П’ЕЗО́МЕТР (ад грэч. piezō цісну + метр),

прылада для вызначэння аб’ёмнай сціскальнасці газаў, вадкасцей і цвёрдых цел пад уздзеяннем гідрастатычнага ціску. Выкарыстоўваюцца таксама для даследаванняў дыяграм стану, фазавых пераходаў і інш. фіз.-хім. працэсаў.

Паводле прынцыпу дзеяння бываюць 2 тыпаў: П., у якіх маса рэчыва, што даследуецца, застаецца пастаяннай, а аб’ём змяняецца ў залежнасці ад ціску і т-ры; П., у якіх маса — пераменная велічыня, а аб’ём пасудзіны з рэчывам, што даследуецца, не змяняецца. Для вызначэння сціскальнасці вадкасцей і цвёрдых цел выкарыстоўваюць П. плунжэрнага або поршневага тыпу; лінейных памераў цел пад гідрастатычным ціскам — лінейныя П. (дылатометры).

П.​А.​Пупкевіч.

т. 12, с. 256

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)