ДАЦЫ́Т (ад лац. Dacia Дакія),
магматычная горная парода, эфузіўны аналаг гранадыярытаў і кварцавых дыярытаў. Складзена з тонказярністай або шклістай асн. масы і ўкрапванняў плагіяклазу, кварцу, рагавой падманкі і інш. Структура парфіравая або афіравая. Колер светла-шэры, зеленавата-шэры, чырванаваты. Шчыльн. 2650 кг/м³. Д. вядомы ў вулканагенных тоўшчах усіх узростаў, асабліва ў кайназойскіх. Буд. матэрыял.
т. 6, с. 71
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІДРАТЦЭЛЮЛО́ЗА,
структурная мадыфікацыя цэлюлозы. Цвёрдае рэчыва белага колеру. У адрозненне ад прыроднай цэлюлозы (з якой яе атрымліваюць) лепш раствараецца ў шчолачах, афарбоўваецца, больш гіграскапічная і рэакцыйназдольная ў водных растворах. З гідратцэлюлозы складаюцца віскознае валакно, медна-аміячныя валокны, вытв-сць якіх уключае стадыю пераводу цэлюлозы ў гідратцэлюлозу (напр., асаджэннем з раствору, мех. разломам).
т. 5, с. 232
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІДРАТЫ́ПІЯ (ад гідра... + грэч. typos адбітак),
выраб фатаграфічных каляровых выяў (пазітываў) з выкарыстаннем водарастваральных фарбавальнікаў. Заключаецца ў паслядоўным перанясенні трох часткова афарбаваных выяў (чырвонай, зялёнай і сіняй) у выглядзе жэлацінавых рэльефаў (матрыц), пакрытых фарбавальнікамі, на фотапаперу або кінаплёнку. Добра перадае колеры выяў, забяспечвае іх устойлівасць супраць выцвітання. Асабліва прыдатная пры масавым друкаванні каляровых кінафільмаў.
т. 5, с. 233
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІПАКО́ТЫЛЬ (ад гіпа... + грэч. kotylē паглыбленне, чаша),
падсемядольнае калена, самы ніжні ўчастак сцябла праростка насеннай расліны перад семядольным вузлом. Унізе пераўтвараецца ў корань і часта мае анатамічную будову з прыкметамі сцябла і кораня. У некат. раслін даўжыня гіпакотыля малая і ён увесь застаецца ў глебе (семядолі не выносяцца на паверхню; напр. у дуба, гароху).
т. 5, с. 252
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІПАЛІПІДЭМІ́ЧНЫЯ СРО́ДКІ,
лекавыя прэпараты, што паніжаюць у плазме крыві колькасць атэрагенных і павялічваюць колькасць неатэрагенных ліпапратэінаў. Зніжаюць усмоктванне халестэрыну з кішэчніка, ачышчэнне тлушчавай тканкі ад свабодных тлушчавых к-т, біясінтэз ліпідаў і ліпапратэінаў у печані, актывуюць катабалізм халестэрыну. Да гіпаліпідэмічных сродкаў адносяцца: клафібрат, к-та нікацінавая і прабукол, халестырамін, лінетол, арахідэн і інш.
т. 5, с. 253
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІПАТАНІ́Я (ад гіпа... + грэч. tonos напружанне),
паніжэнне тонусу тканак арганізма і артэрыяльнага ціску крыві. Можа развівацца пасля вострых і хранічных інфекц. хвароб, вітаміннай недастатковасці, прафес. шкоднасцей, парушэнняў дзейнасці эндакрыннай і нерв. сістэм, страўнікава-кішачнага тракту. Прыкметы: хуткая стамляльнасць, слабасць, задышка, галавакружэнне. Лячэнне: правільны рэжым працы, адпачынку і харчавання, вітаміны, фізкультура, гармоны, курортатэрапія.
т. 5, с. 254
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІПАЦЭ́НТР (ад гіпа... + цэнтр) землетрасення, цэнтральны пункт ачага землетрасення ў нетрах Зямлі. У гіпацэнтры раптоўна вызваляецца значная энергія (103—1018 Дж), якая выклікае каротка-перыядычныя ваганні зямной кары. Глыбіня гіпацэнтра пры звычайных землетрасеннях менш за 70 км, пры прамежкавых — 70—300 км, пры глыбокіх — 300—700 км (гл. таксама Эпіцэнтр).
т. 5, с. 255
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІПЕРІНФЛЯ́ЦЫЯ (ад гіпер... + інфляцыя),
выключна хуткі рост таварных цэн і грашовай масы ў абарачэнні (да 50% за месяц). Вядзе да рэзкага абясцэнення грашовай адзінкі, расстройства плацежнага абароту, парушэння нармальных гасп. сувязей і катастрафічнага зніжэння ўзроўню жыцця. Найчасцей абумоўлена экстраардынарнымі фактарамі — вайной, эканам. разрухай і інш. Найб. адмоўна ўплывае на эканам. становішча насельніцтва з фіксаванымі даходамі.
т. 5, с. 256
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЛЫБО́КАЕ ВО́ЗЕРА,
у Талачынскім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Бярозаўка, за 22 км на У ад г. Талачын. Пл. 0,44 км², даўж. 950 м, найб. шыр. 700 м, даўж. берагавой лініі 2,5 км. Пл. вадазбору 6,1 км². Схілы катлавіны выш. 7—10 м, разараныя. Берагі на З і ПнЗ забалочаныя, пад хмызняком.
т. 5, с. 307
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕКТО́ГРАФ (ад гекта... + ...граф),
простая друкавальная прылада для размножвання тэкстаў і ілюстрацый. Дзеянне заснавана на здольнасці застылай жэлаціна-гліцэрынавай масы ўспрымаць спец. (гектаграфскае) чарніла, якім выконваюцца тэксты і ілюстрацыі, а потым перадаваць іх (пры прыцісканні) на лісты паперы. На гектографе можна атрымаць да 100 адбіткаў. Вынайдзены рус. вынаходнікам М.І.Алісавым у 1869.
т. 5, с. 138
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)