БЕ́ЛАЯ РУСЬ,

гісторыка-геаграфічная назва некаторых зямель сучасных Беларусі і Расіі ў 13—18 ст. Упершыню зафіксавана ў Дублінскім рукапісе (2-я пал. 13 ст.) без дакладнай лакалізацыі паблізу Прыбалтыкі. У канцы 14 ст. польскі храніст Я.Чарнкоўскі назваў Полацк замкам Белая Русь. Прыкладна ў той жа час аўстр. паэт П.Зухенвірт згадваў Белую Русь (у адным выпадку разам з Ізборскам на Пскоўшчыне) як месца падарожжа сваіх герояў. У 1413 магістр Тэўтонскага ордэна ўжыў назву Белая Русь адносна пскоўска-наўгародскіх зямель як сінонім назвы Вялікая Русь. У 2-й пал. 15 ст. Белая Русь пазначана на картах фра-Маўра (прыкладна на месцы Наўгародскай і Маскоўскай Русі) і М.Кузанскага (з надпісам «Белая Русь або Масковія»). «Князем Белай Русі» тытулаваў сябе вял. кн. маскоўскі Іван III. У 16 ст. зах.-еўрап. і польск. храністы і падарожнікі шырока выкарыстоўвалі назву Белая Русь, але лакалізавалі яе вельмі неакрэслена, у асн. на паўн. або паўн.-ўсх. частцы стараж.-рус. тэр., адасабляючы яе ад Чорнай і Чырвонай Русі, што ў цэлым адпавядае супастаўленню Вялікай і Малой Русі. У мясц. ужытку на Русі гэтая назва, за выключэннем тытулатуры Івана III, у 13—16 ст. дакументальна не зафіксавана. В.М.Тацішчаў у 18 ст. сцвярджаў, што ў некаторых летапісах пад Белай Руссю ўжо з 12 ст. разумелася Растова-Суздальская зямля, але гэта нічым не пацвярджаецца. З пач. 17 ст. назва Белая Русь усё больш трывала звязваецца з верхнім Падняпроўем і Падзвіннем, якія раней наз. ў ВКЛ проста Руссю. У скарзе правасл. шляхты ВКЛ на Варшаўскім сейме 1623 пад Белай Руссю разумеўся раён Полацка—Віцебска—Магілёва. На Полаччыне яна змешчана і на карце Г.Баплана (1651). Гэтая традыцыя ў 18 ст. стала агульнапрынятай і была ўспрынята рас. урадам, які лічыў «беларускімі» Магілёўскую і Віцебскую губ. На працягу 19 ст. назва Белая Русь пашырылася на ўсю этнічную тэр. беларусаў і дала пачатак сучаснай назве Беларусь. Паходжанне назвы Белая Русь трактуецца па-рознаму, ні адно з тлумачэнняў не стала агульнапрызнаным. Паводле розных меркаванняў, тэрмін паходзіў ад мноства снегу на Беларусі, ад белай вопраткі насельніцтва, колеру валасоў, меў значэнні «вялікая», «старажытная», «заходняя» або «свабодная» Русь (незалежная ад манголаў і літоўскіх феадалаў).

Літ.:

Імя тваё Белая Русь / Склад. Г.Сагановіч. Мн., 1991;

Рогалев А.Ф. Белая Русь и белорусы: (В поисках истоков). Гомель, 1994;

Насевіч В., Спірыдонаў М. «Русь» у складзе Вялікага княства Літоўскага ў XVI ст. // З глыбі вякоў. Наш край. Мн., 1996. Вып. 1.

В.Л.Насевіч.

т. 3, с. 73

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАСТРАБРА́МСКІ АБРА́З МА́ЦІ БО́ЖАЙ,

адна з гал. хрысціянскіх святыняў у Літве і на Беларусі. Захоўваецца ў Вострай браме (сучасная літ. назва Аўшрас Варту) у Вільні. Ушаноўваецца каталіцкай і правасл. цэрквамі. Уяўляе сабой паясную выяву Дзевы Марыі без дзіцяці, намаляваную на фоне месяца тэмперай на дубовай дошцы.

Найб. вядома т.зв. карсунская версія паходжання абраза, якая ў 1839 надрукавана Т.Нарбутам і пазней распрацавана царк. гісторыкамі. Паводле яе, абраз прывезены ў Вільню вял. кн. ВКЛ Альгердам у 1363 з Корсуні (Херсанес, цяпер у межах г. Севастопаль) пасля паспяховага паходу ў Крым. Вял. княгіня Ульяна, правасл. хрысціянка, аддала абраз у заснаваны ёю манастыр св. Тройцы. У канцы 15 ст., калі Вільню абнеслі мурам, абраз паставілі над Медніцкай (Вострай) брамай. Калі манастыр св. Тройцы стаў уніяцкім, капліца над брамай разам з абразом перайшла пад апеку кармелітаў, для якіх у 1621 падканцлер Стафан Пац і віленскія бурмістры Дубовічы заснавалі кляштар непадалёку ад Медніцкай брамы. Існуе таксама легенда, што прататыпам для абраза паслужыла Барбара Радзівіл, незвычайная прыгажосць і драматычны лёс якой зрабілі яе легендарнай асобай. Стыль жывапісу і тэхнал. асаблівасці сведчаць, што абраз, што існуе цяпер, намаляваны ў 1-й трэці 17 ст. невядомым мастаком, які добра ведаў усх.-правасл. іканапіс і жывапіс Паўн. Еўропы. Адметнае шанаванне абраза пачалося ў канцы 17 — пач. 18 ст. У кнігах пра цудатворныя абразы 1650—87 вастрабрамскі абраз яшчэ не называецца. Першы запісаны цуд — уваскрэсенне памерлай дзяўчынкі — адносіцца да 1671. Шырокую славу абраз набыў у 1702 пасля паражэння шведаў, якія спрабавалі яго папсаваць. Найб. ўражанне на жыхароў горада зрабілі шматразовыя выратаванні абраза ў час пажараў Вільні 1706, 1748—49, 1754. У 1756 надрукавана песня пра абраз як абаронцу Вільні, тады ж уведзена ўрачыстае святкаванне Апекі Маці Божай. У шанаванні Вастрабрамскай Маці Божай аб’ядналіся рыма-католікі і уніяты, імшы служыліся па лац. і грэчаскім абрадах. Вострая брама стала самым святым месцам Вільні. У 19 ст. Вастрабрамская Маці Божая стала лічыцца патронкай зямель б. ВКЛ (Літвы і Беларусі), культ абраза набыў патрыятычны сэнс, прапагандыстам яго стала інтэлігенцыя. У 1852 надрукавана першая анталогія вершаў, прысвечаных абразу. З’явіліся шматлікія копіі абраза, у т. л. В.Ваньковіча для касцёла ў Парыжы, распаўсюдзіліся медальёны з яго выявай. 2.7.1927 на абраз урачыста накладзены залатыя кароны. Копіі абраза ёсць у многіх храмах Беларусі і Літвы. Свята абраза па правасл. календары 26 снежня па ст. ст.

А.А.Ярашэвіч.

т. 4, с. 33

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЯСПЛО́ДНАСЦЬ,

бясплоддзе, няздольнасць дарослага арганізма даваць жыццяздольнае патомства. Пры адсутнасці цяжарнасці на працягу года і болей пры рэгулярным палавым жыцці без засцярогі шлюб лічаць бясплодным. Пры відавочнай паталогіі мужа ці жонкі дыягназ бясплоднасць правамоцны і раней. Бясплодны шлюб (паводле даных многіх краін складае 10—30%, у сярэднім 15%; 1995) — медыка-дэмаграфічная праблема дзярж. значнасці. Рост бясплоднасці можа абумоўлівацца ўздзеяннем паталогіі экалагічных фактараў, некаторых кантрацэптываў, міграцыяй насельніцтва, нездаровым ладам жыцця, абортамі і інш. Яна выклікае больш хуткае старэнне арганізма, павышаную схільнасць да захворванняў (пухліны), скарачае працягласць жыцця.

Адрозніваюць бясплоднасць: першасную і другасную, абсалютную і адносную, прыроджаную і набытую, часовую і пастаянную, фізіял. і паталагічную, функцыян. і арган., добраахвотна ўсвядомленую і насільна вымушаную. Агульныя прычыны бясплоднасці: парушэнне сперматагенезу, аагенезу, працэсаў зачацця — апладнення і перамяшчэння аплодненай яйцаклеткі да імплантацыі. Першасная бясплоднасць (да 70—80%, дзетанараджэнне немагчыма з пачатку палавога жыцця) абумоўлена эндакрыннай паталогіяй, другасная (20—30%, былі цяжарнасці і роды, фактары бясплоднасці выявіліся пазней) — запаленчымі хваробамі. Прычыны бясплоднасці ў жанчын (да 70% ад усіх выпадкаў бясплоднасці) — трубныя, перытаніяльныя, эндакрынныя, матачныя і шыйкавыя фактары (няправільнае развіццё ўсяго арганізма, палавых органаў, парушэнні дзейнасці яечнікаў і інш. залоз унутр. сакрэцыі, недахоп у арганізме вітамінаў, хранічныя запаленчыя хваробы і пухліны, спайкавыя працэсы і інш.). Да 30% выпадкаў бясплоднасці ў мужчын звязаны з паталаг. зменамі семя або хваробамі і недахопамі развіцця семявывадных шляхоў (наяўнасць, жыццяздольнасць і рухомасць сперматазоідаў, марфалогія і характар семянной плазмы); бывае пасля ганарэі і туберкулёзу. Лячэнне накіравана на ліквідацыю прычыны бясплоднасці — тэрапеўтычнае і хірургічнае, а таксама штучнае апладненне спермай мужа (ШАМ) ці донара (ШАД), штучнае экстракарпаральнае апладненне (ЭКА).

У жывёл бясплоднасць бывае прыроджаная і набытая. Бясплоднай лічаць маладую самку, што не апладнілася праз месяц пасля дасягнення фізіял. спеласці (у цялушак пасля 18 месяцаў, у кабыл 3 гады, у ярак 12 месяцаў, у свінак 8—9 месяцаў), і самку, што праз месяц пасля родаў была асемянёна, але не апладнілася. Бясплоднымі могуць быць і самцы. Асн. прычынамі, што парушаюць палавую функцыю ў жывёл, лічаць недастатковае ці залішняе кармленне с.-г. жывёл, недахоп вітамінаў (A, E, D, B і інш.), мінер. рэчываў (кальцыю, фосфару) і мікраэлементаў (ёду, кобальту, медзі, марганцу, цынку), перакормліванне канцэнтраванымі кармамі, недастатковае кармленне цяжарнай жывёлы і той, што расце. Пры бясплоднасці, выкліканай парушэннямі правіл штучнага асемянення або злучкі, змен у палавых органах не ўстанаўліваюць. Прычынай бясплоднасці могуць быць захворванні палавых органаў, паталагічныя роды, затрымка паследу, субінвалюцыя маткі, захворванні на трыхаманоз, кампілабактэрыёз, бруцэлёз і інш.

І.У.Дуда (бясплоднасць у чалавека).

т. 3, с. 418

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГО́МЕЛЬСКІ РАЁН,

на У Гомельскай вобл. Утвораны 8.12.1926. Пл. 2,1 тыс. км². Нас. 73,6 тыс. чал. (1996), гарадскога 3,9%. Сярэдняя шчыльн. 35 чал. на 1 км². Цэнтр — г. Гомель, рабочы пас. Бальшавік, 188 сельскіх нас. пунктаў, 25 сельсаветаў: Аздзелінскі, Бабовіцкі, Глыбоцкі, Грабаўскі, Давыдаўскі, Даўгалескі, Дзятлавіцкі, Зябраўскі, Красненскі, Маркавіцкі, Пакалюбіцкі, Прыбарскі, Прыбыткаўскі, Рудня-Марымонаўскі, Старабеліцкі, Улукаўскі, Урыцкі, Целяшоўскі, Цярухскі, Цярэніцкі, Цярэшкавіцкі, Шарпілаўскі, Чарацянскі, Чанкаўскі, Яромінскі. Раён моцна пацярпеў у выніку аварыі на Чарнобыльскай АЭС (1986).

Раён размешчаны ў межах Гомельскага Палесся, паўн.-зах. частка — у межах Чачорскай раўніны. Паверхня пераважна нізінная, выш. 120—140 м, найвыш. пункт 160,3 м (каля в. Зябраўка). Карысныя выкапні: торф, гліны для грубай керамікі, пясок. Сярэдняя т-ра студз. -6,9 °C, ліп. 18,6 °C. Ападкаў 590 мм за год. Вегетац. перыяд 193 сут. Асн. рака Сож з прытокамі Іпуць, Вуць, Церуха, Уза. Пашыраны дзярнова-падзолістыя, дзярнова-падзолістыя забалочаныя, дзярнова і дзярнова-карбанатныя забалочаныя глебы. Лясы займаюць 34,9% тэр. раёна, пераважаюць хваёвыя, бярозавыя і дубовыя. Пад балотамі 14,1 тыс. га, найб. масівы — Кабылянскае балота, Вадапой, Жарэбна-Конскае балота.

Агульная плошча с.-г. угоддзяў 95 тыс. га, з іх асушаных 33,9 тыс. га. На 1.1.1996 у раёне 14 калгасаў, 19 саўгасаў, 3 птушкафабрыкі, саўгас «Цяплічны», 8 дапаможных гаспадарак. Асн. галіны сельскай гаспадаркі — мяса-малочная жывёлагадоўля, агародніцтва, бульбаводства. Прадпрыемствы буд. матэрыялаў, шкляной, харч. і паліўнай прам-сці. Гомель — чыг. вузел, напрамкі на Мазыр, Жлобін, Навазыбкаў (Расія), Бахмач, Чарнігаў (Украіна); аўтадарогі на Магілёў, Бабруйск, Калінкавічы, Чарнігаў, Навазыбкаў. Суднаходства па р. Сож. У раёне (без Гомеля) 2 ПТВ, 24 сярэднія, 13 базавых і 7 пач. школ, 9 муз. школ, школа-інтэрнат, 38 дашкольных устаноў, 43 клубы і дамы культуры, 48 б-к, 7 бальніц, 38 фельч.-ак. пунктаў. Курорт Чонкі, турбаза «Сож». Помнікі архітэктуры: царква (1-й пал. 19 ст.) у в. Гадзічава; царква Раства Багародзіцы (1881) і будынак царк.-прыходскай школы (канца 19 ст.) у в. Глыбоцкае; парк (2-й пал. 19 ст.) у в. Грабаўка; сядзібны дом («паляўнічы домік», 2-й пал. 19 ст.) у в. Каралёўка; паштовая станцыя (2-й пал. 19 ст.) за 3 км на У ад в. Сеўрукі; Мікалаеўская царква (1-й пал. 18 ст.) і сядзіба (канца 18 — пач. 19 ст.) у в. Старая Беліца; Успенская царква (1865—68) у в. Чарацянка. Помнік абаронцам Гомеля ў пачатку Вял. Айч. вайны ў в. Пакалюбічы. Выдаецца газ. «Маяк».

Г.С.Смалякоў.

т. 5, с. 348

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КУРДЫСТА́Н

(перс., літар. краіна курдаў),

тэрыторыя ў Зах. Азіі ў межах Турцыі (большая частка), Ірака, Ірана, Сірыі, пераважна ў Курдыстанскіх гарах, населеная ў асноўным курдамі. Паверхня — спалучэнне рачных далін, пласкагор’яў і плато выш. 1500—2500 м, хрыбтоў з вяршынямі да 3500—4168 м. Есць патухлыя вулканы. На Пд — перадгорныя ўскраіны Месапатамскай нізіны. Клімат на 3 да выш. 1500—2500 м міжземнаморскі, на У — субтрапічны кантынентальны. Ападкаў 200—400 мм, у гарах — да 2000 мм. Рэкі басейнаў Тыгра, Еўфрата, Куры, Аракса. Расліннасць стэпавая і паўпустынная, у rapax — хмызнякі, лясы з хвоі і дуба, рэдкалессі, альпійскія лугі. Насельніцтва займаецца качавой і паўкачавой жывёлагадоўляй (авечкі, козы, буйн. раг. жывёла), у далінах вырошчваюць пшаніцу, ячмень, тытунь, бавоўнік, цукр. буракі. Садоўніцтва і вінаградарства. Здабыча нафты (Ірак), рамёствы. Транспарт пераважна аўтамабільны.

Гісторыя. Першае ўпамінанне пра К. адносіцца да 12 ст. У пач. 16 ст. падзелены паміж Асманскай імперыяй і Іранам, улада якіх над К. заставалася намінальнай. Пасля 1-й сусв. вайны і распаду Асманскай імперыі раёны К., якія ёй належалі, увайшлі ў склад Турцыі, Сірыі і Ірака. Сеўрскі мірны дагавор 1920 прадугледжваў стварэнне курдскай дзяржавы, але гэта не было здзейснена. Буйныя паўстанні курдаў адбыліся ў 1931—32 і 1944—45 у Іраку. У 1945—46 на ПнЗ Ірана існавала курдская т. зв. Мехабадская рэспубліка. У 1961 на Пн Ірака пачалося паўстанне курдаў пад кіраўніцтвам Дэмакр. партыі К. (ДПК) на чале з М.Барзані. У сак. 1970 урад Ірака стварыў курдскую аўтаномію, але яе абмежаванасць падштурхнула ДПК працягваць барацьбу да 1975, калі іранскі ўрад спыніў сваю дапамогу паўстанцам. У час ірана-іракскай вайны 1980—88 абодва бакі імкнуліся выкарыстаць курдаў у сваіх мэтах, падтрымліваючы курдскіх паўстанцаў на тэрыторыі праціўніка. Пасля Кувейцкага крызісу 1990—91 курда пачалі новае паўстанне супраць іракскага рэжыму. Пад націскам ЗША і іх саюзнікаў на Пн Ірака была створана «зона бяспекі для курдаў». У Турцыі з 1983 Курдская рабочая партыя на чале з А.Аджаланам (у 1999 арыштаваны турэцкімі уладамі) вядзе ўзбр. барацьбу за незалежнасць турэцкага К.; у выніку ваен. дзеянняў загінула больш за 30 тыс чал., сотні тыс. засталіся без прытулку.

Літ.:

Ментешашвили А.М. Курды: Очерки обществ.-экон. отношений, культуры и быта. М., 1984;

Курдское движение в новое и новейшее время. М., 1987;

Васильева Е.И. Юго-Восточный Курдистан в XVII — начале XIX вв.: Очерки истории эмиратов Арделан и Бабан. М., 1991.

т. 9, с. 49

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АБМЕ́Н РЭ́ЧЫВАЎ, метабалізм,

сукупнасць хім. ператварэнняў рэчываў у жывых арганізмах, якія забяспечваюць іх развіццё, жыццядзейнасць, самаўзнаўленне, сувязь з навакольным асяроддзем і адаптацыю да змен у ім. Аснову абмену рэчываў складаюць непарыўна звязаныя і ўзаемаабумоўленыя працэсы анабалізму, катабалізму і абмену энергіі. У сукупнасці яны забяспечваюць структурную і функцыян. цэласнасць арганізмаў, ляжаць у аснове іх гамеастазу. У планетарным маштабе абмен рэчываў складае важную частку кругавароту рэчываў у прыродзе. Для кожнага віду жывых арганізмаў характэрны свой, генетычна замацаваны ўзровень абмену рэчываў, які залежыць ад іх спадчынных уласцівасцяў, месца ў эвалюцыйным радзе, узросту, полу, умоў існавання і інш. фактараў (напр., абмен рэчываў ніжэйшы ў раслін і халаднакроўных жывёл, вышэйшы ў цеплакроўных, слабы ў час спячкі, анабіёзу, высокі ў перыяд размнажэння і г.д.). Пры вял. і разнастайным асартыменце арган. рэчываў, якія ўцягваюцца ў абмен, агульная яго схема ў розных арганізмаў падобная, вызначаецца ўпарадкаванасцю і падабенствам паслядоўнасці біяхім. ператварэнняў, што адбываюцца пры абавязковым удзеле ферментаў. Дзякуючы абмену рэчываў з пажыўных рэчываў утвараюцца характэрныя для дадзенага арганізма злучэнні, якія выкарыстоўваюцца як буд. ці энергет. матэрыял, пастаянна і няспынна абнаўляюцца органы і тканкі без прынцыповай змены іх хім. саставу. Асн. тыпы злучэнняў, якія ўдзельнічаюць у абмене рэчываў у арганізме, — бялкі, тлушчы, вугляводы, мінеральныя рэчывы. Іх навук. даследаванне вылучаецца ў самаст. раздзелы біяхіміі.

Ператварэнні рэчываў ад моманту іх паступлення ў арганізм да ўтварэння канчатковых прадуктаў распаду складаюць сутнасць т.зв. прамежкавага абмену рэчываў. Асн. яго этапы: ператраўленне і ўсмоктванне пажыўных рэчываў у страўнікава-кішачным тракце; дастаўка атрыманых рэчываў да розных органаў і тканак; іх перабудова, раскладанне і выкарыстанне для біясінтэзу спецыфічных рэчываў, клетак і тканак; раскладанне такіх рэчываў з утварэннем прамежкавых злучэнняў і канчатковых прадуктаў абмену; выдаленне апошніх з арганізма. Цэнтр. месца ў абмене рэчываў належыць цыклу трыкарбонавых кіслот, у якім перакрыжоўваюцца шляхі бялковага, вугляводнага, тлушчавага абмену (гл. схему). Найважн. прамежкавы прадукт абмену рэчываў — ацэтылкаэнзім A, які ўдзельнічае ва ўсіх працэсах анабалізму і катабалізму і аб’ядноўвае іх; асн. канчатковыя прадукты — H2O, CO3, NH3, мачавіна і інш. У рэгуляванні працэсаў абмену рэчываў гал. месца займаюць змены актыўнасці і інтэнсіўнасці сінтэзу клетак, абмен можа самарэгулявацца па прынцыпе адваротнай сувязі. Вял. значэнне ў рэгуляванні абмену рэчываў маюць біял. мембраны. У высокаарганізаваных жывёл рэгулюецца і каардынуецца нейрагумаральнай сістэмай пры ўдзеле біял. актыўных рэчываў (вітаміны, гармоны, медыятары і інш.). Разбалансаванне абмену рэчываў з’яўляецца прычынай або вынікам узнікнення разнастайных хвароб, фіксацыя змен у ім — важны дыягнастычны сродак. Гл. таксама Бялковы абмен, Вугляводны абмен, Тлушчавы абмен, Мінеральны абмен.

Літ.:

Ленинджер А. Основы биохимии: Пер. с англ. Т. 1—3. М., 1985;

Страйер Л. Биохимия: Пер. с англ. Т. 1—3. М., 1984—85.

Я.В.Малашэвіч.

Схема абмену рэчываў.

т. 1, с. 28

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЕРСА́ЛЬСКІ МІ́РНЫ ДАГАВО́Р 1919,

галоўны дакумент мірнага ўрэгулявання пасля першай сусветнай вайны 1914—18. Падпісаны паміж дзяржавамі-пераможцамі (ЗША, Брыт. імперыя, Францыя, Італія, Японія і інш. — усяго 26 дзяржаў) і Германіяй 28.6.1919 у Версалі. Умовы дагавора выпрацаваны на Парыжскай мірнай канферэнцыі 1919—20 без удзелу прадстаўнікоў Германіі. Вырашаў тэр., ваен., эканам. і інш. пытанні. Паводле дагавора Германія вяртала Францыі Эльзас-Латарынгію (у межах 1870), перадавала Бельгіі акругі Эйпен, Мальмеды і Марэнэ (пасля плебісцыту), Даніі — Паўн. Шлезвіг (пасля плебісцыту), прызнавала незалежнасць Польшчы, Чэхаславакіі і Люксембурга, абавязвалася «строга паважаць» незалежнасць Аўстрыі. Да Чэхаславакіі адыходзіла ч. сілезскай тэр., да Польшчы — асобныя раёны Памераніі, Пазнаншчыны, большая ч. Зах. і ч. Усх. Прусіі, ч. Верхняй Сілезіі. Данцыг (Гданьск) з сумежнай тэрыторыяй ператвараўся ў «вольны горад» пад кіраваннем Лігі нацый і ўключаўся ў мытныя межы Польшчы, якая праз т.зв. Данцыгскі калідор (гл. Польскі калідор), што аддзяляў Усх. Прусію ад астатняй Германіі, атрымала выхад да Балт. мора. Мемель (Клайпеда) і сумежныя раёны пераходзілі пад кантроль Лігі нацый (у 1923 уключаны ў склад Літвы). Тэр. Германіі па левым беразе Рэйна і правы яго бераг на адлегласць у 50 км падлягалі дэмілітарызацыі. Саарскі вугальны бас. пераходзіў «у поўную і неабмежаваную ўласнасць» Францыі, а Саар заставаўся на 15 гадоў пад кіраваннем Лігі нацый з наступным плебісцытам. Германія пазбаўлялася ўсіх калоній, сфер уплыву, уласнасці і прывілеяў за мяжой; яе калоніі падзелены (у форме мандатаў) паміж Францыяй, Японіяй, Бельгіяй, Партугаліяй, Вялікабрытаніяй і яе дамініёнамі. Сухап. армія Германіі скарачалася да 100 тыс. вольнанаёмных чал. (пры 4 тыс. афіцэраў), рэзка абмяжоўваўся надводны флот, забаранялася мець падводныя лодкі, ваен. і марскую авіяцыю. Як гарантыя выканання Германіяй Версальскага мірнага дагавору прадугледжвалася акупацыя войскамі саюзнікаў тэрыторыі на З ад Рэйна на тэрмін ад 5 да 15 гадоў. Германія абвяшчалася адказнай за развязванне вайны і прычыненыя ёю страты, што стварала прававую падставу для спагнання рэпарацыйных плацяжоў (агульны памер не вызначаны). Суму рэпарацый, якія Германія абавязвалася выплаціць за 30 гадоў, павінна была вызначыць спец. камісія да мая 1921. Забаранялася любое абмежаванне ўвозу ў Германію тавараў з краін-пераможцаў.

Дагавор набыў сілу 10.1.1920. ЗША пасля адмовы Сената ратыфікаваць Версальскі мірны дагавор падпісалі з Германіяй 25.8.1921 асобны мірны дагавор. Цяжкія ўмовы Версальскага мірнага дагавору выклікалі незадаволенасць многіх немцаў, у т. л. прагу рэваншу сярод правых сіл. Улады Веймарскай рэспублікі ў залежнасці ад паліт. сітуацыі праводзілі «палітыку выканання» або «палітыку катастроф» (сабатажу) дагавора. Канчаткова яго пункты перасталі выконвацца ва ўмовах пасіўнасці з боку вядучых дзяржаў Еўропы і ЗША пры нацыстах, якія развязалі 2-ю сусв. вайну.

Літ.:

Ллойд Джордж Д. Правда о мирных договорах. Т. 1—2: Пер. с англ. М., 1957.

У.Я.Калаткоў.

т. 4, с. 105

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРАТЭ́СК

(франц. grotesque, італьян. grottesco вычварны, мудрагелісты ад grotta грот),

1) від маст. тыпізацыі, заснаваны на рэзкім сумяшчэнні кантрастаў, дэфармацыі ці карыкатурным перабольшанні жыццёвых адносін, прадметаў і з’яў рэчаіснасці з мэтай паказу іх глыбіннай сутнасці. Тэрмін «гратэск» уведзены ва ўжытак у 15—16 ст. для абазначэння мудрагелістых вобразаў жывёл і раслін, якія захаваліся на сценах ант. пабудоў (гротаў, адсюль і назва). У далейшым гэты тэрмін пачаў ужывацца ў л-ры, жывапісе і інш. відах мастацтва. Гратэскавы вобраз эпохі Адраджэння — складанае спалучэнне маст. элементаў, што сінтэзуюць адносіны да змены рэчаў і з’яў у часе (нараджэнне—гібель), амбівалентны вобраз (гл. Амбівалентнасць). Як сродак стварэння маст. вобраза гратэск характэрны для сатыры, памфлета, карыкатуры, шаржа, клаунады і інш.

У літаратуры прыёмы гратэску вядомы з глыбокай старажытнасці (міфалогія, камедыі Арыстафана, Плаўта). Стварэнне гратэскавых вобразаў часта звязана з фалькл. светаўспрыманнем і нар. вобразнасцю. Багатая гратэскавая вобразнасць уласціва бел. фальклору, у прыватнасці казачнаму эпасу (вобразы «нячысцікаў», груганоў і інш. у чарадзейных казках). Шырока выкарыстоўвалася яна ў кірмашовых балаганах і нар. карнавалах. Гратэск — элемент светапогляду і метаду, а таксама стылю пісьменніка, форма раскрыцця яго ідэйна-эстэт. пазіцый і жыццёвага светаўспрымання («Гарганцюа і Пантагруэль» Ф.Рабле, «Падарожжа Гулівера» Дж.Свіфта, «Нос» і «Вечары на хутары каля Дзіканькі» М.Гогаля, «Клоп» і «Лазня» У.Маякоўскага, «Восень патрыярха» Г.Гарсіі Маркеса). У бел. л-ры элементы гратэску ўпершыню выявіліся ў эпоху барока ў асобных творах палемічнай л-ры, парадыйна-сатыр. прозы, у інтэрмедыях. Гратэскавая тыпізацыя мае пераважна сатыр. накіраванасць (п’есы «Пінская шляхта» В.Дуніна-Марцінкевіча, «Паўлінка» Я.Купалы, «Хто смяецца апошнім», «Брама неўміручасці» К.Крапівы, «Лявоніха на арбіце», «Зацюканы апостал» А.Макаёнка). Вял. ролю ў стварэнні гратэскавай вобразнасці адыгрываюць гіпербалізацыя, метафарызацыя, выкарыстанне вульгарызмаў, жарганізмаў.

У мастацтве гратэск пашыраны з сярэднявечча (фігуры хімер на гатычных саборах, вобразы Д’ябла, Заганы; фантаст. мініяцюры на палях рукапісаў і інш.). Вяршыні маст. выразнасці дасягнуў у эпоху Адраджэння (Х.Босх, П.Брэйгель, Ж.Кало, Пінтурык’ё, Рафаэль), характэрны для творчасці Ф.Гоі, А.Дам’е, мастацтва экспрэсіянізму (Э.Мунк, М.Шагал), сюррэалізму (С.Далі, П.Пікасо). Сац. і паліт. накіраванасць маюць элементы гратэску ў творчасці мастакоў 20 ст. (сатыры Ж.Гроса, карыкатуры Кукрыніксаў, Х.Бідструпа). У бел. нар. мастацтве рысы гратэску трапляюцца ў лубках, батлейцы. У сатыр. творах 19 — пач. 20 ст. — пратэст супраць сац. і нац. ўціску: «Чалавек высокага нараджэння» і «Аканом» А.Бартэльса, «Баль у Мінску» і «Віленскі свет» С.Богуш-Сестранцэвіча, лісты К.Бахматовіча, Я.Горыда, Я.Драздовіча, К.Кукевіча, М.Мікешына і інш. Сродкамі гратэску выкрываюць адмоўныя рысы сучасныя мастакі У.Вішнеўскі, А.Волкаў, Р.Грамыка, В.Губараў, М.Гурло, А.Карповіч, М.Пушкар, С.Раманаў, В.Славук, В.Ціхановіч, Л.Чурко і інш. 2) Від друкарскага шрыфту з раўнамернай таўшчынёй штрыхоў, без падсечак.

Г.Я.Адамовіч (гратэск у літаратуры).

т. 5, с. 410

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГУМАНІ́ЗМ

(ад лац. humanus чалавечы, чалавечны),

сістэма светапогляду, кірунак філас. і грамадска-паліт. думкі, паводле якіх чалавечая асоба ёсць найвышэйшая каштоўнасць сац. быцця і культуры. Ідэі гуманных адносін да чалавека выяўляліся ўжо ў глыбокай старажытнасці. Мысліцелі, мастакі і ідэолагі эпохі Адраджэння (Леанарда да Вінчы, Дж.Бруна, Г.Галілей, Ф.Бэкан, Эразм Ратэрдамскі) паказалі ідэал свабоднага, гарманічна развітога чалавека. Рэнесансавы гуманізм як тып культуры і светапогляду сфарміраваўся ў Італіі (творчасць Ф.Петраркі, Дж.Бакачыо, Ларэнца Вала, Піка дэла Мірандала, Рафаэля, Леанарда да Вінчы, Мікеланджэла) і пашырыўся на інш. рэгіёны разам з рухам Рэфармацыі (М.Мантэнь, Ф.Рабле ў Францыі, Ф.Бэкан, У.Шэкспір у Англіі, А.Дзюрэр у Германіі, М.Сервантэс у Іспаніі і інш.). Прадстаўнікі утапічнага камунізму (Т.Мор, Т.Кампанела, Т.Мюнцэр, А.Сен-Сімон, Ш.Фур’е, Р.Оўэн і інш.) выкрывалі антычалавечую, на іх погляд, сутнасць прыватнай уласнасці, эксплуатацыі, марылі пра справядлівае грамадства. Самабытныя ідэі рэв.-дэмакр. і народніцкага гуманізму развівалі А.Радзішчаў, В.Бялінскі, М.Дабралюбаў, М.Чарнышэўскі, Л.Талстой і інш. мысліцелі і дзеячы рус. культуры. Ідэя свабоднага, усебаковага развіцця асобы як абсалютнай каштоўнасці і самамэты грамадскага прагрэсу ўтварае краевугольны камень марксісцкага гуманізму (К.Маркс, Ф.Энгельс, У.І.Ленін, Г.В.Пляханаў і інш.).

У сучасную эпоху ідэі і прынцыпы гуманізму набылі асаблівую актуальнасць, сталі жыццёвай неабходнасцю для кожнага народа і чалавецтва ў цэлым.

У Беларусі гуманіст. канцэпцыя грамадства і чалавечай асобы выяўлялася на ўсіх этапах развіцця культуры, філас. і грамадска-паліт. думкі. Хрысц. гуманізм пашыраўся праз рукапісную новазапаветную л-ру (евангеллі) і царк. вучэнне, хрысц. і свецкую л-ру, разнастайныя жанры нар. творчасці, царк. архітэктуру, жывапіс, музыку. Тыповым дзеячам культуры гуманіст. кірунку быў Ф.Скарына. Ідэі грамадскай справядлівасці і гуманізму развівалі С.Будны, В.Цяпінскі, Ю.Даманеўскі, А.Волан, М.Гусоўскі, Я.Вісліцкі, Сімяон Полацкі, Л.Зізаній, М.Сматрыцкі, М.К.Сарбеўскі, І.Капіевіч, Б.Дабшэвіч, К.Нарбуг, А.Доўгірд і інш. дзеячы бел., літ., польск. культур. У канцы 18 — 1-й пал. 19 ст. на Беларусі ўзніклі дэмакр. і сац.-утапічныя плыні гуманіст. думкі, накіраванай на пабудову грамадства без эксплуатацыі, на аснове хрысц. згоды і гармоніі. Нац.-бел. дэмакр. плынь гуманіст. думкі выявілася ў фалькларыстыцы і этнаграфіі, у маст. прафес. культуры і л-ры (творчасць Я.Чачота, Я.Баршчэўскага, У.Сыракомлі, В.Дуніна-Марцінкевіча, А.Абуховіча), духоўна-гуманіст. лідэрстве бел. пісьменнікаў, іх удзеле ў паўстанні 1863—64 на чале з К.Каліноўскім і барацьбе за нац. самавызначэнне бел. народа (Цётка, Я.Купала, Я.Колас, М.Багдановіч). Прадстаўнікі марксісцкай філасофіі ў БССР звязвалі гуманізм з рэв.-класавай барацьбой за пабудову камуніст. грамадства, якое стварае перадумовы для ўсебаковага развіцця асобы. З 2-й пал. 1950 — 1-й пал. 1960-х г. пачалося сістэматычнае вывучэнне і вяртанне народу гуманіст. традыцый бел. культуры. Гэты працэс паскорыўся пасля абвяшчэння незалежнай Рэспублікі Беларусь (1990).

Літ.:

Очерки истории философской и социологической мысли Белоруссии (до 1917 г.). Мн., 1973;

Идеи гуманизма в общественно-политической и философской мысли Белоруссии (дооктябрьский период). Мн., 1977;

Холличер В. Личность и гуманизм: Пер. с нем. М., 1981;

Конан У.М. Ля вытокаў самапазнання: Станаўленне духоўных каштоўнасцей у святле фальклору. Мн., 1989;

Самосознанне европейской культуры XX в. М., 1991.

У.М.Конан.

т. 5, с. 530

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДАГАВО́РЫ МІЖНАРО́ДНЫЯ Рэспублікі Беларусь,

дагаворы (пагадненні, канвенцыі, хартыі, акты, статуты, пакты, мемарандумы, дэкларацыі, пратаколы) паміж Рэспублікай Беларусь і суб’ектам міжнар. права (іншай або некалькімі інш. дзяржавамі ці міжнар. арг-цыяй), якія рэгулююць іх адносіны шляхам стварэння ўзаемных правоў і абавязкаў у паліт., эканам., ваен., гуманітарнай і інш. галінах. Як суверэнная незалежная дзяржава і суб’ект міжнар. права Рэспубліка Беларусь заключае і выконвае дагаворы міжнародныя ў адпаведнасці з агульнапрынятымі нормамі міжнар. права і законамі Рэспублікі Беларусь. Не дапускаецца заключэнне дагавораў міжнародных, якія супярэчаць Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь. У залежнасці ад узроўню дагаворных бакоў дагаворы міжнародныя падзяляюцца на міждзяржаўныя (заключаюцца ад імя Рэспублікі Беларусь), міжурадавыя (заключаюцца ад імя ўрада), а таксама міжведамаснага характару (заключаюцца мін-вамі і дзярж. к-тамі); адпаведна колькасці бакоў дагаворы міжнародныя бываюць двух- і шматбаковыя. Рашэнні аб правядзенні перагавораў і падпісанні міждзярж. дагавораў міжнародных прымае Прэзідэнт, адносна дагавораў міжнародных міжурадавых і міжведамаснага характару — урад. Прэзідэнт, Прэм’ер-міністр і міністр замежных спраў праводзяць перагаворы і падпісваюць дагаворы міжнародныя без прад’яўлення спец. паўнамоцтваў. Да 1991 Рэспубліка Беларусь як член ААН з’яўлялася удзельніцай 156 двух- і шматбаковых дагавораў міжнародных. На вер. 1997 дагаворна-прававую базу Беларусі складаюць больш за 1680 міждзярж. і міжурадавых дагавораў міжнародных, у т. л. каля 970 шматбаковых і 710 двухбаковых з міжнар. арг-цыямі і 53 краінамі. Найб. значныя з іх: Статуты ААН і Міжнар. суда (Беларусь — удзельніца з 1945), мірныя дагаворы з Балгарыяй, Венгрыяй, Італіяй, Румыніяй і Фінляндыяй (1947), Статуты Сусв. арг-цыі аховы здароўя (1948) і ЮНЕСКА і МАП, МАГАТЭ (1957), Сусв. паштовага саюза (1978), Арг-цыі па прамысл. развіцці (1985); Жэнеўскія канвенцыі 1949 (1955), Венскія канвенцыі аб дыпламат. зносінах (1964), аб праве міжнар. дагавораў (1986), аб консульскіх зносінах (1989), Канвенцыі аб прывілеях і імунітэтах Аб’яднаных Нацый (1953), аб заснаванні Сусв. арг-цыі інтэлектуальнай уласнасці (1970), аб дарожным руху (1977), аб правах дзіцяці (1990), аб міжнар. грамадзянскай авіяцыі (1993), Еўрап. культурная канвенцыя (1993); Міжнар. пакты аб эканам., сац. і культ. правах (1976), аб грамадзянскіх і паліт. правах (1976) і Факультатыўны пратакол да яго (1992); Пагадненне аб стварэнні Садружнасці Незалежных Дзяржаў (СНД, 1991); Статут СНД (1993); Пагадненне аб Мытным саюзе (1995); Дагавор паміж Рэспублікай Беларусь, Рэспублікай Казахстан, Кыргызскай Рэспублікай і Расійскай Федэрацыяй аб паглыбленні інтэграцыі ў эканам. і гуманітарнай галінах (1996); Дагавор аб Саюзе Беларусі і Расіі і Статут Саюза Беларусі і Расіі (1997); дагаворы аб дружбе і супрацоўніцтве з Азербайджанам, Кыргызстанам, Таджыкістанам, Узбекістанам (усе 1991), Маддовай, Польшчай (1992); Балгарыяй, Румыніяй (1993); Літвой, Расіяй, Украінай (1995); Казахстанам, Турцыяй, Францыяй, Югаславіяй (1996); В’етнамам (1997). Дыпламатычныя адносіны Рэспубліка Беларусь устанавіла са 123 дзяржавамі. У рамках СНД з удзелам Беларусі заключана 696 дагавораў міжнародных. Найб. значную дагаворную базу двухбаковых адносін Беларусь мае з Расіяй, Украінай, Польшчай, Літвой, Казахстанам, Узбекістанам, Кітаем, Латвіяй, Малдовай, Румыніяй, Індыяй, В’етнамам, Іранам, ЗША, ФРГ, Турцыяй, Нідэрландамі, Балгарыяй, Вялікабрытаніяй.

У.М.Чушаў.

т. 5, с. 571

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)