СТРО́НЦЫЙ (лац. Strontium),

Sr, хімічны элемент II групы перыяд. сістэмы, ат. н. 38, ат. м. 87,62, адносіцца да шчолачназямельных металаў. Прыродны складаецца з 4 стабільных нуклідаў, найб. пашыраны ​88Sr (82,56%). У зямной кары 3,4∙10​−2% па масе. Трапляецца выключна ў выглядзе злучэнняў; вядома каля 40 мінералаў С., найб. важныя — цэлесцін і странцыяніт, ёсць С. ў прыродных мінералізаваных водах (прыблізна 24% агульных запасаў). Адкрыты ў 1790 англ. хімікам А.​Крофардам, які вылучыў аксід С. са странцыяніту (адсюль назва). Метал. С. атрыманы ў 1808 Г.​Дэві.

Мяккі серабрыста-белы (неачышчаны залаціста-жоўты) метал. Існуе ў 3 паліморфных мадыфікацыях; пры т-рах ад пакаёвай да 248 °C устойлівы α-Sr (шчыльн. 2630 кг/м³), tпл 768 °C. Хімічна вельмі актыўны (захоўваюць у закрытых шкляных пасудзінах пад слоем газы). На паветры пакрываецца плёнкай з аксіду SrO і пераксіду SrO2, пры награванні загараецца. Узаемадзейнічае з вылучэннем вадароду з вадой [гідраксід Sr(OH)2 больш моцная аснова, чым кальцыю гідраксід] і разбаўленымі мінер. к-тамі, з галагенамі, пры 300—400 °C з вадародам, пры t>400 °C з азотам, вугляродам, фосфарам, халькагенамі. Атрымліваюць электролізам расплаву хларыдаў С. (SrCI2; 85%) і калію або амонію, алюматэрмічным аднаўленнем SrO пры 1000 °C у Вакууме. Выкарыстоўваюць для легіравання спец. сплаваў (пераважна алюмініевых), як гетэр у электравакуумнай тэхніцы, злучэнні С.: аксід і карбанат — кампаненты аксідных катодаў электронна-вакуумных прыбораў, шкла для кінескопаў каляровых тэлевізараў, эмалей, палівы; нітрат і хларыд — кампаненты піратэхн. саставаў (афарбоўваюць полымя ў кармінава-чырв. колер); фтарыд — люмінафор, лазерны і аптычны матэрыял; тытанат SrTiO3 — сегнетаэлектрык. Лішкі С. ў арганізме чалавека прыводзяць да пашкоджвання касцявой тканкі, печані і крыві, ГДК у вадзе 8 мг/л. Пры дзяленні ядраў урану ў ядз. рэактарах у значнай колькасці ўтвараюцца β-радыеактыўныя нукліды С.: ​89Sr (перыяд паўраспаду T1/2 = 50,5 сут) і ​90Sr (T1/2 = 29,12 года), якія трапляюць у навакольнае асяроддзе пры выпрабаваннях ядз. зброі, аварыях на АЭС (гл. Радыеактыўнае забруджванне). Найб. небяспечны ​90Sr доўгі час знаходзіцца ў паверхневым слоі Зямлі, вызначаецца высокай міграцыйнай здольнасцю, назапашваецца ў касцявых тканках жывых арганізмаў (замяшчае кальцый), што прыводзіць да ломкасці касцей і інш. шкодных уздзеянняў.

А.​П.​Чарнякова.

т. 15, с. 206

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)