ПРАТЭ́ЗЫ (ад грэч. prothesis далучэнне, дадатак),
прыстасаванні і апараты, якія замяшчаюць форму і функцыю страчаных або функцыян. непаўнацэнных органаў чалавека. Канструкцыі П. заснаваны на дасягненнях фізіялогіі, біямеханікі, электронікі, тэхналогіі матэрыялаў і інш. Пашыраны П. з палімераў, аблегчаных сплаваў (напр., дзюралюміній), камбінаваныя. Раней П. былі пераважна з дрэва, скуры, металаў. Робяць П. рук, ног, зубоў (гл. Пратэзаванне зубоў), вока. Створаны біякіравальныя П. (кіруюцца біяэл. сігналамі з мышцаў куксы) і інш. Адрозніваюць П. часовыя (напр., для фарміравання куксы і абучэння хворага хадзьбе пасля ампутацыі), пастаянныя (верхніх і ніжніх канечнасцей пасля фарміравання куксы), рабочыя (актыўныя), касметычныя (без аднаўлення функцый); гл. таксама Штучныя органы і апараты. На Беларусі П. распрацоўваюць у НДІ траўматалогіі і артапедыі.
т. 13, с. 26
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)