НАРМА́НДЫЯ (Normandie),
гістарычная вобласць на ПнЗ Францыі, каля ўзбярэжжа праліва Ла-Манш. У старажытнасці населена кельтамі. Разам з Галіяй раманізавана і з 4 ст. хрысціянізавана. У 6 ст. заваявана франкамі. Пры Каралінгах аб’ект нападзенняў нарманскіх піратаў. У 911 правадыр нарманаў (адсюль назва) Ралон атрымаў Н. ад караля Карла III Праставатага ў якасці леннага ўдзела. Пасля нармандскага заваявання Англіі 1066 Н. — частка англа-нармандскай дзяржавы. У 12 ст. разам з англ. каронай перайшла пад уладу Плантагенетаў. У 1202—04 адваявана франц. каралём Філіпам II Аўгустам (замацавана пагадненнем 1259), але захавала асобныя прывілеі, самакіраванне гарадоў. У Стогадовую вайну 1337—1453 Н. — гал. арэна ваен. дзеянняў. У 1419 заваявана англічанамі. У 1450 вернута Францыі. У 1468 Людовік XI уключыў Н. ў каралеўскі дамен. У 1515 у г. Руан засн. парламент Н. У 16—17 ст. адна з найб. развітых гандл.-прамысл. правінцый Францыі (сукнаробства, выраб палатна, карункаў, шкла, жалеза і інш.). Пасля скасавання ў 1791 гіст.-адм. падзелу Францыі падзелена на дэпартаменты.
т. 11, с. 163
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАЦЫЯНА́ЛЬНЫ ЎРАД (Rząd Narodowy),
найвышэйшы орган выканаўчай улады на тэр. Польшчы ў час паўстанняў 19 ст. У час паўстання 1830—31 створаны сеймам (30.1.1831) у складзе: А.Чартарыйскі (старшыня), С.Бажыкоўскі, В.Немаёўскі, Т.Мараўскі, Х.Лялевель. Н.ў. падпарадкоўваліся прызначаныя ім і адказныя перад сенатам міністры. У выніку нар. выступленняў у Варшаве 15.8.1831 Н.ў. скінуты, сейм перадаў дыктатарскую ўладу Я.Крукавецкаму як старшыні Савета міністраў. З 7 вер. і да канца паўстання функцыі старшыні ўрада выконваў Б.Немаёўскі. У час Кракаўскага паўстання 1846 22 лют. створаны Н.ў., у які ўвайшлі Л.Гажкоўскі, Я.Тысоўскі, А.Гжэгажэўскі. Урад скінуты праз 2 дні пасля абвяшчэння дыктатуры Тысоўскага. У час паўстання 1863—64 канспіратыўны орган «чырвоных» Цэнтральны нац. к-т 22.1.1863 абвясціў сябе Часовым Н.у., пасля далучэння да паўстання «белых» 10.5.1863 меў фармальную назву Н.ў. Яго склад мяняўся ў залежнасці ад вынікаў барацьбы паміж «чырвонымі» і «белымі». З 17.10.1863 і да арышту (11.4.1864) адзіным членам Н.ў. быў Р.Траўгут, якому належала неабмежаваная ўлада.
Н.К.Мазоўка.
т. 11, с. 241
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЕСЯЛО́ЎСКІ (Францішак Ксаверы) (18.12.1771, г. Ляхавічы Брэсцкай вобл. — 15.9.1845),
дзяржаўны і ваен. дзеяч ВКЛ. Сын Ю.Несялоўскага. Вучыўся ў Гал. школе ВКЛ у Вільні (1785—88). З 1788 шэф 6-га рэгімента (палка) пяхоты войска ВКЛ. Удзельнічаў у вайне 1792 з Рас. імперыяй. У час паўстання 1794 вызначыўся са сваім палком у шэрагу бітваў. Трапіў у палон, адмовіўся прысягаць Кацярыне II і выехаў у Германію. У 1796 вярнуўся, у 1798 абвінавачаны ў падрыхтоўцы новага паўстання, зняволены ў Вільні. Падтрымаў план А.Чартарыйскага пра адбудову Польск. дзяржавы пад суверэнітэтам Расіі. У 1812 прызначаны Напалеонам чл. Вайсковага к-та ў Вільні, ген. брыгады, інспектар пяхоты арміі ВКЛ, паспалітага рушэння. Адступіў з напалеонаўскімі войскамі за мяжу. У 1814 пасля амністыі вярнуўся на Беларусь, прадаў родавыя маёнткі (Варончу і інш.) і з’ехаў у Польшчу. У 1830 выбраны паслом сейма Каралеўства Польскага. У час паўстання 1830—31 намеснік губернатара Варшавы, камандаваў брыгадай пры абароне горада, быў сенатарам-кашталянам. Пасля задушэння паўстання на некалькі гадоў дэпартаваны ў Волагду.
т. 11, с. 300
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЯЧА́Й (Іван) (? — пасля 1669),
палкоўнік казацкага запарожскага войска на Беларусі ў час вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67. Паходзіў з Мсціслаўскага ваяв. У 1649 у Брацлаўскім палку, якім камандаваў яго брат Д.Нячай. У 1650—54 казацкі прадстаўнік пры двары крымскага хана. У 1655 у войску І.Залатарэнкі, удзельнічаў у аблозе Старога Быхава. Страціўшы надзею на поспех, казакі адышлі на Украіну, пакінуўшы на Беларусі частку войска на чале з Н. 29.1.1656 Хмяльніцкі прызначыў Н. «палкоўнікам беларускім». У 1657 Н. узяў Стары Быхаў. У 1658 ён адкрыта перайшоў на бок Рэчы Паспалітай. У снеж. 1658 пацярпеў паражэнне ад рас. войск каля в. Благовічы Мазырскага пав., 11.3.1659 — каля Мсціслава. Пасля ўзяцця рус. войскамі Старога Быхава (4.12.1659) трапіў у палон і адпраўлены ў Маскву. 6.10.1660 сасланы ў Табольск. Вярнуўшыся са ссылкі, Н. у 1669 неаднаразова ездзіў на Украіну да гетмана Дарашэнкі ў якасці палкоўніка літ. казацкага палка. Далейшы лёс невядомы.
В.І.Мялешка.
т. 11, с. 422
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
О́ЛЬСТЭР (Ulster),
гістарычная вобласць на Пн в-ва Ірландыя, што ахоплівае тэр. Паўночнай Ірландыі і часткі Ірл. Рэспублікі (графствы Каван, Донегал і Монахан). У раннім сярэднявеччы самаст. каралеўства Улідыя. У 1177 заваявана англа-нармандцамі, з 1205 — графства, з 1461 — пад уладай англ. кароны. У 1585—1608 тут створаны 9 адм. акруг — Антрым, Даўн, Арма, Монахан, Калрэйн (з 1613 Ландандэры, з 1984 Дэры), Донегал, Тырон, Фермана, Каван. З 1609 Ландандэры, Тырон, Донегал і Каван заселены англічанамі і шатландцамі. Пасля Ірландскага паўстання 1641—52 большасць мясц. землеўладальнікаў-ірландцаў пазбаўлена ўласнасці. Далейшая каланізацыя О. англічанамі і шатландцамі (пратэстанты паводле веравызнання) абвастрыла іх адносіны з тутэйшымі ірландцамі (вернікі-католікі) на рэліг. глебе (узбр. сутыкненні ў 1798 і з 1886). Паводле англа-ірландскага дагавора 1921 б.ч. О. пасля правядзення тут плебісцыту засталася пад уладай англічан як Паўн. Ірландыя (6 населеных пераважна пратэстантамі графстваў: Антрым, Даўн, Арма, Фермана, Тырон і Ландандэры), меншая ўвайшла ў новаствораную ірл. дзяржаву як яе прав. Ольстэр.
т. 11, с. 434
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
О́ЛЬШТЫН (Olsztyn),
горад на Пн Польшчы, у Вармінска-Мазурскім ваяводстве. Каля 180 тыс. ж. (1999). Вузел чыгунак і аўтадарог. Прам-сць: шынная, харч., мэблевая, машынабудаўнічая. Арх. помнікі 14—16 ст. Паблізу, на Пд ад О. — месца Грунвальдскай бітвы 1410.
Узнік вакол паселішча каля замка Вармінскай капітулы, згадваецца з 1348. У 1353 атрымаў гар. права (ням. назва Аленштайн). У 1440—54 уваходзіў у Прускі саюз (аб’ядноўваў апазіцыйныя Тэўтонскаму ордэну гарады). У 1454 разам з Вармінскім біскупствам далучаны да Польшчы. У 1516—19 адміністратарам уладанняў капітулы быў М.Капернік, які ў 1521 у час польска-крыжацкай вайны кіраваў абаронай замка. Пасля 1-га падзелу Рэчы Паспалітай (1772) О. у складзе Прусіі. У канцы 19 ст. пачалася германізацыя насельніцтва. Па выніках плебісцыту 1920 горад застаўся ў межах Германіі. Пасля ўсталявання фаш. дыктатуры А.Гітлера ў О. пачалася новая хваля германізацыі і дэпартацыі польскага насельніцтва. У 2-ю сусв. вайну моцна разбураны. Вызвалены 22.1.1945, увайшоў у склад Польшчы. У 1946—99 цэнтр Альштынскага ваяводства.
т. 11, с. 434
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПА́ЙКА, паянне,
тэхналагічны працэс атрымання нераздымнага злучэння цвёрдых матэрыялаў расплаўленым прыпоем. Пры П. адбываецца ўзаемнае растварэнне і пранікненне асн. матэрыялу і вадкага прыпою, які запаўняе прамежак паміж злучанымі часткамі вырабу і пасля ахаладжэння цвярдзее з утварэннем суцэльнага паянага шва. П. злучаюць вырабы з металаў і іх сплаваў, радзей шкла, керамікі, графіту і інш. матэрыялаў у аўтамабіле- і прыладабудаванні, электроніцы, радыётэхніцы і інш.
Адрозніваюць П. цвёрдымі прыпоямі на аснове серабра, медзі і інш. (т-ра плаўлення 550—1100 °C) і мяккімі прыпоямі на аснове волава, свінцу і інш. (да 400 °C). У адрозненне ад зваркі канцы вырабаў, злучаных П., не аплаўляюцца. Для ачысткі паверхні металаў ад аксідных ці інш. плёнак выкарыстоўваюць флюсы. Для аблягчэння працэсу П. паверхні вырабаў часам папярэдне лудзяць (гл. Луджэнне). Неметалічныя матэрыялы злучаюць прыпоямі з актыўнымі металамі (напр., тытан, цырконій, хром) ці звычайнымі прыпоямі пасля металізацыі. Пры П. вырабы разам з прыпоем награюць у эл. печах, паяльнікамі, паяльнымі лямпамі, газавымі гарэлкамі, інфрачырвонымі і лазернымі прамянямі і інш.
т. 11, с. 522
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АГА́-ХАН,
тытул імама мусульманскай шыіцкай секты ісмаілітаў. Нададзены шахам Ірана ў сярэдзіне 19 ст. 46-му імаму Хасану Алі-шаху, пасля якога тытул пераходзіў да яго нашчадкаў: ага-хан II — Алі-шах (п. 1885); ага-хан III — Султан Махамед-шах (1877—1957) прадстаўляў у 1934—37 у Лізе нацый Індыю; ага-хан IV [з 1957 — шах Карым аль-Хусейні (н. 1937)].
т. 1, с. 73
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АДГО́Н,
абястлушчанае малако пасля аддзялення вяршкоў ад цэльнага малака. Састаў адгону залежыць ад зыходнага саставу цэльнага малака і ступені яго абястлушчвання. Мае ў сярэднім каля 3,2% бялкоў, 4,8% малочнага цукру, 0,05% тлушчу, 0,7% мінер. рэчываў. Выкарыстоўваецца як харч. дыетычны прадукт, на прыгатаванне сухога і згушчанага малака, сыраквашы, кефіру, кумысу, сыру і інш., выраб казеіну, як корм для маладняку жывёлы і птушак.
т. 1, с. 100
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕТОНАЗМЯША́ЛЬНІК, бетонамяшалка,
устаноўка ці машына, дзе змешваюць кампаненты бетоннай сумесі (вяжучае рэчыва, напаўняльнікі, ваду, дабаўкі). Бываюць цыклічнага дзеяння, якія загружаюць матэрыяламі толькі пасля атрымання папярэдняй порцыі (аб’ём порцыі гатовай сумесі 60—1600 л), бесперапыннага дзеяння (прадукцыйнасць 5—120 м³/гадз), перасоўныя і стацыянарныя, гравітацыйныя (з вярчальным барабанам) і з прымусовым мяшаннем кампанентаў. Бетоназмяшальнік на аўтамаб. шасі (аўтабетоназмяшальнік) дастаўляе сумесь да месца работы.
т. 3, с. 130
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)