1) серыя сав. (рас.) касм. караблёў (КК) аднаразовага выкарыстання для арбітальных палётаў вакол Зямлі; праграма іх распрацоўкі (з 1962) і запускаў (з 1966). Прызначаліся для вырашэння тэхн. і навук. задач у каляземнай касм. прасторы, дастаўкі экіпажаў (1—3 чал.) на борт арбітальных станцый і вяртання касманаўтаў на Зямлю; былі і беспілотныя мадыфікацыі. У 1967—81 на арбіты выведзены 40 «С.», у т. л. 2 беспілотныя. Маса запраўленага і ўкамплектаванага «С.» да 6,9 т, даўж. 7,2 м, дыяметр 2,7 м.
Аб’ём жылых адсекаў 10,45 м³. Плошча панэлей сонечных батарэй да 14 м². Працягласць аўтаномнага палёту да 30 сут, у складзе арбітальнага комплексу — да 180 сут. На арбіту выводзіцца аднайм. ракетай-носьбітам з касмадрома Байканур.
Складаецца з 3 адсекаў, якія злучаны паміж сабой і аддзяляюцца пры пасадцы: спускальны апарат, дзе знаходзіцца экіпаж у час старту, стыкоўкі, расстыкоўкі і пасадкі; арбітальны (бытавы) адсек са стыковачным агрэгатам; прыборна-агрэгатны адсек з рухальнай устаноўкай. На базе «С.» распрацаваны КК «С. Т» (запускі ў 1979—86) і «С. ТМ» (з 1986) для дастаўкі экіпажаў адпаведна на арбітальныя станцыі «Салют» і «Мір» і вяртання касманаўтаў на Зямлю. «С. ТМ» выкарыстоўваецца як карабель-выратавальнік для Міжнар.касм. станцыі. Запушчаны 15 «С. Т» і 32 «С. ТМ» (2000). На аснове «С.» створаны таксама грузавы трансп.КК «Прагрэс».
2) Сав. (рас.) 3-ступеньчатыя ракеты-носьбіты (РН) для вывядзення на каляземныя арбіты пілатуемых і аўтам.касм. апаратаў. Стартавая маса (разам з КК) ~310 т, макс маса карыснага грузу ~7 т. Пры дапамозе РН «С.» з 1966 выводзіліся ў космас некаторыя ШСЗ серыі «Космас», цяпер выводзяцца КК «С.» і «Прагрэс». Запускаюцца з касмадромаў Байканур і Плясецк. РН «С.» з дадатковай 4-й ступенню, якая выкарыстоўвалася з 1961 для запуску ў космас некаторых касм. апаратаў серый «Венера», «Зонд», «Космас, «Маланка», «Марс», «Месяц», «Прагноз», называлася РН «Маланка».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СІКО́РСКІ (Sikorski) Уладзіслаў (20.5.1881, Тушаў-Нарадовы, каля г. Мелец, Польшча — 4.7.1943),
польскі ваен. і дзярж. дзеяч. Ген. броні (1940). Скончыў настаўніцкую семінарыю ў г. Жэшаў (1902), Львоўскі політэхн.ін-т (1908). З 1902 удзельнічаў у польскім нац.-вызв. руху. У 1-ю сусв. вайну адзін са стваральнікаў легіёнаў польскіх у Галіцыі (Аўстра-Венгрыя), з 1918 у Войску Польскім. Удзельнік польска-сав. вайны 1919—20 на тэр. Беларусі (камандаваў Палескай брыгадай, 5-й і 3-й арміямі). У 1921—22 нач. Генштаба. У снеж. 1922 — маі 1923 прэм’ер-міністр і міністр унутр. спраў Польшчы. З 1923 ген. інспектар пяхоты, у лют. 1924 — ліст. 1925 міністр вайск. спраў. Выступаў за знешнепаліт. арыентацыю Польшчы на Францыю. Памяркоўна ставіўся да нац. меншасцей, у т. л. беларусаў. У 1925—28 камандаваў войскамі ваен. акругі (Львоў). Пасля ваен. перавароту Ю.Пілсудскага 1926 адхілены ад гэтай пасады (1928). Быў апанентам «санацыйнага рэжыму». У 2-ю сусв. вайну прэм’ер-міністр і міністр вайск. спраў (з 30.9.1939) польскага ўрада ў эміграцыі (у Францыі, з чэрв. 1940 у Вялікабрытаніі), адначасова вярх. галоўнакамандуючы і генеральны інспектар узбр. сіл (з 7.11.1939). Імкнуўся да перамогі над нацысцкай Германіяй у саюзе з зах. краінамі (пасля 22.6.1941 і з СССР) і аднаўлення незалежнай польск. дзяржавы з даваен. усх. мяжой. Адзін з першых палітыкаў на Захадзе, які прапанаваў адкрыццё другога фронту. У ліп. 1941 заключыў савецка-польскае пагадненне 1941, паводле якога з польскіх ваеннапалонных і б. жыхароў Зах. Беларусі і Зах. Украіны створана Андэрса армія, а ў час свайго афіц. візіту ў СССР (снеж. 1941) падпісаў Дэкларацыю аб сяброўстве і ўзаемнай дапамозе з СССР (Дэкларацыя С. — Сталіна). Загінуў у авіякатастрофе каля Гібралтара пры нявысветленых абставінах. Аўтар шэрагу прац па пытаннях ваен. і дзярж. палітыкі міжваен. Польшчы.
Літ.:
Климковский Е. Я был адъютантом генерала Андерса: Пер. с пол. М., 1991;
Парсаданова В.С. Владислав Сикорский // Вопр. истории. 1994. № 9: Terlecki O. Władysław Sikorski. Wrocław etc., 1985.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СІЛО́,
1) у беларусаў самалоўнае прыстасаванне, дзеянне якога заснавана на зацягванні пятлі вакол лапы, шыі або тулава дзічыны. Выкарыстоўвалася з глыбокай старажытнасці для лоўлі баравых і балотных птушак, дробных і буйных звяроў. У залежнасці ад аб’екта, месца і часу палявання бытавалі ў некалькіх разнавіднасцях (кожнае мела сваё канкрэтнае прызначэнне і назву). Курапатак зімою, калі вял. маразы гналі іх да чалавечага жылля, лавілі на загуменні колам (ляшчынавы абруч, зацягнуты сеткай з тонкага моцнага шнура, да якой прывязвалі некалькі дзесяткаў петляў з конскага воласу). Пружкамі (невялічкае С. з петлямі на шнурку), прывязанымі пад гронкамі рабіны, сілілі рабчыкаў. Для лоўлі дупеляў ужывалі понажы — шматметровыя моцныя шнуры з мноствам валасяных петляў, прывязаных на адлегласці 15—20 см адна ад адной. Понажы падвешвалі на калках у 25—30 см ад зямлі і аблытвалі імі амаль усё такавішча. Шырока распаўсюджаны былі адзінарныя петлі з валасоў, шнуркоў і дроту. Імі лавілі птушак і звяроў. Устанаўлівалі петлі на звярыных пераходах, каля нор і на такавішчах двума спосабамі — «на зашморг» і «на падрыў». У першым выпадку звер сам зацягваў на сабе пятлю, якую прывязвалі да ўбітага ў зямлю калка або да галіны куста ці дрэва. Калі пятлю ставілі «на падрыў», яе прывязвалі да сагнутай і зашчэмленай вершаліны маладога дрэўца. Калі звер трапляў у пятлю, то выслабаняў вершаліну з-пад сучка, яна распрамлялася і падымала здабычу над зямлёю. На Палессі так лавілі вясною качараў, прывабліваючы іх манькутай (падсаднай качкай на драўляным крузе) або чучалам. У наш час лоўля ўсімі відамі С. забаронена і аднесена да браканьерства.
2) Пятля, традыц. рыбалоўная прылада, якой лавілі пераважна невялікіх шчупакоў, што ў летнюю спякоту стаяць каля паверхні вады. Да канца тонкай палкі прымацоўвалі лёску (з конскага воласу), завязаную пятлёй, апускалі яе ў ваду, падводзілі пад шчэлепы шчупака і, зацягнуўшы яе рэзкім рухам, выкідвалі рыбіну на бераг ці ў лодку. Лавілі С. звычайна дзеці і падлеткі. Вядома па ўсёй Беларусі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СКАРУ́ЛЬСКІ (Skorulski) Антоній Адам (22.11.1715, Жамойць — 28.1.1777),
філосаф, асветнік. З 1730 чл. ордэна езуітаў, у 1742 пасвячоны ў ксяндза. Выкладаў філасофію, гісторыю і геаграфію ў езуіцкіх навуч. установах Латвіі і Літвы. Рэктар калегіумаў у Навагрудку (1760—64) і Коўне (1764—66), у 1766—72 правінцыял літоўскі (кіраўнік Літ. правінцыі ордэна). Рэктар Віленскай акадэміі (1772—74; з 1803 Віленскі ун-т). Пасля скасавання ордэна езуітаў (1773) заставаўся белым ксяндзом, з 1775 канонік віленскі. У адзіным творы С. «Каментарыі па філасофіі, або логіцы, гэта значыць метафізіцы, агульнай і спецыяльнай фізіцы» (1755) выкладзены асн.філас. сістэмы Новага часу і адкрыцці ў прыродазнаўстве, прыведзены каштоўныя звесткі па астраноміі, механіцы і інш. галінах ведаў. Лічыў, што існуе толькі адзін свет, а не мноства; ён абмежаваны пэўнымі межамі сваёй велічыні, заснаванай у пэўны час. Адмаўляў асн. палажэнні вучэння М.Каперніка, тэорыі першасных і другасных якасцей, атамізму. Гнасеалагічныя погляды С. знаходзіліся пад уплывам сенсуалізму. Паводле С., пазнанне рэчаіснасці пачынаецца з уздзеяння аб’екта на органы пачуццяў; любое адчуванне ўключае 3 элементы: орган пачуццяў, уздзеянне, якое робіцца на яго, і здольнасць да ўспрымання гэтага ўздзеяння. Крытыкаваў тэорыю прыроджаных ідэй і інтуітыўнага пазнання, перасцерагаў ад легкадумнага, некрытычнага адмаўлення ўсялякай новай ідэі без папярэдняга апрабавання яе розумам. Даследаваў праблему лагічнага метаду ў непарыўнай сувязі з традыц. аперацыямі розуму (паняцце, суджэнне і вывад); пры гэтым лагічны метад падзяляў на сінтэтычны, з дапамогай якога пазнанне рухаецца ад простага да складанага, ад частак да цэлага, ад прычыны да выніку, і аналітычны, пры дапамозе якога розум вяртаецца ад складанага да простага, ад усеагульнага да адзінкавага.
Тв.:
Рус.пер. — Комментарии по философии, или логике, то есть метафизике, общей и специальной физике. Вильна, 1755 // Памятники философской мысли Белоруссии XVII — первой половины XVIII в. Мн., 1991.
Літ.:
Бирало А.А. Философская и общественная мысль в Белоруссии и Литве в конце XVII — середине XVIII в. Мн., 1971;
Дорошевич Э.К. Философия эпохи Просвещения в Белоруссии. Мн., 1971;
Очерки истории философской и социологической мысли Белоруссии (до 1917 г.). Мн., 1973;
Цукерман А.Я. Философская мысль в Белоруссии середины XVIII в. Мн., 1980.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СТАЛЬМА́ШНАЕ РАМЯСТВО́,
выраб транспартных гужавых сродкаў. Аб’ядноўвае шэраг функцыянальна блізкіх промыслаў: выраб колаў, калёс, мажар, брычак, саней, вазкоў і інш. Выраб колавых (летніх трансп. сродкаў) больш складаны за выраб палазных (зімовых).
На Беларусі карпусы рабочых вазоў для сваіх патрэб рабілі многія сяляне, а колы для іх часцей куплялі ў майстроў-стальмахоў. Выраб колаў, які патрабаваў высокага майстэрства, спец. прыстасаванняў і інструментаў, часта вылучаўся самаст. промысел, цесна звязаны з рынкам. Вытв-сць колаў была дыферэнцыраванай (гнуццё абадоў, выраб калодак, акоўка колаў). Абады для колаў выраблялі з гнуткіх парод драўніны — дубу, вязу, клёну. Загатоўкі для абадоў папярэдне распарвалі ў парні ці лазні і нулі на гбале (бабе). Тым жа спосабам нулі дугі і санныя палазы на гбалах адпаведнай формы. Сагнутыя абады звязвалі па канцах і сушылі каля 2 тыдняў.
Калодкі для колаў выраблялі з бярозы-чачоткі, радзей — з дубу ці вольхі. У іх выразалі лапаценем адтуліны пад вось, і вонкавую паверхню апрацоўвалі на такарным станку. Па акружнасці ў сярэдзіне калодкі выдзёўбвалі 4-вугольныя гнёзды для спіц. Спіцы выраблялі з дубу ці ясеню, сушылі і забівалі ў гнёзды сырых калодак. Насаджвалі спіцы звычайна не перпендыкулярна да калодкі, а з некат. нахілам, каб прадухіліць калыванне колаў у час руху. Пасля замацавання спіц на колесні насаджвалі абады. Пярэднія колы рабілі крыху меншымі за заднія. На Беларусі найб. пашыраныя былі абодныя колы. Яны вядомы з часоў Стараж. Русі (раней сустракаліся ў скіфскіх і сармацкіх павозках). Былі і колы неабодныя: архаічныя суцэльнакругавыя (без спіц) і т.зв. звенчаковыя з дубу ці бярозы дугападобныя часткі. Да пач. 20 ст. сялянскія вазы рабілі амаль цалкам з дрэва. Для павелічэння тэрміну службы ў адтуліну кола з двух бакоў забівалі выкаваныя ў кузні жалезныя ўтулкі (буксы), а паверх калодкі надзявалі абручыкі (рэхвы). Выкарыстанне жалезных шын рабіла неабавязковым ужыванне цэласных абадоў. З канца 20 ст. ў рабочых вазах часцей выкарыстоўваюць гумавыя колы. Выцясненне гужавых трансп. сродкаў аўтамабілем прывяло да скарачэння С.р.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СТРАКАПЫ́ТАЎСКАЕ ПАЎСТА́ННЕ 1919,
антыбальшавіцкае выступленне ў Гомелі 24—29.3.1919. Узнята 67-м і 68-м палкамі т.зв. Тульскай брыгады, перакінутымі ў сярэдзіне студз. ў Гомель з Бабруйска. Прычынамі выступлення сталі антысав. настроі вайскоўцаў, дрэнныя ўмовы іх забеспячэння, непадрыхтаванасць да ваен. дзеянняў, кантакты з мясц. насельніцтвам, незадаволеным «харчовай дыктатурай» і мабілізацыямі ў Чырв. Армію. Мяцеж пачаўся ў ноч на 23 сак. на станцыі Славечна Абодва палкі пакінулі баявыя паз шыі і праз Калінкавічы і Рэчыцу вярнуліся ў Гомель, патрабуючы адпраўкі ў Бранск. Створаны для барацьбы з мяцежнікамі ваен.-рэв.к-т абапіраўся на інтэрнац. роту і атрад асобага назначэння. 24 сак. Гомель апынуўся ў руках паўстанцаў. Гомельскі пав.к-т РКП(б) заняў абарону ў атэлі «Савой». Кіраўніцтва мяцяжом узяў на сябе «Палескі паўстанцкі камітэт» у складзе б. афіцэраў 67-га і 68-га палкоў на чале з заг.гасп. часткі М.Стракапытавым. У прынятых к-там адозвах абвяшчалася звяржэнне ўрада Леніна—Троцкага і стварэнне «Рускай Народнай Рэспублікі» з часовай перадачай уладных паўнамоцтваў «Палескаму паўстанцкаму камітэту». Праграма паўстання патрабавала перадачы ўсёй улады Устаноўчаму сходу, зямлі і грамадз. свабод — народу, спалучэння прыватнай і дзярж. ініцыятывы ў сферы вытв-сці. Гомельскія вайск. часці абвяшчаліся 1-й Арміяй «Рускай Народнай Рэспублікі». 25 сак.Ваен.-рэв.к-т здаўся паўстанцам. 28 сак. аб’яднанымі чырвонаармейскімі і мабілізаванымі камуніст. атрадамі з гарадоў Беларусі і РСФСР пачалося задушэнне мяцяжу. Стыхійная эвакуацыя паўстанцаў спалучылася з рабаваннямі, пажарамі і яўр. пагромам, а таксама расстрэлам членаў Ваен.-рэв.к-та. Паўстанцы, якія з баямі адступалі праз Рэчыцу і Васілевічы, у раёне Хойнікаў перайшлі фронт і здаліся атрадам С.Пятлюры. Яны былі перададзены польск. боку, раззброены і інтэрніраваны. Усяго ў час мяцяжу ў Гомелі загінула каля 100 чал., у выніку следства па прыгаворы ЧК за прыналежнасць да яго расстраляна больш за 150 чал.
Літ.:
Лелевич Г. Стрекопытовщина: Страничка из истории контррев. выступлений в годы гражданской войны. 2 изд. М.;
Пг., 1923;
Лебедзева В. Стракапытаўскі мяцеж // Бел. мінуўшчына. 1995. № 4.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СТРО́НЦЫЙ (лац. Strontium),
Sr, хімічны элемент II групы перыяд. сістэмы, ат. н. 38, ат. м. 87,62, адносіцца да шчолачназямельных металаў. Прыродны складаецца з 4 стабільных нуклідаў, найб. пашыраны 88Sr (82,56%). У зямной кары 3,4∙10−2% па масе. Трапляецца выключна ў выглядзе злучэнняў; вядома каля 40 мінералаў С., найб. важныя — цэлесцін і странцыяніт, ёсць С. ў прыродных мінералізаваных водах (прыблізна 24% агульных запасаў). Адкрыты ў 1790 англ. хімікам А.Крофардам, які вылучыў аксід С. са странцыяніту (адсюль назва). Метал. С. атрыманы ў 1808 Г.Дэві.
Мяккі серабрыста-белы (неачышчаны залаціста-жоўты) метал. Існуе ў 3 паліморфных мадыфікацыях; пры т-рах ад пакаёвай да 248 °C устойлівы α-Sr (шчыльн. 2630 кг/м³), tпл 768 °C. Хімічна вельмі актыўны (захоўваюць у закрытых шкляных пасудзінах пад слоем газы). На паветры пакрываецца плёнкай з аксіду SrO і пераксіду SrO2, пры награванні загараецца. Узаемадзейнічае з вылучэннем вадароду з вадой [гідраксід Sr(OH)2 больш моцная аснова, чым кальцыю гідраксід] і разбаўленымі мінер. к-тамі, з галагенамі, пры 300—400 °C з вадародам, пры t>400 °C з азотам, вугляродам, фосфарам, халькагенамі. Атрымліваюць электролізам расплаву хларыдаў С. (SrCI2; 85%) і калію або амонію, алюматэрмічным аднаўленнем SrO пры 1000 °C у Вакууме. Выкарыстоўваюць для легіравання спец. сплаваў (пераважна алюмініевых), як гетэр у электравакуумнай тэхніцы, злучэнні С.: аксід і карбанат — кампаненты аксідных катодаў электронна-вакуумных прыбораў, шкла для кінескопаў каляровых тэлевізараў, эмалей, палівы; нітрат і хларыд — кампаненты піратэхн. саставаў (афарбоўваюць полымя ў кармінава-чырв. колер); фтарыд — люмінафор, лазерны і аптычны матэрыял; тытанат SrTiO3 — сегнетаэлектрык. Лішкі С. ў арганізме чалавека прыводзяць да пашкоджвання касцявой тканкі, печані і крыві, ГДК у вадзе 8 мг/л. Пры дзяленні ядраў урану ў ядз. рэактарах у значнай колькасці ўтвараюцца β-радыеактыўныя нукліды С.: 89Sr (перыяд паўраспаду T1/2 = 50,5 сут) і 90Sr (T1/2 = 29,12 года), якія трапляюць у навакольнае асяроддзе пры выпрабаваннях ядз. зброі, аварыях на АЭС (гл.Радыеактыўнае забруджванне). Найб. небяспечны 90Sr доўгі час знаходзіцца ў паверхневым слоі Зямлі, вызначаецца высокай міграцыйнай здольнасцю, назапашваецца ў касцявых тканках жывых арганізмаў (замяшчае кальцый), што прыводзіць да ломкасці касцей і інш. шкодных уздзеянняў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СУВО́РАЎ Аляксандр Васілевіч (24.11.1730, Масква — 18.5.1800),
расійскі палкаводзец. Генералісімус (1799), граф Рымнікскі і «Свяшчэннай Рым імперыі» (1789), кн. Італійскі (1799). На ваен. службе з 1747. Удзельнік Сямігадовай вайны 1756—63. У 1768—72 на чале палка, брыгады ваяваў супраць войск Барскай канфедэрацыі на Беларусі і ў Польшчы: 23.5.1771 разбіў асн. сілы канфедэратаў каля в. Лянцкарона (Польшча); у вер. 1771 за 2 тыдні прайшоў па маршруце Брэст — Бяроза — Косава — Палонка — Нясвіж — Клецк — Лагішын — Пінск — Драгічын — Антопаль — Брэст; 23.9.1771 каля мяст. Сталовічы (цяпер вёска ў Баранавіцкім р-не) разбіў атрад вял. гетмана ВКЛ М.К.Агінскага. У рус.-тур. вайну 1768—74 разбіў тур. войскі каля Казлуджы (Балгарыя, 1774). У 1774 накіраваны на Урал на разгром паўстання Е.І.Пугачова. У рус.-тур. вайну 1787—91 разбіў тур. войскі на Кінбурнскай касе (1787), пры Факшанах (цяпер Румынія) і на р.Рымнік (1789), штурмам узяў крэпасць Ізмаіл (1790). У час падаўлення паўстання 1794 напачатку дзейнічаў на Брэстчыне, дзе ў Крупчыцкім баі 1794 і каля Брэста (19 вер.) разбіў корпус ген. Ю.Серакоўскага; 5.11.1794 штурмам узяў Прагу (прадмесце Варшавы), пасля чаго Варшава капітулявала. З 1795 валодаў на Брэстчыне маёнткам Кобрынскі Ключ. У 1797, за крытыку новых статутаў і абмундзіравання, звольнены імператарам Паўлам I і сасланы ў маёнтак Канчанскае Наўгародскай губ. З лют. 1799 галоўнакаманд. рас.-аўстр. саюзнымі войскамі антыфранц. кааліцыі ў Італіі, дзе нанёс шэраг паражэнняў франц. войскам (гл.Італьянскі паход Суворава 1799); на чале рас. войск з баямі пераадолеў Альпы (гл.Швейцарскі паход Суворава 1799). Аўтар прац «Палкавая ўстанова» і «Навука перамагаць». Прыхільнік смелага і рашучага наступлення як асн. формы баявых дзеянняў. У СССР з 1942 існаваў ордэн С. 3 ступеней (захоўваецца і ў рас. арміі). У 1943 створаны сувораўскія ваенныя вучылішчы, у т. л. ў 1953 у Мінску.
Літ.:
Михайлов О.Н. Суворов. Ростов н/Д, 1997;
Ростунов И.И. Генералиссимус А.В.Суворов: Жизнь и полководческая деятельность. М., 1989.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЯННО́,
горад, цэнтр Сенненскага р-на Віцебскай вобл., на беразе воз. Сянно. Вузел аўтадарог на Багушэўск, Чашнікі, Бешанковічы, Талачын. За 56 км на ПдЗ ад Віцебска. 8,9 тыс.ж. (2001).
У пісьмовых крыніцах упершыню ўпамінаецца ў 1534. У розны час належала Дз.Відуніцкаму-Любецкаму, Сапегам, Агінскім, Курчам, Серакоўскаму і інш. У 1595 згадваецца маёнтак, замак і мястэчка С. з «цэрквамі і іх фундушамі». З 1772 С. ў складзе Рас. імперыі, горад (1773), цэнтр Сенненскага павета (з 1773) Магілёўскай губерні (у 1773—77 і з 1802), намесніцтва (1778—96), Бел. губерні (1796—1802). У 1781 зацверджаны герб: у зялёным полі дзве скрыжаваныя залатыя касы (у знак багацця сенам). У 1897 у С. 4061 ж. (з іх 39,9% пісьменных). У пач. 20 ст. было 4367 ж., 543 дамы, 54 рамесныя прадпрыемствы (у 1907), натарыяльная кантора, 4 страхавыя агенты, паштовая кантора, тэлеграф, друкарня, фатаграфія, 10 заезных дамоў, 82 крамы, 6 корчмаў; адбывалася 6 кірмашоў у год; працавалі гар. вучылішча, 4-класная жаночая прагімназія, З б-кі, 2 бальніцы, аптэка. З 1919 С. ў складзе Віцебскай губ. РСФСР. З 1924 у складзе БССР, з 17.7.1924 цэнтр Сенненскага раёна Віцебскай акр., з 1938 — Віцебскай вобл. У 1939 у С. 4,3 тыс.ж., ільнозавод, заатэхнікум, бальніца, гасцініца, кінатэатр, лазня. У Вял.Айч. вайну з ліп. 1941 да 25.6.1944 С. акупіравана ням. фашыстамі, якія загубілі ў С. і раёне 3104 чал. Дзейнічала Сенненскае патрыятычнае падполле, у 1942—44 існавала Сенненска-Аршанская партыз. зона. 5,4 тыс.ж. у 1959, 5,2 тыс.ж. у 1970.
Працуюць: з-д сухога абястлушчанага малака, ільнозавод, 3 буд. арганізацыі, камбінат каап. прам-сці, дарожнае рамонтна-буд. ўпраўленне; 2 сярэднія школы, школа-інтэрнат, дзіцячая юнацка-спарт. школа, дзіцячая школа мастацтваў, Сенненскі краязнаўчы музей, 2 б-кі, бальніца, паліклініка, аптэка. Брацкія магілы сав. воінаў і партызан, магіла ахвяр фашызму. Каля С. гарадзішча жал. веку (мясц. назва Гарадок).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТАКА́РНАЕ РАМЯСТВО́,
выраб рэчаў быт. і маст. прызначэння на такарным станку. Засн. на апрацоўцы разцом загатоўкі з дрэва, косці, металу, каменю і інш., прыведзенай у вярчальны рух. Часта спалучаецца з разьбой, інкрустацыяй, гравіраваннем, паліраваннем, размалёўкай і інш. Здаўна пашырана ў многіх народаў свету. Шырока вядомы хахламское і полхаўска-майданскае (Расія) Т.р. ў спалучэнні з размалёўкай, гуцульскае (Украіна) — з разьбой і інш.
На Беларусі прасцейшыя такарныя станкі ўвайшлі ў практыку з 11—13 ст., тады ж Т.р. вылучылася ў самаст. рамяство. З дрэва і косці тачылі дробныя прадметы (посуд, гузікі, шахматы, тронкі нажоў і інш.), нярэдка аздаблялі гравіраваным арнаментам. Шмат бел. майстроў-токараў у 17 ст. працавалі ў Маскоўскім Крамлі, дзе яны выраблялі драўляныя дэталі мэблі, арх. ўбранства, шахматы, чарніліцы, парахоўніцы са слановай косці. У 19—1-й пал. 20 ст. Т.р. пашырылася ў нар. побыце; у многіх выпадках было дапаўненнем у сталярным, бандарным, стальмашным рамёствах. Т.р. нярэдка займаліся цэлыя вёскі. Тачылі сталовы посуд (міскі, талеркі, ступкі, сальніцы, бочачкі), быт. прадметы (попельніцы, люлькі, падсвечнікі, бязмены), вытв. прылады (калаўроты, верацёны), дэталі мэблі, трансп. сродкаў, арх. аздаблення і інш.Найб. выкарыстоўваўся даўні варыянт такарнага станка, які ўяўляў сабою 2 стойкі з метал. стрыжнямі, паміж якімі гарызантальна заціскалі загатоўку. Вярчальны рух ёй надаваў шнур (рэмень, вяроўка), што ахопліваў загатоўку і адным канцом мацаваўся ўверсе да спружыністага рычага (жэрдкі, заткнутай за бэльку), другім — да дошкі, што ляжала на падлозе. Націскаючы нагой на дошку, прыводзілі ў вярчэнне загатоўку і апрацоўвалі яе разцом. Дробныя вырабы (верацёны, рукаяткі інструментаў) выточвалі на ручным варыянце станка—смыку. У наш час Т.р. (пераважна з дрэва) развіваецца на некат. ф-ках маст. вырабаў, ім займаюцца нар. майстры, якія вырабляюць рэчы быт., сувенірнага, утылітарна-маст. прызначэння.
Літ.:
Сахута Я. Такарныя вырабы // Помнікі гісторыі і культуры Беларусі. 1975, №1.
Я.М.Сахута.
Да арт.Такарнае рамяство. Такарны станок.Да арт.Такарнае рамяство. Вырабы з с. Полхаўскі Майдан і с. Круцец Ніжагародскай вобл. Расія. 1970-я г.Да арт.Такарнае рамяство. Вырабы з размалёўкай. Брэсцкая фабрыка сувеніраў. 1980-я г.