зборнік дакументаў, артыкулаў і дакладаў па гісторыі, археалогіі і этнаграфіі Беларусі. Выдадзены ў 1909—13 Мінскім царкоўным гісторыка-археалагічным камітэтам у 4 выпусках (3-і ў дзвюх частках, у Вільні). У якасці дадатку да 1-га вып. ў 1909 выйшла «Апісанне рукапіснага аддзела і старадрукаў бібліятэкі Мінскага царкоўнага гісторыка-археалагічнага камітэта» (склад. А.К.Снітка). Большасць матэрыялаў прысвечана гісторыі правасл. царквы і духавенства. Змяшчае інфармацыю і нататкі пра гісторыю стварэння і асн. кірункі дзейнасці к-та, апісанне архіўных збораў некат. манастыроў і цэркваў Мінскай епархіі, артыкулы і даследаванні пра дзейнасць правасл. духоўных асоб і католікаў-рэнегатаў. Апублікаваны і дакументы з царк. і свецкіх архіваў, падрыхтаваныя да друку Дз.І.Даўгялам, Сніткам і інш. У зб-ку змешчаны таксама звесткі пра сац.-эканам. развіццё Мінскай губ., песні, казкі, паданні бел. народа, паведамленні пра вынікі археал. раскопак і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«МОГИЛЁВСКИЙ ВЕ́СТНИК»,
штодзённая грамадска-паліт. і літ. газета праваакцябрысцкага кірунку. Выдавалася з 19.5(1.6).1906 да 15(28).4.1917 у Магілёве на рус. мове (спачатку губ. праўленнем, з 1913 — прыватнымі выдаўцамі). Падтрымлівала палітыку царызму, асуджала рэв., нац.-вызв. і ліберальна-апазіц. рух. Друкавала «Словы» і «Казанні» мясц. епіскапа, у якіх прапагандавала ідэі рус. праваслаўя і самадзяржаўя, асуджала атэізм, матэрыялізм, філасофію Л.Талстога. Пасля Лют. рэв. 1917 выступала ў падтрымку Часовага ўрада. Тэндэнцыйна абвінавачвала М.Горкага, С.Сяргеева-Цэнскага, Н.Найдзёнава ў натуралізме і дэкадэнцтве. Адмоўна ставілася да футурызму і інш. авангардысцкіх кірункаў. Абвінавачвала ў сепаратызме газеты «Наша доля» і «Наша ніва», адмаўляла нац. і этнакульт. самастойнасць бел. народа; адзначала заслугі Е.Раманава і М.Доўнар-Запольскага ў даследаванні фальклору. Сярод публікацый навукова-папулярныя і этнагр. артыкулы, маст. творы, нарысы мясц. аўтараў. Змяшчала навіны муз. і тэатр. жыцця Магілёва.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
О́СТВАЛЬД ((Ostwald) Вільгельм Фрыдрых) (2.9.1853, Рыга —4.4.1932),
нямецкі фізікахімік і філосаф, адзін з заснавальнікаў фізічнай хіміі. Замежны чл.-кар. Пецярбургскай АН (1896). Скончыў Дэрпцкі (Тартускі) ун-т (1875), дзе і працаваў. З 1881 праф. Рыжскага політэхн. вучылішча, з 1887 Лейпцыгскага ун-та, адначасова ў 1898—1905 дырэктар заснаванага ім Фіз.-хім. ін-та. З 1906 праводзіў даследаванні ва ўласнай хім. лабараторыі. Навук. працы па хім. кінетыцы і каталізе, тэорыі электралітычнай дысацыяцыі, вучэнні аб колерах, гісторыі хіміі. Вывеў суадносіны паміж электраправоднасцю разбаўленых раствораў бінарных слабых электралітаў і іх канцэнтрацыяй (закон разбаўлення О.; 1888). Распрацаваў спосаб каталітычнага акіслення аміяку да азотнай к-ты (1902). У 1889 распачаў выданне серыі «Класікі дакладных навук». Стваральнік філас. тэорыі энергетызму, паводле якой адзінай субстанцыяй сусвету з’яўляецца энергія. Нобелеўская прэмія 1909.
Літ.:
Родный Н.И., Соловьев Ю.И. Вильгельм Оствальд, 1853—1932. М., 1969;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
О́ШЭРАФ ((Osheroff) Дуглас Дзін) (н. 1.8.1945, г. Абердзін, штат Вашынгтон, ЗША),
амерыканскі фізік. Чл.Нац.АН ЗША (1987), Амер. акадэміі навук і мастацтваў (1982). Продкі па бацькоўскай лініі паходзілі з Беларусі. Скончыў Каліфарнійскі тэхнал.ін-т (1967). З 1972 у н.-д. фірме «Белтэлефон лаборатарыс», з 1987 праф. Стэнфардскага ун-та (у 1993—96 дэкан фіз. ф-та). Навук. працы па даследаванні ўласцівасцей рэчываў пры звышнізкіх т-рах, ядз. магнетызме. Адкрыў з’яву звышцякучасці вадкага гелію-3 (разам з Д.Лі, Р.Рычардсанам; 1972). Устанавіў існаванне лагарыфмічнай залежнасці эл. праводнасці тонкіх плёнак ад эл. поля і т-ры (1979). Эксперыментальна пацвердзіў наяўнасць упарадкавання ядз. спінаў цвёрдага 3Не пры т-ры ніжэй за 10−3К (1980). Нобелеўская прэмія 1996 (разам з Лі, Рычардсанам).
Тв.:
Рус.пер. — Сверхтекучесть в 3He: открытие и понимание // Успехи физ. наук. 1997. Т. 167, № 12.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАНТЭКО́РВА (Бруна Максімавіч) (22.8.1913, г. Піза, Італія — 26.9.1993),
расійскі фізік, адзін з пачынальнікаў эксперым. даследаванняў нейтрына. Акад.АНСССР (1964; чл.-кар. 1958). Скончыў Рымскі ун-т (1933), дзе працаваў пад кіраўніцтвам Э.Фермі. З 1936 у н.-д. установах Францыі, ЗША, Канады і Англіі. З 1950 у Ін-це ядз. праблем АНСССР, з 1956 у Аб’яднаным ін-це ядз. даследаванняў (г. Дубна). Навук. працы па ядз. фізіцы, фізіцы высокіх энергій, фізіцы нейтрына і астрафізіцы. Выканаў даследаванні па нейтроннай фізіцы і прапанаваў метад нейтроннага каратажу для пошукаў нафты (1941). Заклаў асновы радыехім. метаду рэгістрацыі сонечных нейтрына (1946). Выказаў гіпотэзу аб магчымасці асцыляцый нейтрына (1957—58). Прапанаваў эксперымент на паскаральніках пратонаў па пошуку адрознення мюоннага нейтрына ад электроннага (1959). Даследаваў ролю нейтрына ў працэсах эвалюцыі зорак, што спрыяла стварэнню нейтрыннай астрафізікі. Ленінская прэмія 1963. Дзярж. прэмія СССР 1954.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАПУЛЯЦЫ́ЙНАЯ ГЕНЕ́ТЫКА,
раздзел генетыкі, які вывучае заканамернасці генет. структуры папуляцый і яе змены ў працэсе эвалюцыі. Вывучае эфекты антрапагеннага ўздзеяння на генет. структуру папуляцый, распрацоўвае асновы яе захавання і рацыянальнага выкарыстоўвання. Падзяляецца на тэарэт. і эксперыментальную. Станаўленне П.г. звязана з працамі англ. матэматыка Г.Хардзі і ням. ўрача В.Вайнберга (1908), а таксама С.С.Чацверыкова (1926), Р.Фішэра, Дж.Холдэйна, С.Райта (1930) і інш. На Беларусі асобныя кірункі П.г. заклалі П.Ф.Ракіцкі і М.В.Турбін. Даследаванні вядуцца ў Ін-це генетыкі і цыталогіі Нац.АН Беларусі (генетыка камбінацыйнай здольнасці с.-г. раслін, уплыў адбору на генет. структуру папуляцый, аналіз генет. структуры прыродных папуляцый жывёл, вывучэнне заканамернасцей дынамікі хім. і радыяцыйнага мутагенезу ў папуляцыях і інш.), Ін-це мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору (генет. полімарфізм насельніцтва Беларусі), Ін-це лесу (генет. структура хваёвых лясоў Беларусі), Віцебскай акадэміі вет. медыцыны і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕ́РШЫ УСЕБЕЛАРУ́СКІ КРАЯЗНА́ЎЧЫ З’ЕЗД.
Адбыўся 7—11.2.1926. 146 дэлегатаў ад Інбелкульта, Цэнтр. бюро краязнаўства (ЦБК), музеяў і 167 краязнаўчых арг-цый (5 тыс.чл.). Абмеркаваў паліт. даклад, інфармацыйны даклад пра дзейнасць Інбелкульта, справаздачу ЦБК, справаздачы з месцаў. Прыводзіліся звесткі пра гісторыка-археал.даследаванні, апрацоўку і выданне стараж. актаў, падрыхтоўку да выдання Літоўскай метрыкі, вывучэнне нар. побыту, этнаграфіі, метэаралаг. і феналагічных назіранняў, збіранне матэрыялаў для слоўніка жывой бел. мовы. Адзначаліся сувязі ЦБК з арг-цыямі Смаленшчыны, Расіі, Узбекістана, Грузіі, Азербайджана, Вільні, Коўна, Рыгі, Лейпцыга і роля час. «Наш край» у наладжванні гэтых сувязей. На з’ездзе выступілі А.Смоліч, С.Некрашэвіч, М.Гарэцкі, І.Пятровіч, М.Доўнар-Запольскі, У.Ігнатоўскі, М.Мароз, М.Мялешка, Я.Дыла, Я.Ракаў, Д.Васілеўскі і інш. З’езд прыняў рэзалюцыі аб навук. дзейнасці, аб час. «Наш край», краязнаўчай працы ў галіне гісторыі і археалогіі, аб ахове помнікаў і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАСІ́ЙСКА-АМЕРЫКА́НСКАЯ КАМПА́НІЯ,
гандлёвае аб’яднанне ў Расіі ў 1799—1868. Засн. з мэтай асваення рас. уладанняў у Амерыцы, Курыльскіх і інш. астравоў. Напачатку праўленне кампаніі размяшчалася ў Іркуцку, з 1800 — у Пецярбургу. Кампанія атрымала ў манапольнае карыстанне ўсе промыслы і карысныя выкапні гэтых тэрыторый, права арганізоўваць экспедыцыі, займаць новаадкрытыя землі і гандляваць з суседнімі краінамі. Кампанія стварыла ў «Рускай Амерыцы» пастаянныя паселішчы, суднабудаўнічыя верфі, майстэрні і інш., у 1804—40 пры ўдзеле рас. ўрада арганізавала 25 экспедыцый, у т. л. 15 кругасветных (І.Ф.Крузенштэрна і Ю.Ф.Лісянскага і інш.), вяла геагр. і этнагр.даследаванні на Алясцы, удзельнічала ў засяленні в-ва Сахалін і Прыамур’я, садзейнічала пашырэнню ў шэрагу раёнаў агародніцтва, хлебаробства і жывёлагадоўлі. Дзейнасць кампаніі ўскладнялася моцнай канкурэнцыяй брыт. і амер. прадпрымальнікаў. У сувязі з продажам амер. уладанняў Расіі ЗША Р.-а.к. ў 1868 скасавана.
Літ.:
История Русской Америки, 1732—1867. Т. 1—3. М., 1997—99.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«БЫЛО́Е»,
часопіс па гісторыі рэв. руху ў Расіі. Выдаваўся У.Л.Бурцавым у 1900—04 (№ 1—6) у Лондане, у 1908—12 (№ 7—14) у Парыжы, а таксама штомесяц у студз. 1906 — кастр. 1907 (32 нумары) і ў 1917—26 (35 нумароў, 32 кн.; рэдактары: В.Я.Багучарскі, П.Е.Шчогалеў і Бурцаў, В.В.Вадавозаў і Я.В.Тарле) у Пецярбургу на рус. мове. Яго замежнае выданне друкавала дакументы і матэрыялы пра дзейнасць «Народнай волі», «Матэрыялы для слоўніка палітычных ссыльных у Расіі», агляды вольнага рас. друку, мемуары В.М.Фігнер, Б.В.Савінкава, С.П.Каваліка і інш. У Пецярбургу друкаваліся артыкулы і даследаванні, біягр. нарысы і мемуары дзеячаў рэв. руху, пісьмы, дзённікі і інш. (у т. л. пра дзейнасць Бунда на Беларусі) па гісторыі грамадскага і рэв. руху канца 18 ст. — 1907 (першы легальны часопіс у Расіі з рэв. тэматыкай); выданне часопіса спынена з-за процідзеяння сав. улад і фін. цяжкасцей.
Літ.:
Лурье Ф.М. Хранители прошлого: Журнал «Былое»: история, редакторы, издатели. Л., 1990.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БРОЙЛЬ (Broglie),
дэ Бральі, французскія фізікі, браты.
Марыс (27.4.1875, Парыж — 14.7.1960), замежны чл.-кар.АНСССР (1927). Скончыў Марсельскі ун-т (1900). Навук.даследаванні па рэнтгенаўскай спектраскапіі, атамнай і ядз. фізіцы праводзіў у сваёй прыватнай лабараторыі. У 1908 эксперыментальна вызначыў зарад электрона, сканструяваў рэнтгенаўскі спектрограф.
Луі Віктор (15.8.1892, г. Дзьеп, Францыя — 19.3.1987), адзін са стваральнікаў квантавай механікі. Чл. Парыжскай АН (1933), замежны чл.АНСССР (1958) і інш. акадэмій, праф. Парыжскага ун-та ў 1928—62. Вучань Марыса Бройля. Скончыў Парыжскі ун-т (1913). Навук. працы па класічнай і квантавай механіцы, тэорыі поля, квантавай электрадынаміцы, гісторыі і метадалогіі фізікі. Выказаў (1924) гіпотэзу пра хвалевыя ўласцівасці матэрыі (гл.Хвалі дэ Бройля). Аўтар манаграфій (рус.пер.): «Уводзіны ў хвалевую механіку» (1934), «Па сцежках навукі» (1962), «Рэвалюцыя ў фізіцы» (1965). Нобелеўская прэмія 1929.
Літ.:
Голин Г.М., Филонович С.Р. Классики физической науки (с древнейших времен до начала XX в.). М., 1989.