ЭТНАЛІНГВІ́СТЫКА (ад этнас + лінгвістыка),
навуковая дысцыпліна, якая даследуе ўзаемасувязь і ўзаемаўплыў мовы, этн. менталітэту і культуры. Метадалагічныя асновы Э. — тэорыя лінгвістычнага дэтэрмінізму і лінгвістычнай адноснасці пазнання і адлюстравання свету моўным калектывам (этнасам), ідэя пра актыўны ўдзел мовы ў стварэнні і захаванні культур. Цікавасць да ролі мовы ў культуры і гісторыі народаў, да сувязі мовы і пазнання свету ўзнікла ў філосафаў старажытнасці, якія займаліся даследаваннем прыроды слоў, параўнаннем назваў прадметаў у розных мовах у сувязі з адрозненнем народаў і рас. Э. зарадзілася ў канцы 19 ст. ў межах этнаграфіі ў ЗША у сувязі з інтэнсіўным вывучэннем шматлікіх індзейскіх плямён Паўн. і Цэнтр. Амерыкі. Пачатак навук. Э. ў працы Д.Хаймса «Этнаграфія маўлення» (1960-я г.). Ідэі пра сувязь мовы і духоўнай культуры ўсх.-еўрап. народаў распрацаваў у сваёй псіхалагічнай канцэпцыі А.А.Патабня. На Беларусі заснавальнік Э. — Я.Ф.Карскі, які апісаў культуру і мову беларусаў у іх узаемасувязі і заклаў асновы бел. этналінгвістычнай традыцыі. Сярод сучасных кірункаў Э. — этнасемантыка (этнагр. семантыка) і этнаграфія зносін. Этнасемантыка — вывучае культ. сэнсы слоў, як гістарычна ўзніклых уяўленняў этнасу пра канцэпты. Слова ў яго гісторыка-культ. значэнні з’яўляецца аб’ектам этнасемантыкі і разглядаецца як элемент моўнай карціны свету. На Беларусі развіваецца ў рамках дыялекталагічных даследаванняў, якія пачаліся пад кіраўніцтвам М.І.Талстога ў Ін-це славяназнаўства АН СССР, працягваюцца ў Ін-це мовазнаўства Нац. АН Беларусі, а таксама ў рамках лінгвакультуралогіі і лінгвакраіназнаўства. Этнаграфія зносін — сінхранічная супастаўляльная маўленчая галіна, якая даследуе дыскурсіўныя мадэлі, што адпавядаюць культ. нормам і стэрэатыпам моўных калектываў. Яе аб’ектам і элементам моўнай карціны свету выступаюць маўленчыя інтэнцыянальныя дзеянні і акты. У канцы 20 ст. склаліся сусв. школы Э., найб. значныя з якіх у Еўропе — маскоўская (Талстога) і люблінская (Е.Бартмінскага), у ЗША — школа этнаграфіі маўлення Хаймса і Дж.Гамперца. На Беларусі праведзены 2 міжнар. навук. канферэнцыі па праблемах Э.
Літ.:
Язык и культура: Пробл. совр. этнолингвистики. Мн., 2001;
Токарева И.И. Этнолингвистика и этнография общения. Мн., 2001.
І.Л.Токарава.
т. 18, кн. 1, с. 179
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)