рэактыўны рухавік, у якім для гарэння паліва выкарыстоўваецца кісларод атмасфернага паветра, што ўсмоктваецца ў камеру згарання. Пры выкарыстанні хім. паліва кісларод паветра служыць акісляльнікам, што абумоўлівае высокую эканамічнасць ПРР у параўнанні з хім. ракетнымі рухавікамі.
Паводле спосабу сціскання паветра, што паступае ў камеру згарання, ПРР падзяляюцца на бескампрэсарныя і кампрэсарныя. У бескампрэсарных ПРР сцісканне адбываецца ў паветразаборніку за кошт кінетычнай энергіі набягаючага паветр. патоку. Да такіх рухавікоў адносяцца праматочныя ПРР (згаранне паліва ў іх адбываецца ў скразным — праматочным канале; выкарыстанне іх мэтазгодна ў апаратах са звышгукавымі скарасцямі палёту, а для разгону патрэбны дадатковы рухавік) і пульсуючыя (згаранне паліва адбываецца кароткімі паслядоўнымі ўспышкамі; могуць развіваць цягу на месцы; апараты з такімі рухавікамі не патрабуюць сілавых стартавых паскаральнікаў). У кампрэсарных ПРР сцісканне паветра, акрамя паветразаборніка, робіцца спец. кампрэсарамі. Такімі рухавікамі з’яўляюцца турбарэактыўныя рухавікі і турбавінтавыя рухавікі. Да ПРР адносяцца таксама некаторыя камбінаваныя рухавікі (напр., турбапраматочныя). Цяга ПРР залежыць ад вышыні і скорасці палёту.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАГО́НЫ (ад польск. pogon жгут, шнур),
наплечныя знакі адрознення на форменным адзенні ваеннаслужачых і некат. катэгорый служачых. Паказваюць персанальныя званні, а ў ваеннаслужачых таксама прыналежнасць да віду ўзбр. сіл (роду войск, спец. войск, службаў). Правобразам П. былі метал. пласціны, якія прыкрывалі плечы кавалерыстаў ад шабельных удараў. У пач. 18 ст. замест іх з’явіліся П. як знакі адрознення, якія спачатку насілі толькі на адным (левым) плячы, потым на двух плячах. У арміях ВКЛ і Расіі П. ўведзены ў сярэдзіне 18 ст., ва Узбр. Сілах СССР — у 1943. Захаваліся ва Узбр. Сілах і інш. сілавых структурах (КДБ, МУС) Рэспублікі Беларусь.
Пагоны афіцэраў і прапаршчыкаў Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь: да параднай формы адзення (1 — палкоўнік, 2 — падпалкоўнік); да штодзённай формы адзення (3 — маёр, 4 — капітан, 5 — старшы лейтэнант, 6 — лейтэнант); да палявой формы адзення (7 — малодшы лейтэнант, 8 — старшы прапаршчык, 9 — прапаршчык).Пагоны салдат і сяржантаў, якія праходзяць службу па кантракце, курсантаў ваенна-навучальных устаноў, ваеннаслужачых тэрміновай службы Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь: да параднай формы адзення (1 — старшына, 2 — курсант—старшы сяржант); да штодзённай формы адзення (3 — сяржант, 4 — курсант—малодшы сяржант); да палявой формы адзення (5 — яфрэйтар, 6 — радавы, 7 — курсант).
Існаваў у 1938—41, 1944—45 у г. Мазыр Гомельскай вобл. Створаны на базе Мазырскага калг.-саўгаснага т-ра. У 1941 прысвоена імя Я.Купалы. Маст. кіраўнікі: В.Пацехін (1938—41), М.Кавязін (1944—45). Спектаклі ставілі таксама рэжысёры Л.Рахленка, Б.Паскевіч, афармляў А.Марыкс. У 1939 гастраляваў у Зах. Беларусі, у г. Бранск (Расія) і інш. Спектаклі ішлі на бел. мове. Сярод пастановак: «Прымакі» Я.Купалы, «Пагібель воўка» Э.Самуйлёнка, «Партызаны» і «Хто смяецца апошнім» К.Крапівы, «Заложнікі» А.Кучара, «Ваўкі і авечкі» і «Без віны вінаватыя» А.Астроўскага, «Любоў Яравая» К.Транёва, «Мяцеж» Дз.Фурманава і С.Паліванава, «Рускія людзі» і «Так і будзе!» К.Сіманава, «Самадуры» К.Гальдоні, «Каварства і каханне» Ф.Шылера. У розны час у тэатры працавалі акцёры С.Бульчык, Ю.Гальперына, Л.Гамуліна, А.Гваздзёў, А.Даніловіч, Л.Даноўская, М.Захарэвіч, А.Кашына, Г.Лаўроў, П.Масцераў, В.Окалаў, У.Палцеўскі, А.Ротар, Ю.Сурыкаў, Л.Цімафеева, М.Цурбакоў, С.Яворскі, А.Яфрэменка і інш., мастакі В.Акулаў, П.Балабін. У 1946 рэарганізаваны ў Пінскі абласны драматычны тэатр.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЛІРАВА́ННЕ (ням. polieren ад лац. polire рабіць гладкім),
апрацоўка вырабаў з металу, драўніны, каменю і інш. матэрыялаў з мэтай зніжэння шурпатасці паверхні і надання ёй бляску. Робіцца звычайна пасля шліфавання на паліравальных станках ці ўручную.
П. металаў робіцца мяккімі хуткавярчальнымі кругамі ці стужкамі з нанесенымі паліравальнымі пастамі або абразіўнымі парашкамі. Выкарыстоўваюць таксама П. магнітна-абразіўнае (зярнятамі магнітна-абразіўнага парашку, размешчанага паміж полюсамі магн. індуктара і паверхняй, што апрацоўваецца), электрахім. (з выкарыстаннем раствору-электраліту і пастаяннага току) і хім. (растварэннем мікраняроўнасцей пры апусканні вырабаў у раствор). П. драўніны бывае сталярнае (поры паверхневага слоя вырабу запаўняюць слоем празрыстай смалы — палітуры) або лакафарбавае (няроўнасці пасля нанясення лаку ці эмалі ліквідуюць мех. спосабамі). П. каменю робяць націраннем шліфаванай паверхні ўвільготненым лямцавым кругам з падачай найтанчэйшага парашку (напр., вокісу волава).
Літ.:
Отделочные операции в машиностроении: Справ. 2 изд. Киев, 1990;
Грилихес С.Я. Электрохимическое и химическое полирование: Теория и практика. Влияние на свойства металлов. 2 изд. Л., 1987;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАНГЕРМАНІ́ЗМ, усегерманізм,
нацыяналістычная ідэйна-паліт. плынь у нямецкамоўных краінах у 2-й пал. 19—1-й пал. 20 ст. Узнік у асяроддзі па-прусафільску настроеных аўстр. немцаў пасля паражэння Аўстрыі ў аўстра-прускай вайне 1866 і ўтварэння Аўстра-Венгрыі (1867), аформлены ў 1870—80-я г. прыхільнікамі паліт. дзеяча Г.Шонерэра. Сац. база: частка сялян, рамеснікаў, дробнай буржуазіі, інтэлігенцыі, студэнцтва Вены і інш. гарадоў. Аўстр. пангерманцы выступалі за выхад Аўстрыі з саюза з Венгрыяй і далучэнне аўстр. зямель да Герм. імперыі, за наданне «асобага становішча» Галіцыі і Букавіне ў рамках Цыслейтаніі і перадачу Далмацыі Венгрыі, супраць уступак чэхам і інш.слав. народам Аўстра-Венгрыі. У Германіі да канца 19 ст. аформіўся імперскі П. (гл.Пангерманскі саюз); яго прыхільнікі выступалі найперш за правядзенне краінай «сусв. палітыкі» (заваяванне Цэнтр. і Паўд.-Усх. Еўропы, калоній), але былі супраць хуткага аб’яднання з Аўстрыяй. У пач. 20 ст. П. паступова страціў уплыў. Яго тэзіс аб «перавазе» герм. расы і неабходнасці аб’яднання Германіі і Аўстрыі пазней пераняла і абсалютызавала Нацыянал-сацыялісцкая партыя (гл.таксамаАншлюс).
Літ.:
Ратнер Н.Д. Очерки по истории пангерманизма в Австрии в конце XIX в. М., 1970.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАРА́ДАК СЛОЎ,
лінейная паслядоўнасць кампанентаў сказа, якая мае сэнсавае, граматычнае (сінтаксічнае) і стылістычнае значэнне. Залежыць ад структуры сказа, спосабаў выражэння яго членаў, стылістычнай афарбоўкі і семантычнага напаўнення сказа, а таксама сувязі яго з інш. сказамі ў тэксце. Бел. мове ўласцівы адносна свабодны П.с.: кожны член сказа не мае строга вызначанага сталага і нязменнага месца. П.с. у сказе можа быць звычайны і адваротны.
Пры звычайным П.с. дзейнік стаіць перад выказнікам, дапасаванае азначэнне — перад словам, што паясняецца, недапасаванае — пасля яго; прамое дапаўненне — пасля слова, якое ім кіруе; акалічнасць спосабу дзеяння, меры і ступені — перад дзеясловам-выказнікам, часу і месца — перад дзеясловам-выказнікам ці ў пачатку сказа. Пры адваротным П.с. выказнік размяшчаецца перад дзейнікам. Адваротны П.с., які выкліканы пэўнымі намерамі аўтара і мае функцыянальна-стылістычнае і сэнсавае значэнне, называецца інверсіяй. У вершаваных творах П.с. часта абумоўлены патрабаваннямі рытму і рыфмы, у гутарковай мове — заканамернасцямі пабудовы дыялогу, сітуацыяй, калі на першае месца выносіцца інфармацыйна найб. значны сінтаксічны кампанент: «Фармальна вы маеце рацыю». — «Не фармальна, а фактычна яно так».
Літ.:
Ковтунова И.И. Современный русский язык: Порядок слов и актуальное членение предложения. М., 1976;
Яўневіч М.С., Сцяцко П.У. Сінтаксіс сучаснай беларускай мовы. 3 выд.Мн., 1987.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАРТЫЗА́НСКАЕ ЗЛУЧЭ́ННЕў Вялікую Айчынную вайну,
адна з арганізацыйных форм аб’яднання партызанскіх брыгад, партызанскіх палкоў, партызанскіх атрадаў, якія дзейнічалі на акупіраванай тэр. Беларусі. У выніку шырокага партыз. руху былі створаны шматлікія фарміраванні, якім для правядзення баявых аперацый у шырокіх маштабах патрэбна было цэнтралізаванае кіраўніцтва і рэгулярная сувязь з сав. тылам. Фарміравалі П.з. ЦШПР, БШПР, падп. абкомы, міжрайкомы, міжрайпартцэнтры і райкомы КП(б)Б. Узначальвалі П.з. звычайна сакратары падп. абкомаў, міжрайкомаў партыі ці афіцэры Чырв. Арміі; кіраўніцтва ажыццяўлялася праз штабы злучэнняў. У розны час дзейнічала каля 40 тэрытарыяльных злучэнняў [наз.таксама ваенна-аператыўнымі групамі (ВАГ), цэнтрамі: абласныя Баранавіцкае, Беластоцкае, Брэсцкае, Вілейскае, Гомельскае, Магілёўскае, Мінскае, Палескае, Пінскае; злучэнні Барысаўска-Бягомльскай, Івянецкай, Лідскай, Паўд. зон Баранавіцкай вобл., Паўд.-Прыпяцкай зоны Палескай вобл., Слуцкай, Стаўбцоўскай, Шчучынскай зон; Клічаўскі аператыўны цэнтр; ВАГ Асіповіцкая, Быхаўская, Бялыніцкая, Бярэзінская, Кіраўская, Клічаўская, Круглянская, Магілёўская, Рагачоўская, Шклоўская; П.з. «Трынаццаць» і інш. Большасць злучэнняў створана ў 1943. Часта ствараліся спец. падраздзяленні аўтаматчыкаў, артылерыстаў, мінамётчыкаў, якія падначальваліся камандзіру злучэння. Стварэнне П.з. садзейнічала павышэнню ўзроўню кіраўніцтва партыз. рухам, баявой і своечасовай актыўнасці партыз. фарміраванняў.
Літ.:
Беларусь у Вялікай Айчыннай вайне, 1941—1945: Энцыкл.Мн., 1990. С. 398.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАРЫ́ЖСКІ МІ́РНЫ ДАГАВО́Р 1856,
дагавор, які завяршыў Крымскую вайну 1853—56. Падпісаны ў Парыжы 30 сак. на заключным пасяджэнні міжнар. кангрэса прадстаўнікамі краін—удзельніц вайны (з аднаго боку пераможанай Расіі, з другога — Вялікабрытаніі, Францыі, Турцыі і Сардзінскага каралеўства), а таксама Аўстрыі і Прусіі. Расія вяртала Турцыі г. Карс у абмен на Севастопаль і інш. гарады Крыма, захопленыя саюзнікамі, Малд. княству (васал Турцыі) — вусце р. Дунай і ч.Паўд. Бесарабіі. Чорнае м. абвяшчалася нейтральным, Расія і Турцыя не маглі трымаць там ваен. флот і арсеналы. Дзяржавы гарантавалі аўтаномію Сербіі, Малд. княства і Валахіі, што выключала прэтэнзіі Расіі на яе асобую апеку над правасл. насельніцтвам Асманскай імперыі. Да дагавора прыкладаліся 3 канвенцыі: 1-я пацвярджала Лонданскую канвенцыю 1841 аб закрыцці Чарнаморскіх праліваў для ваен. суднаў, 2-я вызначала колькасць лёгкіх вартавых суднаў Расіі і Турцыі на Чорным м., 3-я абавязвала Расію не будаваць ваен. умацаванняў на Аландскіх астравах у Балтыйскім моры. П.м.д. аслабіў пазіцыі Расіі ў Еўропе і на Б. Усходзе, абвастрыў Усх. пытанне. Абмежаванні суверэнітэту Расіі на Чорным м. ліквідаваны паводле Лонданскай канвенцыі 1871. Пасля перамогі Расіі ў рус.-тур. вайне 1877—78 П.м.д. заменены трактатам, прынятым на Берлінскім кангрэсе 1878.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ПАСА́ДСКАЕ БУДАЎНІ́ЦТВА» сукупнасць землеўпарадкавальных, сац.-эканам. мерапрыемстваў урада Рас. дзяржавы ў гарадах з канца 15 да сярэдзіны 17 ст. Было накіравана супраць прыватнай феад. зямельнай уласнасці на пасадах і закладніцтвагандл.-рамеснага насельніцтва, на павелічэнне колькасці падаткаплацельшчыкаў шляхам вяртання ў дзярж.цягло вызваленых ад яго жыхароў прыватнаўласніцкіх, т.зв. «белых» слабод. Шэраг захадаў па «П.б.» зрабілі Іван III, Васіль III, Іван IV, Барыс Гадуноў, Міхаіл Фёдаравіч, канчаткова яго прынцыпы сфармуляваны пры Аляксею Міхайлавічу ў Саборным улажэнні 1649: усе прыватныя ўладанні на пасадах падлягалі бязвыплатнай канфіскацыі; да пасадаў прыпісваліся навакольныя землі для выпасу жывёлы і агародаў; усе «закладнікі» вярталіся ў пасадскую абшчыну, да якой далучаліся і жыхары канфіскаваных феад. уладанняў; занятак гандл.-рамесніцкай дзейнасцю абвяшчаўся манаполіяй пасадскіх людзей (як выключэнне гэты занятак дазваляўся таксамастральцамі частцы «служылых» казакоў); выхад з пасадскай абшчыны і пераходы з пасада ў пасад забараняліся. У 1649—52 да пасадаў далучана больш за 10 тыс. новых цяглых двароў. У выніку рэформы 1649 асн. маса гараджан апынулася ў складзе гандл.-рамеснага саслоўя асабіста свабодных, але па-прыгонніцку прымацаваных да месца жыхарства пасадскіх людзей.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕРАДА́ЧАў машынах,
механізм, які служыць для перадачы энергіі (мех. вярчальнага руху) ад вядучага звяна (элемента) да вядзёнага, як правіла, з пераўтварэннем скорасці і адпаведнай зменай вярчальнага моманту. Пры дапамозе П. ў розных прыводах часам пераўтвараюць вярчальны рух у паступальны, мяняюць напрамак руху, прыводзяць у рух некалькі механізмаў ад аднаго рухавіка. Адрозніваюць гідраўлічныя перадачы, мех., пнеўматычныя, эл. і камбінаваныя (напр., гідрамеханічныя перадачы).
Да механічных П. адносяцца зубчастыя перадачы (у т. л.галоўныя перадачы, планетарныя перадачы), раменныя перадачы, фрыкцыйныя перадачы, ланцуговыя перадачы, чарвячныя перадачы (у т. л.глабоідныя перадачы), вінтавыя перадачы і інш. Такія П. бываюць са ступеньчатым і бесступеньчатым (гл.Бесступеньчатая перадача) рэгуляваннем перадатачных адносін. Мех. П. ўваходзяць як састаўныя часткі ў варыятары, каробкі перадач, мультыплікатары, рэдуктары, электрычныя прыводы і інш.Пнеўматычныя П. выкарыстоўваюцца пры вял. частотах вярчэння выхо́днага звяна (да 30 тыс.аб/мін); электрычныя П. дазваляюць перадаваць вял. магутнасці, маюць простую і зручную сістэму аўтам. рэгулявання, выкарыстоўваюцца ў розных галінах тэхнікі, асабліва ў прыводах цяжкіх трансп. машын. Асн. характарыстыкі П.: перадаваемы вярчальны момант, частата вярчэння на ўваходзе (або на выхадзе), перадатачны лік (адносіны вуглавых скарасцей вядучага і вядзёнага элементаў), ккдз. Гл.таксамаСілавая перадача.