ЭЛЕКТРАТЭХНІ́ЧНАЯ ПРАМЫСЛО́ВАСЦЬ,

галіна машынабудавання, што выпускае прадукцыю для выпрацоўкі электраэнергіі, перадачы яе спажыўцам і пераўтварэння ў інш. віды энергіі — механічную, светлавую, цеплавую, хімічную. На прадпрыемствах Э.п. выпускаюць: трансфарматары і трансфарматарныя падстанцыі, панэлі кіравання электрастанцый і электрашчыты, электрарухавікі, сілавыя і паўправадніковыя вентылі для аўтамаб. і трактарных рухавікоў, кабельную прадукцыю, электраапаратуру, сродкі сігналізацыі і сувязі, рэнтгенаўскае абсталяванне, быт. электрапрылады.

Э.п. узнікла ў 1880-я г. і асабліва хутка развівалася ў ЗША і Германіі. У Расіі да 1917 былі толькі філіялы замежных кампаній. Атрымала развіццё з прыняццем дзярж. праграмы па электрыфікацыі, калі пабудаваны прадпрыемствы ў С.-Пецярбургу, Маскве, Новасібірску, Самары і інш. Найб. развіта ў ЗША, Японіі, Германіі, Вялікабрытаніі, Францыі, Расіі.

На Беларусі першыя вырабы Э.п. выпускаў Альбярцінскі электралямпавы завод. У 1940 зроблена 7,7 тыс. шт. электрарухавікоў агульнай магутнасцю 11,8 тыс. кВт. У наш час працуе каля 60 прадпрыемстваў. Э.п. Гомельскі завод «Электраапаратура» (узнік на базе пабудаванага ў 1946 з-да «Штамп») вырабляе нізкавольтную і высакавольтную апаратуру, панэлі шчытоў размеркавання, трансфарматарныя падстанцыі, быт. тэхніку і інш. З 1956 працуе Мінскі электратэхнічны завод, які спецыялізуецца на вырабе трансфарматараў, электрападстанцый; з 1966 — Брэсцкі электралямпавы завод, які выпускае больш за 120 відаў лямпаў напальвання. Электрарухавікі розных відаў вырабляюць Лунінецкі завод «Палессеэлектрамаш», Магілёўскі завод «Электрарухавік», з-д «Этон» у Новалукомлі. Кабельную прадукцыю выпускаюць Гомельскі кабельны завод, Мазырскі кабельны завод. Электраабсталяванне для запальвання пуску рухавікоў унутр. згарання, магнета вырабляюць на Барысаўскім заводзе аўтатрактарнага электраабсталявання. Прадукцыя Э.п. выпускаецца на прадпрыемствах Баранавіч, Ваўкавыска, Віцебска, Ліды, Маладзечна, Паставаў і інш. У 2001 з Беларусі экспартавана 76,8 млн. шт. эл. і газаразрадных лямпаў напальвання, 105,8 тыс. шт. эл. трансфарматараў, 149,4 тыс. шт. эл. рухавікоў і генератараў, 16,9 тыс. т ізаляваных правадоў. Сярод краін-імпарцёраў Расія, Украіна, Малдова, краіны Балтыі, Чэхія, Польшча, Турцыя, Францыя і інш. У 1995 выраблена электрарухавікоў пераменнага току 211 тыс. шт., сілавых трансфарматараў агульнай магутнасцю 2493 тыс. кВА, электралямпаў асвятляльных 130 млн. шт., кабельных вырабаў па масе медзі 2,5 тыс. т (у 2001 адпаведна 403 тыс. шт., 2999 тыс. кВА, 105 млн. шт., 5 тыс. т).

П.​І.​Рогач.

т. 18, кн. 1, с. 92

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЭЛЕКТРО́ННЫ ПАРАМАГНІ́ТНЫ РЭЗАНА́НС (ЭПР),

рэзананснае паглынанне (вылучэнне) эл.-магн. выпрамянення электронным парамагнетыкам, які знаходзіцца ў знешнім магн. полі; разнавіднасць магнітнага рэзанансу. Абумоўлены індуцыраванымі эл.-магн. выпрамяненнем квантавымі пераходамі паміж двума станамі магнітнага моманту электрона. Прыводзіць да пераарыентацыі магн. моманту электрона адносна напрамку індукцыі знешняга магн. поля, якое палярызуе парамагнетык. Ужываецца таксама назва «электронны спінавы рэзананс», таму што ЭПР звязаны са спінам электрона. Адкрыты ў 1944 Я.К.Завойскім.

ЭПР назіраецца ў рэчывах, якія ўтрымліваюць ненулявыя электронныя магн. моманты (абумоўленыя няспараным спінам ці камбінацыяй яго з арбітальным момантам). Велічыня расшчаплення ўзроўню энергіі электрона знешнім магн. полем прама прапарцыянальная індукцыі поля (гл. Зеемана з’ява). Стану электрона з меншай энергіяй адпавядае арыентацыя яго магн. моманту ўздоўж магн. поля. Калі энергія кванта эл.-магн. выпрамянення роўная велічыні расшчаплення энергет. узроўню электрона, то магчымы рэзанансны пераход — пераарыентацыя магн. моманту электрона. Пасля паглынання выпрамянення электронам рэлаксацыйныя працэсы (гл. Рэлаксацыя) імкнуцца аднавіць арыентацыю яго магн. моманту ўздоўж магн. поля. Пры рэгістрацыі ЭПР рэчыва звычайна змяшчаюць у пучнасць магн. кампаненты стаячай эл.-магн. хвалі (у сантыметровым дыяпазоне даўжынь хваль) і яе частата падтрымліваецца пастаяннай, а знешняе магн. поле мяняецца (ад дзесяткаў да соцень мілітэслаў). Пры гэтым напрамкі індукцый гэтых двух магн. палёў павінны быць узаемна перпендыкулярныя.

ЭПР выкарыстоўваецца для даследавання структуры цвёрдага цела (вызначэння колькасці магн. момантаў электронаў у аб’ектах рознай прыроды), для стварэння інверснай населенасці энергет. узроўняў у квантавых парамагн. узмацняльніках (гл. Мазер), а таксама ў хіміі, біялогіі (напр., для даследавання свабодных радыкалаў).

Літ.:

Вертц Дж., Болтон Дж. Теория и практические приложения метода ЭПР: Пер. с англ. М, 1975;

Александров Е.Б., Запасский В.С. Лазерная магнитная спектроскопия. М., 1986;

Экстром Ф., Вайнлэнд Д. Изолированный электрон: Пер. с англ. // Успехи физ. наук. 1981. Т. 134, вып. 4;

Федорук Г.Г. Нестационарная нутационная ЭПР — спектроскопия конденсированных сред // Журн. прикладной спектроскопии. 2002. Т. 69, № 2.

М.​А.​Паклонскі.

Да арт. Электронны парамагнітны рэзананс. Залежнасць энергіі электрона E ад велічыні індукцыі знешняга магнітнага поля B→ для дзвюх магчымых арыентацый яго магнітнага моманту адносна B→: 1 — супраць поля; 2 — уздоўж поля.

т. 18, кн. 1, с. 100

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЭТНАГРАФІ́ЧНЫ РЭГІЁН, гісторыка-этнаграфічны рэгіён,

частка этн. тэрыторыі, што вылучаецца комплексам этнакультурных прыкмет: прыродна-экалагічнымі ўмовамі, асаблівасцямі этн. гісторыі, характарам рассялення, гасп. заняткамі, нар. архітэктурай, дэкар.-прыкладным мастацтвам, традыц. адзеннем, фальклорам, мясц. дыялектамі і інш. Этнагеаграфічнае вывучэнне і картаграфаванне розных этнакультурных рэалій дазваляюць вылучыць на тэрыторыі Беларусі 18—19 ст. 6 Э.р.: Падзвінне (Паазер’е), Падняпроўе, Цэнтральная Беларусь, Панямонне, Усходняе Палессе, Заходняе Палессе (гл. Дадатак). Унутры кожнага з іх па мясц. асаблівасцях нар. культуры і побыту вылучаюцца больш дробныя адзінкі — лакальныя раёны: у Падзвінні — паўн.-ўсх. і паўд.-зах. раёны, у Падняпроўі — Бярэзінскі, левабярэжжа, правабярэжжа і Пасожжа, у Цэнтр. Беларусі — Слуцка-Нясвіжскі і Мінскі, у Панямонні — левабярэжжа, правабярэжжа і Павілейскі, ва Усх. Палессі — Ніжняпрыпяцкае і Прыпяцкае Палессе, Мазырскі, Тураўскі, у Зах. Палессі—Пінскае Палессе, Загароддзе і Падляшша. Э.р. лакалізаваліся ў масівах з блізкімі гіст. і экалагічнымі ўмовамі, пераважна ў басейнах вял. рачных сістэм. Па меры засялення і гасп. асваення тэрыторыі ў працэсе адаптацыі да мясц. экалагічных умоў адбывалася акумуляцыя культ. здабыткаў, складваліся генетычна блізкія этн. традыцыі, узмацнялася адзінства ў эканам. і духоўным жыцці, фарміраваўся рэгіянальны тып культуры. Мясц. прырода з яе разнастайнымі рэсурсамі і адпаведнымі ўмовамі ўваходзіла ў штодзённае жыццё і ўплывала на спецыялізацыю гасп. заняткаў, страву, нар. жыллё, адзенне, сродкі зносін і г.д. Сац.-эканам. працэсы мелі свае асаблівасці і накладвалі адбітак на сістэму земляробства, гасп. побыт. Арэалы рэгіёнаў, іх межы і культ. ландшафт мяняліся ў выніку міграцыі, ваен. дзеянняў, разбурэння гаспадаркі, змены культурна-эканам. сувязей. Межы некат. Э.р. акрэслены невыразна, што тлумачыцца складаным характарам пашырэння асобных этнагр. рэалій, іх зменамі ў прасторы і часе. таму на памежжы суседніх рэгіёнаў этнакультурны комплекс мае пераходныя рысы. Гл. таксама Этнаграфічная група.

Літ.:

Титов В.С. Историко-этнографические регионы в экспозиции Белорусского государственного музея народной архитектуры и быта. Мн., 1982;

Яго ж. Историко-этнографическое районирование материальной культуры белорусов, XIX — начало XX в. Мн., 1983;

Яго ж. Народная спадчына: Матэр. культура ў лакальна-тыпал. разнастайнасці. Мн., 1994.

В.​С.​Цітоў.

т. 18, кн. 1, с. 176

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЭТНАЛІНГВІ́СТЫКА (ад этнас + лінгвістыка),

навуковая дысцыпліна, якая даследуе ўзаемасувязь і ўзаемаўплыў мовы, этн. менталітэту і культуры. Метадалагічныя асновы Э. — тэорыя лінгвістычнага дэтэрмінізму і лінгвістычнай адноснасці пазнання і адлюстравання свету моўным калектывам (этнасам), ідэя пра актыўны ўдзел мовы ў стварэнні і захаванні культур. Цікавасць да ролі мовы ў культуры і гісторыі народаў, да сувязі мовы і пазнання свету ўзнікла ў філосафаў старажытнасці, якія займаліся даследаваннем прыроды слоў, параўнаннем назваў прадметаў у розных мовах у сувязі з адрозненнем народаў і рас. Э. зарадзілася ў канцы 19 ст. ў межах этнаграфіі ў ЗША у сувязі з інтэнсіўным вывучэннем шматлікіх індзейскіх плямён Паўн. і Цэнтр. Амерыкі. Пачатак навук. Э. ў працы Д.​Хаймса «Этнаграфія маўлення» (1960-я г.). Ідэі пра сувязь мовы і духоўнай культуры ўсх.-еўрап. народаў распрацаваў у сваёй псіхалагічнай канцэпцыі А.​А.​Патабня. На Беларусі заснавальнік Э. — Я.​Ф.​Карскі, які апісаў культуру і мову беларусаў у іх узаемасувязі і заклаў асновы бел. этналінгвістычнай традыцыі. Сярод сучасных кірункаў Э. — этнасемантыка (этнагр. семантыка) і этнаграфія зносін. Этнасемантыка — вывучае культ. сэнсы слоў, як гістарычна ўзніклых уяўленняў этнасу пра канцэпты. Слова ў яго гісторыка-культ. значэнні з’яўляецца аб’ектам этнасемантыкі і разглядаецца як элемент моўнай карціны свету. На Беларусі развіваецца ў рамках дыялекталагічных даследаванняў, якія пачаліся пад кіраўніцтвам М.​І.​Талстога ў Ін-це славяназнаўства АН СССР, працягваюцца ў Ін-це мовазнаўства Нац. АН Беларусі, а таксама ў рамках лінгвакультуралогіі і лінгвакраіназнаўства. Этнаграфія зносін — сінхранічная супастаўляльная маўленчая галіна, якая даследуе дыскурсіўныя мадэлі, што адпавядаюць культ. нормам і стэрэатыпам моўных калектываў. Яе аб’ектам і элементам моўнай карціны свету выступаюць маўленчыя інтэнцыянальныя дзеянні і акты. У канцы 20 ст. склаліся сусв. школы Э., найб. значныя з якіх у Еўропе — маскоўская (Талстога) і люблінская (Е.​Бартмінскага), у ЗША — школа этнаграфіі маўлення Хаймса і Дж.​Гамперца. На Беларусі праведзены 2 міжнар. навук. канферэнцыі па праблемах Э.

Літ.:

Язык и культура: Пробл. совр. этнолингвистики. Мн., 2001;

Токарева И.И. Этнолингвистика и этнография общения. Мн., 2001.

І.​Л.​Токарава.

т. 18, кн. 1, с. 179

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«Я́МА»,

мемарыяльны комплекс у Мінску на ўшанаванне памяці ахвяр фашызму — масавых пагромаў яўрэяў у 1941—43 у мінскім гета (гл. Гета). У даваенныя часы каля перакрыжавання вуліц Ратамская (зараз Мельнікайтэ) і Заслаўская знаходзілася яма (кар’ер), дзе жыхары бралі пясок для буд. работ. У гады акупацыі Мінска ням. фашысты выкарыстоўвалі яму для пахавання шматлікіх ахвяр мінскага гета. У час пагрому ў гета 2.3.1942 на Юбілейнай плошчы і вакол яе было забіта шмат яўрэяў, якіх пад прымусам юдэнрата жыхары гета скідвалі ў гэтую яму. Калі ў 1942 у Мінск з інспекцыяй прыехаў чыноўнік імперскага ўпраўлення бяспекі А.​Эйхман, мясц. фаш. ўлады арганізавалі паказальную акцыю. Паводле іх загаду дырэктар дзіцячага дома Флейшэр і ўрач Чэрнік прывялі ў юдэнрат больш як 40 дзяцей. Усе яны і работнікі дзіцячага дома пад наглядам гаўляйтэра В.​Кубэ, Эйхмана і нач. паліцыі Э.​Штраўха былі расстраляны. Частку дзяцей закапалі ў яме жывымі. У магіле пахавана прыблізна 500—600 чал. У 1947 на магіле ўстаноўлены абеліск з тэкстам на мове ідыш «Яўрэям — ахвярам нацызму». 10.7.2000 адкрыты мемарыял «Помнік ахвярам Халакоста. Мінскае гета» [арх. І.​Дзятлаў, А.​Капылоў, Л.​Левін (аўтар ідэі), М.​Самасюк, скульптары Э.​Полак, А.​Фінскі, інж. У.​Сусько]. Канцэпцыя мемарыяла — стварэнне сімвалічных зон, якія арх.-маст., ландшафтнымі і дакумент. сродкамі ўвасабляюць тэму трагедыі. Кампазіцыйная і эмацыянальная дамінанта ансамбля — бронзавая скульпт. група «Апошні шлях» уздоўж спуску ў яму: 27 пераплеценых паміж сабой фігур-ценяў, якія ідуць на расстрэл (вышыня 2 м). У кампазіцыі адсутнічаюць скульпт. партрэты, толькі абагульненыя твары, што адпавядае яўр. традыцыі. Трапяткая, вібрыруючая скульпт. пластыка, камерны маштаб кампазіцыі садзейнічаюць эмацыянальнасці ўздзеяння тэмы мемарыяла, перадаюць настрой адчаю і жаху ахвяр трагедыі. Перад спускам у «Я.» разбіты парк «Праведнікаў свету», дзе высаджваюць дрэвы ў гонар жыхароў Беларусі, якія ратавалі яўрэяў у гады Вял. Айч. вайны. На ўваходзе знак у выглядзе міноры — традыц. яўр. сямісвечніка з імёнамі тых, хто дапамагаў ва ўстаноўцы помніка-мемарыяла.

Літ.:

Ботвинник М Памятники геноцида евреев Беларуси. Мн., 2000;

Смоляр Г. Мінскае гета. Мн., 2002.

М.​Б.​Батвіннік, А.​С.​Шамрук.

«Яма». Помнік ахвярам Халакоста ў Мінску.

т. 18, кн. 1, с. 262

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЯРМА́К Цімафеевіч (? — 16.8.1585),

казацкі атаман, кіраўнік паходу ў Сібір, які паклаў пачатак яе далучэнню да Расіі. Паводле розных звестак паходзіў з Прыкам’я, або з данской станіцы Качалінская (цяпер у Валгаградскай вобл., Расія), быў атаманам атрада казакоў-разбойнікаў на Волзе, удзельнічаў у казацкіх набегах на нагайскіх татараў. Ёсць звесткі (у т. л. сведчанне тагачаснага магілёўскага каменданта), што ў час Лівонскай вайны 1558—83 Я. ў 1580 удзельнічаў у спробе рус. войск захапіць г. Магілёў (некат. жыхары Магілёўшчыны лічаць сябе нашчадкамі Я.). У канцы 1570-х г. або ў пач. 1580-х г., ратуючыся ад царскіх ваявод, Я. з атрадам казакоў пайшоў па р. Кама ва ўладанні купцоў Строганавых, якія вырашылі з яго дапамогай заваяваць для сябе частку зямель Сібірскага ханства. 1.9.1581 (паводле інш. звестак, у 1579 або ў 1582) Я. з добра ўзброеным на сродкі Строганавых атрадам (540 казакоў, 300 людзей Строганавых) накіраваўся ў Сібір. Ваен. здольнасці, абсалютная перавага ў агнястрэльнай зброі і нежаданне карэнных сібірскіх народаў ваяваць за інтарэсы прыгнятальнікаў-татараў дазволілі Я. нанесці паражэнні войскам сібірскага хана Кучума ў баях на р. Тура і Табол, ва ўрочышчы Бабсан і ў вырашальнай бітве на Чувашаўскім мысе р. Іртыш (2—4.11.1582). 5.11.1582 Я. без бою заняў сталіцу ханства г. Кашлык. У хуткім часе ён накіраваў у Маскву пасольства з весткай аб перамозе, з ясакам і просьбай аб дапамозе. У 1583—85 працягваў паспяховае заваяванне Сібіры. Загінуў (патануў у р. Іртыш) у выніку раптоўнага начнога нападу Кучума на лагер казакоў пры вусці р. Вагай (цяпер у Цюменскай вобл.). Паводле падання, адлюстраванага ў думе К.Ф.Рылеева «Смерць Ярмака» (стала вядомай нар. песняй), яго пацягнула на дно цяжкая кальчуга — падарунак цара Івана IV. Пра Я. яшчэ ў 16 ст. складзены нар. песні, яго вобраз адлюстраваны ў фальклоры, сіб. летапісах, творах маст. л-ры і выяўл. мастацтва (напр., у карціне В.І.Сурыкава «Пакарэнне Сібіры Ермаком», 1895). Яго імя было прысвоена вядомаму рас. караблю-ледаколу, які эксплуатаваўся ў 1899—1963 на Балт. моры і ў Арктыцы.

Літ.:

Копылов Д.И. Ермак. Иркутск, 1989.

М.​Г.​Нікіцін.

Ярмак Цімафеевіч. Невядомы мастак 18 ст.

т. 18, кн. 1, с. 300

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРТЭ́ГА-І-ГАСЕ́Т (Ortega y Gasset) Хасе (9.5.1883, Мадрыд — 8.10.1955),

іспанскі філосаф, культуролаг; прадстаўнік філасофіі жыцця і філасофскай антрапалогіі. Скончыў Мадрыдскі ун-т са ступенню д-ра філасофіі (1904), вучыўся ва ун-тах Лейпцыга, Берліна і Марбурга. У 1910—36 узначальваў кафедру метафізікі Мадрыдскага ун-та. У 1931—33 дэпутат рэсп. картэсаў, адзін з арганізатараў «Саюза абароны рэспублікі». З 1936 у эміграцыі. Ў 1948 заснаваў у Мадрыдзе Ін-т гуманіт. навук. Паводле А.-і-Г., працэс жыцця — гэта своеасаблівая энергія космасу, сканцэнтраваная ў пэўных рэчах і ў чалавеку ў выглядзе аўтаномнага «ідэальнага праекта»; кожны чалавек займае пэўнае месца ў гіст. «перспектыве», якая залежыць ад вынікаў творчай актыўнасці людзей і ў той жа час сама вызначае розныя тыпы іх светапоглядаў, ідэалаў і перакананняў («Ідэі і вераванні», 1934; «Гісторыя як сістэма», 1941). Упершыню ў зах. філасофіі абгрунтаваў асн. прынцыпы масавага грамадства канцэпцыі. У такім грамадстве, на яго думку, гаспадаром жыцця становіцца «чалавек натоўпу», у культуры, мастацтве, палітыцы пачынае дамінаваць усярэднены стандарт і прымітывізм мыслення, парушаюцца асновы законнасці, адкрываецца прамы шлях да аўтарытарызму і ўзнікнення дэструктыўных масавых рухаў (нацыянал-сацыялізм, фашызм і да т.п.). Выхад з «тупіка» масавага грамадства бачыў у захаванні такіх найважнейшых каштоўнасцей цывілізацыі, як лібералізм, паліт. дэмакратыя, парламентарызм, свабода асобы і інш., у перадачы ўлады «абранай меншасці» — духоўнай эліце, якая творыць і захоўвае культуру («Паўстанне мас», 1929—30). У эст. творах («Дэгуманізацыя мастацтва», 1925; «У пошуках Гётэ», 1932) сцвярджаў, што «новае мастацтва» пач. 20 ст. вызначаецца няўхільным выцясненнем чалавечых элементаў і захаваннем толькі чыста мастацкай матэрыі, яно звяртаецца да выяўлення свету ідэй, суб’ектыўных схем, стварэння ідэальных вобразаў і даступнае толькі выбраным маст. натурам. Пры гэтым А.-і-Г. заклікаў абараняць яе ад масы, ад рэв. пачатку, што нясе з сабой канфлікт паміж «розумам мас» і «духам эліты».

Тв.:

Рус. пер. — Что такое философия? М., 1991;

Эстетика. Философия культуры. М., 1991;

Восстание масс. М., 2002.

Э.​С.​Дубянецкі.

Х.Артэга-і-Гасет.

т. 18, кн. 1, с. 336

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КЛІ́РЫК АСТРО́ЖСКІ,

псеўданім бел.-ўкр. пісьменніка-палеміста, грамадскага дзеяча канца 16 ст. Належаў да літ. кола пісьменнікаў Астрожскай школы, куды ўваходзілі А.​Курбскі, І.​Федаровіч, Г. і М. Сматрыцкія, Д.​Налівайка і інш. У навук. л-ры існуюць розныя гіпотэзы адносна асобы К.А.: лічыцца, што пад гэтым псеўданімам пісаў малады М.​Сматрыцкі, святар Васілій, пісьменнік Г.​Дарафеевіч, невядомы віленскі манах. Найбольш верагодна, што пад гэтым псеўданімам выступаў манах Клеха, як К.А. называе М.​Сматрыцкі ў адным са сваіх уніяцкіх твораў. У напісанай у форме памфлета царк.-гіст. аповесці «Гісторыя пра... Фларэнцкі сінод, праўдзіва напісаная...» (1598) К.А. асаблівую ўвагу звяртаў на падзеі Брэсцкай царк. уніі 1596, выкрываў яе ініцыятараў — вышэйшую правасл. іерархію, рэзка крытыкаваў рымскага папу і яго двор, адмоўна ставіўся да любых экуменічных захадаў. У творы шырока цытуецца Біблія, творы айцоў царквы, высокая кніжнасць спалучаецца з фалькл. матывамі, вобразамі, сімваламі. Твор быў шырока вядомы ў Віленскай і Маскоўскай Русі, яго цытавалі амаль усе пісьменнікі-палемісты (ці падтрымлівалі, ці абвяргалі ў залежнасці ад канфесіянальнай прыналежнасці). Пяру К.А. належаць творы «Адказ Іпацію Пацею» (1598), «На другі ліст вялебнага Іпація Пацея... да Канстанціна Астрожскага... пісаны» (1599) ад імя К.​К.​Астрожскага. Крытыцы тэалаг. і гіст. поглядаў К.А. прысвечана некалькі раздзелаў у «Апалогіі» М.Сматрыцкага.

Тв.:

Исторіа о листрикійском, то ест, о разбойническом, Ферарском або Флоренском Синоде, вкоротце правдиве списаная (1598) // Памятники полемической литературы в Западной Руси. СПб., 1903. Кн. 3.;

Отпис на Лист в Бозе велебного отца Ипатіа, Володимерского і берестейского епископа, до ясне освецоного княжати Костентина Острозского, воеводы киевского. О залецанью и прехвалянью Восточной церкви з Заходным Костелом Унеи або Згоды (1598) // Там жа;

На Другій Лист велебного отца Ипатіа, володымерского и берестейского епископа, до ясне освецоного кнежати Константина Острозского, воеводы кіевского... писаный (1599) // Пам’ятки полемічного письменства кінця XVI і початку XVII ст. Львов, 1906.

Літ.:

Яременко П.К. Памфлети Клірика Острозького — українського письменника-полеміста кінця XVI віку // Наукові записки Дрогобицького педінститута. Питання літератури. Дрогобич, 1962. Вип. 7.;

Гісторыя беларускай дакастрычніцкай літаратуры. Т. 1. Мн. 1968;

Грицай М.С., Микитась В.Л., Шолом Ф.Я. Давня українська література. Київ, 1978.

У.​Г.​Кароткі.

т. 18, кн. 1, с. 407

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФОТАБІЯЛОГІЯ

Даследаванні па фотабіялогіі на Беларусі пачаліся ў 1920-я г. ў БДУ і БСГА (працы М.​М.​Гайдукова і Ц.​М.​Годнева). Уклад у развіццё фотабіялогіі зрабілі І.​Дз.​Валатоўскі, А.​С.​Вечар, М.​М.​Ганчарык, Г.​П.​Гурыновіч, В.​М.​Іванчанка, У.​Л.​Калер, С.​В.​Конеў, К.​М.​Салаўёў, М.​Ц.​Чайка, А.​А.​Шлык і інш. А.​А.​Шлык з супрацоўнікамі (Н.​Г.​Аверына, В.​І.​Раскін, А.​Б.​Рудой, Л.​І.​Фрадкін, Э.​В.​Хадасевіч) даследавалі заканамернасці аднаўлення хларафілу ў зялёным лісці і яго метабалічную гетэрагеннасць, прапанавалі канцэпцыю цэнтраў біясінтэзу хларафілу. Вывучаны механізмы інактывацыі бялкоў у растворы і ў складзе біял. мембран, апісана з’ява фотахімічнай алатопіі (І.​Дз.​Валатоўскі, С.​В.​Конеў). Усталявана ўзаемасувязь паміж структурай і функцыяй хларапластаў (В.​М.​Іванчанка). У мадэльных умовах вывучаны фотафізічныя параметры хларафілавых пігментаў і іх папярэднікаў (Г.​П.​Гурыновіч, Э.​І.​Зянькевіч, А.​П.​Лосеў). За цыкл прац па люмінесцэнцыі бялкоў і яе выкарыстанні ў навук. даследаваннях і практыцы І.​Дз.​Валатоўскі, С.​В.​Конеў, У.​М.​Мажуль, Л.​Р.​Пікулік, К.​І.​Слабажаніна, Я.​А.​Чарніцкі адзначаны Дзярж. прэміяй Беларусі 1992. Асн. навук. цэнтры, у якіх праводзяцца фотабіялагічныя даследаванні, — Ін-ты фотабіялогіі, атамнай і малекулярнай фізікі, агульнай фізікі, эксперым. батанікі Нац. АН Беларусі, БДУ. Даследуюцца малекулярныя механізмы зрокавай фотарэцэпцыі, роля іонаў кальцыю і прадуктаў метабалізму фотаіназітыдаў у функцыянаванні зрокавых клетак, фітахрому ў працэсах фотарэгуляцыі ў раслінах (І.​Дз.​Валатоўскі з супрацоўнікамі), павышэнне прадукцыйнасці фотасінтэтычнага працэсу і механізмаў біягенезу фотасінтэтычнага апарата (Н.​Г.​Аверына, М.​У.​Шалыга), механізмаў уздзеяння нізкаінтэнсіўнага лазернага выпрамянення пры лячэнні хвароб чалавека (В.​А.​Мастоўнікаў з супрацоўнікамі), фотадынамічнай тэрапіі (Г.​П.​Гурыновіч, В.​М.​Джагараў, С.​М.​Чаранкевіч) і інш.

Літ.:

Шлык А.А. Метаболизм хлорофилла в зеленом растении. Мн., 1965;

Иванченко В.М. Фотосинтез и структурное состояние хлоропластов. Мн., 1974;

Конев С.В., Волотовский И.Д. Фотобиология. 2 изд. Мн., 1979;

Волотовский И.Д., Ховратович В.И., Баранова Л.А. Транспорт ионов в фоторецепторной клетке. Мн., 1990;

Волотовский И.Д. Фитохром — регуляторный фоторецептор растений. М., 1992;

Годневские чтения Вып. 1—10. Мн., 1994—2004.

І.​Дз.​Валатоўскі.

т. 18, кн. 2, с. 567

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СТАМАТАЛОГІЯ

Даследаванні па стаматалогіі на Беларусі пачаліся на адпаведнай кафедры мед. факультэта БДУ (1926), у навукова-практычным ін-це аданталогіі Наркамата аховы здароўя БССР (1928) пад кіраўніцтвам І.​М.​Старобінскага і стаматалагічным ін-це (1940). Больш інтэнсіўна стаматалогія пачала развівацца ў пасляваенны час з адкрыццём адпаведных кафедраў у Бел. ін-це ўдасканалення ўрачоў (К.​І.​Бердыган) і Мінскім мед. ін-це (Ю.​А.​Мятліцкі). Бердыган і Т.​В.​Фокіна распрацоўвалі метады лячэння траўмаў сківіц, Старобінскі — хірургічнай стаматалогіі, Мятліцкі — аднаўленчай хірургіі сківічна-тваравай вобласці. У 1960-я г. распрацаваны метады процірэцыдыўнай тэрапіі герпетычнага стаматыту, спосабаў лячэння парадантыту і актынамікозу слізістай абалонкі рота (Т.​Ф.​Акалот, Г.​П.​Саснін); шэраг спосабаў пластычных аперацый у дарослых (Г.​У.​Кручынскі) і дзяцей (Э.​М.​Мельнічэнка, Фокіна). У апошнія дзесяцігоддзі прапанавана навукова абгрунтаваная праграма прафілактыкі карыесу з выкарыстаннем фтарыраванай солі, наладжана яе вытворчасць. Распрацавана канцэпцыя ўзаемасувязі стану поласці рота ў дзяцей з інфекцыйнымі і інш. захворваннямі (Мельнічэнка); прапанаваны метады зубапратэзавання на аснове выкарыстання новых пластычных матэрыялаў (Л.​С.​Вялічка). У Мінскім мед. ун-це і Бел. мед. акадэміі паслядыпломнай адукацыі працуюць спецыялісты розных кірункаў стаматалогіі: А.​С.​Арцюшкевіч (біямеханіка траўмаў сківіц), Вялічка (артапедычнае лячэнне хвароб перыядонту), Л.​М.​Дзедава (фізіятэрапія ў перыяданталогіі), П.​А.​Леус (прафілактыка карыесу), І.​К.​Луцкая (фізіялогія зуба), С.​А.​Навумовіч (лячэнне зубасківічных анамалій), Т.​М.​Церахава (прафілактыка і лячэнне зубасківічных дэфармацый), А.​П.​Чудакоў (аднаўленчая хірургія сківічна-тваравай вобласці). Шырокую вядомасць атрымалі даследаванні Чудакова па першаснай аўтаастэапластыцы прыроджаных шчылін паднябення ў дзяцей і метады пластычнага аднаўлення вялікіх дэфектаў твару і шыі.

Літ.:

Бердыган К.И. Клиника и лечение повреждений челюстно-лицевой области. Мн., 1961;

Метлицкий Ю.К. Стоматология в Белорусской ССР // Здравоохранение Белоруссии. 1967. №11;

Околот Т.Ф. Хирургическое лечение околокорневой кисты с сохранением зубов. Мн., 1972;

Кручинский Г.В., Филиппенко В.И. Одонтогенный верхнечелюстной синуит. Мн., 1991;

Луцкая И.К., Артюшкевич А.С. Руководство по стоматологии. Ростов н/Д. 2000;

Клиническая периодонтология. Мн., 2002.

А.​С.​Арцюшкевіч.

т. 18, кн. 2, с. 580

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)