АРТЭ́ГА-І-ГАСЕ́Т (Ortega y Gasset) Хасе (9.5.1883, Мадрыд — 8.10.1955),

іспанскі філосаф, культуролаг; прадстаўнік філасофіі жыцця і філасофскай антрапалогіі. Скончыў Мадрыдскі ун-т са ступенню д-ра філасофіі (1904), вучыўся ва ун-тах Лейпцыга, Берліна і Марбурга. У 1910—36 узначальваў кафедру метафізікі Мадрыдскага ун-та. У 1931—33 дэпутат рэсп. картэсаў, адзін з арганізатараў «Саюза абароны рэспублікі». З 1936 у эміграцыі. Ў 1948 заснаваў у Мадрыдзе Ін-т гуманіт. навук. Паводле А.-і-Г., працэс жыцця — гэта своеасаблівая энергія космасу, сканцэнтраваная ў пэўных рэчах і ў чалавеку ў выглядзе аўтаномнага «ідэальнага праекта»; кожны чалавек займае пэўнае месца ў гіст. «перспектыве», якая залежыць ад вынікаў творчай актыўнасці людзей і ў той жа час сама вызначае розныя тыпы іх светапоглядаў, ідэалаў і перакананняў («Ідэі і вераванні», 1934; «Гісторыя як сістэма», 1941). Упершыню ў зах. філасофіі абгрунтаваў асн. прынцыпы масавага грамадства канцэпцыі. У такім грамадстве, на яго думку, гаспадаром жыцця становіцца «чалавек натоўпу», у культуры, мастацтве, палітыцы пачынае дамінаваць усярэднены стандарт і прымітывізм мыслення, парушаюцца асновы законнасці, адкрываецца прамы шлях да аўтарытарызму і ўзнікнення дэструктыўных масавых рухаў (нацыянал-сацыялізм, фашызм і да т.п.). Выхад з «тупіка» масавага грамадства бачыў у захаванні такіх найважнейшых каштоўнасцей цывілізацыі, як лібералізм, паліт. дэмакратыя, парламентарызм, свабода асобы і інш., у перадачы ўлады «абранай меншасці» — духоўнай эліце, якая творыць і захоўвае культуру («Паўстанне мас», 1929—30). У эст. творах («Дэгуманізацыя мастацтва», 1925; «У пошуках Гётэ», 1932) сцвярджаў, што «новае мастацтва» пач. 20 ст. вызначаецца няўхільным выцясненнем чалавечых элементаў і захаваннем толькі чыста мастацкай матэрыі, яно звяртаецца да выяўлення свету ідэй, суб’ектыўных схем, стварэння ідэальных вобразаў і даступнае толькі выбраным маст. натурам. Пры гэтым А.-і-Г. заклікаў абараняць яе ад масы, ад рэв. пачатку, што нясе з сабой канфлікт паміж «розумам мас» і «духам эліты».

Тв.:

Рус. пер. — Что такое философия? М., 1991;

Эстетика. Философия культуры. М., 1991;

Восстание масс. М., 2002.

Э.​С.​Дубянецкі.

Х.Артэга-і-Гасет.

т. 18, кн. 1, с. 336

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)