ІЗАЛІ́НІІ (ад іза + лінія),
лініі на геагр. картах, разрэзах і графіках, якія злучаюць кропкі з роўнымі колькаснымі значэннямі пэўнай велічыні. Даюць характарыстыку безупынных з’яў у некаторы перыяд або момант часу (напр., ізабары, ізабаты). Выкарыстоўваюцца пры картаграфаванні прыродных і сац.-эканам. з’яў, для атрымання іх колькаснай характарыстыкі і для аналізу карэляцыйных сувязей паміж імі.
т. 7, с. 174
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІЗАЛЯ́ТАР (франц. isolateur ад isoler раз’ядноўваць),
1) рэчыва з вельмі вял. удзельным эл. супраціўленнем (гл. Дыэлектрыкі).
2) Прыстасаванне, частка канструкцыі, што прадухіляе ўтварэнне эл. кантакту, а таксама забяспечвае мех. сувязь паміж часткамі эл. абсталявання (гл. Ізалятар электрычны).
3) Адасобленае памяшканне для хворых (гл. Бокс) або асоб, для якіх ёсць патрэба ў ізаляцыі (напр., следчы ізалятар).
т. 7, с. 174
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІЗАСТАЗІ́Я (ад іза... + грэч. stasis стан, становішча),
ізастатычная раўнавага, становішча верхніх гарызонтаў Зямлі (зямной кары, літасферы), якое праяўляецца ва ўраўнаважанні ўнутры астэнасферы на глыб. 100—150 км (глыбіня кампенсацыі) ціску вышэйляжачых гарызонтаў. Істотная ч. ізастатычнай кампенсацыі забяспечваецца зменамі магутнасці зямной кары, варыяцыямі шчыльнасці падкоравага слоя і зменамі таўшчыні літасферы. Значна ўплывае на амплітуду тэктанічных рухаў.
т. 7, с. 177
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
І́МАТРА (Imatra),
вадаскат у Фінляндыі, на р. Вуокса, за 7 км ад яе вытоку з воз. Сайма, у месцы прарыву праз граду Салпаўселькя. Выш. падзення 18,4 м (на працягу 1,5 км), шыр. 25—50 м. Сярэдні расход вады каля 600 м³/с. Большая ч. вады ідзе на жыўленне ГЭС каля г. Іматра. Турызм.
т. 7, с. 208
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІНДУКТАТЭРМІ́Я (ад лац. inductio навядзенне + грэч. thermē цяпло),
метад электралячэння, пры якім пэўныя ўчасткі цела хворага награваюцца пад уздзеяннем віхравых токаў, індуцыраваных высокачастотным эл.-магнітным полем. Пад уплывам токаў утвараецца цяпло ў месцах іх уздзеяння, паляпшаюцца кровазварот, умовы для рассысання запаленчых ачагоў, нармалізацыі нерв. і мышачных працэсаў, павышаецца абмен рэчываў, зніжаецца боль.
т. 7, с. 235
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІНДЫГО́ІДНЫЯ ФАРБАВА́ЛЬНІКІ,
група кубавых фарбавальнікаў, блізкіх па будове да індыга. У асобны падклас — тыяіндыгоідныя фарбавальнікі — вылучаны І.ф., малекулы якіх маюць атамы серы. Вызначаюцца шырокай гамай колеру — ад аранжавага да чорнага, добрай трываласцю, аднак па трываласці да святла саступаюць поліцыклічным кубавым фарбавальнікам. Атрымліваюць сінт. метадамі. Выкарыстоўваюць у асн. для стварэння адбіткаў на тканінах з цэлюлозных валокнаў.
т. 7, с. 240
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІНДЭРАГІ́РЫ (Inderagiri),
рака на в-ве Суматра, у Інданезіі. Даўж. каля 400 км, пл. бас. больш за 20 тыс. км². Пачынаецца ў хр. Барысан, цячэ па забалочаных раўнінах Усх. Суматры, упадае ў Паўд.-Кітайскае м. Жыўленне дажджавое. Паўнаводная на працягу ўсяго года. Сярэдні гадавы расход вады 1100 м³/с. Суднаходная на 150 км ад вусця.
т. 7, с. 256
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІНКЛІНА́ТАР (ад лац. inclino нахіляю),
прылада для вымярэння нахілення магнітнага. Непасрэднае вымярэнне нахілення робяць стрэлачным І. (мае магн. стрэлку з гарыз. воссю вярчэння, якая праходзіць праз цэнтр цяжару стрэлкі) і індукцыйным І. (дзеянне заснавана на ўзнікненні эдс або току індукцыі ў шпулі, якая верціцца ў магн. полі Зямлі). Ёсць таксама І. феразондавыя і інш.
т. 7, с. 261
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІНСУРГЕ́НТ (ад лац. insurgens паўстае),
1) удзельнік узбр. паўстання (інсурэкцыі) супраць урада; у гэтым значэнні слова «І.» шырока выкарыстоўвалася ў рус. л-ры 19 — пач. 20 ст. І. называліся ўдзельнікі паўстання 1863—64 у Польшчы, на Беларусі і ў Літве.
2) У Венгрыі да 1848 удзельнік інсурэкцыі — дваранскага апалчэння, якое склікалася для абароны краіны.
т. 7, с. 276
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІНТРУ́ЗІЯ (позналац. intrusio ад лац. intrudo упіхваю),
працэс укаранення расплаўленай магмы ў тоўшчу зямной кары. І. звычайна суправаджаюць арагенныя (гораўтваральныя) працэсы Магма, якая застывае на розных глыбінях, дае пачатак многім інтрузіўным горным пародам і геал. целам (штокі, баталіты, лакаліты, жылы і інш.). На Беларусі І. пашыраны сярод архейскіх і ніжнепратэразойскіх утварэнняў крышт. фундамента.
т. 7, с. 278
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)