ЛАЎРЫНЕ́НКАЎ (Уладзімір Дзмітрыевіч) (17.5.1919, в. Птахіна Пачынкаўскага р-на Смаленскай вобл., Расія — 14.1.1988),
удзельнік вызвалення Беларусі ў Вял.Айч. вайну. Двойчы Герой Сав. Саюза (1943, 1944), ген.-палк. авіяцыі (1971). Скончыў Чугуеўскае ваен.авіяц. вучылішча (1941), ваен. акадэміі імя Фрунзе (1948) і Генштаба (1954). З ліп. 1942 на Зах., Варонежскім, Сталінградскім, Паўд., 3-м і 1-м Бел. франтах, удзельнік баявых вылетаў з авіяпалком «Нармандыя—Нёман»: камандзір звяна, эскадрыллі знішчальнага авіяпалка. Зрабіў 448 баявых вылетаў, збіў 46 самалётаў ворага. Чл.ЦККПБ (1966—71), Дэп. Вярх. СаветаБССР (1967—71). Аўтар кн. «Вяртанне ў неба» (1974), «Сокал-1» (1976), «Без вайны» (1982) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛАЎЦЭ́ВІЧ (Лаўцінская, Лаўчынская) Разалія (1767 ?, Пастаўшчына — ?), бел. танцоўшчыца. Прыгонная падскарбія надворнага літ. А.Тызенгаўза. Вучылася ў яго балетнай школе ў Гродне. У жн. 1778 удзельнічала як салістка ў школьным спектаклі «Сялянскі балет» Г.Петынеці на сцэне Гродзенскага т-ра. У 1785—94 у балетнай трупе «Т-ва танцоўшчыкаў яго каралеўскай вялікасці» ў Варшаве, выступала на каралеўскай сцэне і ў Нац. т-ры. Пасля задушэння паўстання 1794 у балетных трупах С.Гальніцкага і Т.Трускаляскага. У 1797 па ініцыятыве і за кошт былога караля Станіслава Аўгуста Панятоўскага выехала ў Пецярбург і паступіла фігуранткай у трупу імператарскіх т-раў. З 1799 выступала пад прозвішчам Дукштэйн.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛАХТ ((Laht) Уна) (н. 30.4.1924, г. Валга, Эстонія),
эстонскі пісьменнік. Зб-кам сатыр. вершаў «Малочныя зубы» (1954), «Запламбаваныя малочныя зубы» (1956), «Вэнджаныя вугры і росныя ружы» (1960), «Мая родная даматканая глуш» (1973), «Ружовы шум» (1981) і інш. уласцівы актуальнасць тэматыкі і сатыр. вастрыня. Аўтар зб-каў гумарэсак і фельетонаў «Літаратурныя пародыі» (1969), навел «Ліквідацыя бардэля» (1974), прозы «На падножным корме» (1982), у якіх своеасабліва спалучаны сатыр. і рамант. элементы, п’ес. На бел. мову асобныя вершы Л. пераклаў У.Шахавец.
Тв.:
Рус.пер. — Соленый огурец. М., 1956;
В одном лице. М., 1960;
Банановый корабль в сиреневом тумане, и другое — с мягким прибалтийским акцентом. Таллин, 1985.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛА́ШКАВА (Лілі Марынава) (н. 7.9.1943, Сафія),
балгарскі мовазнавец і перакладчык. Канд.філал.н. (1972). Скончыла Сафійскі ун-т (1966), дзе працуе на кафедры слав. мовазнаўства. Удзельніца бел.-балг.навук. сімпозіумаў па параўнальным мовазнаўстве ў Мінску (1976, 1982, 1987), Сафіі (1979). Аўтар даследаванняў «Пра некаторыя функцыянальныя адпаведнасці балгарскага азначальнага члена ў беларускай мове» (1976; разам з Л.Куевай-Шверчак), «Да тыпалогіі складаных прыметнікаў у беларускай і балгарскай мовах» (1983) і інш. На балг. мову пераклала аповесці «Дрыгва» Я.Коласа, «Найдорф» І.Пташнікава, «Запіскі Занядбайлы» Б.Сачанкі, «Раданіца» А.Кудраўца, асобныя апавяданні Я.Коласа, Л.Гаўрылкіна, М.Гіля, Г.Далідовіча, Кудраўца, Пташнікава для анталогіі «Пад пошум дубоў» (1981).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЕ́БЕДЗЕВА (Лідзія Аляксандраўна) (10.3.1871, в. Лапцева Краснахолмскага р-на Цвярской вобл., Расія — 18.11.1950),
савецкі батанік, адзін з першых даследчыкаў мікалагічнай флоры на Беларусі. Д-рбіял.н. (1937), праф. (1946). Працавала ў Ленінградзе: з 1930 ва Усесаюзным ін-це раслінаводства, з 1938 у Бат. ін-це АНСССР. Навук. працы па геабат. даследаваннях грыбных харч. рэсурсаў Беларусі.
Тв.:
Первый список грибов и миксомицетов Белоруссии;
Второй список грибов и миксомицетов Белоруссии // Зап.Бел. гос. ин-та сельского и лесного хозяйства. 1925. Вып. 4, 9;
Третий список грибов миксомицетов Белоруссии // Тр. Ботанического ин-та АНСССР. Сер. 2. Споровые растения. 1935. Вып. 2.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЕБЯДО́ЎСКАЯ КУЛЬТУ́РА,
археалагічная культура плямён эпохі позняй бронзы (11—9 ст. да н.э.). Назва ад в. Лебядоўка Кіеўскай вобл., дзе даследавана паселішча гэтай культуры. На думку некат. даследчыкаў, з’яўляецца познім этапам сосніцкай культуры. Частка даследчыкаў акрэслівае яе паўн. мяжу па р. Дзясна і Сейм, другія пашыраюць яе позні этап на ўсё Бел. Падняпроўе. Для Л.к. характэрны грубыя ляпныя гаршкі з дамешкамі жарствы ў гліну, цюльпанападобнай ці яйцападобнай формы, са слабапрафіляваным тулавам і вузкім няўстойлівым дном, пад венчыкам арнамент наколамі круглай палачкі. У Беларусі даследаваны паселішча Л.к. Заспа Рэчыцкага р-на Гомельскай вобл. і курганны могільнік Прыбар Гомельскага р-на.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЕ́ВІНА (Эла Пятроўна) (н. 7.11.1927, Кіеў),
бел. архітэктар. Засл. архітэктар Беларусі (1991). Скончыла Кіеўскі інж.буд.ін-т (1950). З 1953 працавала ў ін-це «Белдзяржпраект», з 1961 у ін-це «Мінскпраект» (гал. архітэктар праектаў). Асн. работы ў Мінску: серыі цагляных і буйнаблочных жылых дамоў; шматпавярховыя жылыя дамы на пр. Машэрава (1962—67), Лагойскім тракце (ад вул. Валгаградскай да вул. Гамарніка), па вул. Казінца, Рэспубліканскай, М.Багдановіча; гандл.-грамадскія цэнтры «Вільнюс» (1975), «Зялёны Луг 5» (1978), «Зялёны Луг 7» (1983); планіроўка, праектаванне і забудова мікрараёнаў Зялёны Луг 1, 2, 3, 5, 7 (1962—80-я г.), шляхаправоды на праспектах Ф.Скарыны і Машэрава (усе ў сааўт.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЕ́НІНСКІ,
біялагічны заказнік рэсп. значэння ў Салігорскім р-не Мінскай вобл. і Жыткавіцкім р-не Гомельскай вобл.Засн. ў 1960 у цэнтр.ч.Бел. Палесся паміж р. Случ і Лань. Пл. 42 тыс.га. Нізінныя, пераходныя і вярховыя балоты ў спалучэнні з сухадольнымі, верасовымі, чарнічнымі і імшыстымі хвойнікамі. На нізінных балотах чорнаальховыя і пушыстабярозавыя лясы. Невял. колькасць дуброў з прымессю ясеню і грабу. Водзяцца лось, казуля, дзік, ліс, янотападобны сабака, заяц-русак; баравая дзічына, вадаплаўныя і балотныя птушкі. Рэакліматызаваны рачны бабёр, рассялілася андатра. Шмат жывёл, занесеных у Чырв. кнігу Беларусі (чарапаха балотная, зімародак звычайны, пугач, бугай вялікі, бусел чорны і інш.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІПАГРАМАТЫ́ЧНЫ ВЕРШ,
верш, інструментаваны такім чынам, што ў ім адсутнічае які-небудзь адзін ці некалькі гукаў (літар). Часам Л.в. ствараюць дзеля мілагучнасці. Часцей за ўсё Л.в. — гэта своеасаблівы верш-забава, які дэманструе версіфікатарскія здольнасці паэта і гукавыя магчымасці пэўнай мовы. У бел. паэзіі Л.в. надзвычай рэдкія. Адзін з нямногіх — «Матылёк» Р.Барадуліна, у якім выразная алітэрацыя на «л» і ні разу не ўжыты гук «р»:
Лілею
млявы
плёс
люляе,
З-пад злежалых
аблок
здалёк
Ляціць віхлясты і бялявы
Пялёстак лёгкі —
матылёк.
Ён кліча у блакіт лілею —
Каб не любіла больш да слёз
Бліскучы ад лускі і глею
Самлелы,
абмялелы
плёс.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛО́ЙКА (Валерый Аляксандравіч) (н. 8.6. 1946, в. Саўцавічы Баранавіцкага р-на Брэсцкай вобл.),
бел. фізік. Д-рфіз.-матэм.н. (1991). Скончыў Горкаўскі ун-т (г. Ніжні Ноўгарад, 1968). З 1968 у Ін-це фізікі Нац.АН Беларусі. Навук. працы па фіз. оптыцы, оптыцы рассейвальных асяроддзяў. Развіў тэорыю фарміравання аптычнага відарыса ў фатагр. галагена-сярэбраных слаях; паказаў магчымасць гашэння кагерэнтнай складальнай для монаслаёў часцінак дысперснага рэчыва, прапанаваў метад кіравання аптычным выпрамяненнем у капсуляваных вадкіх крышталях.
Тв.:
Оптика фотографического слоя. Мн., 1983 (разам з А.П.Івановым);
Распространение света в плотноупакованных дисперсных средах. Мн., 1988 (разам з А.П.Івановым, У.П.Дзікам).