квантавы генератар, у якім незатухальныя ваганні падтрымліваюцца вымушаным выпрамяненнем пучка ўзбуджаных малекул або атамаў; разнавіднасць мазера. Выкарыстоўваецца як актыўны квантавы стандарт частаты ў службе часу (гл.Квантавы гадзіннік), у касм. навігацыі, геадэзіі, картаграфіі, як радыёспектраскоп высокага раздзялення пры даследаваннях малекул аміяку, атамаў азоту і вадароду, а таксама іх ядраў.
Першы М.г. на малекулах аміяку створаны ў 1955 М.Г.Басавым і А.М.Прохаравым і незалежна амер. фізікам Ч.Таўнсам. Пучок малекул аміяку накіроўваўся ў сартавальнае прыстасаванне, праз якое ў аб’ёмны рэзанатар праходзілі толькі ўзбуджаныя часціцы. Пучок, які пралятае праз настроены на частату малекулярнага пераходу рэзанатар, выпрамяняе лішак сваёй энергіі. Вызначаецца высокімі стабільнасцю частаты генерацыі і монахраматычнасцю.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЕО́Н (лац. Neon),
Ne, хімічны элемент VIII групы перыяд. сістэмы, ат. н. 10, ат. м. 20,179, адносіцца да інертных газаў. Прыродны складаецца з 3 стабільных ізатопаў з масавымі лікамі 20—22; найб. колькасць па аб’ёме 20Ne (90,92%). У атмасферы 1,82∙10−3% па аб’ёме. Адкрыты ў 1898 разам з крыптонам, назва ад грэч. neos — новы.
Аднаатамны газ без колеру і паху, tпл −248 52 °C, tкіп −245,93 °C, шчыльн. 0,89994 кг/м (пры нармальных умовах). Хімічна інертны; атрыманы толькіклатраты (напр., Ne∙6H2O). Вылучаюць пры рэктыфікацыі вадкага паветра. Выкарыстоўваюць у газаразрадных крыніцах святла (чырвонае свячэнне), вадкі — як холадагент у тэхніцы нізкіх тэмператур, неонава-геліевую сумесь — як рабочае асяроддзе ў газавых лазерах.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ПАНА́МА»,
«панамскі скандал», жульніцкая афера, звязаная са злоўжываннямі і карупцыяй «Усеагульнай кампаніі міжамерыканскага канала», што была створана ў 1879 у Францыі для арганізацыі работ па пракопванні Панамскага канала. Акцыі гэтай кампаніі набылі 800 тыс.чал. Да 1888 кампанія выдаткавала ў 2 разы больш сродкаў, чым меркавалася, але выканала толькі 1/3 усіх работ, пасля чаго спыніла плацяжы і будаўніцтва. Разарыліся дзесяткі тыс. дробных акцыянераў. Суд. разбор справы ў 1889—93 высветліў, што кампанія, каб утаіць сваё цяжкае фін. становішча, сістэматычна падкупляла ўплывовых службовых асоб і паліт. дзеячаў, рэдактараў газет і г.д. Расследаванне «П.» выкрыла глыбокую карумпіраванасць апарату Трэцяй рэспублікі і мела шырокі грамадска-паліт. рэзананс. Тэрмін «П.» стаў хадзячай назвай буйных махлярстваў і афер.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАНГЕ́НЕЗІС (ад пан... + генезіс),
гіпотэза Ч. Дарвіна (1868) аб механізме ўзнаўлення ў патомстве прыкмет папярэдніх пакаленняў. Яе сутнасць у тым, што ўсе клеткі арганізма вылучаюць найдрабнейшыя часцінкі (зародкі) — гемулы, якія збіраюцца ў палавых органах і ўтвараюць палавыя клеткі, за кошт чаго і адбываецца перадача ў спадчыну прыкмет, у т. л. і зноў набытых. Гэтай гіпотэзай Дарвін карыстаўся пры тлумачэнні з’явы размнажэння (палавога і бясполага) і рэгенерацыі. У 1871 англ. вучоны Ф.Гальтан эксперыментальна даказаў неабгрунтаванасць гіпотэзы П. Прынцыпова інш. тэорыю, унутрыклетачнага П., прапанаваў Г. Дэ Фрыз (1889), паводле якой у ядры клеткі знаходзяцца «пангены», якія вызначаюць усе прыкметы арганізма; у пратаплазму выходзяць толькі тыя «пангены», якія вызначаюць тып клетак.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАНМІКСІ́Я (ад пан... + грэч. mixis змешванне),
выпадковае, свабоднае (неабмежаванае) скрыжоўванне разнаполых асобін з рознымі генатыпамі ў папуляцыі ці інш. унутрывідавой групе арганізмаў. У рознай ступені характэрна для большасці відаў жывёл і раслін і залежыць ад характару іх размнажэння. Тэрмін «П.» ўвёў А.Вейсман (1885). Поўная П. магчыма ў «ідэальных» папуляцыях (бясконца вял., у якіх кожная асобіна мае аднолькавыя магчымасці апладнення асобінай другога полу, пры адсутнасці адбору, ціску мутацый, міграцый і інш.), калі адбываецца выпадковае камбінаванне гамет і раўнаважнае размеркаванне частот генатыпічных класаў асобін у адпаведнасці з Хардзі—Вайнберга законам. У прыродзе ажыццяўляецца толькі ў той ці інш. ступені і забяспечвае генетыка-эвалюц. адзінства ўнутрывідавых груповак і віду ў цэлым.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕНТА́МЕТР (ад грэч. pente + metron мера, стапа),
антычны вершаваны памер; пяцістопны дактыль, раздзелены цэзурай на 2 роўныя часткі. Схема (-◡◡-◡◡-//-◡◡-◡◡-). У 1-м радку стопы дактыля (-◡◡) могуць заменьвацца на стопы спандэя (-́-́), у 2-м не заменьваюцца. Выкарыстоўваўся толькі з гекзаметрам, утвараючы элегічны двуверш. У сілаба-танічным вершаскладанні пры перадачы П. рытмічна моцным складам адпавядаюць націскныя, рытмічна слабым — ненаціскныя. П. сустракаецца ў творах А.Пушкіна, Лесі Украінкі. У бел. паэзію П. увёў М.Багдановіч (цыкл «Пентаметры»):
З нізкага берагу дно акіяна вачам недаступна, —
Глуха укрыла яго сіняя цемень вады.
Але ўзбярыся ўгару на вяршыню прыбрэжнай страмніны, —
Кожны каменьчык на дне, пэўна, пабачыш ты стуль.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПІ́НСКІ СУДНАБУДАЎНІ́ЧА-СУДНАРАМО́НТНЫ ЗАВО́Д.
Пабудаваны ў г. Пінск Брэсцкай вобл. ў 1884 як суднабудаўнічы з-д. Выпускаў параходы магутнасцю 240 к.с., карпусы для суднаў і землечарпалак, паравыя катлы і машыны для суднаў, ажыццяўляў рамонт суднаў. З 1919 працавалі толькі суднарамонтныя майстэрні. У 1939 на іх базе створаны суднарамонтны з-д. У Вял.Айч. вайну ч. абсталявання эвакуіравана. Аднавіў работу ў 1945, з 1961 сучасная назва. Ў 1963 пабудаваны корпусназварачны цэх, у 1966 — дрэваапр., у 1967 рэканструяваны дызелерамонтны цэх. З 1988 у складзе ВА «Белсуднабудрамонт». Будаваў буксірныя цеплаходы, цяпер (2001) выпускае вырабы гумаватэхн. і з пластмасы для нар. ўжытку, рамантуе самаходныя і несамаходныя рачныя судны, рухавікі, с.-г. тэхніку.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПОЛІФІЛІ́Я (ад полі... + ...філія),
паходжанне пэўнай групы арганізмаў ад некалькіх продкавых груп, не звязаных блізкай роднасцю. Ажыццяўляецца шляхам канвергенцыі і проціпастаўляецца монафіліі, як эвалюц. прынцыпу, заснаванаму на дывергенцыі. Згодна з сучаснай эвалюц., філагенет. сістэматыкай, арганізмы класіфікуюцца ў адпаведнасці з інфарм. зместам іх генет. праграмы. Таксоны эвалюц. сістэматыкі бываюць толькі монафілетычнымі. Напр., даказана П. зайцападобных і грызуноў, якіх раней аб’ядноўвалі ў адзін атр., а цяпер іх адасабляюць у 2 самастойныя атрады. Часам тэрмінам «П.» абазначаюць перасячэнне таксанамічнай мяжы паміж продкавай і даччыной групамі арганізмаў некалькімі роднаснымі філетычнымі лініямі, якія эвалюцыяніравалі паралельна (гл.Паралелізм).
Літ.:
Шмальгаузен И.И. Проблемы дарвинизма. 2 изд. Л., 1969;
Майр Э. Принципы зоологической систематики: Пер. с англ.М., 1971.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПО́ЎНАЕ ЎНУ́ТРАНАЕ АДБІЦЦЁ,
асобны выпадак адбіцця святла ці эл.-магн. выпрамянення інш. дыяпазону на мяжы падзелу двух асяроддзяў. Адбываецца, калі выпрамяненне падае на паверхню падзелу з боку аптычна больш шчыльнага асяроддзя (з большым пераламлення паказчыкам n1 пад вуглом i > iгр, дзе iгр — т.зв. гранічны (крытычны) вугал, які вызначаецца з умовы sin bгр = n2/n1, n2 — паказчык пераламлення другога асяроддзя. Пры П.у.а. эл.-магн. энергія поўнасцю вяртаецца ў аптычна больш шчыльнае асяроддзе. У другое (менш шчыльнае) асяроддзе поле пранікае толькі на характэрную адлегласць парадку даўжыні хвалі выпрамянення і яго амплітуда экспаненцыяльна затухае з аддаленнем ад мяжы падзелу. П.ў.а. выкарыстоўваецца ў аптычных прыладах (напр., прызме аптычнай) і валаконнай оптыцы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРАПАРЦЫЯНА́ЛЬНАЯ СІСТЭ́МА ПРАДСТАЎНІ́ЦТВА,
парадак вызначэння вынікаў галасавання, пры якім размеркаванне мандатаў паміж партыямі, што выставілі свае кандыдатуры ў прадстаўнічы орган, праводзіцца ў адпаведнасці з атрыманай імі колькасцю галасоў. Пры П.с.п. ствараюцца вял. выбарчыя акругі, у якіх кожная партыя выстаўляе свой спіс кандыдатаў, а выбаршчык падае голас за спіс адпаведнай партыі. Для вызначэння вынікаў галасавання ўстанаўліваецца мінімум галасоў, неабходных для атрымання аднаго дэпутацкага мандата. Размеркаванне мандатаў унутры спісу партыі ажыццяўляецца, як правіла, у адпаведнасці з тым парадкам, у якім кандыдаты размешчаны ў спісе. П.с.п. выкарыстоўваюць пры выбарах усяго парламента (Данія, Партугалія, Люксембург, Латвія) або толькі ніжняй палаты (Аўстралія, Аўстрыя, Бельгія, Польшча, Бразілія), ці паловы саставу ніжняй палаты (ФРГ, Расія на выбарах 12.12.1993).