СЕЛЬ (ад араб. сайль бурны паток),

сіль, мур, гразевы або гразекаменны паток, які раптоўна ўзнікае ў рэчышчы горнай ракі. Найб. характэрны для горных раёнаў з кантынент. кліматам (напр., для гор Сярэдняй Азіі). Характарызуецца рэзкім кароткачасовым (1—3 гадз) пад’ёмам узроўню вады, хвалепадобным рухам і адсутнасцю строгай перыядычнасці. Фарміруецца пры выпадзенні моцных ліўняў, інтэнсіўным раставанні снегу і лёду горных ледавікоў, радзей ад землетрасенняў, вывяржэнняў вулканаў, прарываў азёрных перамычак, у выніку гасп. дзейнасці (напр., пры ўзрыўных работах у гарах). Перадумовай служыць назапашванне вял. колькасці прадуктаў выветрывання на горных схілах, іх значныя нахілы, працяглае ўвільгатненне грунтоў, што змяншае іх трываласць. Могуць прычыняць вял. разбурэнні. Барацьба з С. вядзецца пераважна шляхам замацавання глебавага і расл. покрыва, буд-ва спец. гідратэхн. збудаванняў, у т. л. плацін.

т. 14, с. 308

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)