група рыб сям. скумбрыевых. 5 родаў, 13 відаў. Пашыраны ў цёплых водах усіх акіянаў, некат. заходзяць ва ўмераныя воды. Стайныя Чародныя* пелагічныя рыбы.
Даўж. ад 30 см да 3 м і больш. маса да 680 кг (Т. сіні, або звычайны, з роду сапр. Т.). Цела верацёнападобнае, падоўжанае. Хваставое сцябло тонкае. мае з кожнага боку вял. скурысты кіль. Ззаду спіннога і анальнага плаўнікоў некалькі дадатковых плаўнічкоў. Адрозніваюцца моцным развіццём крывяносных сасудаў скуры, бакавых мышцаў цела і т.зв. чырв. мышцаў, што дае ім магчымасць плаваць хутка і на вял. адлегласці. Кормяцца рыбамі. малюскамі, ракападобнымі. Аб’екты промыслу.
Тунцы: 1 — сіні. або звычайны; 2 — малы, ці плямісты; 3 — макрэлевы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТУРНІ́Р СПАРТЫ́ЎНЫ,
форма правядзення спарт. спаборніцтваў у розных відах спорту, дзе адбываецца асабістае або каманднае супрацьборства. Бываюць Т.с. кругавы (кожны ўдзельнік паслядоўна сустракаецца з усімі адзін або некалькі разоў), кубкавы (алімп.; на кожным этапе выбываюць пераможаныя і вызначаецца пераможца); т.зв. швейцарскі (колькасць сустрэч — тураў меншая за колькасць удзельнікаў; у 1-м туры пары вызначаюцца жараб’ёўкай, у наступных жараб’ёўка злучае сапернікаў, якія маюць аднолькавую колькасць ачкоў). На адным Т.с. магчыма выкарыстанне розных сістэм.
Заснавальнікі Т.с. ўстанаўліваюць прызы для ўдзельнікаў. Бываюць Т.с. традыц. (напр., штогодні навагодні Гастынгскі турнір шахматыстаў; г. Гастынгс, Вялікабрытанія). міжнар. (напр., па вольнай барацьбе на прызы А.Мядзведзя, Мінск). турнір «Вялікага шлема» ў тэнісістаў і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ФА́КТАРНЫ АНА́ЛІЗ,
сукупнасць вылічальных метадаў, якія дазваляюць ацэньваць і на аснове апрацоўкі мноства назіральных пераменных (фактараў) атрымаць кампактнае апісанне з’яў і працэсаў, што даследуюцца. Выкарыстоўваецца ў матэматычнай статыстыцы, эканоміцы, хіміі, медыцыне, псіхалогіі і інш. Ад іншых метадаў даследавання адрозніваецца тым, што грунтуецца не на загадзя дадзеным «апрыёрным» пераліку фактараў, а дапамагае выявіць найб. важныя з гэтых фактараў, прычым скрытыя. Напр., пры выяўленні заканамернасцей, якія ўплываюць на прадукцыйнасць працы, аналізуецца мноства стат. паказчыкаў (адукацыйны ўзровень рабочых, каэфіцыент зменнасці абсталявання, энергаўзброенасць працы і інш.), але з дапамогай Ф.а. выяўляецца, што вырашальны ўплыў на рост прадукцыйнасці працы аказваюць некалькі абагульняльных фактараў — памеры прадпрыемства, узровень арганізацыі працы, характар прадукцыі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ФРЭ́ЗЕРНЫ СТАНО́К,
1) у металаапрацоўцы — металарэзны станок для апрацоўкі фрэзераваннем розных паверхняў (плоскасцей, фасонных канавак і інш.). Адрозніваюць Ф.с.: універсальныя — вертыкальна-Ф.с. (кансольныя і бескансольныя), гарызантальна-Ф.с., падоўжна-Ф.с.; спецыялізаваныя — карусельныя, капіравальна-Ф.с., разьба-, зубафрэзерныя (выкарыстоўваюцца пры апрацоўцы аднатыпных дэталей); спец. (робяць адну ці некалькі пэўных фрэзерных аперацый). На Беларусі Ф.с. вырабляюцца на Мінскім станкабудаўнічым заводзе імя Кастрычніцкай рэвалюцыі, Віцебскім заводзе заточных станкоў, Гомельскім станкабуд. з-дзе імя Кірава.
2) У дрэваапрацоўцы — станок для фрэзеравання дэталей крывалінейнай формы, зарэзкі пальцаў, контурнай апрацоўкі шчытоў ці вузлоў вырабаў і г.д.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ХВАСТАКО́ЛАВЫЯ, скаты-хвастаколы (Dasyatidae),
сямейства рыб атр. хвастаколападобных. 4 роды, 35 відаў. Пашыраны ў трапічных і субтрапічных морах, жывуць і ва ўмерана-цёплых водах, прэсных вадаёмах. Найб. вядомыя: хвастакол марскі кот (Dasyatis pastinaca), хвастакол чырвоны (D. akajei).
Шырокая ч. цела, т.зв. дыск, ад 60 см да 2,5 м і больш. Хваставая ч. адасобленая, хвост тонкі, востраканцовы, даўжэйшы за цела; на ім 1 або некалькі шыпоў, дзе ёсць клеткі з ядавітым сакрэтам (уколы Х. небяспечныя і для чалавека). Скура гладкая або ўкрытая нешматлікімі шыпікамі. Кормяцца рыбай і прыдоннымі беспазваночнымі. Яйцажывародныя. Некат. аб’екты промыслу. Гл. таксама Скаты.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ХЕЛІЦЭ́РАВЫЯ (Chelicerata),
падтып беспазваночных тыпу членістаногіх. Паходжаннем звязаны з трылабітамі. 2 кл.: мерастомавыя (жывуць у морах, пераважна выкапнёвыя) і павукападобныя (пераважна наземныя сучасныя формы). Каля 54 тыс. сучасных і некалькі тысяч выкапнёвых відаў. Пашыраны ўсюды, акрамя Антарктыды.
Даўж. ад 0,05 мм (некат. кляшчы) да 1,8 м (выкапнёвыя эўрыптэрыды). Цела падзяляецца на галавагрудзі (прасома) і брушка (апістасома). Галавагрудзі маюць 6 пар канечнасцей, з якіх пярэднія (хеліцэры) размешчаны наперадзе рота, а ззаду яго — педыпальпы (нагашчупальцы) — пераважна органы пачуццяў, іншы раз удзельнічаюць у перамяшчэнні і захопе корму. Брушныя 4 пары ног рэдукаваныя або ператварыліся ў жабры, лёгкія і інш. органы. Дыхаюць жабрамі, лёгкімі або трахеямі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ХІ́МІКА-ТЭРМІ́ЧНАЯ АПРАЦО́ЎКАметалаў,
адначасовае хім. і цеплавое ўздзеянне на вырабы гал. чынам з металаў і сплаваў. Прыводзіць да змены хім. саставу і структуры ў паверхневых слаях, зрэдку ва ўсім аб’ёме вырабу. Асн. від Х.-т.а. — азатаванне, аксідаванне, алітаванне, барыраванне, храміраванне, цынкаванне, цыянаванне, цэментацыя і інш.Найб. пашыраны цэментацыя і азатаванне.
Пры Х-т.а. выраб награваюць у хімічна актыўным асяроддзі некалькі гадзін пры т-ры, роўнай 0,5—0,8 т-ры плаўлення асн. кампаненту. У час вытрымкі паверхня вырабу абагачаецца хім. элементамі за кошт дыфузіі на глыбіню ад некалькіх мікраметраў да некалькіх міліметраў. Павышае даўгавечнасць дэталей машын і вырабаў (павялічвае іх цвёрдасць, зносаўстойлівасць, каразійную стойкасць і інш.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЦЕРАСПАЛО́СІЦА,
раз’яднанасць і раздробленасць зямлі аднаго землекарыстальніка на некалькі адасобленых частак. Бывае міжгаспадарчая, між- і ўнутрысялібная. У эпоху феадалізму была пашырана ў ВКЛ і Расіі. Узмацнілася ў выніку сял. рэформы 1861. Памешчыкі часта пакідалі сабе зямельныя ўчасткі, размешчаныя сярод сял. надзелаў, каб прывязаць сялян да сваёй гаспадаркі. Вялікае пашырэнне мела ўнутрыабшчынная Ц. Надзел, які належаў дзвюм і болей сем’ям, разбіваўся на шэраг дробных частак, раскіданых палосамі, у розных месцах, нярэдка на значнай адлегласці ад сядзібы і адна ад адной. Пры Ц. паніжалася інтэнсіфікацыя сял. і панскай гаспадарак. Ліквідавана ў выніку нацыяналізацыі зямлі і калектывізацыі с.-г. вытв-сці.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЦЕРУХА́,
рака ў Добрушскім і Гомельскім р-нах, левы прыток р. Сож (бас.р. Дняпро). Даўж. 57 км. Пл. вадазбору 525 км². Пачынаецца за 2 км на ПдУ ад пас. Альховае Добрушскага р-на, вусце за 4 км на З ад в. Церуха Гомельскага р-на. Цячэ па ўсх. ускраіне Гомельскага Палесся. Даліна пераважна выразная. Пойма двухбаковая (шыр. да 2 м), часткова асушаная. Рэчышча на вял. працягу каналізаванае (шыр. да 10 м). Берагі стромкія, выш. да 3 м. Замярзае ў канцы 2-й дэкады снеж., крыгалом у сярэдзіне сакавіка. Прымае сцёк меліярац. каналаў. Некалькі шлюзаў рэгулююць яе водны рэжым. Уздоўж ракі зона адпачынку Церуха.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ШАБЕ́ТА, каліта, кайсцерка,
у беларусаў невялікая скураная сумачка-кашалёк, у якой насілі крэсіва, сцізорык, люльку, тытунь, медзякі і інш. дробязь. У 18—19 ст. насілі з правага боку, мацавалі да пояса або да раменьчыка, перакінутага цераз плячо. Мела форму прамавугольніка (9—16 × 8—12 см) з 1 або 2 кляпамі на ўсю шырыню, некалькіўнутр. адсекаў, фігурны верх, аздоблены арнаментам з рамбічнай сеткі, крыжыкаў, хвалістых ліній, кружкоў, утвораных цісненнем і прасечкай. На Падняпроўі вядомы Ш. аб’ёмныя, авальнай формы. Ш. ўпрыгожвалі дэкар. штапам, аплікацыяй, наразнымі скуранымі мохрыкамі, вышыўкай, пляценнем з дробных раменьчыкаў, набіўкамі латунных цвічкоў з блішчастымі плешкамі. Найб. пашырана на Палессі.