вёска ў Маладзечанскім р-не Мінскай вобл., на аўтадарозе Маладзечна—Смаргонь. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 12 км на З ад г. Маладзечна, 85 км ад Мінска, 2 км ад чыг. раз’езда Асанаўскі. 1153 ж., 468 двароў (1998).
У пісьмовых крыніцах упершыню ўпамінаецца ў 1387. У 16 ст. мястэчка Ашмянскага пав.ВКЛ. У 1638 было 6 вуліц, гандл. плошча, 121 двор, існаваў сядзібны комплекс. З 1793 у Рас. імперыі, мястэчка Вілейскага пав. Віленскай губ. У 1861 у Л. 1099 ж., 182 дамы, у канцы 19 ст. каля 1290 ж., 160 дамоў, 2 царквы, школа, бровар, 2 заезныя дамы, 7 кірмашоў штогод. З 1921 у складзе Польшчы, у Маладзечанскім пав. Віленскага ваяв. З 1939 у БССР, з 1940 цэнтр сельсавета Маладзечанскага р-на. У Вял.Айч. вайну ням.-фаш. захопнікі загубілі тут 450 ж., знішчылі 154 двары.
Лясніцтва. Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, бальніца, амбулаторыя, аптэка, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. ваеннапалонных. Магіла ахвяр фашызму. Помнік землякам, якія загінулі ў Вял.Айч. вайну. Помнікі архітэктуры — Крыжаўзвіжанская царква (1869) і капліца (пач. 20 ст.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ЛІСТ ДА АБУХО́ВІЧА»,
помнік бел. л-ры 17 ст. Напісаны ў 1655 і адрасаваны смаленскаму ваяводу П.Абуховічу, які ў 1654 здаў горад рус. войскам у час вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67. Ва ўсіх вядомых спісах адпраўшчыкам «Ліста» названы Цыпрыян Камуняка, аднак дакладна не ўстаноўлена, сапраўднае гэта імя ці псеўданім, якім карыстаўся невядомы аўтар. Твор высокага грамадз. гучання, глыбока-патрыятычны, у ім выказаны погляды прагрэсіўнай часткі бел. грамадства 17 ст. У пасланні, поўным злой іроніі, Камуняка развенчвае бяздарнасць ваяводы ў ваен. справе, асуджае яго як здрадніка. У асобе Абуховіча аўтар выкрывае буйную шляхту, высмейвае яе норавы і паводзіны, крытыкуе яе крывадушнасць, прадажнасць, бездапаможнасць пры абароне радзімы. Помнік напісаны сакавітай нар. моваю, месцамі рыфмаванай, перасыпанай вострымі словамі і дасціпнымі параўнаннямі, каларытнымі прыказкамі і прымаўкамі. У творы шырока выкарыстаны сродкі нар. гумару і сатыры. Упершынюапубл. ў 1910.
Публ.:
Хрэстаматыя па старажытнай беларускай літаратуры. Мн., 1959.
Літ.:
Даўгяла Д.І. З беларускага пісьменства XVII ст.: Творы Цыпрыяна Камунякі «Ліст да Абуховіча» і «Прамова Мялешкі». Мн., 1927.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАЗА́ЧЫО, Мазача
[Masaccio; уласнае Тамаза ды Джавані ды Сімоне Касаі (Гвідзі); 21.12.1401, г. Сан-Джавані-Вальдарна, Італія — восень 1428],
італьянскі жывапісец Ранняга Адраджэння; адзін з найбуйнейшых прадстаўнікоў фларэнційскай школы жывапісу. Працаваў (часта з Мазаліна) у Фларэнцыі, Пізе і Рыме. У творчасці адышоў ад традыцый готыкі, працягваў маст. пошукі Джота ды Бандоне. У рэліг. кампазіцыях увасабляў гуманіст. ўяўленні аб дасканалай асобе, надаваў ім надзвычайную жыццёвую пераканаўчасць. Творы вызначаюцца энергічнай святлоценявой лепкай, пластычнай трохвымернасцю фігур, імкненнем да манум. абагульнення форм: «Святыя Еранім і Іаан Хрысціцель» (1423?), «Мадонна са св. Ганнай» (разам з Мазаліна, каля 1424), паліпціх у царкве Санта-Марыя дэль Карміне ў Пізе (1426), размалёўкі капэлы Бранкачы ў царкве Санта-Марыя дэль Карміне ў Фларэнцыі («Выгнанне з раю», «Цуд са стацірам», «Святыя Пётр і Іаан раздаюць міласціну», «Святы Пётр вылечвае хворых сваім ценем», паміж 1425 і 1428). У фрэсцы «Тройца» (каля 1426—27, царква Санта-Марыя Навела ў Фларэнцыі) упершыню ў насценным жывапісе стварыў велічную цэнтральна-перспектыўную пабудову.
Літ.:
Знамеровская Т.П. Проблемы кватроченто и творчество Мазаччо. Л., 1975.
Мазачыо. Святыя Еранім і Іаан Хрысціцель. 1423 (?).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАНІФЕ́СТ 17 КАСТРЫ́ЧНІКА 1905 «Аб удасканаленні дзяржаўнага парадку», маніфест рас. імператара Мікалая II ад 30 (17 па старым стылі) кастр. 1905. Выдадзены (тэкст падрыхтаваны С.Ю.Вітэ) у час рэвалюцыі 1905—07 у Расіі пад націскам Кастрычніцкай Усерасійскай палітычнай стачкі 1905. Абяцаў насельніцтву «непахісныя асновы грамадзянскай свабоды», у т. л. недатыкальнасць асобы, свабоду сумлення, слова, сходаў і саюзаў, амністыю паліт. вязням, пашырэнне выбарчага права ў Дзярж. думу. Абвяшчэнне М. суправаджалася масавымі дэманстрацыямі і мітынгамі ў многіх гарадах Рас. імперыі, у т. л. ў Віцебску, Полацку, Мінску (расстраляны войскамі, гл.Курлоўскі расстрэл 1905). Выданне маніфеста і акты новага рас. ўрада (паліт. амністыя, адмена папярэдняй цэнзуры друку і інш.) упершыню ў гісторыі Расіі стварылі перадумовы для легальнай паліт. дзейнасці. Ліберальная апазіцыя (прадпрымальнікі, памешчыкі, чыноўнікі, б.ч. інтэлігенцыі) палічыла мэты рэвалюцыі ў асн. дасягнутымі і пачала арыентавацца на заканадаўчую дзейнасць у Думе. Завяршылася фарміраванне партый канстытуцыйных дэмакратаў, «Саюз 17 кастрычніка» (гл.Акцябрысты) і інш. Левыя паліт. сілы (бальшавікі, эсэры, анархісты) выступалі за працяг рэвалюцыі да поўнай ліквідацыі самадзяржаўя і феад. перажыткаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАЦЫЯНА́ЛЬНАЯ ГВА́РДЫЯ.
1) узброенае цывільнае апалчэнне. Упершыню створана ў Парыжы (пад камандаваннем ген. М.Ж. дэ Лафаета) у 1789 у пач.французскай рэвалюцыі 1789—99. Будавалася паводле тэр. прынцыпу (па кварталах і акругах). Атрады Н.г. ўдзельнічалі ў паўстанні 10.8.1792 і задушэнні контррэв. выступленняў (гл.Вандэйскія войны). Пры Напалеоне I Н.г. выкарыстоўвалася як дапаможная сіла. У 1828 распушчана. Адноўлена пасля ліп. рэвалюцыі 1830, у 1852 рэарганізавана. У час франка-прускай вайны (1870—71) частка Н.г. абараняла Парыж. У сак. 1871 створаны Цэнтр.к-т Н.г., які 18—28 сак. быў часовым рэв. урадам Парыжскай камуны 187/. Дэкрэтам камуны ад 29 сак. 1871 пастаянная армія заменена Н.г., на чале якой стаялі Я.Дамброўскі, В.Урублеўскі і інш. Пасля ліквідацыі камуны Н.г. распушчана. У час рэвалюцый 1848—49 цывільныя апалчэнцы тыпу Н.г. (па-іншаму нар. міліцыя, цывільная гвардыя) дзейнічалі ў краінах Герм. саюза, Іспаніі, італьян. дзяржавах і інш. 2) Тэр. вайсковыя фарміраванні ў ЗША (каля 450 тыс.чал.) і шэрагу інш. краін; з’яўляюцца рэзервам рэгулярных узбр. сіл. У мірны час выкарыстоўваецца для выканання пэўных задач.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
О́БАЛЬ,
гарадскі пасёлак у Шумілінскім р-не Віцебскай вобл., на р. Обаль; чыг. станцыя на лініі Віцебск—Полацк, на аўтадарозе Віцебск—Полацк. За 23 км на З ад Шуміліна, 68 км ад Віцебска. 3,3 тыс.ж. (2000).
Упершыню ўпамінаецца ў гіст. крыніцах у 1503 як сяло ў Полацкім ваяв.ВКЛ. Належала Зяновічам. З 1772 у Рас. імперыі. З пач. 19 ст. цэнтр Петрапаўлаўскай вол. Полацкага пав. Росту О. садзейнічала пабудова Рыга-Арлоўскай чыгункі (1886). У канцы 19 ст. ў О. царк.-прыходская школа, вадзяны млын, бровар, Обальская драўняна-хімічная мануфактура. З 1922 пачаў выпуск прадукцыі торфазавод. З 1924 О. — цэнтр сельсавета Сіроцінскага (з 1961 Шумілінскага) р-на. У Вял.Айч. вайну ў О. дзейнічала Обальскае камсамольскае падполле. У снеж. 1962 — ліп. 1966 О. у Полацкім р-не. З 30.9.1968 гар. пасёлак.
Обальскі керамічны завод, торфапрадпрыемства, лясніцтва. Сярэдняя і муз. школы, Дом культуры, дзіцячы сад, Обальскага камсамольскага падполля музей, 2 б-кі, бальніца, аптэка, амбулаторыя, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў, якія загінулі ў Вял.Айч. вайну; магіла ахвяр фашызму. Помнік падпольшчыкам, помнік архітэктуры 19 ст. — сядзіба.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЗНЯКО́Ў Міхась (Міхаіл Паўлавіч; н. 24.1.1951, в. Заброддзе Быхаўскага р-на Магілёўскай вобл.),
бел. паэт, празаік, перакладчык, мовазнавец. Скончыў БДУ (1977). Працаваў у Мінску на заводзе, настаўнічаў. З 1978 у Ін-це мовазнаўства АН Беларусі, з 1981 дырэктар Літ. музея М.Багдановіча, з 1984 у выд-ве «Юнацтва». З 2000 гал. рэдактар час. «Вожык». Друкуецца з 1966. Аўтар «Слоўніка эпітэтаў беларускай літаратурнай мовы» (1988), зб. вершаў «Час надзеі» (1991). Піша для дзяцей (зб-кі «Побач з татам», 1988; «Ехаў поўны воз дзівос», 1994; «Шые вожык кажушок», 1996; «Дарынка-весялінка», 1999). Адчувае дзіцячую псіхалогію, расказвае пра дабрыню, шчырасць, працавітасць. Упершыню ў бел. л-ры распрацоўвае загадкі на міжмоўныя амонімы і антонімы (зб. «Дзіўныя «блізняты», 1987). На бел. мову пераклаў раманы В.Скота «Квенцін Дорвард», М. дэ Сервантэса «Дон Кіхот», С.Лагерлёф «Пярсцёнак Лёвеншольдаў», паасобныя творы С.Маршака, Я.Пермяка, Х.К.Андэрсена, казкі братоў Грым і інш. Многія верш П. пакладзены на музыку.
Тв.:
Тры чарадзеі: Вершы, скорагаворкі, загадкі. Мн., 1991;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕ́РШАГА МА́Я,
міжнароднае свята салідарнасці працоўных, дзень іх барацьбы за свае сац., эканам. і паліт. правы, за мір і сяброўства паміж народамі. Устаноўлена ў ліп. 1889 парыжскім кангрэсам Інтэрнацыянала 2-га ў памяць аб жорстка задушаных уладамі выступленнях (1—4.5.1886) рабочых г. Чыкага (ЗША), якія патрабавалі ўвядзення 8-гадзіннага рабочага дня. Упершыню адзначалася ў 1890 у Германіі, Даніі, ЗША і інш. краінах. У Расіі ўпершыню адзначана ў 1891 (С.-Пецярбург), на Беларусі — у 1895 на тайным сходзе 40 рабочых Мінска. З пач. 20 ст. пад уплывам рэв. партый святкаванне П.м. палітызавалася і адзначалася ў форме забастовак, стачак, мітынгаў і дэманстрацый. Пасля Лют. рэвалюцыі 1917 адбылося першае ў гісторыі Расіі і Беларусі легальнае святкаванне Першамая. З 1918 у Расіі, пазней у СССР і інш.сацыяліст. краінах П.м. адзначалася як дзярж. свята, закліканае ўслаўляць афіцыйна абвешчаную перамогу працоўных над капіталіст. эксплуататарамі. У некат. краінах СНД адзначаецца як выхадны дзень, пазбаўлены ідэалагічнага значэння (Свята працы, Свята вясны і працы і інш.). У Рэспубліцы Беларусь П.м. — дзярж. Свята працы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ПЕ́СНЯ ПРА РАЛА́НДА»
(«Chanson de Roland»),
помнік французскага гераічнага эпасу. Дайшоў у некалькіх рэдакцыях, найб. ранняя і поўная — Оксфардская (каля 1065), упершынюнадрук. ў Парыжы (1837). У аснове паэмы — рэальны гіст. факт разгрому баскамі ў Рансевальскай цясніне ў Пірэнеях ар’ергарда войск Карла Вялікага (778), які творча інтэрпрэтаваны фантазіяй спевакоў-сказіцеляў (жанглёраў) у велічную і трагічную карціну патрыят. подзвігу на славу «мілай Францыі». Эпічны вобраз Раланда, адважнага, мужнага, вернага воіна, які цаной свайго жыцця абараніў радзіму, караля, хрысц. веру ад маўраў-мусульман, проціпастаўлены ў паэме вобразу здрадніка Ганелона, што ўвасабляе свавольства. «П.п.Р.» вылучаецца шырынёй адлюстравання падзей, манументальнасцю вобразаў, напружаным драматызмам апавядання. Яе паэтыка блізкая да фальклорнай. Італьян. паэты Л.Пульчы, М.Баярда, Л.Арыёста ў сваіх творах перапрацоўвалі паданне пра Раланда ў духу гуманіст. ідэй Адраджэння.
Публ.:
Рус.пер. — Песнь о Роланде;
Коронование Людовика;
Нимская телега;
Песнь о Сиде;
Романсеро. М., 1976.
Літ.:
Смирнов А.А. Французский героический эпос // История зарубежной литературы. 3 изд. М., 1978;
Волкова З.Н. Эпос Франции. М., 1984;
Михайлов А.Д. Французский героический эпос: Вопр. поэтики и стилистики. М., 1995.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЛАНТАГЕНЕ́ТЫ (Plantagenets), Анжуйская дынастыя,
каралеўская дынастыя ў Англіі ў 1154—1399. Заснавальнік — Генрых II, граф Анжуйскі. Назву дынастыя атрымала ад звычкі бацькі Генрыха II — Жафруа Прыгожага аздабляць свой шлем галінкай жаўтазелю (лац. planta genista). Пад уладай Генрыха II і яго пераемнікаў акрамя Англіі знаходзіліся шматлікія ўладанні ў Францыі, б.ч. якіх П. страцілі ў пач. 13 ст. Пры П. у Англіі адбывалася дзярж. цэнтралізацыя, утварылася саслоўная манархія з саслоўным прадстаўніцтвам-парламентам (упершыню скліканы ў 1265). П. вялі войны: у 2-й пал. 12 ст. пачалося заваяванне Ірландыі, у 1280-я г. заваяваны Уэльс, у 1296—1314 няўдала спрабавалі заваяваць Шатландыю. Пры П. Англія ўступіла ў Стогадовую вайну 1337—1453. У час праўлення Рычарда II б.ч. дзяржавы была ахоплена Уота Тайлера паўстаннем 1381. Прадстаўнікі дынастыі: Генрых II (1154—89), Рычард I Львінае Сэрца, Іаан Беззямельны, Генрых III (1216—72), Эдуард I (1272—1307), Эдуард II (1307—27), Эдуард III (1327—77), Рычард II (1377—99). Пасля звяржэння Рычарда II улада перайшла да бакавых адгалінаванняў П. — Ланкастэраў (1399—1461) і Йоркаў (1461—85).