НАРМА́НДЫЯ (Normandie),
гістарычная вобласць на ПнЗ Францыі, каля ўзбярэжжа праліва Ла-Манш. У старажытнасці населена кельтамі. Разам з Галіяй раманізавана і з 4 ст. хрысціянізавана. У 6 ст. заваявана франкамі. Пры Каралінгах аб’ект нападзенняў нарманскіх піратаў. У 911 правадыр нарманаў (адсюль назва) Ралон атрымаў Н. ад караля Карла III Праставатага ў якасці леннага ўдзела. Пасля нармандскага заваявання Англіі 1066 Н. — частка англа-нармандскай дзяржавы. У 12 ст. разам з англ. каронай перайшла пад уладу Плантагенетаў. У 1202—04 адваявана франц. каралём Філіпам II Аўгустам (замацавана пагадненнем 1259), але захавала асобныя прывілеі, самакіраванне гарадоў. У Стогадовую вайну 1337—1453 Н. — гал. арэна ваен. дзеянняў. У 1419 заваявана англічанамі. У 1450 вернута Францыі. У 1468 Людовік XI уключыў Н. ў каралеўскі дамен. У 1515 у г. Руан засн. парламент Н. У 16—17 ст. адна з найб. развітых гандл.-прамысл. правінцый Францыі (сукнаробства, выраб палатна, карункаў, шкла, жалеза і інш.). Пасля скасавання ў 1791 гіст.-адм. падзелу Францыі падзелена на дэпартаменты.
т. 11, с. 163
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)