ЛЯДО́ВЫ РЭЖЫ́М,

сукупнасць заканамерных працэсаў утварэння, развіцця і разбурэння ледзянога покрыва на водных аб’ектах. Адрозніваюць 3 асн. фазы — замярзанне, ледастаў і крыгалом. Асаблівасці Л.р. для кожнага ўчастка вадацёку вызначаюцца кліматам, умовамі жыўлення ракі, будовай рэчышча і дынамікай патоку; істотна ўплывае на яго гасп. дзейнасць: скідванне ў вадаёмы прамысл. і адпрацаваных вод ЦЭС, буд-ва плацін, паглыбленне і выпростванне рэчышчаў.

Першыя ледзяныя ўтварэнні на рэках Беларусі (шарош, заберагі, сала) адзначаюцца ў 2-й пал. ліст., у бас. р. Нёман — у 1-й дэкадзе снежня. Заберагі і сала раней утвараюцца на прыбярэжных участках, водмелях і затоках. Адначасова пачынае ўзнікаць унутрыводны лёд, які ўсплывае і ператвараецца ў шарош. Наслаенне кавалкаў доннага лёду і шарошу пад ледзяное покрыва можа прывесці да ўтварэння зажораў. Ледастаў звычайна бывае ў сярэдзіне снеж., спачатку на плёсах, потым на перакатах. Трымаецца ў сярэднім каля 100 сут, найб. працяглы на рэках бас. Зах. Дзвіны — да 160 сут. і болей, самы кароткі на рэках бас. Нёмана і Прыпяці — да 10—20 сут. Крыгалом на рэках адбываецца пераважна ў 2-й пал. сакавіка. Ускрыццю рэк папярэднічае ўтварэнне закраін і зрушэнне лёду. На ПдЗ ускрыццё рэк пачынаецца ў 2—3-й дэкадах сак., на працягу месяца дасягае ПнУ. Працягласць веснавога крыгаходу 2—10 сут. На азёрах і вадасховішчах ледзяныя ўтварэнні паяўляюцца звычайна на 1—2, а на Палессі на 3 тыдні пазней, чым на рэках. Сярэдняя працягласць ледаставу на вадаёмах на Пн да 150 сут, на Пд да 130 сут. Азёры і вадасховішчы ачышчаюцца ад лёду на 10—15 сут пазней, чым рэкі.

т. 9, с. 420

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЎНО́ЧНА-АФРЫКА́НСКІЯ АПЕРА́ЦЫІ 1940—43,

баявыя дзеянні паміж англа-амер. і італа-ням. войскамі ў паўн. Афрыцы ў 2-ю сусв. вайну 1939—45. Фаш. Італія і Германія імкнуліся захапіць паўн. часткі Алжыра, Егіпта і інш. тэр., а таксама Суэцкі канал і англ. ваен.-марскую базу Адэн. Вялікабрытанія вяла барацьбу за захаванне сваіх уладанняў і ўмацаванне стратэг. становішча на Б. Усходзе. У той час тут знаходзіліся войскі У.Андэрса, у складзе якіх у баявых дзеяннях на баку саюзнікаў удзельнічалі беларусы і ўраджэнцы Беларусі. Аперацыя пачалася 13.9.1940 і да восені 1942 вялася абмежаванымі сіламі з пераменным поспехам. 23.10.1942 8-я брыт. армія Б.Мантгомеры перайшла ў наступленне (гл. Эль-Аламейнская аперацыя 1942), а 8 ліст. саюзныя войскі пад камандаваннем Д.Эйзенхаўэра пачалі высадку дэсанта на тэр. Франц. Марока і Алжыра. Аднак наступленне было спынена італа-ням. войскамі на тэр. Туніса (ням. экспедыцыйнымі сіламі камандаваў ген.-фельдмаршал Э.​Ромель). У сак. і крас. 1943 англа-амер. войскі пачалі новае наступленне адначасова з У і З і 13.5.1943 вымусілі капітуляваць італа-ням. войскі (250 тыс. чал.) на мысе Бон (на падставе гэтага і інш. фактараў некат. гісторыкі Захаду лічаць гэтую аперацыю другім фронтам 2-й сусв. вайны). Перамога саюзнікаў рэзка пагоршыла стратэг. становішча краін фаш. блока ў Міжземнамор’і і стварыла спрыяльныя ўмовы для Вялікабрытаніі і ЗША, каб пачаць вызваленне Еўропы.

Літ.:

История второй мировой войны, 1939—1945. Т. 3—6. М., 1974—76;

Роскилл С. Флот и война: Пер. с англ. Т. 1—2. М., 1967—70;

Вторая мировая война: Два взгляда. М., 1995.

т. 12, с. 212

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЮ́НХЕН (München),

горад на ПдУ Германіі, у перадгор’ях Альпаў, на р. Ізар. Адм. ц. зямлі Баварыя. 1,2 млн. ж., у агламерацыі Вял. Мюнхен — каля 2 млн. ж. (1997). Вузел чыгунак і аўтадарог. 2 міжнар. аэрапорты. Важны прамысл., гандл.-фін., навук. і культ. цэнтр краіны. Прам-сць: эл.-тэхн., радыёэлектронная, оптыка-мех., агульнае і трансп. машынабудаванне, у т. л. аўта-, лакаматыва- і авіябудаванне, ваенная, хім., паліграф., трыкат., харчовая. Піваварэнне. Метрапалітэн. Мюнхенскі універсітэт. Баварская АН і Акадэмія выяўл. мастацтваў. Дзярж. вышэйшая муз. школа, кансерваторыя. Оперныя фестывалі (з 1875). Фестываль піва. Штогадовыя прамысл. кірмашы. Турызм.

Упершыню згадваецца ў пач. 12 ст. Вырас з паселішча Муніхен («каля манахаў»). У 1158 атрымаў ад Генрыха Льва гар. права. У 1255—1918 рэзідэнцыя Вітэльсбахаў. З 16 ст. значны культ. цэнтр. Пры герцагу Максіміляне Баварскім [1597—1651] стаў цэнтрам каталіцызму ў Германіі (у 1609 у М. засн. антыпратэстанцкая Каталіцкая ліга). У час войнаў за аўстр. і ісп. спадчыны акупіраваны аўстр. войскамі (1705—15, 1742—44). У 1806—1918 сталіца каралеўства Баварыя. У 1841 у М. пабудаваны першы ў Германіі лакаматыў. У ліст. 1918 у горадзе абвешчана Баварская рэспубліка, потым Баварская (Мюнхенская) сав. рэспубліка (існавала 7.4—2.5.1919), у ліст. 1923 адбыўся гітлераўскі, або «піўны путч». Месца заключэння Мюнхенскага пагаднення 1938. 8.11.1939 тут здзейснены няўдалы замах на А.​Гітлера. У 2-ю сусв. вайну ў М. дзейнічала антыфаш. група супраціўлення «Белая ружа» (1943), бамбардзіроўкамі 1943—45 разбурана амаль палавіна горада. З 1950 тут існаваў Ін-т па вывучэнні гісторыі і культуры СССР (сярод супрацоўнікаў быў У.Сядура), які выдаваў і «Белпрускі зборнік». У 1972 месца правядзення XX летніх Алімп. гульняў.

Стары горад са шчыльнай забудовай уздоўж р. Ізар. Гар. цэнтр, падзелены на 4 кварталы вуліцамі, перакрыжаванымі на Марыенплац, у 13 ст. быў абнесены сценамі (захаваліся вароты 14 ст.). З 1791 гар. ўмацаванні знесены і ў 18—19 ст. пабудаваны рэгулярныя прыгарады з шырокімі вуліцамі, барочнымі і класіцыстычнымі будынкамі. Пасля 1871 выраслі новыя кварталы і прамысл. раёны. М. моцна пашкоджаны ў 2-ю сусв. вайну. Сучаснае аблічча вызначаецца суседствам рознастылявых пабудоў з будынкамі з бетону і шкла. Сярод помнікаў архітэктуры: готыкі — царква Фраўэнкірхе (1271, 1466—92), старая ратуша (1310, 1470—80, арх. абодвух І.​Ганггофер), царква Святога Духа (1327); рэнесансу — рэзідэнцыя герцагаў (каля 1560) з антыкварыумам і паркамі; барока — цэрквы Санкт-Міхаэль-кірхе (1583—97, Ф.​Сустрыс), Тэатынеркірхе (1663—1767, А.​Барэлі, Э.​Цукалі, Ф.​Кювілье), езуіцкі калегіум (1585—97), палацы Німфенбург (1663—1728), Шляйсгайм (1701—27), архіепіскапскі (1733—37), Амаліенбург (1734—39, Кювілье); класіцызму — палац прынца Карла (1803—11), Нац. т-р (1811—18, абодва К. фон Фішэр, адноўлены ў 1823—25), брама Перамогі (1843—52, Ф.​Гертнер), пабудовы Л. фон Кленцэ; неаготыкі — Новая ратуша (1867—1908, Г.І. фон Гаўберысер), музеі Баварскі нац. (1894—99, Г.​Зейдль), Нямецкі (1903—25, паводле праекта О. фон Мілера); сучаснай архітэктуры — комплекс збудаванняў для XX Алімпійскіх летніх гульняў (1968—72, паводле праекта Г.​Беніша, Ф.​Ота і інш), прадпрыемства BMW (1970—73, арх. К.​Шванцэр). Помнікі: Максіміляну I (1830—39, арх. Кленцэ, скульпт. Б.​Торвальдсен), «Баварыя» (1844—50, Л.​Швантлер), «Вітэльсбахскі фантан» (1895, А.​Гільдэбранд) і інш. Музеі: Баварскія дзяржаўныя зборы карцін, Баварскі нац., Нямецкі, этнаграфічны, Гліптатэка і інш.

У.​Я.​Калаткоў (гісторыя).

Да арт. Мюнхен. Комплекс збудаванняў для XX Алімпійскіх гульняў. 1968—72.
Да арт. Мюнхен. Комплекс збудаванняў для XX Алімпійскіх гульняў. 1968—72.
Панарама Мюнхена.

т. 11, с. 61

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЎНО́ЧНА-ЗАХО́ДНІ ФРО́НТ,

1) аператыўна-стратэгічнае аб’яднанне рас. армій на паўн.-зах. напрамку ў 1-ю сусв. вайну. Утвораны 1.8.1914 у складзе 1-й, 2-й і 10-й (са студз. 1915) армій; тылавым раёнам фронту былі Дзвінская ваенная акруга і Мінская ваенная акруга. 17.8.1914 фронт пачаў наступленне і ў ходзе Усходне-Прускай аперацыі 1914 напачатку меў значны поспех, але потым пацярпеў паражэнне і да 15 вер. адведзены на рубеж рэк Нёман і Нараў. Нягледзячы на няўдачу, баявыя дзеянні садзейнічалі зрыву герм. наступлення ў Марнскай бітве 1914 у Францыі (гл. Марнскія бітвы). У вер.ліст. 1914 войскі фронту паспяхова дзейнічалі ў Варшаўска-Івангародскай і Лодзінскай аперацыях; у пач. 1915 вялі абарончыя і наступальныя баі (Аўгустоўская і Праснышская аперацыі), адцяснілі праціўніка да межаў Усх. Прусіі. На пач. лета 1915 у склад фронту ўваходзілі 1-я, 2-, 3-, 4-, 5-, 12- і 13-я арміі. У ходзе Нараўскай аперацыі (13.7—2.8.1915) войскі фронту паспяхова абараняліся, аднак з-за пагрозы ўдараў з флангаў адышлі да Зах. Дзвіны. Паводле дырэктывы Стаўкі Вярх. галоўнакамандуючага ад 17.8.1915 П.-З.ф. падзелены на Заходні фронт 1915—18 і Паўночны фронт 1915—18. Яго галоўнакамандуючыя: генерал ад кавалерыі Я.​Р.​Жылінскі (1.8. — 16.9.1914), генералы ад інфантэрыі М.У.Рузскі (16.9.1914 — сак. 1915), М.​В.​Аляксееў (30.3.—17.8.1915).

Аператыўна-стратэгічнае аб’яднанне сав. войск у савецка-фінляндскую вайну 1939—40. Утвораны 7.1.1940 на базе ўпраўлення Ленінградскай ваен. акругі для аб’яднання дзеянняў 2-й і 13-й армій. У склад фронту ўключаны вайсковыя часці, злучэнні і большасць устаноў акругі. Баявыя дзеянні пачаліся 30.11.1939, аднак наступленне Чырв. Арміі на «Манергейма лініі» было прыпынена. У лют.сак. 1940 сав. армія з вял. стратамі прарвала фінл. абарончыя ўмацаванні і выйшла да г. Вііпуры (цяпер Выбарг, Расія), які быў узяты штурмам. 12 сак. 1940 у Маскве падпісаны мірны дагавор паміж СССР і Фінляндыяй. 26.3.1940 у сувязі з заканчэннем ваен. дзеянняў П.-З.ф. расфарміраваны. Камандуючы фронтам камандарм 1-га рангу (з 1940 Маршал Сав. Саюза) С.К.Цімашэнка.

Аператыўна-стратэгічнае аб’яднанне сав. войск у Вял. Айч. вайну на паўн.-зах. напрамку. Створаны 22.6.1941 на базе ўпраўлення і войск Прыбалт. ваен. акругі (з 17.8.1940 — асобы) у складзе 8-й, 11, 27-й армій, ВПС акругі і інш. Удзельнічаў у прыгранічных бітвах 1941, стрымліваў удары ням.-фаш. войск групы армій «Поўнач» і часткі сіл групы армій «Цэнтр», у т. л. прыкрываў з поўначы тэр. Беларусі. Аднак пад націскам пераважаючых сіл праціўніка (па асабовым складзе ў 1,5 раза, па танках у 1,3 раза, па гарматах і мінамётах у 2 разы, па самалётах у 1,22 раза) войскі фронту 29 чэрв. адышлі да Зах. Дзвіны, а 8-я армія, адрэзаная ад гал. сіл, адступіла на Пн, да граніцы Эстоніі. Найб. жорсткія баі адбыліся пры абароне Ліепаі, Даўгаўпілса і Таліна. У першыя дні вайны ВПС фронту і далёкабамбардзіровачная авіяцыя наносілі бомбавыя ўдары па Кёнігсбергу (Калінінград, Расія), Мемелі (Клайпеда, Літва), Берліне (з 8 жн. па 4 вер. 1941). Войскі П.-З.ф. ўдзельнічалі ў бітве за Ленінград, у Таропецка-Холмскай, Старарускай, Дзямянскіх аперацыях 1942 і 1943. Расфарміраваны 20.11.1943, а яго злучэнні і часці ўвайшлі ў склад Прыбалтыйскага фронту. Камандуючыя фронту: ген.-палк. Ф.І.Кузняцоў (чэрв.ліп. 1941), ген.-м. П.​П.​Сабеннікаў (ліп.жн. 1941), ген.-лейт. (са жніўня ген.-палк.) П.А.Курачкін (жн. 1941 — кастр. 1942 і чэрв.ліст. 1942), Маршал Сав. Саюза С.​К.​Цімашэнка (кастр. 1942 — сак. 1943), ген.-палк. І.С.Конеў (сак.чэрв. 1943).

Літ.:

Ростунов И.И. Русский фронт первой мировой войны. М., 1976;

Губин И.А. Слово о Краснознаменном Прибалтийском. Рига, 1981;

Третьяк С. Зимняя кампания 1939—1940 гг. // Армия. 2000. № 2.

А.​М.​Лукашэвіч, Р.​Ч.​Лянькевіч, В.​А.​Юшкевіч.

т. 12, с. 214

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕЛАРУ́СКАЯ ВАЙСКО́ВАЯ КАМІ́СІЯ (БВК),

орган па фарміраванні бел. часцей у польскім войску ў 1919—21. Утворана 2.8.1919 у Вільні Цэнтр. бел. радай Віленшчыны і Гродзеншчыны паводле дамоўленасці з начальнікам Польскай дзяржавы Ю.​Пілсудскім. Яго дэкрэтам ад 22.10.1919 дазвалялася фарміраванне бел. часцей і зацвярджалася БВК у складзе: П.​Аляксюк (старшыня), А.​Аўсянік, палкоўнікі Г.​Канапацкі (камандуючы бел. войскам) і Д.​Якубоўскі, штабс-капітаны Ф.​Кушаль і А.​Якубецкі, Ю.​Мурашка, А.​Прушынскі (А.​Гарун), С.​Рак-Міхайлоўскі. Камандаванне бел. войска падпарадкоўвалася непасрэдна польскай ваен. адміністрацыі. Сфарміраваныя часці меркавалася накіраваць на польска-савецкі фронт. У ліст. 1919 БВК пераехала ў Мінск. Падтрымлівала сувязь з Найвышэйшай радай БНР. Падзялялася на падкамісіі: вярбовачна-агітацыйную (узначальваў Аляксюк), кваліфікацыйную (Якубецкі), статутную (Прушынскі), культ.-асветную (Рак-Міхайлоўскі) і інш. У паветах БВК стварала бел. вярбовачныя бюро, сярод насельніцтва распаўсюджвала адозвы з заклікам уступаць у нац. войска. Перакладала на бел. мову польскія вайск. статуты, выдала зб. «Падарунак беларускаму жаўнеру» (1920). Вяла рэгістрацыю добраахвотнікаў (афіцэраў, салдатаў, ваен. чыноўнікаў, урачоў). У сак. 1920 распараджэннем ваен. мін-ва вярбоўка і адбор добраахвотнікаў выключаны з кампетэнцыі БВК і перададзены мясц. органам акупац. адміністрацыі, якія байкатавалі гэту справу. Удалося скамплектаваць толькі 1 бел. пяхотную роту. У ліп. 1920 у сувязі з наступленнем Чырв. Арміі БВК фактычна распалася. Адноўлена 3.10.1920 у г. Лодзь (Польшча) у складзе: Якубецкі (Старшыня), Кушаль, Ф.​Умястоўскі, Э.​Якабіні, Якубоўскі. Накіравала групу афіцэраў на дапамогу ўдзельнікам Слуцкага паўстання 1920. Займалася культ.-асв. працай сярод інтэрніраваных у Польшчы вайскоўцаў-беларусаў. Прапановы аб рээвакуацыі камісіі ў адзін з гарадоў Зах. Беларусі былі адхілены польск. ўладамі. 15.5.1921 скасавана.

С.​С.​Рудовіч.

Адозва Беларускай вайсковай камісіі. 1920.

т. 2, с. 407

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕЛАРУ́СКІ ДЗЯРЖА́ЎНЫ МУЗЕ́Й ГІСТО́РЫІ ВЯЛІ́КАЙ АЙЧЫ́ННАЙ ВАЙНЫ́.

Засн. 30.9.1943 як Музей па гісторыі барацьбы бел. народа з ням.-фаш. захопнікамі ў Вял. Айч. вайну на матэрыялах дзеючай з восені 1942 у Маскве выстаўкі «Беларусь жыве, Беларусь змагаецца», камісіі па гісторыі Вял. Айч. вайны пры ЦК КП(б)Б, Бел. штаба партыз. руху і інш. Адкрыты 22.10.1944 у Мінску, сучасная назва з ліст. 1944. Да 1974 быў адзіным на тэр. б. СССР музеем мінулай вайны. Мае 29 экспазіц. залаў (пл. 3,6 тыс. м²), каля 100 тыс. адзінак асн. фонду (1995), фотатэку (каля 38 тыс. негатываў), б-ку (каля 13 тыс. кніг, брашур, плакатаў). Дакументы, фотаздымкі, рэчавыя матэрыялы расказваюць пра пачатак вайны ў 1941, абарончыя баі на тэр. Беларусі; жорсткі акупац. рэжым, партыз. і падп. барацьбу супраць акупантаў; гераізм працаўнікоў тылу; буйнейшыя ваен. аперацыі Чырв. Арміі пры вызваленні Беларусі і краін Еўропы, перамогу над фашызмам у 1945; Парад Перамогі. Экспазіцыю завяршаюць мемар. залы. дзе ўвекавечаны гарады-героі, вайск. злучэнні і часці 1, 2, 3-га Бел. і Прыбалт. франтоў, якія вызначыліся пры вызваленні Беларусі, партыз. фарміраванні на Беларусі; поўныя кавалеры ордэна Славы і Героі Сав. Саюза — ураджэнцы Беларусі і прадстаўнікі інш. народаў, што атрымалі гэтыя званні ў баях на Беларусі. Філіял музея — Курган Славы Савецкай Арміі — вызваліцельніцы Беларусі. Самастойнымі музеямі сталі б. філіялы Обальскага камсамольскага падполля музей, Музей баявой садружнасці, Музей бітвы за Дняпро, Мемарыяльны комплекс «Хатынь». Іншым музеям рэспублікі і замежжа перададзена больш за 46 тыс. адзінак апрацаваных матэрыялаў.

Літ.:

Белорусский государственный музей истории Великой Отечественной войны: Путеводитель по залам. Мн., 1987.

А.​Г.​Ванькевіч.

Экспазіцыя «Акупацыйны рэжым» у Беларускім дзяржаўным музеі гісторыі Вялікай Айчыннай вайны.

т. 2, с. 441

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕЛАРУ́СКІ НАЦЫЯНА́ЛЬНЫ КАМІТЭ́Т (БНК) у Гродне, Гродзенскі беларускі камітэт, прадстаўнічы орган бел. нац. арг-цый Гродзеншчыны ў 1918—22. Утвораны ў ліст. 1918. У яго кіраўніцтва ўваходзілі Я.​Натусевіч (старшыня), У.​Курбскі, Л.​Дзекуць-Малей, пазней кааптаваны П.​П.​Аляксюк, Л.​І.​Заяц, Т.​М.​Вернікоўскі і інш. Выступаў супраць прарасійскай арыентацыі органаў мясц. самакіравання і земскіх устаноў. Ствараў бел. школы, культ.-асв. гурткі, кааператывы, выступаў за наданне бел. мове афіц. статуса. У снеж. 1918 склікаў бел. сялянскі з’езд Гродзенскага пав. У пач. 1919 выдаваў газ. «Зорка», у кастр. 1920 — студз. 1921 газ. «Беларускае слова». Намаганнямі Вернікоўскага ў студз. 1919 у Гродне адкрыты бел. клуб «Наша хатка». У лют. 1919 БНК правёў у склад магістрата Дзекуця-Малея. З прыходам у горад польск. легіянераў у маі 1919 фактычна спыніў дзейнасць, аднавіў яе ў сак. 1920. Новае кіраўніцтва [старшыня С.​Баран (Баранаў), віцэ-старшыня А.​Бялецкі, Дзекуць-Малей, У.​Федарук і інш.] арыентавалася на бел. эсэраў і стаяла ў паліт. апазіцыі да польск. акупац. улад. Пры к-це створаны адм., арганізац., культ.-асв., дабрачынны аддзелы, юрыд. бюро. БНК ініцыіраваў стварэнне ў маі 1920 Бел. школьнай рады ў Гродне і гродзенскага кааператыва «Беларусь». Працаваў у кантакце з Цэнтральнай беларускай радай Віленшчыны і Гродзеншчыны, Часовым беларускім нацыянальным камітэтам у Мінску, Грамадой беларускай моладзі ў Гродне. З прыходам Чырв. Арміі ў ліп. 1920 зноў спыніў дзейнасць. Чл. БНК Баран і Дзекуць-Малей у жн. 1920 увайшлі ў склад Гродзенскага губ. рэўкома. Пасля вяртання польск. войскаў кіраўніцтва ў БНК перахапілі т.зв. паланафілы на чале з В.​А.​Адамовічам, у студз. 1920 да кіраўніцтва вярнуліся бел. эсэры (старшыня Баран). У 1921 БНК перайшоў на нелегальнае становішча.

У.​В.​Ляхоўскі.

т. 2, с. 453

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРГАНІЗА́ЦЫЯ ПА БЯСПЕ́ЦЫ І СУПРАЦО́ЎНІЦТВЕ Ў ЕЎРО́ПЕ (АБСЕ),

міжнар. арг-цыя. Склалася да сярэдзіны 1990-х г. у выніку дзейнасці Нарады па бяспецы і супрацоўніцтве ў Еўропе (НБСЕ). На пач. 1970-х г. СССР і яго партнёры па Арг-цыі Варшаўскага дагавору (гл. Варшаўскі дагавор 1955) ініцыіравалі скліканне нарады еўрап. дзяржаў для абмеркавання захадаў, якія забяспечылі б калект. бяспеку ў Еўропе. Ва ўмовах паляпшэння адносін паміж СССР, ЗША і краінамі Зах. Еўропы ў г. Хельсінкі адбыліся папярэднія шматбаковыя кансультацыі (ліст. 1972 — чэрв. 1973) і пасяджэнні міністраў замежных спраў 33 еўрап. дзяржаў (акрамя Албаніі), ЗША і Канады (ліп. 1973). 2-і этап перагавораў аб скліканні НБСЕ прайшоў у вер. 1973 — ліп. 1975 у Жэневе. 30.7.1975 у Хельсінкі на ўзроўні кіраўнікоў урадаў 35 дзяржаў пачалася нарада, 1.8.1975 падпісаны Заключны акт Нарады па бяспецы і супрацоўніцтве ў Еўропе. У 1977—94 адбыўся шэраг сустрэч прадстаўнікоў дзяржаў — удзельніц НБСЕ. У 1991 удзельнікамі НБСЕ сталі Албанія, Эстонія, Латвія, Літва, у 1992 — Беларусь і інш. краіны. На сустрэчы ў Будапешце (5—6.12.1994) кіраўнікі дзяржаў і ўрадаў 52 краін (без Югаславіі), прынялі рашэнне аб пераўтварэнні НБСЕ у АБСЕ, падпісалі мемарандумы аб гарантыі бяспекі Украіны, Беларусі і Казахстана, прынялі паліт. дэкларацыю «Да сапраўднага партнёрства ў новую эпоху», якая вызначае ролю, месца і задачы АБСЕ ў пабудове будучай Еўропы. Органамі АБСЕ (з 1990) з’яўляюцца: сустрэчы кіраўнікоў дзяржаў і ўрадаў (адбываюцца кожныя 2 гады); Савет міністраў замежных спраў (засядае не менш як 1 раз на год); Сакратарыят з рэзідэнцыяй у Празе; Цэнтр па прадухіленні канфліктаў (Вена); бюро «За свабодныя выбары» (Варшава, ажыццяўляе назіранне за выбарамі); Парламенцкі сход АБСЕ; Камітэт вышэйшых дзярж. служачых (у ліку абавязкаў падрыхтоўка пасяджэнняў).

т. 1, с. 466

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БУ́РБІС (Аляксандр Лаўрэнавіч) (псеўд. Стары Піліп; 20.10.1885, Вільня — 20.3.1922),

дзеяч бел. нац.-вызв. руху. Вучыўся ў Віленскай гімназіі. Адзін з заснавальнікаў Беларускай сацыялістычнай грамады (БСГ), чл. яе ЦК. У ліст.снеж. 1905 пад яго кіраўніцтвам ў Мейшагольскай вобл. Віленскага пав. ўзнікла «Мейшагольская рэспубліка». З пач. 1906 у Мінску вёў агітацыю і арганізоўваў забастоўкі рабочых-сталяроў Мінска і с.-г. рабочых Навагрудскага пав. У жн. 1906 арыштаваны і да 1909 зняволены ў турме. Пасля працаваў у Віленскім т-ве сельскай гаспадаркі, з 1915 — у Нар. банку ў Маскве. У 1917 узначальваў Маскоўскую арг-цыю БСГ. У 1918 консул Бел. Нар. Рэспублікі ў Маскве. З лют. 1919 у ВСНГ РСФСР, з мая 1919 у Наркамземе Літ.-Бел. ССР. У 1920 удзельнічаў у выданні газ. «Савецкая Беларусь». У 1921 уступіў у Камуніст. партыю. З ліп. 1921 нам. наркома замежных спраў БССР, адзін з арганізатараў Т-ва Чырв. Крыжа БССР. Чл. ЦВК БССР у 1921—22. Выступаў у абарону самастойнасці Сав. Беларусі, яе тэр. цэласнасці, культ.-духоўнай самастойнасці. Прапагандаваў неабходнасць кансалідацыі ўсіх плыняў бел. нац. руху, у т. л. на эміграцыі. Яго ідэі, погляды і дзейнасць паўплывалі на фарміраванне дзярж. палітыкі БССР у 1920-я г., спрыялі ўзбуйненню тэр. БССР. Аўтар навук. працы «Кароткі нарыс па эканамічнай геаграфіі Беларусі» (1920, апубл. ў 1922), арт. «Кароткі агляд беларускага нацыянальна-рэвалюцыйнага руху» (апубл. 1921). Вядомы як акцёр, чытальнік і рэжысёр, адзін са стваральнікаў бел. прафес. тэатра. Удзельнічаў у рабоце Першай бел. трупы І.​Буйніцкага, Бел. муз.-драм. гуртка ў Вільні. Паставіў спектаклі «Па рэвізіі» (1906) і «Пашыліся ў дурні» (1910) М.​Крапіўніцкага, «Залёты» В.​Дуніна-Марцінкевіча (1915).

М.​В.​Біч.

А.Л.Бурбіс.

т. 3, с. 347

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАЛЧА́К (Аляксандр Васілевіч) (16.11.1874, Пецярбург — 7.2.1920),

расійскі ваенна-марскі дзеяч, палярны даследчык, вучоны-гідролаг, адзін з кіраўнікоў белага руху ў грамадз. вайну. Адмірал (1918), правадз. чл. Рус. геагр. т-ва (1906). Скончыў Марскі кадэцкі корпус (1894). Служыў на караблях Балтыйскага (з 1895) і Ціхаакіянскага (з 1896) флатоў. Удзельнік палярных экспедыцый 1900—03 і 1908—11 (гідролаг; яго імем быў названы адзін з астравоў у Паўн. Ледавітым ак.), рус.-яп. вайны 1904—05. У 1906—09 і 1911—14 у Марскім генштабе, адначасова выкладаў у Марской акадэміі (з 1908), эксперт па ваенна-марскіх пытаннях у 3-й Дзярж. думе (1907—12). Удзельнік 1-й сусв. вайны, у т. л. як камандуючы Чарнаморскім флотам (1916—17). У жн. 1917 камандзіраваны ў Вялікабрытанію і ЗША. У кастр. 1918 разам з брыт. ген. А.​Ноксам прыбыў у Омск, дзе 4 ліст. прызначаны ваен. і марскім міністрам ва ўрадзе Уфімскай дырэкторыі. 18.11.1918 скінуў дырэкторыю, прыняў званне «вярх. правіцеля» рас. дзяржавы і галоўнакамандуючага яе ваен. сіламі (да 4.1.1920), устанавіў у Сібіры, на Урале і Д. Усходзе ваен. дыктатуру (гл. Калчака ўрад). Намагаўся аднавіць «адзіную і непадзельную» Рас. імперыю. Пасля разгрому сваёй арміі, узброенай і забяспечанай з дапамогай Вялікабрытаніі, Францыі, ЗША і Японіі (да 400 тыс. чал., у т. л. 130—140 тыс. на фронце) перабраўся ў Іркуцк, каля якога (станцыя Інакенцьеўская) 15.1.1920 выдадзены вайскоўцамі Чэхаславацкага корпуса эсэра-меншавіцкаму «Паліт. цэнтру», потым перададзены бальшавіцкаму Іркуцкаму ВРК, паводле пастановы якога расстраляны. Асн. праца — «Лёд Сібірскага і Карскага мораў» (1909). Гл. таксама Грамадзянская вайна і ваенная інтэрвенцыя 1918—22.

Літ.:

Арестант пятой камеры. М., 1990;

Плотников И.Ф. АВ.​Колчак: Жизнь и деятельность. Ростов н/Д, 1998.

А.В.Калчак.

т. 7, с. 487

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)