КО́НЮХ (Пётр Васілевіч) (8.3.1910, в. Турэц Карэліцкага р-на Гродзенскай вобл. — 14.7.1994),
бел. спявак (бас). Скончыў курсы льнаводства ў Вілейцы, да 1939 працаваў на Баранавіцкім ільнокамбінаце. У 2-ю сусв. вайну ў арміі Андэрса. З 1945 як стыпендыят 2-га корпуса Войска Польскага вучыўся ў АМ у Рыме. Незвычайная шырыня дыяпазону голасу, яго моц і тэмбравая афарбоўка дазвалялі яму па-майстэрску выконваць вядучыя басовыя партыі ў операх «Дон Карлас» Дж.Вердзі, «Фауст» Ш.Гуно, «Мефістофель» А.Бойта, «Барыс Гадуноў» М.Мусаргскага і інш. Выступаў у Італіі, здзейсніў турнэ па Еўропе. З 1950 у ЗША, потым у Канадзе. У 1958—85 саліст хору данскіх казакоў пад кіраўніцтвам С.Жарава (ЗША). Выкладаў спевы ва ўласнай школе ў Нью-Йорку, у Гамбургу (Германія). Лаўрэат Міжнар. конкурсу вакалістаў у Рыме (1957). У 1975 наведаў Беларусь. Сябраваў з Р.Шырмай, Я.Брылём, А.Бажко.
Г.Р.Куляшова.
т. 8, с. 412
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРАЁВАЯ ПА́РТЫЯ ЛІТВЫ́ І БЕЛАРУ́СІ (КПЛіБ),
польская паліт. партыя краёвага кірунку пач. 20 ст. 30.6.1907 у Вільні па ініцыятыве Р.Скірмунта і Ч.Янкоўскага адбыўся ўстаноўчы сход, на якім прысутнічалі прадстаўнікі 6 бел.-літ. губерняў. Скірмунт імкнуўся стварыць агульнакраёвую партыю, якая б мела польскую, літоўскую і беларускую фракцыі. Аднак перавага кансерватыўна настроеных польскіх землеўладальнікаў не дазволіла ажыццявіць гэты намер, і была створана польская партыя. Яе старшынёй быў абраны Э.Вайніловіч, намеснікам — Я.Талочка. Друкаваны орган — «Glos Polski» («Польскі голас»). Праграма КПЛіБ заклікала да самакіравання краю, роўнасці ўсіх яго этнасаў, увядзення адукацыі на роднай мове, правядзення агр. пераўтварэнняў без адчужэння памешчыцкага землеўладання. Яна не выходзіла за межы кансерватыўнага варыянта краёвай ідэалогіі, які найб. адпавядаў інтарэсам польскіх землеўладальнікаў. У выніку Скірмунт і прадстаўнікі Ковенскай губ. адмовіліся ўваходзіць у склад партыі. КПЛіБ не знайшла шырокай падтрымкі ў краі і ў 1908 зышла з паліт. арэны.
А.Ф.Смалянчук.
т. 8, с. 442
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРА́СЕЎ (Міхаіл Іванавіч) (16.3.1897, Масква — 24.1.1954),
расійскі кампазітар. Вучыўся ў А.Грачанінава і інш. Адыграў прыкметную ролю ў развіцці бел. муз. культуры 1930—40-х г.; падтрымліваў творчы кантакт з БДТ-2 (т-р імя Я.Коласа), пісаў музыку да яго першых спектакляў, у якой выкарыстаў бел. нар. песні і танцы, у т. л. «Вечар беларускіх вадэвіляў» («Паўлінка» і «Прымакі» Я.Купалы, «Пінская шляхта» В.Дуніна-Марцінкевіча, 1936), «Вайна вайне» і «У пушчах Палесся» Я.Коласа (1937). Аўтар оперы «Дума пра Апанаса» (паводле Э.Багрыцкага, 1937), 10 опер для дзяцей, у т. л. «Казка аб мёртвай царэўне і сямі асілках» (паводле А.Пушкіна, 1924), «Церамок» (1942), «Марозка» (паст. 1950, у Дзярж. т-ры оперы і балета Беларусі 1951), аперэт, кантат, фп. п’ес, вак. і хар. твораў, песень для дзяцей, апрацовак нар. песень, у т. л. бел., для розных складаў. Дзярж. прэмія СССР 1951.
Н.А.Юўчанка.
т. 8, с. 455
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРО́МЕР ((Kromer) Марцін) (1512, г. Беч, Польшча —23.3.1589),
польскі гісторык, пісьменнік, дыпламат. Вучыўся ў Кракаўскай акадэміі (1528—30) і ун-це Балонні, дзе ў 1539 атрымаў ступень доктара права; у Рыме вывучаў тэалогію і прыняў духоўны сан. Пасля вяртання на радзіму быў сакратаром біскупа Пятра Гамрата, з 1544 — караля Жыгімонта II Аўгуста. З 1570 каад’ютар (нам. біскупа), з 1579 біскуп вармінскі. Яго праца «Аб паходжанні і гісторыі палякаў» (1555, на лац. мове) ахоплівае перыяд ад легендарных часоў да 1506. Гэты твор у значнай ступені з’яўляецца кампіляцыяй хронік Я.Длугаша, Мацея з Мехава, Б.Вапоўскага, звесткі якіх К. крытычна пераасэнсаваў; ёсць шмат інфармацыі пра ВКЛ. У працы «Аб веры і навуцы лютэраўскай. Размовы шляхціца з манахам» (1551—54) адстойваў дагматы догматы* каталіцызму. Для караля Генрыка Валезы напісаў кнігу «Польшча, або Аб становішчы, звычаях, уладзе і кіраванні Каралеўства Польскага» (1577). Аўтар муз. трактатаў.
А.А.Семянчук.
т. 8, с. 476
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«КРУП»
(Krupp, Fried. Krupp Gmb Η),
буйнейшы металургічны і машынабудаўнічы канцэрн ФРГ. Засн. ў 1968 у г. Эсен. Яго вытворчая камбінаваная праграма ахоплівае горназдабыўную, сталеліцейную, металаапрацоўчую прам-сць, агульнае машынабудаванне, аўта-, судна- і авіябудаванне, вытв-сць электраэнергіі, праектаванне і буд-ва камплектных прадпрыемстваў, гандаль і інш. Бярэ пачатак з заснаванага ў 1811 Ф.Крупам сталеліцейнага прадпрыемства, якое больш за паўтара стагоддзя (да 1967) належала гэтай сям’і. Канцэрн актыўна ўдзельнічаў у стварэнні ваен. патэнцыялу Германіі да і ў час 1-й сусв. вайны. У 2-ю сусв. вайну фірма Крупаў была адным з вядучых пастаўшчыкоў узбраення фаш. Германіі. У 1960-я г. канцэрн аднавіў выпуск ваен. прадукцыі для бундэсвера. У 1968 «К.» апынуўся на мяжы фін. краху і звярнуўся за крэдытамі да дзяржавы і вядучых банкаў краіны. У кіруючыя органы канцэрна былі ўведзены прадстаўнікі інш. фін. і прамысл. груп, у выніку чаго ён страціў статус сямейнага прадпрыемства.
т. 8, с. 486
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРУТАГО́РСКАЯ БІ́ТВА 13 ст., Койданаўская бітва, бітва паміж войскамі ВКЛ і татарамі каля Крутагор’я (Койданава, цяпер г. Дзяржынск Мінскай вобл.). Ў саюзе з татарамі выступалі галіцкія князі Даніла і Васілька Раманавічы. Татары і іх саюзнікі былі разбіты. Розныя гісторыкі храналагічна адносяць бітву да 1241, 1249, 1272 і 1276. Паводле падання, тат. войскамі камандаваў хан Койдан (Кайдан), які тут быў забіты і пахаваны, а таму Крутагор’е перайменавана ў Койданава. Аднак шэраг летапісаў не ўпамінае імя Койдана, іншыя сведчаць, што ў гэтыя часы адбыўся паход на Навагрудак, арганізаваны ханам Заволжскай арды Балаклаем (Булаклай) супраць вял. кн. ВКЛ Скірмунта. Іпацьеўскі, Супральскі, Нікіфараўскі і Слуцкі летапісы (16 ст.) упамінаюць імя Койдана, але не звязваюць яго з бітвай пад Крутагор’ем. Позні час напісання гіст. крыніц (праз 2—3 ст. пасля падзеі), упамінанне ў іх міфічных асоб, шмат супярэчнасцей даюць падставу некат. гісторыкам ставіць пад сумненне верагоднасць К.б.
А.І.Валахановіч.
т. 8, с. 488
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРЫВО́Е ВО́ЗЕРА,
ва Ушацкім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Тураўлянка, за 25 км на У ад г.п. Ушачы. Уваходзіць ва Ушацкую групу азёр. Пл. 4,5 км², даўж. 6 км, найб. шыр. 1,1 км, найб. глыб. 31,5 м, даўж. берагавой лініі 21 км. Пл. вадазбору 65,4 км 2. Схілы катлавіны выш. 10—15 м (на ПнЗ і ПдУ да 50 м) параслі пераважна ялова-хваёвым лесам і хмызняком. На мысах схілы — озавыя грады. Берагі месцамі зліваюцца са схіламі, пад хмызняком, на Пн і Пд нізкія, часта забалочаныя. Дно да глыб. 10—20 м выслана сапрапелем, ніжэй глеямі. Востраў пл. 0,2 га. Шыр. паласы надводнай расліннасці 5—10 м. У возеры расце палушнік азёрны, занесены ў Чырв. кнігу Беларусі. Злучана ручаямі з азёрамі Сосенка, Усая, Жэнна, Паўазер’е, выцякае ручай у р. Дзіва. У 1979 возера і прылеглая да яго тэрыторыя аб’яўлены гідралагічным заказнікам Крывое.
т. 8, с. 499
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУДЗЕ́ЛЬКА (Іван Фадзеевіч) (12.12.1891, г.п. Рудзенск Пухавіцкага р-на Мінскай вобл. — 28.6.1938),
партыйны і дзярж. дзеяч БССР. З 1914 у арміі, з сак. 1918 у Чырв. Арміі. З чэрв. 1992 працаваў на чыгунцы ў Мінску і Жлобіне. З 1925 сакратар Гарадоцкага, Глускага райкомаў КП(б)Б, старшыня Глускага райвыканкома, нам. старшыні Бабруйскага акрвыканкома. З 1930 старшыня Мазырскай акр. кантрольнай камісіі, сакратар Мазырскага РК КП(б)Б, сакратар Мінскага гаркома КП(б)Б, заг. аддзелаў ЦК КП(б)Б. У 1935—37 нарком фінансаў БССР. Чл. ЦК КП(б)Б у 1932—37. Канд. у чл. Бюро ЦК КП(б)Б у 1935—37. Чл. ЦВК БССР у 1927—29, 1931—37 і яго Прэзідыума ў 1935—37. Арыштаваны ў 1937 па справе ўдзелу ў «аб’яднанай контррэвалюцыйнай дыверсійна-шкодніцкай шпіёнскай арганізацыі». 28.6.1938 прыгавораны да вышэйшай меры пакарання. Рэабілітаваны ў 1957.
Я.С.Фалей.
т. 8, с. 557
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУ́ЛЬБАК (Майсей Саламонавіч) (20 або 25.3.1896, г. Смаргонь Гродзенскай вобл. — 29.10.1937),
яўрэйскі пісьменнік. Настаўнічаў у Смаргоні, Мінску, Вільні. У 1920—27 жыў у Вільні, Берліне. З 1928 у Мінску, працаваў у рэдакцыях рэсп. газет, АН Беларусі. У 1937 рэпрэсіраваны, расстраляны. Рэабілітаваны ў 1956. Друкаваўся з 1916. Пісаў на яўр. мове. Аўтар кніг паэзіі «Вершы» (1920), «Новыя вершы» (1922), «Паэмы і вершы» (1929), цыкла «Беларусь» (1921), сатыр. антыфаш. паэмы «Дзісенскі Чайльд-Гарольд» (1933), раманаў абстрактна-філас. «Месія сына Эфроіма» і «Панядзелак» (абодва 1924), «Зельманцы» (кн. 1—2, 1931—35), п’ес «Разбойнік Бойтрэ», «Веньямін Магідаў» (абедзве паст. 1937) і інш. Перакладаў на яўр. мову творы Я.Купалы, Я.Коласа, М.Гогаля. На бел. мову асобныя яго творы пераклалі Э.Агняцвет, З.Бядуля, В.Вольскі, Х.Жычка, І.Калеснік, Г.Кляўко, У.Паўлаў, Я.Семяжон.
Тв.:
Бел. пер. — Зельманцы. Мн., 1960;
Выбранае. Мн., 1970;
Рус. пер. — Стихотворения;
Поэмы. М., 1969.
т. 9, с. 9
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУ́РАЧКІН (Мікалай Сцяпанавіч) (14.6.1830, С.-Пецярбург — 14.2.1884),
рускі паэт, перакладчык, журналіст. Брат В.С.Курачкіна. Скончыў Медыка-хірург. акадэмію (1854). З 1860 супрацоўнік час. «Искра». У 1861 прыцягнуты да тайнай рэв. арг-цыі «Зямля і воля». Друкаваўся з 1847 (пераклады). Рэдагаваў час. «Иллюстрация» (1861—62), «Книжный вестник» (1865—67), альманах «Неўскі зборнік» (1867), вёў бібліягр. аддзел «Отечественных записок» (1868—74) і інш., у якіх змяшчаў артыкулы на грамадска-паліт. тэмы, крытычныя агляды, рэцэнзіі, фельетоны, гумарыстычныя вершы, драм. сцэны. Аўтар аповесці «Непаразуменне» (1850). Пераклаў працу П.Прудона «Мастацтва, яго асновы і грамадскае значэнне» (1865, у сааўт.), вершы Т.Шаўчэнкі, В.Альф’еры, Дж.Джусці, Дж.Леапардзі, А.Барб’е, Ш.Бадлера і інш., камедыю Р.Кастэльвекіо «Вясковая школа» (1868), драму Л.Камалеці «За манастырскай сцяной» (1874) і інш.
Тв.:
У кн.: Поэты «Искры». 2 изд. М., 1955. Т. 2;
у кн.: Поэты 1860-х. Л., 1968.
т. 9, с. 44
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)