БУ́ЛГАК Ігнацій Іасафат [20.4.1758, Слонімскі пав. — 25.2(9.3).1838], грэка-каталіцкі царк. дзеяч. Д-р тэалогіі і кананічнага права (1785). Вучыўся ў школе пры Жыровіцкім манастыры (1763—74) і ў Рыме (1782—85). Чл. ордэна базыльян з 1774. Выкладаў у манастырскіх школах у Беразвеччы (цяпер Глыбоцкі р-н) і Жыровічах. У 1790—95 епіскап тураўскі, каад’ютар Пінскай епархіі. У час царавання Паўла I садзейнічаў вяртанню ў унію прыходаў, якія былі пераведзены ў праваслаўе. У 1798—1828 епіскап брэсцкі. Мітрапаліт грэка-каталіцкай царквы (1817—38), з 1818 і старшыня 2-га (уніяцкага) дэпартамента Рымска-каталіцкай духоўнай калегіі ў Пецярбургу, з 1828 старшыня асобнай Грэка-каталіцкай калегіі, з 1833 архіепіскап полацкі. У канцы жыцця яго акружалі епіскапы — прыхільнікі збліжэння, а потым і аб’яднання з правасл. царквой (І.Сямашка, А.Зубко, В.Лужынскі і інш.), што вяло да змяншэння яго ўплыву. Смерць Булгака зняла апошнюю перашкоду для скасавання Брэсцкай уніі 1596.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БУЛЬБАСАДЖА́ЛКА,
машына для механізаванай пасадкі бульбы з адначасовым унясеннем угнаенняў. Бываюць 2-, 4- і 6-радковыя, з лыжкава-дыскавым, элеватарным, стужачна-лыжкавым і раменным тыпамі высаджвальнага апарата. Высаджваюць бульбу ў грабяні, якія бульбасаджалкі ўтвараюць самі, або ў папярэдне нарэзаныя.
Ва ўмовах Беларусі найб. выкарыстоўваюцца бульбасаджалкі з лыжкава-дыскавымі высаджвальнымі апаратамі, рабочыя органы якіх прыводзяцца ў дзеянне ад вала адбору магутнасці трактара. Асобныя іх тыпы маюць бункеры для загрузкі пасадачнага матэрыялу з самазвальных трансп. сродкаў, прыстасаваны для пасадкі прарослых клубняў. «Лідсельмаш» выпускае 2- і 4-радковыя бульбасаджалкі з элеватарным высаджвальным апаратам (Л-201, Л-202). Навясная бульбасаджалка Л-202 можа выкарыстоўвацца пры наяўнасці глебавых дамешкаў у пасадачным матэрыяле і без жорсткіх патрабаванняў да каліброўкі клубняў. Прывод рабочых органаў — ад хадавых колаў. Прадукцыйнасць 1,25—2.4 га/гадз.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БУЛЬБАСХО́ВІШЧА,
збудаванне для захоўвання бульбы. Бульбасховішчы бываюць: заглыбленыя, часткова заглыбленыя і наземныя; навальныя, кантэйнерныя, засекавыя, бункерныя і камбінаваныя; з натуральнай і прымусовай (актыўнай) вентыляцыяй, сховішчы-халадзільнікі з штучным ахалоджваннем і з газавым асяроддзем, састаў якога рэгулюецца. Умяшчальнасць бульбасховішча звычайна 1—20 тыс.т, секцыі — да 1500 т.
Бульбасховішчы будуюць пераважна каркасныя, беспаддашкавыя з выкарыстаннем зборных нясучых і агараджальных канструкцый. Падлогу робяць з бетону, асфальтабетону, у засеках часам земляную. У бульбасховішчы насенную бульбу сартуюць, калібруюць, прарошчваюць; робяць таварную апрацоўку харч. бульбы перад рэалізацыяй. Неабходныя параметры мікраклімату падтрымліваюцца сістэмамі аўтаматызацыі, бульбасховішчы аснашчаюцца транспарцёрамі, пад’ёмнікамі, пагрузчыкамі, падборшчыкамі, паточнымі лініямі (складаюцца з пераборачных, сартавальных, мыечных, сушыльных і фасовачных машын), якія забяспечваюць комплексную механізацыю працаёмкіх работ. Будуюць таксама часовыя бульбасховішчы — капцы, траншэі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БУРБО́НЫ (франц. Bourbons, ісп. Borbones, італьян. Borboni),
каралеўская дынастыя ў Францыі ў 1589—1792, 1814—15, 1815—30, у Іспаніі ў 1700—1808, 1814—68, 1874—1931 і з 1975, у Каралеўстве абедзвюх Сіцылій (Неапалітанскім) у 1735—1805, 1814—60; дынастыя герцагаў Пармы і П’ячэнцы ў 1748—1802, 1847—59. Імя дынастыі Бурбонаў, якія былі лініяй Капетынгаў, паходзіць ад іх радавога замка Бурбон-л’Аршамбо (цяпер у дэпартаменце Алье). Гал. прадстаўнікамі франц. Бурбонаў былі Генрых IV (заснавальнік), Людовік XIV, Людовік XVI, Людовік XVIII; апошнім правіў Карл Х [1824—30], пазбаўлены ўлады ў час Ліпеньскай рэвалюцыі 1830. У 1830—48 (гл.Ліпеньская манархія) правіў прадстаўнік малодшай (Арлеанскай) лініі Бурбонаў Луі Філіп, звергнуты Рэвалюцыяй 1848 у Францыі. Пачатак ісп. лініі паклаў унук Людовіка XIV Філіп V [1700—24, 1724—46). Ісп. Бурбоны звергнуты Іспанскай рэвалюцыяй 1931—39, адноўлены пасля падзення дыктатуры Ф.Франка. Родапачынальнікамі неапалітанскай і пармскай ліній Бурбонаў былі сыны Філіпа V. Страцілі ўладу ў перыяд аб’яднання Італіі (1859—60).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЯЛГРА́ДСКАЯ АПЕРА́ЦЫЯ 1944,
наступальная аперацыя войск 3-га Украінскага фронту (Маршал Сав. Саюза Ф.І.Талбухін), левага крыла 2-га Укр. фронту (Маршал Сав. Саюза Р.Я.Маліноўскі), Дунайскай ваеннай флатыліі (адм. С.Г.Гаршкоў), войск Айч. фронту Балгарыі і Народна-вызв. арміі Югаславіі (маршал І.Броз-Ціта) па вызваленні Усх. і Паўн. Югаславіі і Бялграда ад ням.-фаш. захопнікаў у 2-ю сусв. вайну. Праведзена 28 вер. — 20 кастр.
У ходзе бялградскай аперацыі разбіты ням. аператыўная група «Сербія» і гал. сілы армейскай групы «Ф» (13 дывізій і брыгад), 6 дывізій групы армій «Е», вызвалены г. Бялград (20 кастр.), тэр. Сербіі і створаны перадумовы для вызвалення ўсёй Югаславіі і Албаніі. Праціўнік страціў каля 45 тыс. забітымі і палоннымі. Страты сав. войск забітымі, параненымі і прапаўшымі без вестак каля 18 380 чал. (з іх забітымі 4350 чал.). 13 сав. воінам прысвоена званне Народнага героя Югаславіі. 20 злучэнням і часцям, якіянайб. вызначыліся ў бялградскай аперацыі, нададзена ганаровае найменне «Бялградскіх».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАЕ́ННА-РЭВАЛЮЦЫ́ЙНЫЯ КАМІТЭ́ТЫ (ВРК),
часовыя надзвычайныя органы ўлады, якія стваралі бальшавікі пры Саветах і ў арміі пры вайсковых к-тах у перыяд падрыхтоўкі Кастр. рэвалюцыі і на пачатку барацьбы за дыктатуру пралетарыяту. Дзейнічалі ў кастр. 1917 — сак. 1918. Першы ВРК створаны ў Петраградзе, працаваў пад кіраўніцтвам ЦКРСДРП(б) і асабіста У.І.Леніна і стаў штабам узбр. паўстання, цэнтр. органам дзярж. улады, якую перадаў 2-му Усерас. з’езду Саветаў. На Беларусі ВРК створаны ў 1917: у Мінску (гл.Ваенна-рэвалюцыйны камітэт Заходняга фронту) і Віцебску 27 кастр. (9 ліст.), у Нясвіжы 29 кастр. (11 ліст.), Барысаве 5(18) ліст., Вілейцы і Гарадку 8(21) ліст., Магілёве 18 ліст. (1 снеж.) і інш., а таксама ў часцях і злучэннях Зах. фронту. Па меры бальшавізацыі Саветаў і вайсковых к-таў, арганізацыі сав.дзярж. апарату неабходнасць у ВРК адпала, уся ўлада перайшла да Саветаў. У час грамадз. вайны і ваен. інтэрвенцыі ствараліся часовыя надзвычайныя органы ўлады — рэвалюцыйныя камітэты (рэўкомы).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАЛЫ́НСКІЯ,
муж і жонка, рэвалюцыянеры.
Сяргей Аляксеевіч (19.5.1874, г. Шчыгры Курскай вобл., Расія — ?). У 1894—98 вучыўся ў Маскоўскім ун-це. За рэв. дзейнасць выключаны і жыў у Курску пад наглядам паліцыі. Разам з жонкай арганізаваў гурток, наладзіў выпуск лістовак. З 1903 у Мінску, пам. юрысконсульта на Лібава-Роменскай чыгунцы. Далучыўся да Мінскай групы РСДРП і вёў агітацыю сярод чыгуначнікаў. З 1905 у складзе Мінскага кааліцыйнага савета. У 1905 арыштаваны, вызвалены ў 1906, ад рэв. дзейнасці адышоў. У 1917—20 уваходзіў у Маскоўскую арг-цыю меншавікоў. Да 1933 працаваў юрысконсультам у Маскоўскім саюзе металістаў.
Вера Ільінічна (13.2.1878, в. Гусарка Краснаградскага р-на Харкаўскай вобл., Украіна — ?). Скончыла Харкаўскую гімназію (1897). У рэв. дзейнасць уключылася ў Курску. У Мінскай групе РСДРП выконвала абавязкі сакратара і касіра, падтрымлівала сувязі з друкарняй. Пасля Курлоўскага расстрэлу арганізавала к-т дапамогі параненым. Наладзіла выпуск лістовак і іншых матэрыялаў, якія перадаваў ёй з турмы муж.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАЛЮ́МІНА ЛЕ́ГУМ (лац. Volumina legum збор законаў. Другі тытул: «Prawa, konstytucye y przywileie Królestwa Polskiego, y Wielkiego Xięstwa Litewskiego, y wszystkich prowincyi nalezących, na walnych seymach Koronnych od seymu Wiślickiego roku pańskiego 1347 aż do ostatniego seymu uchwalone»),
шматтомны збор законаў, сеймавых пастаноў, прывілеяў і інш.заканад. актаў, якія дзейнічалі на тэр. Польшчы, Беларусі, Літвы і Правабярэжнай Украіны з 1347 да 1793—95. Змяшчае без каментарыяў акты на польск. і лац. мовах, узятыя з арыгінальных крыніц і з прац асобных аўтараў. Выданне неафіцыйнае і не з’яўляецца поўным зборам законаў. Прызначалася для практычнай арыентацыі ў заканад. матэрыяле юрыстаў, службовых і інш. асоб. Упершыню т. 1—6 (акты 1347—1736) выдадзены ордэнам піяраў у Варшаве ў 1732—39, т. 7—8 (акты 1764—80) — у 1782. Гэтыя 8 тамоў перавыдаў у 1859—60 у Пецярбургу І.П.Агрызка. У 1889 у Кракаве выйшаў т. 9 (акты 1782—92), у 1952 у Познані — т. 10 (з матэрыяламі Гродзенскага сейма 1793).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАНА́ДЫЙ (лац. Vanadium),
V, хімічны элемент V групы перыяд. сістэмы, ат. н. 23, ат. м. 50,9415. Прыродны складаецца з 2 ізатопаў: 51V (99,76%) і слаба радыеактыўнага 50V (0,24%, перыяд паўраспаду 1014 гадоў). Належыць да рассеяных элементаў, трапляецца ў выглядзе мінералаў (гл.Ванадыніт). У зямной кары знаходзіцца 0,019% па масе.
Пластычны серабрыста-шэры метал, шчыльн. 6110 кг/м³, tпл 1920 °C. Устойлівы да ўздзеяння раствораў неарган. к-т, соляў і шчолачаў. Раствараецца ў канцэнтраваных к-тах, у расплавах шчолачаў, на паветры акісляецца да ванадатаў. Пры 600—800 °C узаемадзейнічае з кіслародам, з азотам утварае нітрыд (VN, tпл 2360 °C), з вугляродам — карбід (VC, чорныя крышталі, tпл каля 2830 °C, мае высокую цвёрдасць). Крыніца здабычы — жал. руды, якія маюць злучэнні ванадыю. Атрымліваюць з пентаксіду дыванадыю V2O5 металатэрмічным аднаўленнем. Выкарыстоўваюць як легіруючы кампанент сталяў і спец. сплаваў для авіяц. і касм. тэхнікі, суднабудавання; кампанент звышправодных сплаваў. Злучэнні ванадыю таксічныя; ГДК для V2O5 0,1—0,5 мг/м³.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАРО́НЕЖСКАЯ АНТЭКЛІ́ЗА,
дадатная тэктанічная структура на ПдРускай пліты з высокім заляганнем дакембрыйскага фундамента. Ахоплівае тэр.ПдЗеўрап.ч. Расіі, ПнУ Украіны, на У Магілёўскай і ПнУ Гомельскай абласцей Беларусі. Абмежавана на ПнЗАршанскай упадзінай і Жлобінскай седлавінай, на ПдЗ і ПдПрыпяцка-Данецкім аўлакагенам, на У Прыкаспійскай упадзінай і на ПнУ Маскоўскай сінеклізай. Працягнулася з ПнЗ на ПдУ на 800 км, шыр. 300—400 км. У скляпеннай ч. паверхня фундамента залягае на глыб. 40—250 м (месцамі выходзіць на паверхню зямлі), на тэр. Беларусі — на глыб. 400 м. Паўн.-ўсх. і ўсх. схілы спадзістыя, паўд. больш стромкія. У межах Беларусі вылучаюцца падпарадкаваныя Варонежскай антэклізе структуры: Суражскі і Грамяцкі пахаваныя выступы, якія падзелены Клінцоўскім грабенам. Платформавы чахол на крылах складзены з асадкавых парод рыфею і венду (на У), дэвону і пярмі — трыясу (на Пд), мезазою і кайназою. Варонежская антэкліза сфарміравалася пераважна ў герцынскі этап тэктагенезу (гл. ў арт.Герцынская складкавасць). Да антэклізы прымеркаваны жал. руды Курскай магнітнай анамаліі.