—12 ст. выраблялі з золата, серабра, з канца 12 ст. з’яўляюцца больш танныя К. з бронзы і свінцу. К. упрыгожвалі перагародчатымі эмалямі, аздаблялі філігранню, сканню, зярненнем, цісненнем, чарненнем. У арнаментыцы трапляюцца выявы птушак, птушак з жаночымі галовамі, «дрэва жыцця» і інш. У Беларусі выяўлены ў час археал. раскопак у г. Брэст, Мінск, Полацк, каля в. Вішчын Рагачоўскага р-на Гомельскай вобл. і інш.
І.М.Каранеўская, Г.В.Штыхаў.
Сярэбраныя колты канца 12 — пач. 13 ст. з гарадзішча Вішчын Рагачоўскага раёна Гомельскай вобл.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КО́ЛЬКАСЦЬ,
катэгорыя, якая выражае знешнюю акрэсленасць аб’екта: яго велічыню, лік, аб’ём, інтэнсіўнасць і ступень праяўлення той абоінш. уласцівасці. Спробы спец. аналізу праблемы К. ўзыходзяць да піфагарэйцаў, якія вывучалі прыроду лікаў. Арыстоцель звязваў К. з магчымасцю падзелу аб’екта на складаныя часткі і адрозніваў К. раздзельную і непарыўную (мноства і велічыню), а гал. уласцівасцю К. лічыў роўнасць (няроўнасць). Р.Дэкарт разглядаў К. як рэальную прасторавую і часавую вызначанасць, якая выражаецца праз лік, меру, велічыню. Паводле Г.Гегеля, К. дыялектычна звязана з якасцю. Адзінства К. з якаснай акрэсленасцю з’яў, рэчаў і працэсаў рэчаіснасці складае іх меру. Змяненне колькаснай характарыстыкі аб’екта, якое дасягнула пэўнай меры, вядзе да змянення якасці (гл.Пераход колькасных змяненняў у якасныя). Вывучэнне колькасных адносін рэчаў прывяло ла распрацоўкі матэм. тэорый і дае магчымасць ужываць матэм. метады даследавання ў розных галінах ведаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРАКЕ́Т (англ. і франц. croquet ад франц. crochet кручок),
гульня спарт. тыпу, у якой гульцы ўдарамі драўлянага малатка імкнуцца як мага хутчэй правесці свой шар праз шэраг драцяных варот да калка праціўніка і вярнуць яго назад да свайго калка. Вядомы ў Францыі з 17 ст., з 19 ст. пашыраны ў многіх краінах пераважна для адпачынку і забавы. Гуляюць на роўнай земляной або падстрыжанай травяной пляцоўцы памерам 24—90 × 13,5—45 м. Для гульні патрэбны 8 драўляных шароў дыям. 8,28 см, 2 калкі, 10 варот (прыблізна 25 × 25 см) і малаткі з ручкай да 1 м. У канцы 19 ст. склалася разнавіднасць К. — рокі (гульня на глінянай пляцоўцы 18 × 9 м з уманціраванымі ў грунт варотамі, стойкі якіх на 2,54 см шырэйшыя за дыяметр шара). У 1904 рокі ўключаны ў праграму Алімп. гульняў. Ад К. ўзнік більярд.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРУШЫ́НА (сапр.Казак) Рыгор
(3.12.1908 або 1907, в. Бязверхавічы Слуцкага р-на Мінскай вобл. — 27.3.1979),
бел. пісьменнік. Вучыўся ў Мінскім пед. ін-це (1920-я г.). Скончыў Маскоўскі ін-т кінематаграфіі (1935). У Вял.Айч. вайну супрацоўнічаў з ням.-фаш. акупантамі; друкаваўся ў газ. «Беларуская газэта», «Беларускі работнік», «Раніца». З 1944 у Германіі, у 1950—60-я г. працаваў на радыёстанцыі «Свабода». З 1960-х г. у ЗША. Друкаваўся з 1925. Першы зб. «Паэзія чырвонаармейца» (1931). Лірызм, туга па Радзіме, любоў да жанчыны ў. зб-ках паэзіі «Лебедзь чорная» (1947), «Вячорная лірыка» (1963), «Хвіліна роздуму» (1968), «Вясна ўвосень» (1972), «Дарогі» (1974), «Сны і мары» (1975). Першы ў бел. паэзіі развіваў паліндром, туюг, канцону, лірычную секстыну і інш. формы верша. Пісаў паэмы, апавяданні, крытычныя артыкулы, шмат перакладаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРЫЯСТА́Т (ад крыя... + грэч. statos стаячы, нерухомы),
тэрмастат, у якім падтрымліваецца крыягенная (ніжэй за 120 К) т-ра ад вонкавай крыніцы холаду. Звычайна холадагент — звадкаваныя або ацвярдзелыя газы з нізкімі т-рамі кандэнсацыі. Бываюць геліевага, вадароднага і азотнага ахаладжэння.
Найб. просты лабараторны шкляны К. складаецца з дзвюх Дзьюара пасудзін, з якіх унутраны запоўнены вадкім геліем, вонкавы — вадкім азотам. Найб. надзейныя метал. К., з іх самыя універсальныя — К. з вадкім геліем. У іх рабочы аб’ём абкружаны медным экранам, які мае т-ру вадкага азоту. Паміж геліевым аб’ёмам і кожухам створаны вакуум, які падтрымліваецца адсарбентамі. Пашыраны таксама тэрмарэгулюемыя геліевыя К. Выкарыстоўваюцца для даследавання фіз. уласцівасцей рэчыва, вывучэння звышправоднасці, для ахаладжэння электронных прылад, інш. сродкаў крыягеннай тэхнікі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУМУЛЯТЫЎНЫ ЭФЕ́КТ, кумуляцыя (ад лац. cumulatio збіранне),
канцэнтрацыя дзеяння выбуху ў адным пэўным напрамку. Дасягаецца стварэннем у зарадах выбуховых рэчываў канічнай, сферычнай абоінш. кумулятыўнай выемкі, накіраванай у бок аб’екта паражэння.
К.э. значна павялічваецца пры пакрыцці (абліцоўцы) выемкі метал. абалонкай. Пры ініцыіраванні выбуху паток прадуктаў дэтанацыі ўтварае высокаскарасны (да 10—15 км/с) кумулятыўны струмень, у якім ціск, шчыльнасць рэчыва і энергія значна вышэйшыя, чым у звычайных зарадаў. Гэта забяспечвае накіраванасць выбуху і высокую прабіўную сілу кумулятыўнага струменя. Выкарыстоўваецца ў выбуховай справе (у дэтанатарах, прасаваных аманітах, адкрытых зарадах) і ваен. справе — у кумулятыўных боепрыпасах (артыл. снарадах, мінах, авіяц. бомбах, баявых частках ракет і інш.), прызначаных пераважна для паражэння браніраваных цэлей і абарончых збудаванняў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУН ((Kuhn) Томас Сэмюэл) (н. 18.7.1922, г. Цынцынаты, ЗША),
амерыканскі філосаф і гісторык навукі, адзін з лідэраў гіст. школы ў метадалогіі і гісторыі навукі. Праф. ун-таў у Берклі (1958) і Прынстане (1964), Масачусецкага тэхнал. ін-та (1979). У яго канцэпцыі гісторыя навукі разглядаецца як чаргаванне эпізодаў барацьбы розных навук. супольнасцей, якія фарміруюцца і функцыянуюць на аснове прыняцця іх членамі пэўнай мадэлі навук. дзейнасці (парадыгмы, або «дысцыплінарнай матрыцы»). Найб. важныя яе эпізоды — «нармальная навука» (перыяд панавання пэўнай парадыгмы) і «навук. рэвалюцыя» (перыяд распаду парадыгмы, канкурэнцыя паміж альтэрнатыўнымі парадыгмамі і, у канчатковым выніку, пераход да новага перыяду «нармальнай навукі»). К. адмаўляе пераемнасць у развіцці навукі; прагрэс, паводле К., — гэта паняцце, якое мае сэнс толькі для «нармальнай навукі», дзе яго крытэрыем выступае колькасць вырашаных праблем.
Тв.:
Рус.пер. — Структура научных революций. 2 изд. М., 1977.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУПЛЕ́Т (франц. couplet),
частка песні, якая адпавядае адной страфе паэт. тэксту. З інш. строфамі тэксту муз. пабудова паўтараецца дакладна або з рознымі зменамі і ўтварае т.зв. куплетную форму — структурную аснову большасці нар. песень і прафес. твораў песеннага жанру. Пры наяўнасці паэт. рэфрэна К. падзяляецца на запеў і прыпеў (2-часткавая муз. форма). Уласцівае песеннаму фальклору бел. і інш. народаў вар’іраванне К. вядзе да ўтварэння куплетна-варыяцыйнай формы. У множным ліку куплеты — песенны жанр, адметны лёгкім, жартаўлівым, часам сатыр. зместам і даступнасцю, запамінальнасцю мелодыкі. Найб. пашыраны ў эстр. мастацтве, аперэце, часам і ў оперы, напр., куплеты Трыке з «Яўгена Анегіна» П.Чайкоўскага, Мефістофеля з «Фауста» Ш.Гуно. У бел. музыцы рысы К. маюць песня Дзяніса Давыдава з 3-й дзеі оперы «Надзея Дурава» А.Багатырова, шэраг зонгаў з оперы «Матухна Кураж» С.Картэса.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛАБЕ́ЛІЯ (Lobelia),
род кветкавых раслін сям. лабеліевых. Каля 350 відаў. Пашыраны на ўсіх кантынентах, пераважна ў вільготных тропіках і субтропіках Амерыкі і Афрыкі. На Беларусі 1 від — Л. Дортмана (L. dortmanna), занесены ў Чырв. кнігу; вядомы ў заказніках на воз. Свіцязь Навагрудскага і воз. Белае Лунінецкага р-на. Расце ў прыбярэжных зонах з пясчаным грунтам на глыб. 50—80 см, разам з палушнікам азёрным утварае зараснікі. У дэкар. садоўніцтве інтрадукаваны від Л. эрынус (L. erinus).
Лепшыя сарты: Кайзер Вільгельм (кветкі ярка-сінія), Розамунд (кветкі пурпуровыя), Сапфір (кветкі цёмна-блакітныя з белым вочкам) і інш.
Адна- і шматгадовыя травяністыя водныя і наземныя расліны, паўкусты і кусты. Лісце простае, чаргаванае. Кветкі няправільныя. адна- ці двухгубыя ў гронках на канцы сцябла або адзіночныя ў пазухах лісця. Плод — каробачка. Лек. (некат. віды маюць у сабе алкалоід лабелін), дэкар. расліны.