ЯРМА́К Цімафеевіч (? — 16.8.1585),

казацкі атаман, кіраўнік паходу ў Сібір, які паклаў пачатак яе далучэнню да Расіі. Паводле розных звестак паходзіў з Прыкам’я, або з данской станіцы Качалінская (цяпер у Валгаградскай вобл., Расія), быў атаманам атрада казакоў-разбойнікаў на Волзе, удзельнічаў у казацкіх набегах на нагайскіх татараў. Ёсць звесткі (у т. л. сведчанне тагачаснага магілёўскага каменданта), што ў час Лівонскай вайны 1558—83 Я. ў 1580 удзельнічаў у спробе рус. войск захапіць г. Магілёў (некат. жыхары Магілёўшчыны лічаць сябе нашчадкамі Я.). У канцы 1570-х г. або ў пач. 1580-х г., ратуючыся ад царскіх ваявод, Я. з атрадам казакоў пайшоў па р. Кама ва ўладанні купцоў Строганавых, якія вырашылі з яго дапамогай заваяваць для сябе частку зямель Сібірскага ханства. 1.9.1581 (паводле інш. звестак, у 1579 або ў 1582) Я. з добра ўзброеным на сродкі Строганавых атрадам (540 казакоў, 300 людзей Строганавых) накіраваўся ў Сібір. Ваен. здольнасці, абсалютная перавага ў агнястрэльнай зброі і нежаданне карэнных сібірскіх народаў ваяваць за інтарэсы прыгнятальнікаў-татараў дазволілі Я. нанесці паражэнні войскам сібірскага хана Кучума ў баях на р. Тура і Табол, ва ўрочышчы Бабсан і ў вырашальнай бітве на Чувашаўскім мысе р. Іртыш (2—4.11.1582). 5.11.1582 Я. без бою заняў сталіцу ханства г. Кашлык. У хуткім часе ён накіраваў у Маскву пасольства з весткай аб перамозе, з ясакам і просьбай аб дапамозе. У 1583—85 працягваў паспяховае заваяванне Сібіры. Загінуў (патануў у р. Іртыш) у выніку раптоўнага начнога нападу Кучума на лагер казакоў пры вусці р. Вагай (цяпер у Цюменскай вобл.). Паводле падання, адлюстраванага ў думе К.Ф.Рылеева «Смерць Ярмака» (стала вядомай нар. песняй), яго пацягнула на дно цяжкая кальчуга — падарунак цара Івана IV. Пра Я. яшчэ ў 16 ст. складзены нар. песні, яго вобраз адлюстраваны ў фальклоры, сіб. летапісах, творах маст. л-ры і выяўл. мастацтва (напр., у карціне В.І.Сурыкава «Пакарэнне Сібіры Ермаком», 1895). Яго імя было прысвоена вядомаму рас. караблю-ледаколу, які эксплуатаваўся ў 1899—1963 на Балт. моры і ў Арктыцы.

Літ.:

Копылов Д.И. Ермак. Иркутск, 1989.

М.​Г.​Нікіцін.

Ярмак Цімафеевіч. Невядомы мастак 18 ст.

т. 18, кн. 1, с. 300

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)