ПРАЦО́ЎНАЯ ДЫСЦЫПЛІ́НА,

абавязковае выкананне працоўнага распарадку і адпаведных працоўных абавязкаў. Асн. нарматыўнымі актамі П.д. ў Беларусі з’яўляюцца КЗаП, Тыпавыя правілы прац. распарадку, галіновыя і мясц. правілы ўнутр. прац. распарадку. Паводле КЗаП работнік павінен: добрасумленна працаваць; выконваць устаноўленыя нормы па ахове працы; беражліва адносіцца да маёмасці і наймальніка, выконваць яго пісьмовыя і вусныя распараджэнні ў адпаведнасці з дадзенымі яму паўнамоцтвамі; садзейнічаць павышэнню прадукцыйнасці працы і забяспечваць выкананне патрабаванняў да якасці прадукцыі, работ і паслуг; не выдаваць камерцыйную тайну наймальніка; павышаць сваю кваліфікацыю па прапанове наймальніка і за яго кошт; падпарадкоўвацца правілам унутр. распарадку, інш. дакументам, якія рэгламентуюць пытанні П.Д.; выконваць інш. абавязкі, што вынікаюць з дзейнага заканадаўства, калект. і прац. дагавораў. КЗаП абавязвае наймальніка арганізоўваць працу работнікаў, ствараць умовы для росту прадукцыйнасці працы, забяспечваць прац. і вытв. дысцыпліну, выконваць заканадаўства аб працы і правілы яе аховы, уважліва ставіцца да патрэб і запатрабаванняў работнікаў, паляпшаць умовы іх працы і побыту. За ўзорнае выкананне прац. абавязкаў да работнікаў выкарыстоўваюцца меры заахвочвання; за парушэнні П.д. — меры дысцыплінарнага спагнання; у асобных выпадках — прадугледжаная заканадаўствам адказнасць.

Г.​А.​Маслыка.

т. 13, с. 32

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АМАРТЫЗА́ЦЫЯ (ад позналац. amortisatio пагашэнне),

паступовы перанос кошту асноўных вытворчых фондаў на кошт атрыманай на гэтых фондах гатовай прадукцыі. Абумоўлена неабходнасцю кампенсацыі зносу фондаў і забеспячэння поўнай іх замены пры выбыцці з вытв-сці. На гэта робяцца амартызацыйныя адлічэнні — уключэнне часткі кошту асн. фондаў у сабекошт прадукцыі. Яны вызначаюцца пераважна як працэнт (норма амартызацыі) ад кошту асн. фондаў і налічваюцца на працягу амартызацыйнага перыяду. Такія адлічэнні паступова назапашваюцца на рахунках прадпрыемства і разам з прыбыткам з’яўляюцца крыніцай фонду для набыцця новых машын, абсталявання, павышэння тэхн. ўзроўню вытв-сці, каб забяспечыць канкурэнтаздольнасць прадукцыі і прадпрыемства. Нарматывы амартызацыі і метады яе налічэння зацвярджаюцца органамі дзярж. кіравання. У якасці нарматываў выкарыстоўваюцца норма амартызацыі і патонная стаўка. Норма амартызацыі — цэнтралізавана ўстаноўлены гадавы працэнт пагашэння кошту асн. фондаў ва ўсіх галінах нар. гаспадаркі і практычна для ўсіх відаў асн. фондаў. Залежыць ад нарматыўнага тэрміну службы асн. фондаў: чым ён карацейшы, тым большая норма амартызацыі. У здабыўных галінах тэрмін службы некаторых асн. фондаў (спецыялізаваныя будынкі, горныя выпрацоўкі і інш.) вызначаецца не фізічным зносам, а памерамі запасаў карысных выкапняў. Для гэтых відаў асн. фондаў у якасці нарматыву амартызацыі выкарыстоўваецца патонная стаўка — велічыня кошту асн. фондаў у разліку на 1 т запасаў карысных выкапняў. Гадавыя амартызацыйныя адлічэнні пры гэтым вызначаюцца як здабытак патоннай стаўкі на гадавы аб’ём здабычы карысных выкапняў.

У залежнасці ад метадаў налічэння адрозніваюць раўнамерную, паскораную і ўзрастаючую амартызацыю. Пры раўнамернай амартызацыі кошт асн. фондаў пераносіцца на сабекошт прадукцыі роўнымі часткамі на працягу ўсяго амартызацыйнага перыяду, што не адпавядае дынаміцы фізічнага і маральнага зносу асн. фондаў, не забяспечвае своечасовае фарміраванне фін. сродкаў прадпрыемства для абнаўлення тэхнікі. Пры паскоранай амартызацыі ў першы год службы асн. фондаў на сабекошт прадукцыі пераносіцца найб. частка іх кошту. Пры ўзрастаючай амартызацыі сума амартызацыйных адлічэнняў штогод павялічваецца і дасягае макс. велічыні ў апошні год амартызацыйнага перыяду. Гэта стымулюе замену старой тэхнікі на новую, таму што к канцу амартызацыйнага перыяду яе эксплуатацыя становіцца не эфектыўнай.

Адносіны дзяржавы да амартызацыі характарызуюць яе адносіны да навукова-тэхн. прагрэсу. Пры паскоранай (5 гадоў і менш) амартызацыі ў развітых краінах тэрміны спісання абсталявання перавышаюць тэрміны яго рэальнага зносу, што азначае падатковую субсідыю прадпрыемствам. Гэта павышае ўзровень накаплення і самафінансавання, спрыяе нарошчванню асн. капіталу ў навукаёмістых галінах, прагрэс. структурным зрухам у эканоміцы. На паскарэнне тэмпаў навукова-тэхн. прагрэсу накіраваны і інш. метады амартызацыі ў гэтых краінах: вытв. метад, метад раўнамернага прамалінейнага спісання кошту абсталявання, метад спец. амартызацыі.

Л.​А.​Лобан.

т. 1, с. 307

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЕРАЗБУРА́ЛЬНЫ КАНТРО́ЛЬ,

кантроль якасці матэрыялаў, паўфабрыкатаў, вырабаў без іх разбурэння. Засн. на залежнасці паміж уласцівасцямі прадукцыі. што кантралююцца, і якімі-небудзь фіз. параметрамі, якія можна вымераць без пашкоджання вырабу. Адрозніваюць метады Н.к.: акустычныя, магн., аптычныя, радыяцыйныя, радыёхвалевыя, цеплавыя, эл., віхратокавыя і пранікальных рэчываў.

Сродкі Н.к. выконваюцца ў выглядзе аўтаномных прылад, апаратаў, аўтам. ліній, сістэм кіравання тэхнал. працэсамі па адзнаках якасці. Метадамі Н.к. знаходзяць адкрытыя і скрытыя дэфекты тыпу парушэння суцэльнасці (дэфектаскапія), кантралююць геам. характарыстыкі (таўшчыню вырабу, пакрыцця і г.д.), вымяраюць мех. характарыстыкі (цвёрдасць, трываласць, якасць умацавальных слаёў), вызначаюць структуру рэчываў (зярністасць, наяўнасць ферытнай фазы ў сплавах) і інш. Развіццё Н.к. пачалося пасля адкрыцця рэнтгенаўскага выпрамянення (1895). У СССР метады Н.к. пачалі інтэнсіўна развівацца з 1920-х г. Ультрагукавы метад Н.к. дэфектаў (ультрагукавая дэфектаскапія) упершыню прапанавана ў 1928 (С.​Я.​Сакалоў). Значны ўклад у распрацоўку метадаў Н.к. зрабілі рас. вучоныя У.​У.​Клюеў. Р.​І.​Янус, М.​М.​Міхееў. І.​М.​Ярмолаў, В.​Я.​Шчарбінін. В.​Г.​Герасімаў, У.​Ф.​Мужыцкі, В.​В.​Сухарукаў і інш.

На Беларусі развіццё Н.к. звязана з працамі М.С.Акулава, які ў 1963 заснаваў Аддзел фізікі неразбуральнага кантролю (з 1980 Ін-т прыкладной фізікі). Далейшае развіццё Н.к. атрымаў у працах М.М.Зацэпіна. які сфарміраваў навук. кірунак ін-та і распрацаваў тэарэт. асновы эл.-магн. кантролю. Закладзены тэарэт. асновы Н.к. пранікальнымі вадкасцямі (П.П.Прахарэнка, М.​П.​Мігун). Распрацаваны ці атрымалі далейшае развіццё: магн. таўшчыняметрыя, метад тэрма-эрс (А.​А.​Лухвіч), кантактна-дынамічны метад кантролю цвёрдасці і інш. мех. уласцівасцей (В.​А.​Рудніцкі), радыёхвалевыя метады (І.​С.​Кавалёў), імпульсны метад магн. кантролю мех. уласцівасцей сталей (М.​А.​Мяльгуй), магн. кантроль ліставога пракату, што рухаецца ў вытв. патоку (У.​Ф.​Мацюк), выкарыстанне магн. вадкасцей (А.​Р.​Баеў), кантроль магн. страт і індукцыі ў электратэхн. сталі і вырабах з яе (І.​І.​Бранавіцкі), ультрагукавы кантроль (Г.​Я.​Канавалаў), магніташумавая структураскапія (В.​Л.​Венгрыновіч), магн. кантроль малагабарытных вырабаў у вытв. патоку (С.​Р.​Сандамірскі), тэорыя дынамічных сістэм з выпадковымі зменамі структуры, кантроль узроўню вадкіх і сыпкіх прадуктаў у рэзервуарах (В.​М.​Арцём’еў) і інш. Метады і сродкі Н.к. распрацоўваюцца таксама ў БДУ, БПА, Мінскім навукова-прамысл. ін-це «Падшыпнік», Магілёўскім машынабуд. ін-це і інш.

Літ.:

Зацепин Н.Н. Неразрушающий контроль: (Избр. вопр. теории поля). Мн., 1979;

Мельгуй М.А. Магнитный контроль механических свойств сталей. Мн., 1980;

Prokhorenko P., Migoun N., Stadthaus M. Theoretical principies of liquid penetrant testing. Berlin, 1999;

Венгринович В.Л. Магнитошумовая структуроскопия. Мн., 1991.

М.​А.​Мяльгуй. П.​П.​Прахарэнка.

Неразлучнікі: 1 — ружовашчокі; 2 — маскавы.

т. 11, с. 290

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРМІ́РАВАНЫЯ МАТЭРЫЯ́ЛЫ,

матэрыялы, узмоцненыя іншымі, больш трывалымі матэрыяламі. Найб. пашыраныя арміраваныя матэрыялы: жалезабетон (узмоцнены арматурай), матэрыялы на аснове металаў, керамікі, пластычных масаў, шкла (гл. Арміраванае шкло), арміраваныя ніткі, валакністыя кампазіцыйныя матэрыялы. З буд. матэрыялаў арміраваннем атрымліваюць арміраваныя буд. канструкцыі (гл. Армакаменныя канструкцыі, Армацэментавыя канструкцыі, Жалезабетонныя канструкцыі).

Металічныя арміраваныя матэрыялы бываюць: гарачатрывалыя (напр., нікель, хром, кобальт і іх сплавы, арміраваныя тугаплаўкімі валокнамі вальфраму, малібдэну, карбідаў, аксідаў і нітрыдаў); нізкатэмпературныя канструкцыйныя (алюміній, магній, тытан і іх сплавы, арміраваныя высокатрывалымі валокнамі сталі, бору, берылію, карбіду і двухаксіду крэмнію); са спец. фіз. ўласцівасцямі (электракантактныя матэрыялы на аснове серабра і медзі, арміраваныя валокнамі вальфраму). З метал. арміраваных матэрыялаў робяць пасудзіны ціску, абалонкі, элементы самалётаў і суднаў, дэталі машын і прылад. Керамічныя арміраваныя матэрыялы — матэрыялы на аснове аксідаў, нітрыдаў, барыдаў і інш. тугаплаўкіх злучэнняў, арміраваныя валокнамі вальфраму, малібдэну, сталі і ніобію, а таксама ніткападобнымі крышталямі аксідаў і карбідаў. Выкарыстоўваюцца як вогнетрывалыя і канструкцыйныя матэрыялы. Арміраваныя пластыкі (шклапластыкі, тэксталіт, вуглепласты, азбапластыкі, гетынакс, метала- і борапластыкі і інш.) маюць у сабе ў якасці ўмацавальнага напаўняльніка валакністыя матэрыялы — сечаныя валокны, жгуты, тканіны, паперу, драўляную шпону. Арміраваныя ніткі складаюцца з асяродкавых (каркасных) нітак (надаюць трываласць), абвітых інш. матэрыяламі (для вонкавага эфекту, гіграскапічнасці, паветрапранікальнасці і інш.).

т. 1, с. 495

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АСНО́ЎНЫ КАПІТА́Л,

галоўны элемент пастаяннага прадукцыйнага капіталу, які па меры паступовага зношвання ў вытв. працэсе часткамі пераносіць сваю вартасць на новы прадукт і часткамі вяртаецца са сферы абарачэння да прадпрымальніка, што авансаваў гэты капітал. У асноўны капітал уваходзіць вартасць вытв. будынкаў, збудаванняў, машын, абсталявання, унутрызаводскага транспарту і інш. Найважнейшы элемент матэрыяльна-тэхн. базы капіталізму, паказчык узроўню яго эканам. развіцця. У працэсе вытв-сці ён узаемадзейнічае з абаротным капіталам, з’яўляецца матэрыяльнай асновай эканам. цыкла.

Зах. эканамісты-тэарэтыкі суб’ектывісцкага кірунку адносяць асноўны капітал да доўгачасовых «ускосных даброт», якія маюць здольнасць узнаўляцца і паступова выкарыстоўвацца ў якасці сродку шматразовага задавальнення адной і той жа патрэбы — вырабу «прамых даброт». Для прадпрымальніка-прамыслоўца асноўны капітал — грашовая вартасць, укладзеная ім у сродкі працы і адлюстраваная ў бухгалтарскім рахунку фірмы. Яна існуе ў 2 частках: адна (асноўная) — у сродках працы («ускосныя даброты»), другая — у вырабленых таварах («прамыя даброты»). Прайшоўшы сферу абарачэння, таварная форма вартасці змяняецца на грашовую, частка якой ідзе ў амартызацыйны фонд. Гэта паўтараецца кожны вытв. цыкл, пакуль не зносяцца ўсе матэрыяльныя элементы асноўнага капіталу.

У сацыяліст. эканоміцы асноўны капітал — асноўныя вытворчыя фонды.

Т.​І.​Адамовіч.

т. 2, с. 39

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАЛО́ЧНАЯ ПАМЕ́РА,

аграрная рэформа ў ВКЛ у 16—17 ст.; комплекс эканам., сац. і тэхн. мерапрыемстваў па ўдасканаленні сістэмы землекарыстання і абкладання сялян павіннасцямі. Валочная памера ў 1530-я г. пачала ажыццяўляць у сваіх уладаннях Бона Сфорца (жонка вял. князя Жыгімонта I), потым Жыгімонт II Аўгуст і некат. феадалы ў зах. землях ВКЛ. Мэты і задачы валочнай памеры ў велікакняжацкіх уладаннях найб. поўна сфармуляваны ва «Уставе на валокі» 1557. У дзярж. валасцях усх. Беларусі валочная памера праведзена ў канцы 16 — 1-й пал. 17 ст. У якасці асн. адзінкі абкладання тут была ўведзена служба — надзел ворнай зямлі плошчай у 1 валоку. У ходзе валочныя памеры зведзеныя ў адзіны масіў сял. землі падзелены на валокі (21,36 га), вызначана якасць глебы, ліквідавана цераспалосіца, замацавана трохпольная сістэма; устаноўлена таксама сістэма відаў і нормаў павіннасцей з валокі, частка натуральных павіннасцей заменена на грашовы чынш. Сял. сядзібу найчасцей размяшчалі на сярэднім полі валокі; хаты ў вёсках размяшчалі на адным баку вуліцы, гасп. будынкі — на другім. Адну валоку часта бралі 2 сял. сям’і. Ажыццяўленне валочнай памеры ў значнай ступені уніфікавала эксплуатацыю сялян, што прывяло да ўзмацнення прыгоннага права ў ВКЛ.

т. 3, с. 485

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЕ́НТЫЛЬ (ад ням. Ventil клапан),

1) вентыль трубаправодны — запорнае прыстасаванне для ўключэння і выключэння ўчастка трубаправода, рэгулявання патокаў вадкасці, газу ці пары. Вялікія вентылі злучаюцца з трубамі, помпамі і інш. спец. фланцамі, малыя — з дапамогай разьбы.

2) вентыль электрычныэл. прылада, праводнасць якой у адным напрамку на адзін або некалькі парадкаў вышэй, чым у процілеглым. Выкарыстоўваецца ў выпрамніках, інвертарах, пераўтваральніках частаты, камутацыйных прыстасаваннях і інш. Бываюць электралітычныя, газаразрадныя (у т. л. ртутныя), электравакуумныя, паўправадніковыя. У якасці вентыляў выкарыстоўваюцца дыёды, тыратроны, тырыстары. Магутнасць эл. вентыляў ад долей вата да дзесяткаў кілават.

3) вентыль у вылічальнай тэхніцы — электроннае прыстасаванне на паўправадніковых прыладах (дыёдах, транзістарах) або ў выглядзе інтэгральнай схемы з некалькімі (часцей двума) уваходамі і адным выхадам. У гэтым вентылі сігнал на выхадзе ўтвараецца толькі тады, калі ёсць сігнал на ўсіх уваходах. Выкарыстоўваецца для кіравання перадачай сігналаў і ажыццяўлення лагічных аперацый.

4) Прыстасаванне ў камеры пнеўматычнай шыны, якое дапамагае напампоўваць паветра ў камеру і перашкаджае яго выхаду.

5) Механізм, які зменьвае (звычайна павялічвае) даўжыню канала духавых інструментаў (валторнаў, труб і інш.).

Трубаправодны вентыль: 1 — шпіндэль-вінт; 2 — накрыўка; 3 — клапан; 4 — фланец.

т. 4, с. 89

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІД,

асноўная структурная і класіфікацыйная адзінка ў сістэме жывых арганізмаў, якасны этап іх эвалюцыйнага працэсу. Звычайна пад відам разумеюць сукупнасць папуляцый асобін, здольных да скрыжавання з утварэннем пладавітага патомства, якія насяляюць пэўны арэал, маюць агульныя морфафізіял. прыкметы (колькасць, здольнасць да ўзнаўлення, дыскрэтнасць, устойлівасць, цэласнасць) і тып узаемаадносін з абіятычным і біянічным асяроддзем; адасоблены ад інш. груп асобін нескрыжавальнасцю ў прыродных умовах. Паводле розных адзнак, у т. л. экалагічных і эвалюцыйных, адрозніваюць віды зніклыя, рэліктавыя, дамінантныя, эндэмічныя, шкодныя, сінантропныя і інш.

Паняцце віду ўпершыню ўвёў англ. батанік Дж.​Рэй (1704). Шведскі прыродазнавец К.​Ліней паказаў універсальнасць і значэнне віду ў якасці структурнай адзінкі жывой прыроды і ўвёў для яго абазначэння двайную лац. назву (бінарную наменклатуру), якая складаецца з назвы роду і відавога эпітэта (напр., Pinus sylvestris хвоя звычайная). Эвалюцыйную канцэпцыю відаў і асновы сучаснага разумення віду і відаўтварэння заклаў Ч.​Дарвін (1859). Вял. ўклад у распрацоўку тэорыі відаў зрабілі вучоныя: рус. У.Л.Камароў, М.І.Вавілаў, бел. В.Ф.Купрэвіч, і інш. Апісаных на Зямлі відаў сучасных жывёл, раслін, мікраарганізмаў больш за 2 млн. У сучаснай фауне Беларусі больш за 20 тыс. жывёл, у флоры — каля 3,5 тыс. раслін.

т. 4, с. 140

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕРАСЦЯ́НЫЯ ВЫ́РАБЫ,

рэчы утылітарнага і дэкар.-прыкладнога характару, зробленыя з бяросты.

Здаўна пашыраныя ў многіх народаў лясной паласы Еўропы. Тэхнал. і маст. ўласцівасці бяросты давалі магчымасць вырабляць з яе рознае гасп. начынне, выкарыстоўваць у якасці ізаляцыйнага матэрыялу, для пісьма, малявання і інш. Вядомыя берасцяныя граматы 11—15 ст. з Ноўгарада, 13—14 ст. з Віцебска, берасцяны посуд з размаляваным і праразным дэкорам з рускай Поўначы.

Берасцяныя вырабы здаўна бытавалі і ў беларусаў. Стужкі бяросты клалі пад ніжні вянок зруба, каб засцерагчы ад гніення, імі для трываласці абгортвалі гліняны посуд (гл. Берасцень). На Палессі з берасцяных палос плялі наплечныя сумкі (вярэнькі) для пераноскі прадуктаў, у цэнтр. раёнах Беларусі — заплечныя каробкі (кашалі) для збору ягад і грыбоў. Сшываючы кавалкі бяросты гнуткімі карэньчыкамі ці скуранымі стужкамі, выраблялі разнастайны посуд (каробчыкі, берасцянкі) для сыпкіх і вадкіх прадуктаў. Невялікія берасцянкі для мёду, прыпраў і інш. нярэдка аздаблялі ціснёным узорам у выглядзе сеткі, хваёвых лапак, кружочкаў з кропкамі. Табакеркі і сальнічкі часта рабілі з некалькіх накладзеных адзін на адзін слаёў бяросты з нарэзанымі ў зубчыкі краямі. З бяросты рабілі таксама пастухоўскія трубы. У сучасным побыце берасцяныя вырабы сустракаюцца рэдка.

Я.​М.​Сахута.

Да арт. Берасцяныя вырабы. Берасцянка. Мінская вобл. 19 ст.

т. 3, с. 109

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕТО́ННЫЯ РАБО́ТЫ,

сукупнасць тэхнал. працэсаў па бетанаванні маналітных бетонных і жалезабетонных канструкцый і збудаванняў. Уключаюць падрыхтоўку бетоннай сумесі, яе транспартаванне на буд. пляцоўку, укладку (звычайна ў апалубку), ушчыльненне, нагляд за бетонам пры яго цвярдзенні, кантроль якасці бетанавання.

Рыхтуюць бетонную сумесь на спец. устаноўках ці бетонных з-дах з дапамогай бетоназмяшальнікаў і дастаўляюць да месцаў укладкі спец. бетанавозамі, аўтамабілямі-самазваламі, канвеерным, помпавым і кранавым транспартам. Укладваюць сумесь у блокі бетанавання і разраўноўваюць пры дапамозе бетонаўкладчыкаў, бетанапомпаў, эстакад (з праходжаннем сумесі па вібраправодах), стужачных транспарцёраў, пнеўманагнятальнікаў, латакоў, вібражалабоў, вібрахобатаў і інш. Ушчыльняюць сумесь вібрыраваннем (гл. Вібраўшчыльненне бетону), цэнтрыфугаваннем, прасаваннем, вакуумаваннем. Выкарыстоўваюць таксама метад таркрэт-бетону, пры якім па адным гнуткім шлангу сціснутым паветрам падаюцца сухія кампаненты сумесі, а па другім — вада пад ціскам; бетонная сумесь са змяшальніка выкідваецца на паверхню, паслойна накладваецца і ўшчыльняецца пад напорам струменя. У пачатку цвярдзення бетону яго засцерагаюць ад мех. пашкоджанняў і страсенняў, падтрымліваюць неабходны тэмпературна-вільготнасны рэжым. Пры выкананні бетонных работ зімой выкарыстоўваюць супрацьмарозныя дабаўкі, падаграюць сумесь (пры прыгатаванні ці перад укладкай) і ўкладзены бетон.

Бетонныя работы: а — выгрузка бетоннай сумесі аўтамабілямі-самазваламі; б — бетанаванне з эстакад; в — укладка сумесі пад’ёмнымі кранамі; г — утоптванне буйнога запаўняльніка ў раствор цяжкім вібратарам.

т. 3, с. 130

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)