РАДЫЯ́ТАР (ад лац. radio выпрамяняю),

1)у ацяпляльных сетках — прылада сістэм вадзянога і паравога ацяплення. Чыгунныя складаюцца з секцый (адна-, двух- ці шматканальных), па якіх цыркулюе цепланосьбіт — вада або пара. Бываюць таксама стальныя (панэльнага тыпу) і керамічныя (фарфоравыя).

2) Р. рухавіка ўнутранага згарання — прыстасаванне сістэмы ахаладжэння рухавіка, дзе зніжаецца т-ра ахаладжальнай вадкасці. Складаецца з частак: ахаладжальнай (трубчаста-пласціністай ці трубчаста-стужачнай), верхняй (з заліўной гарлавінай) і ніжняй (з кранам для зліву вадкасці).

3) У радыёэлектроніцы — прыстасаванне, што адводзіць цеплату ад паўправадніковых прылад, інтэгральных схем, рэзістараў і інш. Бываюць у выглядзе асобнай (пласціністыя, драцяныя, штырковыя) або апорнай канструкцыі корпуса радыёэлектронных вырабаў.

Радыятары: 1 — сістэма вадзянога ацяплення; 2 — сістэмы вадзянога ахаладжэння аўтамабільнага рухавіка; 3 — штыравы для паўправадніковых прылад.

т. 13, с. 240

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАЗЛІ́К ЗБУДАВА́ННЯЎ,

вызначэнне размеркавання прыкладзеных сіл, дэфармацый, перамяшчэнняў, што ўзнікаюць у элементах збудаванняў пры статычных, дынамічных, тэмпературных і інш. нагрузках.

Мэта Р.з. — забеспячэнне надзейнасці і даўгавечнасці збудавання ў адпаведнасці з умовамі трываласці, жорсткасці і ўстойлівасці найб. напружаных яго элементаў пры мінім. расходзе матэрыялаў, а таксама ацэнка параметраў гранічнага стану канструкцый. У залежнасці ад тыпу збудавання і віду нагрузкі для Р.з. выкарыстоўваюць розныя разліковыя схемы і метады разліку. Праводзіцца на аснове законаў будаўнічай механікі, супраціўлення матэрыялаў і тэорыі пругкасці. У разліках жалезабетонных збудаванняў, фундаментаў улічваюць і рэалагічныя ўласцівасці матэрыялаў (гл. Рэалогія). Збудаванні, што трапляюць пад уздзеянне выпадковых нагрузак (марскіх хваль, сейсмічных сіл), разлічваюць статыстычнымі метадамі. Для Р.з. выкарыстоўваюць лікавыя метады ў матэматыцы і сродкі вылічальнай тэхнікі. Гл. таксама Дынаміка збудаванняў.

М.​К.​Балыкін.

т. 13, с. 259

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАКЕ́ТНАЕ ПА́ЛІВА,

паліва для ракетных рухавікоў рэчыва ці сукупнасць рэчываў, якія выкарыстоўваюцца ў ракетных рухавіках у якасці крыніцы энергіі і рабочага цела для стварэння рухальнай сілы.

Паводле прызначэння і тыпу рухавікоў адрозніваюць вадкае, гелепадобнае, цвёрдае, гібрыднае (двухкампанентнае Р.п., у якім адзін кампанент цвёрды, другі — вадкі). Найб. пашырана Р.п. вадкае і цвёрдае. Вадкае Р.п. бывае адна-. двух- і шматкампанентнае. Двухкампанентнае мае гаручае (вадкі вадарод, газу, дыметылгідразін і інш.) і акісляльнік (вадкія кісларод, фтор, хлор, тэтрааксід дыазоту і інш.). Цвёрдае Р.п. падзяляюць на балістычнае (гл. Балістыты) і сумесевыя цвёрдыя Р.п. (гл. Порах). Цвёрдае Р.п., у адрозненне ад вадкага, можа захоўвацца доўгі час (не патрабуецца папярэдняя запраўка рухавіка перад стартам). Выкарыстоўваюць Р.п. ў касм., авіяц., ваен. і інш. галінах тэхнікі.

т. 13, с. 282

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАРАНА́,

земляробчая прылада для рыхлення (баранавання) глебы. Выкарыстоўваецца з часоў пашырэння ляднага земляробства. На Беларусі вядомы тыпы бараны: вершаліна (найб. архаічны тып), смык, плеценая (вязаная) і брусковая (рамная). Найб. пашыранай была плеценая барана. Мела дугападобную форму, крацісты каркас утваралі 4—6 радоў прутоў, на скрыжаванні якіх замацоўвалі дубовыя (ад 16 да 35) зубы. Аснову брусковай бараны складала драўляная рашотка з драўлянымі, а з канца 19 ст. жал. зубамі. З пач. 20 ст. пашыраны жалезныя бароны, традыцыйныя захоўваліся эпізадычна.

Сучасныя бароны бываюць зубавыя і дыскавыя, агульнага і спец. выкарыстання, прычапныя, навясныя і паўнавясныя. Агрэгатуюцца з трактарамі на счэпках, могуць працаваць разам з плугамі, сеялкамі, культыватарамі. Бароны агульнага прызначэння складаюцца з асобных звёнаў, якія злучаюцца ў агрэгаты з рознай шырынёй захопу.

Зубавыя бароны выкарыстоўваюць для выраўноўвання і рыхлення паверхні раллі, баранавання пасеваў. Падзяляюцца на цяжкія, сярэднія і лёгкія, ці пасяўныя. Пашыраны зубавыя бароны тыпу «зігзаг», шлейф-бароны, сеткавыя, спружынныя, драцяныя, нажавыя, лугавыя шарнірныя, пашавыя і інш. Дыскавыя бароны выкарыстоўваюць пераважна для рыхлення здзірванелых пластоў і разбурэння камякоў глебы (пры апрацоўцы зябліва, лугоў і пашы, лушчэнні ржышча). Рабочыя органы гэтых баронаў — сферычныя гладкія ці выразныя дыскі. Бываюць і з ігольчастымі дыскамі (для паверхневага рыхлення глебы пад іржышчам і выраўноўвання паверхні мікрарэльефу). Спец. балотныя і садовыя дыскавыя бароны выкарыстоўваюць для рыхлення глебы і знішчэння пустазелля ў міжрадкоўях садоў і ягаднікаў. Нажавая вярчальная барана аб’ядноўвае прынцыпы работы зубавай і дыскавай баронаў. Шырыня захопу зубавых баронаў ад 1 да 21 м, глыбіня апрацоўкі 2—10 см; дыскавых адпаведна ад 2 да 14 м, 10—20 см.

Літ.:

Карпенко А.Н., Халанский В.М. Сельскохозяйственные машины. 6 изд. М., 1989.

В.​С.​Цітоў (этнаграфія), У.​М.​Сацута.

Барана плеценая.
Да арт. Барана: 1 — навясная зубавая тыпу «зігзаг» (секцыя); 2 — дыскавая; 3 — спружыновая; 4 — шлейф-барана; 5 — пашавая шарнірная; 6 — ігольчастая.

т. 2, с. 292

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВУ́ПРАЖ, збруя,

прыстасаванне для запрагання коней і інш. запражных жывёл (вала, вярблюда, сабакі і інш.) у мэтах перавозкі грузаў, верхавой язды. Вупраж для коней бывае аднаконная і параконная, дугавая і бездугавая. У склад аднаконнай дугавой вупражы ўваходзяць хамут з гужамі і супонню, дуга, падсядзёлак, церассядзёлак, падбрушнік, шляя, аброць з цуглямі і лейцы. У аднаконнай бездугавой вупражы гужы заменены раменнымі гортамі, якія змацоўваюць хамут з аглоблямі. Параконная вупраж для дышлевага запрагання ўключае хамуты, нагрудныя рамяні, пастронкі, шлеі, аброці з цуглямі і парныя лейцы. Галоўная частка збруі верхавога і ўючнага каня — сядло, вярблюджай вупражы — аброць, лейцы і шлейкі, для аленяў і сабак у нартах — шлейкі з адным пастронкам. Валовая парная вупраж уяўляе сабой драўлянае ярмо, якое надзяваюць на шыю і прымацоўваюць да дышля.

Вупраж ярэмнага тыпу самая старажытная, вядомая з часоў неаліту. На Беларусі была пашырана ў сял. гаспадарках на ПдЗ, дзе асн. рабочай жывёлай былі валы; амаль да сярэдзіны 20 ст. рабілі ярэмную вупраж на пару валоў, якія хадзілі ў дышлевай запрэжцы. Ярмо на аднаго вала (баўкун) выкарыстоўвалася ў аглабельнай або дышлевай запрэжцы. Вынаходства шляі (прататып хамута) дало пачатак выкарыстанню каня як цяглавай жывёлы. Першыя формы коннай вупражы праніклі ў Еўропу з У праз вандроўных гунаў, авараў, венграў. На Беларусі вядомы з 11 ст. Вупраж хамутовага тыпу была пашырана па ўсёй тэрыторыі, але найб. — на Паазер’і і Падняпроўі, дзе здаўна асн. цяглавай сілай быў конь. Вупраж, пераважна выязную, упрыгожвалі (выкарыстоўвалі колер, узорыстае шытво, цісненне, дадатковыя дэкар. дэталі — бліскучыя метал. накладкі, махры і кутасы). У час урачыстых выездаў на шыю каня надзявалі шархуны з бразготкамі. Вытв-сць вупражы была цесна звязана з рымарскім, шавецкім і дрэваапрацоўчымі рамёствамі.

В.​С.​Цітоў.

Вупраж каня: 1 — аброць з цуглямі; 2 — хамут (а — клешчы, б — хамуціна, в — покрыўка, г — супоня, д — гуж, е — лямцавая падкладка); 3 — падсядзёлак стаячы (гарбаты); 4 — правільная пастава цугляў у роце каня; 5 — цуглі.

т. 4, с. 295

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАРЧМА́,

харчэўня, заезны дом, дзе спыняліся, харчаваліся, начавалі падарожнікі. Былі пашыраны на Беларусі, Украіне, у Польшчы. На Беларусі вядомы з часоў Кіеўскай Русі, найб. пашыраны ў 14 — пач. 20 ст. Ставілі іх на гандл. плошчах, гал. вуліцах гарадоў і мястэчак, у вёсках і фальварках, на гандл. шляхах, каля рачных перапраў, пры млынах і інш. З 16 ст. размяшчэнне і парадак дзейнасці К. рэгламентаваліся Статутамі ВКЛ, велікакняжацкімі і каралеўскімі прывілеямі, з канца 18 ст. — законамі Рас. імперыі. Падзяляліся на заезныя (тыпу гасцініцы) і шынковыя (тыпу харчэўні). Заезныя К. складаліся з вял. хаты-шынкоўні, дзе размяшчаліся каморы, гасціныя пакоі, і «заезду» — стайні, дзе распрагалі і кармілі коней, і вазоўні, дзе ставілі вазы і тавары. Шынковыя К. мелі простую арх.-планіровачную структуру і складаліся з 2- ці 3-камернага жылля з мураванай печчу для гатавання ежы, са сталамі і лавамі. У шынках і сенцах адасабляліся каморы для карчомнай маёмасці, прадуктаў, святліцы для заможных наведвальнікаў. Харчэўні, у якіх не дазвалялася гандляваць спіртным, наз. К. пакутнымі («тайнымі»), Вял. К. наз. аўстэрыямі.

Планіроўка К., яе канструкцыя і маст. вырашэнне набліжаны да нар. жылля. Кампактныя, пераважна прамавугольныя ў плане будынкі з дрэва, цэглы, у тэхніцы «прускага муру» завяршалі дахі, накрытыя саломай, чаротам, драніцай, гонтамі (вёскі Нача Воранаўскага, Міхалішкі Астравецкага р-наў Гродзенскай вобл.). У некат. К. жылыя пакоі размяшчаліся на 2-м паверсе або ў мезаніне, вылучаліся падчэнямі. Манум. выгляд мелі мураваныя К. са складанай планіроўкай, багатым вонкавым аздабленнем, насычаным пластыкай інтэр’ерам (напр., корчмы ў Гродне). Гар. К. маглі аб’ядноўвацца з крамамі, мець 2 шынкі. У 2-й пал. 18—19 ст. на аснове К. сфарміраваліся гасцініцы, паштовыя станцыі, заезныя дамы і інш.

Літ.:

Якімовіч Ю.А. Драўлянае дойлідства Беларускага Палесся. XVII—XIX стст. Мн., 1978.

С.​А.​Сергачоў.

Будынак былой карчмы ў вёсцы Нача Воранаўскага раёна Гродзенскай вобл.

т. 8, с. 111

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАШЫ́НА (франц. machine ад лац. machina збудаванне),

механізм ці спалучэнне механізмаў для ператварэння энергіі аднаго віду руху ў другі, для пераўтварэння матэрыялаў, збору, апрацоўкі, захоўвання і перадачы інфармацыі; найважнейшы элемент прадукцыйных сіл, матэрыяльная аснова вытворчасці. Асн. прызначэнне М. — частковая або поўная замена вытв. функцый чалавека з мэтай аблягчэння працы і павышэння яе прадукцыйнасці. Звычайна складаецца з выканаўчага і рухальнага механізмаў, перадатачнай і кантрольна-кіроўнай частак. У залежнасці ад асн. прызначэння (якое пераўтварэнне пераважае) адрозніваюць энергет., рабочыя і інфарм. М.

Энергетычныя М. прызначаны для ператварэння любога віду энергіі ў механічную (гідраўлічныя рухавікі, ветрарухавікі, паравыя машыны, газавыя, гідраўлічныя і паравыя турбіны, рухавікі ўнутранага згарання, электрычныя машыны — электрарухавікі і генератары і інш.). Рабочыя М. ажыццяўляюць змену формы, стану, уласцівасцей і прасторавага становішча матэрыялаў, прадметаў працы. Падзяляюцца на тэхнал. (дрэваапрацоўчыя машыны, металарэзныя станкі, будаўнічыя машыны, пракатныя станы, ткацкія станкі, друкарскія машыны, глебаапрацоўчыя машыны, уборачныя машыны, меліярацыйныя машыны і інш.) і транспартныя машыны, у т. л. аўтамабілі, цеплавозы, цеплаходы, самалёты, верталёты, канвееры, элеватары, грузападымальныя машыны. Шырокае выкарыстанне ў розных галінах вытв-сці знайшлі аўтаматы, камбайны, аўтаматычныя лініі, цэхі- і заводы-аўтаматы, якія выконваюць рабочыя і дапаможныя аперацыі тэхнал. працэсаў без непасрэднага ўдзелу чалавека. Інфармацыйныя М. прызначаны для пераўтварэння інфармацыі — яе уніфікацыі, стандартызацыі, назапашвання, перапрацоўкі, перадачы, выкарыстання. Да інфарм. М. адносяць вылічальныя машыны і прыстасаванні, мех. інтэгратары, шыфравальныя М. і інш. (ЭВМ па сутнасці не з’яўляюцца машынамі, назва захавалася ў парадку гіст. пераемнасці ад лічыльных машын тыпу арыфмометра). Шырокае выкарыстанне рознага тыпу М. знайшлі ў ваен. справе — ад стараж. кідальных машын да сучасных баявых машын пяхоты, баявых машын рэактыўнай артылерыі, бронетранспарцёраў, бамбардзіроўшчыкаў і знішчальнікаў, танкаў, цягачоў і інш. Навукай аб агульных метадах даследавання і праектавання М. з’яўляецца механізмаў і машын тэорыя. Гл. таксама Машыназнаўства.

Літ.:

История техники. М., 1962;

Механика машин. Вып. 1—62. М., 1966—89.

У.​М.​Сацута.

т. 10, с. 237

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПО́ЛЕ ФІЗІ́ЧНАЕ,

адзін з двух (нараўне з рэчывам) відаў матэрыі. Паводле прынцыпу блізкадзеяння з дапамогай П.ф. (як сілавога поля) ажыццяўляецца ўздзеянне (на адлегласці) аднаго цела на другое, што апісваецца ў межах поля тэорыі. Прыклады П.ф.: эл.-магн. і гравітацыйнае ў класічнай фізіцы, квантава-рэлятывісцкія палі ў фізіцы элементарных часціц і іх узаемадзеяннях.

Паняцце сілавога поля (эл. і магн.) у 1830-я г. ўведзена М.Фарадэем. Дж.К.Максвел у 1860-я г. развіў далей ідэі аб эл.-магн. полі і сфармуляваў яго законы (гл. Максвела ўраўненні), прадказаў электрамагнітныя хвалі. Пасля адкрыцця Дж.​Дж.Томсанам электрона (1897) электрычна зараджаныя элементарныя часціцы сталі разглядацца як першасныя крыніцы эл.-магн. поля і эл.-магн. узаемадзеянняў. У 1900 М.Планк прадказаў, што энергія эл.-магн. поля выпрамяняецца і паглынаецца дыскрэтнымі порцыямі (квантамі). У канцы 1920-х г. паказана, што квантуецца і само эл.-магн. поле. Кванты гэтага поля — фатоны з’яўляюцца элементарнымі часціцамі і пераносчыкамі эл.-магн. узаемадзеянняў. У 1928 П.А.М.Дзірак увёў квантава-рэлятывісцкае (хвалевае) поле і для адзінак будовы рэчыва, квантамі якога з’яўляюцца элементарныя часціцы — электрон і пазітрон. У межах квантава-рэлятывісцкай тэорыі ў адпаведнасці з карпускулярна-хвалевым дуалізмам знікаюць бар’еры паміж рэчывамі і сілавымі палямі як рознымі відамі матэрыі. У абодвух выпадках апісанне П.ф. ажыццяўляецца з дапамогай агульнага матэм. апарата і выкарыстоўваюцца аднолькавыя фіз. характарыстыкі П.ф. і квантаў гэтых палёў (элементарных часціц): маса, энергія, імпульс, момант імпульсу, спін, зарад і інш. Пры ўзаемадзеяннях кванты П.ф. аднаго тыпу могуць пераўтварацца ў кванты П.ф. другога тыпу, напр., электроны і пазітроны ў фатоны і наадварот — фатоны ў электрон-пазітронныя пары; кваркі і антыкваркі ў глюоны, а глюоны ў кварк-антыкваркавыя пары. Элементарныя часціцы розных тыпаў (сілавога поля і рэчыва), калі яны маюць адпаведныя сілавыя зарады, могуць быць пераносчыкамі і крыніцамі ўзаемадзеянняў.

А.​А.​Богуш.

т. 12, с. 471

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПО́ЛЯ ТЭО́РЫЯ ў фізіцы,

раздзел тэарэт. фізікі, які вывучае палі фізічныя. Функцыі поля выкарыстоўваюцца для апісання ўласцівасцей і паводзін неперарыўных фіз. сістэм. Ураўненні фіз. поля вызначаюць асн. закон руху (закон змены станаў) фіз. сістэмы. Рашэнні гэтых ураўненняў — функцыі фіз. поля — апісваюць магчымыя станы сістэмы.

Квантава-рэлятывісцкая П.т. грунтуецца на аб’яднанні спец. адноснасці тэорыі і квантавай механікі і складае аснову тэорыі элементарных часціц і іх узаемадзеянняў. Падзяляецца на класічную тэорыю поля (першасна квантаваную) і квантавую тэорыю поля (другасна квантаваную). Кожнаму тыпу элементарных часціц (як першасных крыніц і як пераносчыкаў фундаментальных узаемадзеянняў) ставіцца ў адпаведнасць класічнае або квантавае поле. Функцыі класічнай П.т. апісваюць 1 элементарную часціцу ў квантавамех. сэнсе, функцыі квантавай П.т. становяцца аператарамі і выкарыстоўваюцца для апісання сістэм з пераменнай колькасцю часціц (квантаў дадзенага поля). Класіфікацыя і ідэнтыфікацыя элементарных часціц у межах класічнай П.т. ажыццяўляецца на аснове ўліку трансфармацыйных уласцівасцей функцый поля адносна пераўтварэнняў прасторава-часавай і інш. тыпаў сіметрыі. На падставе Нётэр тэарэмы ўстанаўліваюцца універсальныя і спецыфічныя захавання законы і вызначаюцца выразы (у тэрмінах функцый фіз. поля) для велічынь, якія захоўваюцца і вымяраюцца эксперыментальна. У калібровачнай палявой тэорыі фундаментальных узаемадзеянняў пераход ад лінейных ураўненняў свабодных палёў да нелінейных ураўненняў узаемадзейных палёў (элементарных часціц) ажыццяўляецца на аснове калібровачнай інварыянтнасці П.т. адносна лакальных пераўтварэнняў дынамічнай сіметрыі кожнага тыпу ўзаемадзеянняў. У выніку атрымліваюцца калібровачныя палі, адказныя за адпаведныя ўзаемадзеянні. Кванты такіх палёў (фатон, слабыя базоны, глюоны) выконваюць функцыі першасных пераносчыкаў эл.-магн., слабага (электраслабага) і моцнага ўзаемадзеянняў адпаведна, першаснымі крыніцамі якіх з’яўляюцца лептоны, кваркі і іх антычасціцы.

На Беларусі даследаванні па П.т. пачаліся ў 1940—50-я г. пад кіраўніцтвам Ф.Л.Фёдарава; праводзяцца ў Ін-це фізікі Нац. АН, БДУ, Гомельскім дзярж. ун-це і інш.

Літ.:

Боголюбов Н.Н., Ширков Д.В. Введение в теорию квантованных полей. М., 1957;

Богуш А.А., Мороз Л.Г. Введение в теорию классических полей. Мн., 1968;

Богуш А.А. Введение в калибровочную полевую теорию электрослабых взаимодействий. Мн., 1987.

А.А.Богуш.

т. 12, с. 503

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЕС,

прыродны комплекс згуртаванняў лясных раслін і жывёл з пэўным геагр. асяроддзем; адзін з асн. тыпаў расліннага покрыва Зямлі. Узнаўляльны прыродны рэсурс, які забяспечвае ўстойлівасць біясферы. Важны кампанент геагр. ландшафтаў. Складаецца з сукупнасці дрэвавых, кустовых і травяністых раслін, дзе гал. роля належыць дрэвам. Пашыраны на ўсіх кантынентах (акрамя Антарктыды). Займае больш за 27% сушы. Біямаса Л. — 90% наземнай біямасы. Л. вывучае лесазнаўства, лесаводства і інш.

Структура Л. залежыць ад фіз.-геагр. умоў асяроддзя, відавога складу і біял. асаблівасцей раслін (гл. Біягеацэноз). Для Л. характэрна ярусная будова. Звычайна вылучаюць дрэвавыя ярусы (дрэвастой), ярус кустовага падлеску, кусцікавае, паўкусцікавае і травяністае покрыва, ярус імхоў і лішайнікаў, пазаярусныя расліны (ліяны, эпіфітныя расліны на ствалах і ў кронах дрэў). У залежнасці ад складу, умоў і асаблівасцей развіцця вылучаюць вечназялёныя лясы (вільготныя трапічныя, мангравыя, хвойныя; гл. адпаведныя арт.), лістападныя лясы (дробна- і шыракалістыя, мусонныя, саванныя і інш.). Паводле тыпу аднаўлення адрозніваюць насенныя і парасткавыя, паводле паходжання — натуральныя і штучнаствораныя, паводле гісторыі фарміравання — карэнныя і другасныя, па складзе парод — чыстыя і мяшаныя. Л. уздзейнічае на працэсы глебаўтварэння, клімат, кругаварот вільгаці, з’яўляецца адным з планетарных акумулятараў жывога рэчыва ў біясферы; актыўна ўзаемадзейнічае з трапасферай і вызначае ўзровень кіслароднага і вугляроднага абмену. Выконвае водаахоўную, глебаахоўную, рэкрэацыйную і інш. функцыі. Выключная роля Л. ў экалагічнай раўнавазе біясферы, захаванні генет. разнастайнасці раслін і жывёл, як крыніц рэсурсаў для розных галін прам-сці, сельскай гаспадаркі і інш. робяць неабходнымі мерапрыемствы па ахове лясоў, аднаўленні лясоў, лесаразеядзенні.

На Беларусі агульная пл. Л. 8,68 млн. га (1997), лесаўкрытая (без прагалін, высечак, гараў) 7 млн. га, або 35,4% тэр. краіны. Лясістасць асобных раёнаў ад 10 (Нясвіжскі) да 60% (Лельчыцкі). Найб. лясныя масівы на раўнінах (напр., Цэнтральнабярэзінскай) і нізінах (Полацкай, Верхнебярэзінскай, Верхнянёманскай), у Прыпяцкім і Мазырскім Палессі. Растуць 28 абарыгенных відаў дрэў і каля 80 відаў кустоў, паўкустоў і кусцікаў. Асн. лесаўтваральныя пароды — хвоя, елка, дуб чарэшчаты, бярозы павіслая і пушыстая, асіна, вольхі чорная і шэрая, ясень, граб, клён вастралісты і ліпа драбналістая. У поймах рэк і на забалочаных глебах участкі таполі белай і чорнай, зараснікі вярбы, бярозы нізкай. Тыповыя Л.: хвойныя (хваёвыя лясы, яловыя лясы), шыракалістыя (грабавыя лясы, дубовыя лясы, ясянёвыя лясы), драбналістыя вытворныя (асінавыя лясы, бярозавыя лясы, шэраальховыя лясы), карэнныя лісцевыя балотныя (пушыстабярозавыя лясы, чорнаальховыя лясы). Пераважаюць хваёвыя Л., яловых менш па Пд (на Палессі трапляюцца рэдка), дубовых — на Пн. У паўн. ч. рэспублікі ўсх.-еўрап. Л. паўднёватаежнага тыпу, у асн. яловыя цемнахвойныя, у паўд. ч. пашыраны шыракалістыя Л. зах.-еўрап. тыпу, у цэнтр. ч. — тыя і другія. Занальнае змяненне Л. пакладзена ў аснову геабатанічнага раянавання.

Літ.:

Юркевич И.Д., Гельтман В.С. География, типология и районирование лесной растительности Белоруссии. Мн., 1965;

Морозов Г.Ф. Избр. труды. Т. 1—2. М., 1970—71;

Мелехов И.С. Лесоведение. М., 1980;

Лесная энциклопедия. Т. 1—2. М., 1985—86.

А.​В.​Пугачэўскі.

т. 9, с. 212

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)