ЛЁГКАЯ ПРАМЫСЛОВАСЦЬ

Ручное ткацтва, выраб сукна, аўчын, скур вядома на Беларусі са старажытнасці. Сяляне здаўна апрацоўвалі лён і каноплі, шылі адзенне і абутак; пазней частку тканін і інш. вырабаў лёгкай прамысловасці выраблялі ў шляхецкіх маёнтках. Першыя мануфактуры лёгкай прамысловасці пабудаваны ў 1-й пал. 18 ст. У 1751 князь М.​І.​Радзівіл заснаваў у Слуцку прадпрыемства, дае вырабляліся знакамітыя слуцкія паясы. У 1750—60-я г. ўзніклі суконныя мануфактуры ў Нясвіжы і Бабоўні (Слуцкі пав.), у 1760—90-я г. — суконныя, палатняная, шаўкаткацкая, гарбарная, панчошная мануфактуры Тызенгаўза ў Брэсцкай і Гродзенскай эканоміях; вялікія суконная мануфактура ў Дуброўне, парусінавая ў Горках і інш. У 1805 на Беларусі дзейнічалі 104 мануфактуры, у т. л. 46 суконных, на якіх працавала 2420 рабочых. Першыя ф-кі лёгкай прамысловасці ўзніклі ў канцы 18 ст., напр., суконная фабрыка ў мяст. Парэчча (Пінскі пав.); з выкарыстаннем наёмнай рабочай сілы і паравых рухавікоў — У 1820-я г. ў мяст. Хомск і Косава (Кобрынскі пав.). Лёгкая прамысловасць як фабрычна-заводская вытв-сць пачала складвацца ў пач. 20 ст. У 1900 пабудаваны лёнапрадзільныя і ткацкія ф-кі ў Віцебску (1054 рабочыя), у мястэчках Высачаны (495 рабочых) і Дуброўна (488 рабочых), суконная ф-ка ў мяст. Ружаны (Слонімскі пав., 705 рабочых), шоўкакруцільная ф-ка ў мяст. Альбярцін (Слонімскі пав., 141 рабочы) і інш. У 1910 у Мінску працавалі 2 абутковыя ф-кі Маскоўскага акц. т-ва «Шаўрахром» і 5 гарбарных заводаў. У 1913 на Беларусі дзейнічала 16 цэнзавых прадпрыемстваў лёгкай прамысловасці. На долю лёгкай прамысловасці прыпадала 22,6% валавой прадукцыі і 23,3% рабочых цэнзавай прамысловасці. Найб. развіццё атрымала льняная прамысловасць, якая вырабляла пражу і невялікую колькасць тканін. Яе доля ў тэкстыльнай прамысловасці Беларусі складала каля 48%. У 1919 у Віцебску створана трыкатажная ф-ка, дзе мелася 36 машын для вязання панчох. У 1922 у Віцебску на базе майстэрні па пашыву ваен. адзення і ф-кі цывільнага адзення арганізавана ф-ка «Віцшвей», а ў Мінску ў 1923 4 майстэрні па пашыву адзення аб’ядналіся ў ф-ку «Міншвей». За 1919—41 на тэр. Беларусі пабудавана больш за 90 прадпрыемстваў лёгкай прамысловасці, у т. л. абутковыя ф-кі ў Гомелі (1922), Віцебску (1923), 2 у Мінску (1924, 1930); швейныя ф-кі ў Гомелі (1928), Мінску (1929), Бабруйску (1930); гарбарныя заводы ў Мінску (1927) і Магілёве (1930), панчошна-трыкатажныя ф-кі ў Гомелі (1930), Віцебску (1931), 1-я чарга Аршанскага льнокамбіната (1937) і інш. Развіццю лёгкай прамысловасці спрыяла наяўнасць сыравіннай базы, кваліфікаваных прац. рэсурсаў, вял. патрэба насельніцтва ў таварах гэтай галіны. Умацаванню сыравіннай базы садзейнічала не толькі пашырэнне пасеваў лёну-даўгунцу, але і ўвод у дзеянне ў 1930 Магілёўскага завода штучнага валакна. У 1940 на Беларусі выраблена 9,1 млн. пагонных метраў баваўняных тканін, 15,8 млн. пагонных метраў ільняных, 81 млн. пар панчошна-шкарпэткавых вырабаў, 17,4 млн. штук трыкатажнай бялізны, 9,8 млн. пар абутку. У пасляваенны час адноўлены разбураныя і пабудаваны новыя прадпрыемствы лёгкай прамысловасці на перадавой тагачаснай тэхн. аснове. У іх ліку тонкасуконныя камбінаты ў Гродне (1947) і Мінску (1945—50), дывановы камбінат у Віцебску (1947), камвольны камбінат у Мінску (1951—1959), баваўняны камбінат у Баранавічах (1960—69), дывановы (1963—65) і панчошны ў Брэсце (1965—67), бавоўнапрадзільная ф-ка ў Гродне (1963—67), 2-я (1963) і 3-я (1973) чэргі Аршанскага льнокамбіната, новыя льнозаводы, абутковыя ф-кі ў Лідзе, Баранавічах, Маладзечне, трыкатажныя ф-кі ў Жодзіне і Салігорску, ф-ка па вытв-сці штучнага футра ў Жлобіне і інш.

Лёгкая прамысловасць займае важнае месца ў структуры прамысл. комплексу краіны. У 2002 функцыянавала 459 прадпрыемстваў гэтай галіны, а іх доля ў структуры валавой прадукцыі краіны складала 7,4%, у структуры асн. фондаў — 5,4%, колькасці занятых — 13,9%. У 1991—95 назіраўся спад вытв-сці ўсіх відаў прадукцыі лёгкай прамысловасці, што было звязана з недахопам прывазной сыравіны, зніжэннем попыту і экспарту, паступленнем на Беларусь больш таннай і эстэтычна прывабнай прадукцыі па імпарце і ад індывід. прадпрымальнікаў. Паступовы выхад галіны з крызісу пачаўся пасля 1996, але аб’ёмы яе прадукцыі яшчэ не дасягнулі ўзроўню 1990 (гл. табл.). Асн. прадпрыемствы лёгкай прамысловасці Беларусі ўваходзяць у канцэрн «Беллегпрам», створаны ў 1992 на базе Мін-ва лёгкай прамысловасці. На яго долю прыпадае 87,5% прадукцыі лёгкай прамысловасці краіны, ён выпускае больш за 100 відаў прадукцыі больш як 5 тыс. найменняў: найперш тканіны (баваўняныя, ільняныя, шаўковыя, шарсцяныя), пражу баваўняную і шарсцяную, дываны і дывановыя вырабы, жаночае, мужчынскае і дзіцячае адзенне, абутак, скургалантарэйныя вырабы, верхні і бялізнавы трыкатаж, панчошна-шкарпэткавыя вырабы, штучнае і натуральнае футра і інш. Прадукцыю лёгкай прамысловасці вырабляюць таксама прадпрыемствы «Белкаапсаюза», «Белмясцпрама», падпарадкаваныя абласным і Мінскаму гарадскому выканкомам, «Белнафтапрама», «Бел. чыгункі» і інш. У галіне назіраецца зніжэнне вытворчасці, што звязана з павелічэннем цяжкасці збыту прадукцыі ў сувязі з яе нізкай канкурэнтаздольнасцю, няпоўным выкарыстаннем вытв. магутнасцей і зносам актыўнай часткі вытв. фондаў, высокім сабекоштам прадукцыі. Экспарт тканін і тэкстыльных вырабаў у 2002 склаў 6,1% ад усяго экспарту Рэспублікі Беларусь.

Тэкстыльная прамысловасць займае 53,2% у аб’ёме валавой прадукцыі лёгкай прамысловасці. На яе ў 2002 прыпадала 3,8% валавой прадукцыі краіны, 3,3% асн. фондаў і 8,1% занятых рабочых. Яна прадстаўлена вытв-сцю тканін, трыкатажных вырабаў, дываноў і дывановых вырабаў. У тэкстыльнай прамысловасці каля 200 прадпрыемстваў і вытворчасцей, на якіх занята 145 тыс. чалавек. У 2003 выраблена 256 млн. м² тканін усіх відаў, у т. л. баваўняных 64 млн. м², ільняных — 29, шаўковых — 48, шарсцяных — 5 млн. м², трыкатажных вырабаў — 40,8 млн. штук. (гл. табл.). Буйнейшыя прадпрыемствы галіны: Баранавіцкае вытв. баваўнянае аб’яднанне, Гродзенскае вытв. прадзільна-нітачнае аб’яднанне, Пінскі камбінат верхняга трыкатажу, ААТ «Камволь» і «Сукно» ў Мінску, «Стужка» і «Магатэкс» у Магілёве, «Аршанскі льнокамбінат», Брэсцкі і Віцебскі дывановыя камбінаты, т-вы з абмежаванай адказнасцю «8 Сакавіка» ў Гомелі, «Вясёлка» ў Жодзіне і інш.

Швейная прамысловасць выпускае каля 20% аб’ёму прадукцыі лёгкай прамысловасці. Займаецца пашывам верхняга адзення (мужчынскага, жаночага, дзіцячага), бялізны, галаўных убораў, прадметаў тэхн. прызначэння. На Беларусі (2003) дзейнічае больш за 250 прадпрыемстваў лёгкай прамысловасці. Найб. з іх: акц. т-вы «Камінтэрн» у Гомелі, «Сцяг індустрыялізацыі» ў Віцебску, «Прагрэс» у Мінску, сумеснае прадпрыемства «Мілавіца» ў Мінску, Магілёўская ф-ка маст. вырабаў і інш. У 2002 экспарт верхняга жан. адзення склаў 63,2 млн. дол., у т. л. ў Расію 21,3 млн., у ЗША 14,6 млн., у Германію — 7,1 млн., у Нідэрланды — 5,3 млн.; іншага жан. адзення — 36,6 млн. дол., у т. л. ў ЗША — 14,3 млн., Германію — 1,4 млн., Нідэрланды — 5,4 млн., Расію — 3,6 млн. дол. і інш.

Гарбарная, абутковая і футравая прамысловасць займаецца пашывам скуранога абутку, вырабам натуральнага і штучнага футра, апрацоўкай скур. Буйнейшыя прадпрыемствы: абутковыя акц. т-вы «Прамень» у Мінску і «Гроднаабутак», Віцебская абутковая ф-ка «Чырвоны Кастрычнік», Гомельскае абутковае ВА «Праца», Віцебская прамыслова-гандлёвая фірма «Футра», Бабруйская футравая фабрыка, Жлобінская фабрыка штучнага футра, «Белвест» у Віцебску і інш. На прадпрыемствах «Беллегпрама» ў 2002 выпускалася 68% абутку, большая частка футравых і гарбарных вырабаў.

Літ.:

Планирование и прогнозирование экономического развития. Вып. 12. Легкая промышленность. Мн., 1976;

Проблемы развития промышленного комплекса Республики Беларусь. Мн., 2001;

Сасим А.М. Промышленность Беларуси в XX столетии Мн., 2001;

Производство промышленной продукции в натуральном выражении по Республике Беларусь (по данным годовых разработок). Мн., 2003;

Экономическая история Беларуси. Мн., 2004.

П.​І.​Рогач.


Выпуск асноўных відаў прадукцыі лёгкай прамысловасці ў Рэспубліцы Беларусь
Віды прадукцыі 1990 1995 2000 2002 2003
Ільновалакно, тыс. т 52 59 67 31 29,7
Тканіны ўсіх відаў, млн. м² 511 233 287 254 256
у т. л.: баваўняныя 140 33 67 64 64
шарсцяныя 46 7 9 5 5
ільняныя 94 42 33 28 29
шаўковыя 210 35 62 49 48
Дывановыя вырабы 20,7 4,2 8,7 8 6,1
Панчошна-шкарпэткавыя вырабы, млн. пар 175 55 101 80 75
Трыкатажныя вырабы, млн. штук 169 39 36,3 38 25,4
Верхні трыкатаж 47,1 17,1 22,5 20 15,4
Абутак скураны, млн. пар 46,8 13,0 15,4 11,6 10,9
Выставачны павільён ЗАТ «Мілавіца». Мінск.

т. 18, кн. 2, с. 331

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)