дзяржава на в-ве Мадагаскар у 14—19 ст. Утварылася на цэнтр. плато — у найб. эканамічна развітым раёне вострава. Этн. склад насельніцтва — мерна, адна з груп малагасійцаў. У 14—15 ст. на Мадагаскары склалася некалькі феад. дзяржаў. У час праўлення караля Раламбу [1575—1610] дзяржава аб’ядноўвала ўсё цэнтр. плато. У 1-й пал. 17 ст. кароль Андрыянзака заснаваў сталіцу І. — г. Аналаманга («блакітны лес», пазней стала называцца Антананарыву). У 17 ст. высокага развіцця дасягнулі ірыгацыйнае земляробства, рамёствы, гандаль. У пач. 18 ст. дзяржава распалася, у 19 ст. аб’ядналася пад назвай Малагасійскае каралеўства (ці каралеўства Мадагаскар).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КА́РМЕЛЬ,
гара на Пд Палесціны (тэр. Ізраіля), на зах. схіле якой у пячорах Табун і Схул у 1929—34 выяўлены касцявыя рэшткі людзей разам з каменнымі прыладамі і касцямі выкапнёвых жывёл. У пячоры Табун знойдзены амаль поўны шкілет жанчыны неандэртальскага тыпу і ніжняя сківіца мужчынскага чэрапа. У пячоры Схул знойдзены косці 10 шкілетаў рознай захаванасці са спалучэннем неандэртальскіх і сучасных асаблівасцей будовы чэрапа і інш. частак шкілета. Жылі 35—40 тыс. гадоў таму назад. Адны вучоныя лічаць, што насельніцтва пячор К. — вынік змешвання людзей неандэртальскага і сучаснага тыпаў; іншыя бачаць у іх эвалюцыйны пераход ад стараж. людзей да новых.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КІПЧАКІ́, кыпчакі, куманы,
сярэдневяковая народнасць цюркскай групы, усх. адгалінаванне полаўцаў. У 10 ст. займалі тэр.Паўн.-Зах. Казахстана, межавалі на У з кімакамі, на Пд з агузамі, на З з хазарамі. Распадаліся на шэраг плямён, вялі качавы лад жыцця. У сярэдзіне 10 ст. рушылі ў стэпы Паўн. Прычарнамор’я і Каўказа. Мелі цесныя сувязі з Сярэдняй Азіяй, асабліва з Харэзмам. У 1-й пал. 13 ст. разбіты манголамі, увайшлі ў склад мангольскага войска, складалі асн. частку насельніцтваЗалатой Арды. Пазней увайшлі ў склад народнасцей татар, казахаў, башкір, карачаеўцаў, кумыкаў і інш., якія гавораць на мове кіпчакскай групы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КМЕТ, кмець,
тэрмін, якім у сярэдневякоўі ў слав. народаў абазначаліся розныя катэгорыі насельніцтва. Першапачаткова К. называлі свабодных членаў абшчыны, племя. У Кіеўскай Русі К. — воін, віцязь, дружыннік; у ВКЛ — свабодны селянін, які меў зямельны надзел і плаціў дзяржаве падаткі. У 2-й пал. 16—1-й пал, 17 ст. К. трапілі ў асабістую залежнасць ад феадалаў і ператварыліся ў чэлядзь; у Польшчы — залежны селянін, які меў поўны надзел зямлі; у Балгарыі і Сербіі — сельскі стараста; у Босніі і Чэхіі — асоба, якая займала пэўную пасаду, а таксама некаторыя катэгорыі сялян; у Харватыі — залежны селянін, васал.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КО́ЙДАНАЎСКАЯ «РЭСПУ́БЛІКА».
Існавала ў мяст. Койданава (сучасны г. Дзяржынск Мінскай вобл.) і нейтральнай зоне каля яго ў ліст. 1920. Створана ў выніку арганізаванага антыбальшавіцкага паўстання (кіраўнік П.Калечыц). Паўстанцкі штаб размяшчаўся ў фальварку Янава каля в. Дзягільна, базы паўстанцаў знаходзіліся ў вёсках Дзягільна і Касілава. Паўстанцы абвясцілі ў Койданаве і нейтральнай зоне Койданаўскую «самастойную рэспубліку», прынялі адозву да насельніцтва, у якой заклікалі змагацца «за вольную Беларусь», выдалі загад пра наладжванне абароны мястэчка. «Рэспубліка» пратрымалася 4 дні, пасля яе ліквідацыі часцямі Чырв. Арміі барацьба набыла форму партыз. змагання, якое працягвалася да падпісання Рыжскага мірнага дагавора 1921.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КО́ПЦКАЕ ПІСЬМО́,
літарнае пісьмо, створанае ў 2 ст. егіпцянамі—перакладчыкамі Бібліі на стараж.-егіп. мову для прапаганды хрысціянства сярод егіпецкага насельніцтва. Складанае і спецыфічнае егіпецкае пісьмо, якім да таго часу карысталіся егіпцяне, было непрыдатным для перакладу іншамоўнага тэксту. У аснову К.п. быў пакладзены грэч. алфавіт: 24 крыху відазмененыя грэч. літары і дададзены 8 знакаў дэматычнага пісьма (спрошчанага егіп.), што перадавалі гукі, для пазначэння якіх не было грэч.літар. З выцясненнем копцкай мовы К.п. выйшла з ужытку і захавалася толькі ў рэліг. тэкстах коптаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЬЯ́ЛАЎСКАЯ КУЛЬТУ́РА,
археалагічная культура эпохі неаліту (канец 5—3-е тыс. да н.э.) у басейне р. Клязьма і прылеглых раёнах на р. Ака і Волга. Назва ад стаянкі каля в. Льялава Маскоўскай вобл.Насельніцтва займалася рыбалоўствам, паляваннем і збіральніцтвам. Жыло на сезонных паселішчах у паўзямлянках і шалашападобных жытлах. Пахавальны абрад — трупапалажэнне ў скурчаным ці выцягнутым становішчы з охраю, зрэдку з пахавальным інвентаром. Характэрны керамічны паўяйцападобны і вастрадонны посуд, упрыгожаны па ўсёй паверхні радамі ямкавых паглыбленняў і адбіткамі грэбеня. Знойдзены крамянёвыя наканечнікі коп’яў і стрэл, разцы, скрабкі, нажы, матыкі, касцяныя рыбалоўныя кручкі і гарпуны, упрыгожанні.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАЛО́Е ПРАДПРЫЕ́МСТВА,
самастойны суб’ект гаспадарання з правамі юрыд. асобы. Формы ўласнасці — любыя. Адметныя адзнакі М.п. — крайне невял. доля ў агульным па краіне аб’ёме дзейнасці, якая з’яўляецца профільнай для прадпрыемства, і абмежаванні колькасці працуючых (адрозніваюцца ў розных сферах эканомікі). Да М.п. адносяцца вытв. і кансалтынгавыя фірмы (гл.Кансалтынг), многія прадпрыемствы рознічнага гандлю і сферы абслугоўвання. М.п. ўзмацняе дзелавую актыўнасць грамадзян і пашырае спектр іх магчымасцей, садзейнічае структурнай перабудове эканомікі, дэманапалізацыі вытв-сці і развіццю канкурэнцыі, вырашэнню праблемы занятасці насельніцтва, аператыўнаму рэагаванню вытв-сці канкрэтных тавараў і паслуг на змены спажывецкага попыту і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАЛЬТА́,
верхнепалеалітычная стаянка на р. Белай каля с. Мальта (за 85 км на З ад г. Іркуцк, Расія). Адкрыў і даследаваў у 1928—59 М.М.Герасімаў. Выяўлены рэшткі жытлаў рознага тыпу (чумы, паўзямлянкі, наземныя), якія існавалі адначасова. Насельніцтва М. займалася паляваннем на паўн. аленя, маманта, шарсцістага насарога. Знойдзены прылады працы з каменю (нажы, праколкі, разцы, скрабкі), вырабы з косці (наканечнікі восцяў, дроцікаў, кінжалы, нажы, шылы, іголкі, розныя ўпрыгожанні — спражкі, падвескі, дыядэмы, бранзалеты, скульптурныя фігуркі жанчын, качак, гусей, лебедзяў, насарога, гравіраваныя выявы маманта і змей). Выяўлена пахаванне дзіцяці ў яме, выкладзенай пліткамі, з багатым пахавальным інвентаром.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАЦЕ́ВІЦКІ БОЙ 1943,
бой падраздзяленняў партыз. палкоў 208-га імя Сталіна, 277-га, брыгад 130-й «Помста», 120-й, 345-га атрада з ням.-фаш. захопнікамі ў в. Мацевічы Бярэзінскага р-на Мінскай вобл. 18 жн. ў Вял.Айч. вайну. 15 жн. батальён 700-га ахоўнага палка гітлераўцаў заняў вёску дзеля набыцця с.-г. прадукцыі. Ноччу 18 жн. партызаны акружылі вёску і раптоўным нападам знішчылі некалькі аўтамашын, шмат жывой сілы ворага; за 1 гадз бою захапілі зброю і амуніцыю акупантаў, 2 перасоўныя радыёстанцыі, каля 60 коней, боепрыпасы, нарабаванае ў насельніцтва харчаванне.