БУКВА́Р, азбука,

падручнік для пач. навучання чытанню і пісьму. Прызначаны для выхавання дзяцей, развіцця іх мовы і лагічнага мыслення. Традыцыйна з’яўляецца крыніцай першых звестак пра краіну, народ, яго культуру. Уключае матэрыял, які фарміруе ў выхаванцаў нормы паводзін і ўзаемаадносін паміж старэйшымі і малодшымі. Асн. структурны склад буквара — літары, літараспалучэнні, склады, лічбы, граматычныя звесткі, павучанні, тэкставыя і ілюстрацыйныя матэрыялы, схемы, табліцы. Навуч.-выхаваўчую работу з букваром звычайна падзяляюць на 3 перыяды: падрыхтоўчы, букварны і паслябукварны.

Доўгі час грамату асвойвалі па царк. кнігах (псалтырах, часаслоўцах, апосталах). З 16 ст. пачалі ствараць і выдаваць спец. дапаможнікі. Першы друкаваны буквар на царк.-слав. мове ў рус. рэдакцыі — «Азбука» І.​Фёдарава (Львоў, 1574). На Беларусі адзін з першых буквароў выдалі ў 1593 у Вільні браты Л. і К.​Мамонічы. У 1596 у Вільні выйшаў буквар Л.​Зізанія. Па іх вучыліся чытаць і пісаць на Беларусі, Украіне, у Расіі і Літве. З 1590-х г. да 1653 на Беларусі выйшла 16 буквароў — больш за палавіну падобных выданняў на ўсх.-слав. землях. Тэрмін «Азбука» ў загалоўку кнігі ўпершыню з’явіўся ў віленскім (1596), «Буквар» — у еўеўскім (1618) брацкіх выданнях. У 17—19 ст. буквары друкавалі ў Вільні, Куцейне, Магілёве, Супраслі, Варшаве. У 1906 выдадзены «Беларускі лемантар, або Першая навука чытання» (ананімна) і «Першае чытанне для дзетак-беларусаў» Цёткі. Пасля Кастр. рэвалюцыі 1917 побач з вучэбнымі дапаможнікамі для дзяцей у БССР друкаваліся буквары для лікбеза «Наша сіла — ніва ды машына: Лемантар для дарослых» М.​Байкова, С.​Некрашэвіча, М.​Багдановіча, 1925; «Наша сіла — Саюз. Лемантар для сельскагаспадарчых і лясных рабочых», 1926 і інш. Беларускія буквары выдавалі таксама А.​Федасенка, М.​Пігулеўскі і І.​Пісарчык, С.​Паўловіч і інш. У 1929—69 карысталіся букваром, складзеным Н.​Сіўко (1929—32 з Л.​Лукіной, 1937—41 з З.​Ліхачовай). З 1969 выйшла 18 выданняў буквара А.​Клышкі, у т. л. «Разразная азбука».

Літ.:

Голенченко Г.Я. Источники по истории белорусской культуры: (Старопечатные учебные книги XVI—первой половины XVII вв.) // Из истории книги в Белоруссии. Мн., 1979;

Ботвинник М. Откуда есть пошел букварь. Мн., 1983.

т. 3, с. 324

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЗЯРЖЫ́НСК,

горад абл. падпарадкавання ў Мінскай вобл., цэнтр Дзяржынскага р-на. На чыг. лініі (ст. Койданава) і аўтадарозе Мінск—Баранавічы. За 38 км ад Мінска. 24,6 тыс. ж. (1996).

Вядомы з 12 ст. як г. Крутагор’е. У 12—13 ст. пабудаваны Койданаўскі замак. У пісьмовых крыніцах упамінаецца з 1442 як г. Койданава (назва паходзіць ад імя паўлегендарнага татарскага военачальніка Койдана, які нібыта быў тут разбіты ў 13 ст. ці знаходзіўся на службе ў войску ВКЛ у 14 ст.). З 1483 належаў кн. В.​М.​Вярэйскаму. магнатам Гаштольдам, з 1539 — вял. кн. ВКЛ Жыгімонту I Старому. У 1550—1831 належаў Радзівілам. З 1831 дзярж. маёмасць. Быў буйным цэнтрам кальвінізму, у 17 ст. пабудаваны Койданаўскі кальвінскі збор. У 1588 мястэчка. З 1793 у Рас. імперыі, цэнтр воласці Мінскага пав. У вайну 1812 каля Койданава адбылася Койданаўская бітва 1812. У 1871 праз мястэчка пракладзена чыгунка. У канцы 19 — пач. 20 ст. 2 вучылішчы, 2 яўр. школы, царква, касцёл, кальвінскі збор, сінагога, мясц. прамысловасць. У 1897—4744 ж. У 1899 пабудавана Койданаўская запалкавая фабрыка «Дружына». З 1924 цэнтр Койданаўскага раёна (у 1932—37 нац. польскі). У 1932 горад перайменаваны ў Дзяржынск. У 1937—39 у Мінскім р-не, потым цэнтр Дзяржынскага раёна. У Вял. Айч. вайну з 28.6.1941 да 7.7.1944 акупіраваны ням. фашыстамі, якія загубілі ў Дз. і раёне 17 606 чал., дзейнічала Дзяржынскае патрыятычнае падполле. У 1970—11,5 тыс. жыхароў.

Прам-сць: маш.-буд. і металаапр. (з-ды доследна-мех., эксперым.-мех., маторарамонтны і інш.), лёгкая (швейная і тэкст. ф-кі, ільнозавод) і харч. Дзейнічае Дзяржынскі гісторыка-краязнаўчы музей. Помнікі архітэктуры — касцёл апекі Божай (2-я пал. 18 ст.), Пакроўская царква (1851). Памятны знак у гонар 850-годдзя заснавання Крутагор’я—Койданава—Дз. (1996). Помнік у гонар вызвалення горада.

Брацкая магіла чырвонаармейцаў, брацкія могілкі сав. воінаў і партызан, магіла ахвяр фашызму. Гарадзішча жал. веку, эпохі Кіеўскай Русі і позняга феадалізму.

А.​І.​Валахановіч (гісторыя).

Фрагмент забудовы горада Дзяржынск.

т. 6, с. 160

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАА́ГА (’s-Gravenhage, Den Haag),

горад на З Нідэрландаў. Месцазнаходжанне рэзідэнцыі каралеўскага двара, урада, парламента. Адм. ц. правінцыі Паўд. Галандыя. 444,6 тыс. ж. (1993). Порт на Паўн. м. (аванпорт — г. Схевенінген). Сетка каналаў, аўтамаб. і чыг. шляхоў звязвае Гаагу з інш. гарадамі. Развіта вытв-сць радыё- і тэлеапаратуры, электроннай апаратуры. Харч. (кандытарскія вырабы і інш.) і лёгкая прам-сць. Вытв-сць маст. вырабаў са шкла, дрэва і інш. У прыгарадзе — авіяц. з-ды «Фокер». У Гаазе працуюць праўленні шматлікіх гандл. і прамысл. фірмаў, установы сферы абслугоўвання. Месцазнаходжанне Міжнар. суда ААН. Каралеўская акадэмія выяўл. мастацтва.

Упершыню ўпамінаецца ў 1097 (да 1250 тут знаходзіўся паляўнічы домік графаў Галандыі, потым замак). Пасля стварэння Рэспублікі Злучаных правінцый (канец 16 ст.) — месца пасяджэнняў Генеральных штатаў. У 1806 Луі Банапарт надаў Гаазе статус горада і адначасова перанёс сталіцу ў Амстэрдам. Пасля ўтварэння Каралеўства Нідэрландаў (1815) — каралеўская рэзідэнцыя, а пасля абвяшчэння незалежнасці Бельгіі (1830) — фактычная сталіца краіны. З 2-й пал. 17 ст. Гаага — месца правядзення міжнар. канферэнцый і заключэння пагадненняў (гл. Гаагскія канвенцыі). У 2-ю сусв. вайну акупіравана (1940—45) ням. фашыстамі.

Цэнтр горада ў большасці захаваў сваё старадаўняе аблічча. На беразе воз. Вейвер — ансамбль Біненхоф (Унутраны двор, 13—18 ст.), гатычныя Рыцарская зала (каля 1280) і царква Сінт-Якабскерк (базіліка 14—16 ст.). Арх. помнікі рэнесансу — Старая ратуша (1564—65), класіцызму — палац Маўрыцхёйс (1633—35, арх. Я. ван Кампен, П.​Пост), каралеўскі палац Хёйс-тэн-босх («Дом у лесе», 1644, арх. Пост; дабудаваны ў 1734—37 і 1790), Каралеўская б-ка (1734—36, арх. Д.​Маро; 1761; арх. П. дэ Сварт). Прамавугольная сетка вуліц Гаагі мадэрнізавана і дапоўнена свабоднай планіроўкай новых раёнаў (1908—09, арх. Х.​П.​Берлаге, В.​М.​Дзюдак), забудаваных пераважна пасля 2-й сусв. вайны. Сярод пабудоў 20 ст. — Палац Міру (1907—13, арх. Л.​М.​Карданье), Муніцыпальны музей (1916—35, арх. Берлаге), канторы «Волхардынг» (1928, арх. Я.​Бёйс) і «Шэл-Недэрланд» (1938—42, арх. П.​Аўд), Каралеўскія кабінеты карцін (у Маўрыцхёйс), манет, медалёў і разных камянёў, Музей касцюма.

Цэнтр Гаагі.

т. 4, с. 407

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛІКЁРА-ГАРЭ́ЛАЧНАЯ ПРАМЫСЛО́ВАСЦЬ,

галіна харчасмакавай прамысловасці, якая выпускае розныя віды гарэлкі і лікёра-гарэлачных вырабаў. Найбольш буйнымі вытворцамі лікёра-гарэлачных вырабаў у свеце з’яўляюцца Расія, Украіна, Польшча, ФРГ, Югаславія, Францыя і інш.

На Беларусі Л.-г.п. адна са старэйшых. У 1820-я г. ў 5 бел. губернях Расіі выраблялася 17,1% гарэлкі ад агульнай вытв-сці. У 1913 на спіртагарэлачную галіну прыпадала 44,3% валавой прадукцыі і 52,5% рабочых харчасмакавай прам-сці. У 1998 вытв-сцю лікёра-гарэлачных вырабаў займалася 68 прадпрыемстваў. Іх вытв. магутнасці складалі 20 млн. дал за год, загрузка абсталявання складала ўсяго 63—65%. На долю прадпрыемстваў недзярж. формы ўласнасці, якія выпускалі алкагольную прадукцыю прыпадала 25% аб’ёму вытв-сці гарэлкі і 14% лікёра-гарэлачных вырабаў. У 1997 вытв-сць гарэлкі і лікёра-гарэлачных вырабаў склала 12,7 млн. дал, з якіх 2,1 млн. дал было накіравана на экспарт у асноўным у Расію. Імпарт гарэлкі і лікёра-гарэлачных вырабаў у 1997 склаў 411 тыс. дал, з іх з краін далёкага замежжа — 297 тыс. дал і краін СНД — 114 тыс. дал (Расія, Азербайджан).

Самым буйным прадпрыемствам Л.-г.п. з’яўляецца Мінскі вінна-гарэлачны завод «Крышталь», дзе штогод вырабляецца больш за 4 млн. дал лікёра-гарэлачных вырабаў 40 найменняў і 1,8 млн. дал этылавага рэктыфікаванага спірту, у т. л. і самых высакаякасных спіртоў «Люкс» і «Супер-Люкс». Сярод найб. вядомых гарэлкі з-да «Крышталь»: «Белая Русь», «Крышталь-100», «Усяслаў Чарадзей»; лікёры «Папараць-кветка», настойкі горкія «Белавежская асобая», «Лошыцкая», «Калядная», «Застольная» і інш. Сярод буйных прадпрыемстваў галіны: Клімавіцкі лікёра-гарэлачны з-д (14 найменняў гарэлкі, 9 найменняў горкіх настоек, бальзам «Клімавіцкі»), лікёра-гарэлачныя з-ды ў Віцебску, Брэсце, Гомелі і Гродне. Выпуск лікёра-гарэлачных вырабаў наладжаны таксама на шматлікіх вінзаводах (Слонім, Пружаны, Ілава і інш.). Сярод бел. бальзамаў найб. вядомы «Беларускі», «Брэсцкі», «Чорны рыцар». Прадпрыемствы Л.-г.п. неаднаразова ўдзельнічалі ў шматлікіх міжнар. выстаўках, дзе атрымлівалі дыпломы, медалі і прызы «За лепшую якасць прадукцыі».

П.​І.​Рогач.

Да арт. Лікёра-гарэлачная прамысловасць. Цэх разліву гарэлкі і гарэлачных вырабаў на Мінскім вінна-гарэлачным заводзе «Крышталь».

т. 9, с. 257

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«НАШ КРАЙ»,

часопіс, орган Цэнтральнага бюро краязнаўства (ЦБК) пры Інбелкульце. Выдаваўся з кастр. 1925 да студз. 1933 у Мінску на бел. мове раз у месяц. Рэдактар З.Бядуля. Яго выдаўцы ставілі за мэту вывучэнне прыродных і прадукцыйных сіл Беларусі, духоўных традыцый яе народаў. Даследаванні вяліся па 3 асн. кірунках: прыродна-геагр., грамадска-эканам. і культ.-гістарычным. Матэрыялы часопіса адлюстроўвалі феналагічныя назіранні, даследаванні флоры і фауны розных рэгіёнаў Беларусі (публікацыі П.​Салаўёва, В.​Перахода, М.​Збіткоўскага, С.​Мельніка, В.​Палянскай, І.​Сяржаніна, А.​Фядзюшына), актыўна ўзнімалі пытанні аховы прыроды (В.​Купрэвіч, Фядзюшын). У геагр., гіст. і эканам. аспектах вывучаліся гарады, мястэчкі, раёны, вёскі (М.​Азбукін, Дз.​Даўгяла, Я.​Крукоўскі, Д.​Васілеўскі, Я.​Сяргеенка, В.​Самцэвіч). Змяшчаліся аналіт. апісанні прыродных ландшафтаў, азёр, рэк, балот, паркаў (У.​Уладзіміраў, Я.​Троська, Ю.​Лапіцкі і інш.). Вынікі краязнаўчага вывучэння традыц. духоўнай і матэрыяльнай культуры, побыту беларусаў асвятлялі М.​Каспяровіч, А.​Немцаў, М.​Мялешка і інш., звычаёвае права — І.​Бонч-Асмалоўскі, Р.​Парэчын, нар. медыцыны — К.​Гурвіч, А.​Жаўрыд, Купрэвіч. Пра літ. краязнаўства пісалі Васілеўскі, Каспяровіч, А.​Шашалевіч (А.​Мрый), Т.​Кулакоў і інш. Краязнаўцы Самцэвіч, С.​Нікіфаровіч, Кулакоў і інш. змяшчалі даследаванні пра ф-кі, з-ды, камуны, саўгасы і калгасы, кірмашы Беларусі. Публікаваліся матэрыялы пра сял. і рабочы рух, рэв. падзеі, партыз. рух. Краязнаўства нац. меншасцей Беларусі прадстаўлена ў публікацыях І.​Сосіса, Г.​Аляксандрава, В.​Скардзіса, К.​Мартэнсона. Часопіс арыентаваў краязнаўцаў на збор слоўніка жывой мовы, нар. тэрмінаў, у т. л. па анатоміі і заалогіі, на складанне рэгіянальных геагр. слоўнікаў, збіранне звестак па нар. мастацтве, рамёствах, промыслах, па гісторыі тэатра. «Н.к.» апублікаваў больш за 100 праграм, анкет, інструкцый па розных галінах краязнаўчай дзейнасці, у т. л. па зборы вусна-паэтычнай творчасці, нар. музыцы. Інфармаваў чытачоў пра дзейнасць ЦБК, пра ход усебел. краязнаўчых з’ездаў і канферэнцый, працу акруговых і раённых т-ваў краязнаўства, музеяў, змяшчаў бібліяграфію па краязнаўстве. Выйшаў 61 нумар. У 1930—33 час. наз. «Савецкая краіна».

А.​С.​Ліс.

т. 11, с. 246

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЖЛО́БІНСКІ РАЁН,

на ПнУ Гомельскай вобл. Утвораны 17.7.1924 (у сучасных межах з 1962). Пл. 2,1 тыс. км². Нас. 38,1 тыс. чал. (1997). Сярэдняя шчыльнасць 18 чал. на 1 км². Цэнтр раёна — г. Жлобін; г.п. Стрэшын, 156 сельскіх нас. пунктаў. Падзяляецца на Стрэшынскі пасялковы Савет і 16 сельсаветаў: Акцябрскі, Верхнеалбянскі, Дабрагашчанскі, Кабанаўскі, Кароткавіцкі, Кіраўскі, Луцкі, Майскі, Малевіцкі, Навамаркавіцкі, Папаратнянскі, Пірэвіцкі, Салонскі, Стараруднянскі, Чырвонабярэжскі, Шчадрынскі.

Раён размешчаны пераважна ў межах Гомельскага Палесся, паўн.-зах. ч. ў межах Цэнтральнабярэзінскай раўніны, асноўная ч. тэр. занята Прыдняпроўскай нізінай. Паверхня плоская з выш. 130—145 м. Найвыш. пункт 151,5 м (каля в. Дабрагошча). Карысныя выкапні: нафта, торф, гліны, пяскі. Сярэдняя т-ра студз. -6,9 °C, ліп. 18,4 °C. Ападкаў 595 мм за год. Вегетац. перыяд 193 сут. Рэкі: Дняпро з прытокамі Бярэзіна, Добасна, Окра і Ржаўка, прыток Бярэзіны р. Ала. Пашыраны глебы дзярнова-падзолістыя (40,6%), тарфяна-балотныя (13,2%). Пад лесам 31,1%. Пераважаюць хваёвыя і бярозавыя, сустракаюцца чорнаальховыя і дубовыя лясы. Балоты займаюць 2,9% тэр. Помнік прыроды — Чырвонабярэжскі парк, гідралагічны заказнік Выдрыца.

Агульная плошча с.-г. угоддзяў 101 тыс. га, з іх асушана 32,4 тыс. га. На 1.1.1997 у раёне 19 калгасаў, 9 саўгасаў, Чырвонабярэжскі саўгас-тэхнікум, 2 птушкафабрыкі, прадпрыемствы па кормавытворчасці «Ала». Асн. галіна сельскай гаспадаркі — малочна-мясная жывёлагадоўля, свінагадоўля, птушкагадоўля. Вырошчваюць збожжавыя, бульбу, лён, кармавыя культуры. Прадпрыемствы паліўнай (торфабрыкет), пач. апрацоўкі лёну (ільнозавод), харч. (мясакамбінат, малочны, крухмала-патачны з-ды) прам-сці; домабудаўнічы камбінат і камбінат буд. матэрыялаў. Лясгас. Здабыча фармовачных пяскоў. Па тэр. раёна праходзяць чыгункі Мінск—Гомель і Магілёў—Калінкавічы, аўтадарогі Бабруйск—Гомель, Рагачоў—Светлагорск. Суднаходства па Бярэзіне і Дняпры. У раёне 25 сярэдніх, 7 базавых, 7 пач. школ, Чырвонабярэжскі с.-г. тэхнікум, дапаможная школа-інтэрнат, 52 дашкольныя ўстановы, 37 клубаў, 37 бібліятэк, 8 бальніц, 29 фельч.-ак. пунктаў. Помнікі архітэктуры: Пакроўская царква (1807) у г.п. Стрэшын, сядзіба — палаца-паркавы ансамбль (1890—1893) у в. Чырвоны Бераг; ветраны млын (19 ст.) каля в. Ляды, царква Усіх Святых (1902) у в. Пірэвічы.

Выдаецца аб’яднаная раённая і гарадская газ. «Новы дзень».

С.​І.​Сідор.

т. 6, с. 435

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАЗА́НЬ,

горад, сталіца Татарстана, у Расійскай Федэрацыі, на левым беразе р. Волга, каля ўпадзення р. Казанка. 1085 тыс. ж. (1996). Вузел чыгунак, рачны порт, аэрапорт. Прам-сць: машынабуд. і металаапр. (з-ды авіяц., маторабуд., ЭВМ, медыка-інструментальны, газавай апаратуры і інш.), хім. і нафтахім. (каўчук, кінафотаплёнка), лёгкая (футравая, гарбарная і інш.), харчовая; вытв-сць будматэрыялаў. 11 ВНУ, у т. л. ун-т (з 1804), кансерваторыя.

Засн. ў 1177 волжскімі балгарамі. З канца 13 ст. пагран. крэпасць (наз. Булгараль-Джадзід ці Новы Булгар) на ПнЗ Балгарыі Волжска-Камскай. У 13—14 ст. сталіца Казанскага княства. У 1399 зруйнавана войскам маск. князя Юрыя Дзмітрыевіча. З 15 ст. эканам. і ганда. цэнтр Сярэдняга Паволжа, сталіца Казанскага ханства. У 1552 заваявана войскам Івана IV Грознага і далучана да Расіі. З 1708 губ. горад. У 1714 узнікла першая мануфактура (суконная), у 1718 — адміралцейства (дзейнічала да 1827). У ліп. 1774 горад узяты штурмам атрадамі Е.​І.​Пугачова і спалены. У Вял. Айч. вайну ў горадзе размяшчаліся эвакуіраваныя з зах. раёнаў СССР прадпрыемствы, установы, людзі, у т. л. з Беларусі.

У цэнтры горада — крэмль са сценамі і вежамі (16 ст., рэканструяваны ў 17 і 19 ст.), Благавешчанскім саборам (1562, дойліды Поснік Якаўлеў, І.​Шырай), дазорнай вежай Сююмбекі (канец 17—1-я пал. 18 ст., падмурак, магчыма, 16 ст.; выш. 58 м), губернатарскім палацам (сярэдзіна 19 ст., арх. К.​А.​Тон і В.​Морган; цяпер будынак Вярх. Савета Татарстана). Сярод інш. арх. помнікаў: Петрапаўлаўскі сабор (1723—26 з 6-яруснай званіцай; цяпер планетарый), дом Міхляева (пач. 18 ст.), мячэць Марджані (1766; элементы рус. барока, матывы тат. арнаменту); у стылі класіцызму — Казанскі ун-т (гал. будынак 1825, арх. П.​Г.​Пятніцкі; б-ка, анатамічны т-р, абсерваторыя, 1830-я г., арх. М.​П.​Карынфскі). Пасля 1960-х г. створана пл. Свабоды з будынкам т-ра оперы і балета імя М.​Джаліля; пабудаваны стадыён, рачны вакзал, цырк, канцэртная зала кансерваторыі, гасцініца «Татарстан», Музей выяўл. мастацтваў Татарстана і інш. На берагах рэк Казанка і Волга развіваецца адм. і грамадскі цэнтр горада.

Казань. Крэмль.

т. 7, с. 415

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАПЫ́ЛЬ,

горад, цэнтр Капыльскага р-на Мінскай вобл., на р. Мажа. За 120 км ад Мінска, 9 км ад чыг. ст. Цімкавічы на лініі Баранавічы—Асіповічы. 10,8 тыс. ж. (1998).

Упершыню ўпамінаецца пад 1274 у Галіцка-Валынскім летапісе. З 1320-х г. у складзе ВКЛ. У 1395 утворана Капыльскае княства з цэнтрам у К., уладанне кн. Уладзіміра Альгердавіча, з пач. 15 ст. рэзідэнцыя князёў Алелькавічаў. У жн. 1506 слуцкія і капыльскія баяры разбілі каля К. рэшткі войска крымскіх татар. 25.11.1595 у час Налівайкі паўстання 1594—96 каля К. адбыўся бой казацкага атрада на чале з палкоўнікам Марцінкам з войскам К.​Радзівіла. З 1612 К. перайшоў да Радзівілаў. У 1652 К. атрымаў прывілей на магдэбургскае права, меў герб — на залатым полі выява паляўнічага рога. З канца 16 ст. ў К. былі кальвінскі збор і царква. У 17 ст. К. славіўся рамёствамі; было 6 цэхаў. З 1791 у складзе Случарэцкага пав. Навагрудскага ваяв. З 1793 у Рас. імперыі — мястэчка Слуцкага пав. Мінскай губ. З 1832 прыватнаўладальніцкае мястэчка кн. Вітгенштэйна. У 1880-я г. ў К. створана група народнікаў. У 1897—4463 ж., піваварны завод, 2 млыны, 6 крам, 3 школы, царква, касцёл, кальвінскі збор, 2 яўр. малітоўныя дамы. У 1903 створана група, у 1905 арг-цыя РСДРП. У лют.—снеж. 1918 акупіраваны герм., у жн. 1919 — ліп. 1920 — польскімі войскамі. З ліп. 1924 цэнтр раёна, У 1926—4 тыс. ж., сыраварны і цагельны з-ды, ганчарная, шавецкая арцелі. З 27.9.1938 гар. пасёлак. З 29.6.1941 да 1.7.1944 акупіраваны ням. фашыстамі, якія загубілі тут 2915 жыхароў, адбыліся капыльскія баі 1942, 1944 партызан з гітлераўцамі. У 1977—5,7 тыс. ж. З 29.4.1984 горад.

Капыльскі завод гумава-тэхнічных вырабаў, прадпрыемствы харч. прам-сці. Капыльскі краязнаўчы музей. Брацкая магіла сав. воінаў і партызан, магілы ахвяр фашызму. Помнік архітэктуры — царква (19 ст.). Помнікі археалогіі — гарадзішча і курганныя могільнікі.

А.​П.​Грыцкевіч, Л.​У.​Калядзінскі.

Горад Капыль. Забудова Калгаснай плошчы.

т. 8, с. 34

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПІ́ЗА (Pisa),

горад у Цэнтр. Італіі, на р. Арна, у вобл. Таскана. Адм. цэнтр прав. Піза. Каля 120 тыс. ж. (2000). Трансп. вузел. Міжнар. аэрапорт. Злучаны суднаходным каналам з портам Ліворна. Прам-сць: маш.-буд., хім., фармацэўтычная, шкляная, керамічная, тэкст., гарбарна-абутковая. Ун-т (з 1343), у якім вучыўся Г.​Галілей. Нац. музей Сан-Матэа.

У старажытнасці горад этрускаў, з 180 да н.э. рым. калонія. З 4 ст. н.э. рэзідэнцыя епіскапа. У 9—11 ст. буйны гандл. цэнтр. У пач. 11 ст. жыхары П. вялі паспяховую барацьбу з арабамі, авалодалі Корсікай і Сардзініяй, удзельнічалі ў 1-м крыжовым паходзе (1096—99), атрымалі вял. прывілеі на Усходзе, мелі факторыі ў Сірыі, Палесціне і Канстанцінопалі. Паспяховы паход у 1113—14 супраць араб. панавання на Балеарскіх а-вах забяспечыў П. ўплыў у Зах. Міжземнамор’і. Канкурэнцыя Генуі і Венецыі, разгром генуэзцамі пізанскага флоту (1284) прывялі да заняпаду ў П. марскога гандлю, да страты Сардзініі. У сярэдзіне 11 ст. ў П. консульскае праўленне, у сярэдзіне 12 ст. камуна, у 14 п. ўсталявана тыранія. У 1406 П. заваявана Фларэнцыяй. З 1569 у складзе Вял. герцагства Тасканскага, разам з якім у 1861 увайшла ў аб’яднанае Італьян. каралеўства.

Ад рым. часоў захаваліся рэшткі тэрмаў (2 ст. н.э.), амфітэатра, форума. Раманскія пабудовы ў П. паўплывалі на развіццё сярэдневяковага дойлідства Італіі. Яны адметныя багатай пластыкай фасадаў, ажурнасцю арх. дэкору (шмат’ярусныя аркатуры), арыгінальнай колеравай кампазіцыяй (чаргаванне белага і чорнага мармуру): ансамбль саборнай плошчы («Плошчы цудаў») з саборам (1063—1160, 5-нефавая базіліка, у інтэр’еры амбон работы Дж.​Пізана); кампаніла, ці т. зв. «Падаючая вежа» (1174—1372); баптыстэрый (пачаты ў 1153, скульпт. вонкавы дэкор і амбон — Н.​Пізана); крытыя могілкі Кампасанта (з 1278 арх. Дж. ды Сімоне). Сярод інш. помнікаў: касцёл Сан-Паала а Рыпа д’Арна (1148), Палацца дэі Кавальеры (перабудова, 1562), касцёл Сан-Стэфана дэі Кавальеры (1565—69. абодва арх. Дж.​Вазары). Нац. музей Сан-Матэа (тасканскі жывапіс і скульптура 12—15 ст.). Ансамбль саборнай плошчы ўключаны ЮНЕСКА у спіс Сусветнай спадчыны.

Я.​Ф.​Шунейка (архітэктура).

Піза. Ансамбль саборнай плошчы.

т. 12, с. 350

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СТО́ЎБЦЫ,

горад, цэнтр Стаўбцоўскага р-на Мінскай вобл., на правым беразе р. Нёман. Чыг. ст. на лініі Мінск—Брэст. Каля шашы Мінск—Брэст, вузел аўтадарог на Мір, Івянец, Рубяжэвічы, Нясвіж. За 78 км на ПдЗ ад Мінска. 16,8 тыс. ж. (2001).

Паводле некаторых звестак, вядомы з 1511. У пач. 17 ст. мястэчка Мінскага пав., уласнасць А.​Слушкі, які заснаваў Стаўбцоўскі кляштар дамініканцаў. У 1655 у час вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67 разрабаваны і спалены, у 1706 у час Паўн. вайны 1700—21 моцна разбураны, але хутка аднаўляліся і атрымлівалі пацвярджэнне на таргі і кірмашы. З пач. 18 ст. ўласнасць С.​Дэнгафа, з 1728 — Чартарыйскіх, цэнтр графства. 144 двары, царква, касцёл (з 1623), ратуша, школа і кляштар са шпіталем, карчма, буйная рачная прыстань з 16 складамі. У 1729 мястэчка атрымала магдэбургскае права. З 1793 у Рас. імперыі, з 1796 цэнтр воласці Мінскага пав. У вайну 1812 моцна пацярпелі. З 1831 дзярж. ўласнасць. У 1871 за 2 км ад С. заснавана аднайм. станцыя на чыг. Масква—Брэст. У 1886 у С. 1070 ж., 186 двароў, 2 царквы, сінагога, 2 яўр. малітоўныя дамы, школа, 20 крам; у 1897 на станцыі 120 ж., 8 двароў. З 1921 у Польшчы, горад, цэнтр гміны і Стаўбцоўскага павета ў Навагрудскім ваяв., 2956 ж. У 1931 арганізавана Беларускае таварыства дабрачыннасці. З 1939 у БССР, з 1940 цэнтр Стаўбцоўскага раёна. У Вял. Айч. вайну з 28.6.1941 да 2.7.1944 акупіраваны ням. фашыстамі, якія загубілі ў С. і раёне 4,9 тыс. жыхароў. У 1989—12,1 тыс. жыхароў.

Працуюць хлебны, малочны, садавіна-агароднінны, мех. з-ды, дрэваапр. камбінат, фірма «Аграмашзапчастка», камбінат быт. паслуг; 3 сярэднія, вячэрняя, пач., спарт. школы, школа мастацтваў, Дом дзіцячай і юнацкай творчасці, Дом культуры, карцінная галерэя, 2 б-кі, кінатэатр, бальніца, паліклініка. Брацкая магіла сав. воінаў і партызан, магілы ахвяр фашызму. Помнікі: Вызвалення, Ф.​Э.​Дзяржынскаму. Мемарыяльная сядзіба Я.​Коласа ў Акінчыцах — частка Коласа Якуба літаратурна-мемарыяльнага музея філіяла. Помнік архітэктуры — царква Святой Ганны (1825).

Літ.:

Деленковский Н.И., Турко А.М. Столбцы: Ист.-экон. очерк. Мн., 1981.

С.​А.​Галоўка.

Горад Стоўбцы. Рэстаран «Нёман».

т. 15, с. 189

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)