ХВОШЧАПАДО́БНЫЯ.

членістасцябловыя (Equisetophyta), аддзел вышэйшых споравых раслін. 3 кл.: хвашчовыя, кліналістыя, гіеніевыя. Паходзяць ад псілафітаў. Вядомы з верхняга дэвону, найб. пашырыліся ў карбоне, вымерлі ў пач. мезазою. Прадстаўнікі ўсіх класаў існуюць у выкапнёвым стане, акрамя роду хвошч.

Сучасныя Х. — шматгадовыя карэнішчавыя травы. Сцёблы ад некалькіх сантыметраў да некалькіх метраў, зялёныя (фотасінтэзуючыя) або 2 тыпаў: бесхларафільныя (спараносныя, хутка адміраюць) і зялёныя (вегетатыўныя). Усе віды сцёблаў баразнаватыя, расчлянёныя, як і карэнішчы, на вузлы і полыя міжвузеллі (адсюль другая назва). У вузлах кальчакі галін і дробнага, часта лускападобнага і бесхларафільнага лісця, якое зрастаецца похвамі ў трубку. Спарангіі ў верхавінкавых стробілах. Расліны раўнаспоравыя. Гаметафіт (зарастак) адна- ці двухполы. зялёны, маленькі (некалькі міліметраў). Апладненне адбываецца толькі пры наяўнасці вады на паверхні гаметафіту.

Дз.​І.​Траццякоў.

т. 17, с. 5

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)