галіна навукі і тэхнікі. якая займаецца даследаваннем прынцыпаў і распрацоўкай спосабаў генерыравання, прасторавага размеркавання, вымярэння і выкарыстання аптычнага (інфрачырвонага, бачнага, ультрафіялетавага) выпрамянення. Звязана таксама з пераўтварэннем святла ў інш. віды энергіі (напр., у оптаэлектроніцы).
Бывае: асвятляльная — выкарыстанне святла для асвятлення жылых, вытворчых і інш. памяшканняў, распрацоўка штучных крыніц святла, асвятляльных прылад, святлотэхнічных матэрыялаў, нарміраванне, праектаванне і эксплуатацыя святлотэхн. установак; святлосігнальная — аптычная сігналізацыя, распрацоўка святлосігнальных прыстасаванняў і сістэм кіравання імі (гл.Аптычная лакацыя, Аптычная сувязь, Маяк, Святлафор); святлопраекцыйная — атрыманне светлавых праекцый, святлокапіраванне, святламузыка (гл.Капіравальна-размнажальная тэхніка, Праекцыйны апарат); апрамяняльная — уздзеянне бачнага і нябачнага святла на чалавека, жывёл, расліны, вытв. працэсы (штучнае апрамяненне арганізма з лячэбнымі мэтамі, святлолячэнне, абеззаражванне вады і харч. прадуктаў, сушка пакрыццяў, вырошчванне пры штучным асвятленні агародніны, садавіны і інш.); вымяральная — вымярэнне характарыстык аптычнага выпрамянення (гл.Колераметрыя, Фотаметрыя); будаўнічая — выкарыстанне святла ў буд-ве і архітэктуры, яго размеркаванне ў будынках, на плошчах, гар. ансамблях; С. кінематаграфіі — распрацоўка і выкарыстанне спец. крыніц святла, асвятляльных прылад, экранаў для кіназдымкі, капіравання фільмаў і кінапраекцыі (гл.Кіназдымачны апарат). Для канцэнтрацыі светлавога патоку ў патрэбных кірунках выкарыстоўваюць свяцільні з люстранай і прызматычнай оптыкай; для памяншэння асляпляльнага дзеяння святла — розныя адбівальнікі і рассейвальнікі (дыфузныя і прызматычныя); для вял. канцэнтрацыі светлавога патоку — люстэркі рознай формы (напр., у пражэктарах). для атрымання звышмагутных накіраваных светлавых пучкоў — лазеры.
Стараж. крыніцы святла — вогнішчы, запаленыя трэскі і факелы (з наматаным на канцы палкі прасмоленым пакуллем), лучынныя святцы і лучнікі, неглыбокія каменныя міскі і гліняныя чашы на паддонах, у Стараж. Грэцыі і Рыме — гліняныя і бронзавыя свяцільні, лампады, у якія налівалі аліўкавы алей. Пазней з’явіліся свяцільні з 2 адтулінамі — для кнота і налівання тлушчу або алею (на Беларусі наз.каганцы), шмат’ярусныя гліняныя сподкі, свечачныя лампады. У пач. 19 ст. з’явіліся асвятляльныя лямпы, у якіх спальвалася газа (масла, спірт, ацэтылен); у 1855 Р.В.Бунзен вынайшаў газоўку, якая пачала выкарыстоўвацца ў газавых ліхтарах для асвятлення вуліц; у 1872 А.М.Ладыгін вынайшаў эл.лямпу напальвання, у 1876 П.М.Яблачкаў — дугавую лямпу; у 1850—1910-я г. створаны газасветныя трубкі, у СССР у 1928 — газасветныя, у 1935 — натрыевыя, у 1938 — люмінесцэнтныя лямпы, пазней інш.газаразрадныя крыніцы святла. З 1920-х г. набыў пашырэнне тэрмін «С.» ў яго сучасным значэнні (да гэтага часу яго разумелі як асвятленне). Развіццё С. паспрыяла станаўленню электронікі. Навук. даследаванні па С. пачаліся з 17 ст. (працы К.Гюйгенса, І.Ньютана, П.Бугера, М.В.Ламаносава, І.Г.Ламберта, Т.Юнга, В.У.Пятрова і інш.). Значны ўклад у развіццё С. зрабілі С.І.Вавілаў, М.А.Шатэлен (фотаметрыя, нарміраванне святлотэхн. установак), П.М.Ціхадзееў (светлавыя эталоны і вымярэнні), У.В.Мяшкоў (нарміраванне і праектаванне асвятляльных установак) і інш.
Літ.:
Мешков В.В. Основы светотехники. Ч. 1. 2 изд. М., 1979;
Тиходеев П.М. Световые измерения в светотехнике (фотометрия). 2 изд. М.; Л., 1962;
Мешков В.В., Епанешников М.М. Осветительные установки. М., 1972;
Гусев Н.М., Макаревич В.Г. Световая архитектура. М., 1973;
Карякин Н.А. Световые приборы. М., 1975;
Светотехника и инфракрасная техника. Т. 6. Физика, техника и перспективы развития источников света массового применения. М., 1989;
Гуторов М.М. Основы светотехники и источники света. 2 изд. М., 1983;
Степанцов В.П. Светотехническое оборудование в сельскохозяйственном производстве. Мн., 1987;
Трембач В.В. Световые приборы. 2 изд. Мн., 1990.
В.В.Валяўка, У.М.Сацута.
Некаторыя з асноўных крыніц святла ў гістарычным развіцці святлатэхнікі: 1 — факелы (з тлушчам і маслам); 2 — масляны свяцільнік у выглядзе лодкі (Стараж. Грэцыя, 5 ст. да н.э.); 3 — масляная бронзавая лямпа (Рым, 1 ст.н.э.); 4 — свяцільнік з гнуткай свечкай; 5 — люстра-падсвечнік (панікадзіла, 15 ст.); 6 — масляная лямпа з асобным рэзервуарам; 7 — газная лямпа (пач. 19 ст.); 8 — газавы ражок; 9 — ацэтыленавая лямпа; 10 — газанапальны ліхтар вулічнага асвятлення (канец 19 ст.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЕ́ЛЬСКАЯ ГАСПАДА́РКА,
адна з найважнейшых галін матэрыяльнай вытв-сці, якая забяспечвае насельніцтва харч. прадуктамі, а прам-сць сыравінай. Займаецца вырошчваннем с.-г. культур і гадоўляй с.-г. жывёлы. Падзяляецца на раслінаводства, жывёлагадоўлю і кормавытворчасць. Уключае таксама некаторыя віды першаснай перапрацоўкі раслін і жывёльных прадуктаў, гадоўлі жывой цяглавай сілы. У шэрагу краін да С.г. адносяць і лясную гаспадарку. Дакладнае спалучэнне галін забяспечвае рацыянальнае выкарыстанне матэрыяльных і прац. рэсурсаў. Гал. сродак вытв-сці ў С.-г. — зямля, якая ў час выкарыстання пры ўмове правільных да яе адносін не змяншае сваёй вартасці, г.зн. не амартызуе, а, наадварот, можа яе павялічваць. Значная частка С.-г. валавой прадукцыі выступае ў далейшым вытв. працэсе як сродак вытв-сці. С.г. моцна залежыць ад умоў навакольнага асяроддзя, што абумоўлівае асаблівасці арганізацыі вытв. працэсу.
Чалавецтва займаецца С.г. прыкладна 10—15 тыс. гадоў. Збіральніцтва, паляванне і рыбная лоўля вызначалі поўную залежнасць людзей ад прыроды. Вынікам развіцця грамадскіх адносін з’явілася ўзнікненне ў неаліце с.-г. дзейнасці, што ў далейшым абумовіла пэўную незалежнасць людзей ад умоў навакольнага асяроддзя. Першай галіной С.г., якая забяспечвала такую незалежнасць, лічыцца жывёлагадоўля. На базе збіральніцтва ўзнікла раслінаводства, калі чалавек пачаў апрацоўваць простымі прыладамі глебу для задавальнення сваіх патрэб. На працягу доўгага часу ў адпаведнасці з мясц. ўмовамі ўзнікалі, удасканальваліся і змяняліся сістэмы земляробства ад прымітыўных да інтэнсіўных, паляпшаліся карысныя якасці жывёлы. Пры малаінтэнсіўнай нізкапрадукцыйнай вытв-сці С.г. мела натуральны характар. З ростам інтэнсіўнасці многія галіны набылі таварны характар, узніклі зоны спецыялізацыі.
Плошча с.-г. угоддзяў на Зямлі каля 4,8 млрд.га, або 34% сушы (1999). У большасці краін асн.галіна С.г. — збожжавая гаспадарка. Збожжавыя і зернебабовыя культуры (пшаніца, кукуруза, рыс і інш.) займаюць амаль палову пасяўных плошчаў свету. Асн. пасевы пшаніцы знаходзяцца ў Еўропе, Паўн. Амерыцы і Азіі, кукурузы — у Паўн. Амерыцы, рысу — у краінах Азіі. Сусв.вытв-сць за год у сярэднім каля 400 млн.т. З тэхн. культур пашыраны бавоўнік. лён-даўгунец, цукр. трыснёг і цукр. буракі, сланечнік, масліны, бульба і інш. Большасць тэхн. культур вырошчваецца ў краінах, што развіваюцца, якія і выступаюць на сусв. рынку як гал. экспарцёры; з эканамічна развітых краін па вытв-сці тэхн. культур вылучаюцца толькі ЗША. У апошнія гады 20 ст. шырокую вядомасць набылі танізуючыя культуры (чай, кава, какава). Сусв.вытв-сць кавы за год складае 6 млн.т, чаю і какавы — па 2,5 млн.т. Асн. вытворцы кавы — Бразілія, Калумбія, Кот-д’Івуар, Уганда, Бурундзі. Па вытв-сці чаю вылучаюцца Кітай, Індыя, Шры-Ланка, Бангладэш, В’етнам. У сучаснай С.г. важнае месца займаюць агародніцтва, вінаградарства і садоўніцтва. Сусв. вядомасць мае вытв-сць пладовых культур у Міжземнамор’і, Каліфорніі, Фларыдзе. Большая частка вінаграднікаў сканцэнтравана ў краінах Зах. Еўропы і Паўн. Афрыкі. У сусв. гандлі вял. значэнне набылі бананы, плантацыі якіх знаходзяцца пераважна ў краінах Лац. Амерыкі, вільготных трапічных раёнах Афрыкі і Азіі. Сярод галін жывёлагадоўлі найб. развіццё атрымалі буйной рагатай жывёлы гадоўля, свінагадоўля і авечкагадоўля. У 2000 буйн. раг. жывёлы было каля 1,4 млрд. галоў, свіней — 0,9 млрд. галоў, авечак — каля 1,1 млрд. галоў. У сусв. гандлі прадукцыяй жывёлагадоўлі першыя месцы займаюць развітыя краіны. Гал. краіны-экспарцёры ялавічыны — Аўстралія, Германія, Францыя, Новая Зеландыя, Нідэрланды, ЗША; свініны — Нідэрланды, Бельгія, Данія, Канада; бараніны — Новая Зеландыя, Аўстралія, Вялікабрытанія; мяса птушкі — Францыя, ЗША, Нідэрланды; воўны — Аўстралія, Новая Зеландыя, Аргенціна, Уругвай, Паўд.-Афр. Рэспубліка. Індустрыялізацыя і урбанізацыя прывялі да зніжэння ўдз. вагі насельніцтва, занятага ў С.г., да 44% (1998). У 1960—90-я г. ў прамыслова развітых краінах у сярэднім доля занятых у С.г. знізілася з 13 да 7%, а ў краінах, што развіваюцца — з 65 да 57%. Адпаведна доля С.г. ва ўнутр. валавым прадукце скарацілася з 7 да 4% і з 46 да 21%. З агульнай колькасці эканамічна актыўнага насельніцтва ў С.г. заняты: у Азіі і Афрыцы больш за 60%, у Паўд. Амерыцы і Акіяніі каля 19%, у Еўропе і Паўн. Амерыцы — 9—10%. З пач. 1960-х г. на сусв. рынку с.-г. прадукцыі гал. таварапатокі і аб’ёмы вытв-сці рэгулююцца міжнар. арг-цыямі.
На С.г. істотна ўплывае навук.-тэхн. прагрэс, які ўдзельнічае праз перабудову ў інш. сферах гаспадаркі, мадэрнізацыю і індустрыялізацыю самой галіны. У 1920—30-я г. прагрэс у с.-г. вытв-сці адбываўся праз трактарызацыю; у 1940—50-я г. — праз селекцыю і хімізацыю; у 1960-я г. — праз «зялёную» рэвалюцыю. З 1980-х г. пачалося развіццё біятэхналогіі і камп’ютэрызацыі. У сучасны перыяд 78% зямной паверхні маюць сур’ёзныя прыродныя абмежаванні для развіцця земляробства, 13% плошчаў маюць нізкую прадукцыйнасць, 6% — сярэднюю і толькі 3% — высокую. У пач. 21 ст., нягледзячы на навук.-тэхн. прагрэс і глабалізацыю эканомікі, С.г. застаецца на нізкім узроўні развіцця. Найб. перадавыя тэхналогіі выкарыстоўваюцца ў эканам. развітых краінах Еўразіі, Паўн. Амерыкі, Аўстраліі і Новай Зеландыі.
На Беларусі с.-г. дзейнасць узнікла, як мяркуюць, у канцы неаліту (канец 5—4-е тыс. да н.э.). У 13—14 ст. сфарміраваліся асн. формы феад. і сял. землеўладання, катэгорыі феадалаў і сялян. Асн. галіной было раслінаводства. Вырошчвалі жыта, авёс, грэчку, гарох, лён-даўгунец, каноплі. Неад’емнай часткай С.-г. заставаліся разнастайныя промыслы: пчалярства, рыбалоўства, паляванне, рамёствы. З’яўленне фальваркаў, арыентаваных на вытв-сць таварнай прадукцыі, прыпадае на 15—16 ст. Першая аграрная рэформа (валочная памера) 2-й пал. 16—1-й пал. 17 ст. прывяла да дакладнага ўліку і рацыянальнага размеркавання зямель, уніфікацыі сял. правіннасцей. У зах. і цэнтр. Беларусі С.г. стала індывідуальнай праз падворнае землекарыстанне. Пасля далучэння да Рас. імперыі бел. губерні былі ўцягнуты ў яе гасп. сістэму, што дазволіла забяспечыць рынак збыту с.-г. прадукцыі і стымуляваць яе вытв-сць, пашырыць пасевы тэхн. культур (лёну, канапель, бульбы), вызначыць раёны з акрэсленай с.-г. спецыялізацыяй. Сусв. аграрны крызіс 1880—90-х г. зрабіў нявыгадным вытв-сць збожжа на Беларусі як таварнай прадукцыі. Сітуацыя тут ускладнілася ўтварэннем зоны таварнай вытв-сці збожжа ў чарназёмнай зоне Рас. імперыі. У выніку асн. галіной С.г. Беларусі стала малочная жывёлагадоўля, у важныя кірункі яе спецыялізацыі ператварыліся льнаводства і авечкагадоўля. Значна паўплывала на С.г. сталыпінская агр. рэформа. Напярэдадні 1-й сусв. вайны Беларусь заставалася агр. краінай: каля 75% яе жыхароў былі заняты ў С.г., доля якой у нац. прыбытку складала 67,5%. Пасля Кастр. рэвалюцыі 1917 ішло аднаўленне разбуранай войнамі с.-г. вытв-сці, яно прыблізна завяршылася да 1925. У 1929 у БССР пачалася паўсюдная калектывізацыя, якая суправаджалася раскулачваннем. Да 1935 у калгасах апынулася 85,6% гаспадарак, абагульнена 92,3% пас. плошчаў. У гасп. жыцці ўсталяваліся метады пазаэканам. прымусу, склалася сістэма неэквівалентнага абмену паміж горадам і вёскай, узнікла адчужэнне селяніна ад асн. сродкаў вытв-сці і вынікаў працы. Вялізныя страты С.г. Беларусі прычынены ў гады 2-й сусв. вайны: разбурана 10 тыс. калгасаў, 92 саўгасы, 36 МТС, прыкладна на 40% скараціліся пасяўныя плошчы, пагалоўе буйн. раг. жывёлы знізілася амаль на 49%, коней — на 61, свіней — на 89, авечак і коз — на 78%, поўнасцю разбурана энергетычная і тэхн. база С.г. У пасляваенны перыяд праведзена калектывізацыя і ў Зах. Беларусі, прыняты шэраг захадаў па матэрыяльным стымуляванні, удасканаленні планавання і арганізацыі с.-г. вытв-сці, перавод яе на інтэнсіўны шлях развіцця. У 1970—80-я г. ў выніку спецыялізацыі і канцэнтрацыі на аснове міжгасп. і аграпрамысл. інтэграцыі адбыўся пэўны рост с.-г. вытв-сці. Але звышцэнтралізаванае кіраванне, манапалізм у вытв-сці, бюракратызм не дазволілі зламаць механізм тармажэння, забяспечыць развіццё прадукцыйных сіл. Недаацэнка с.-г. працы стымулявала адток сельскага насельніцтва ў гарады, вяла да пастарэння і абязлюдзення вёскі: За 1960—80-я г. ўдз. вага сельскага насельніцтва знізілася да 35%. Катастрофа на Чарнобыльскай АЭС, распад СССР, агульны эканам. крызіс абвастрылі супярэчнасці агр. сектара краіны. Перавага адзяржаўленай калгасна-кааператыўнай уласнасці, слабая эканам. матывацыя працы сялянства пакуль яшчэ стрымліваюць развіццё С.г. Марудна пашыраюцца новыя формы прадпрыемстваў у С.г. (акц. т-вы, асацыяцыі, кааператывы і інш.), фермерства. Розніца ў цэнах на прамысл. прадукцыю і с.-г. сыравіну перашкаджае эканам. развіццю С.г. краіны. На Беларусі ўдз. вага занятага ў С.г. насельніцтва складае (2000) 14,1%, у інвестыцыях у асн. капітал 6,7% у асн. фондах 16,5% у валавым унутр. прадукце 12,7%. Налічваецца 1730 калгасаў, 617 саўгасаў, 2,5 тыс. сялянскіх (фермерскіх) гаспадарак. Сярод прадпрыемстваў 48,8% стратных. Асн. паказчыкі развіцця С.г. гл. ў табл. 1 і 2.
С.г. Беларусі спецыялізуецца на малочна-мясной жывёлагадоўлі, свінагадоўлі, вытв-сці бульбы і лёну. На тэр. краіны вылучаюць 5 зон спецыялізацыі, якія ўтварыліся пад уздзеяннем розных фактараў: кліматычных і глебавых умоў, аб’ёмаў і структуры попыту насельніцтва і прам-сці на прадукцыю С.г., размяшчэння гаспадарак адносна да прадпрыемстваў па перапрацоўцы с.-г. сыравіны, трансп. умоў, узроўню цэн на с.-г. прадукцыю, ступені забяспечанасці прац. рэсурсамі. У гэтых зонах шмат агульнага і ў той жа час кожная з іх мае свае асаблівасці. Ва ўсіх зонах развіта збожжавая гаспадарка, вырошчваюцца тэхн. культуры і бульба, паўсюдна гал.галіна — жывёлагадоўля. Аднак структура пасяўных плошчаў і суадносіны відаў жывёлы істотна розняцца. Асн.харч. культурамі з’яўляюцца жыта і пшаніца. Некалькі больш пашыраны пасевы жыта на пясчаных і супясчаных глебах Палесся, пшаніцы — у Брэсцкай, Гродзенскай, на ПдЗ Мінскай і на У Гомельскай абласцей. Найб. плошчы ячменю і аўса ў Віцебскай, Мінскай і Магілёўскай абласцях. Для палескіх раёнаў характэрны пасевы кармавога лубіну на зерне. Паўн. і паўн.-ўсх. часткі Беларусі найб. прыдатныя для пасеваў і лёну-даўгунцу. Пасевы цукр. буракоў сканцэнтраваны на ўрадлівых глебах вакол цукр. з-даў. У некаторых раёнах (Петрыкаўскім, Лідскім і інш.) вырошчваюць эфіраалейныя культуры. Большая ўдз. вага пасеваў бульбы характэрна для Брэсцкай, Гомельскай і Мінскай абласцей. Вакол Мінска сфарміравалася самая развітая зона агародніцтва. Па развіцці садоўніцтва вылучаецца Мінская і Гомельская вобл., асабліва ў прыгарадных зонах. Развядзенне буйн. раг. жывёлы характарызуецца раўнамерным размяшчэннем па тэр. краіны. У цэнтр., паўд. і зах. раёнах больш развіта свінагадоўля. Птушкагадоўля — самая індустрыяльная галіна жывёлагадоўлі. У асн. развіваецца на спецыялізаваных прадпрыемствах, найб. з якіх Мінскае ВА па птушкагадоўлі, Смалявіцкая бройлерная ф-ка, Аршанская, Баранавіцкая, Кобрынская птушкафабрыкі. З інш. галін жывёлагадоўлі пэўнае развіццё атрымалі рыбаводства, зверагадоўля і пчалярства. Гл. таксама Аграрнае пытанне, Аграрны крызіс, Аграрныя рэформы.
Літ.:
Алисов Н.В., Хорев Б.С. Экономическая и социальная география мира (общий обзор). М., 2000;
Социально-экономическая география зарубежного мира. М., 1998;
Нарысы гісторыі Беларусі. Ч. 1—2. Мн., 1994—95.
Г.С.Смалякоў.
Табліца 1 Вытворчасць асноўных відаў с.-г. прадукцыі ў Беларусі
Віды прадукцыі
1913
1940
1960
1980
1990
1995
2000
Збожжа, млн.т
2,6
2,7
2,2
4,1
7,0
5,5
4,5
Ільновалакно, тыс.т
32,8
36,5
84,4
61,0
52,0
60,0
37,0
Цукровыя буракі, тыс.т
—
—
383
1122
1479
1472
1474
Бульба, млн.т
4,1
11,9
10,6
9,3
8,6
9,5
8,7
Агародніна, тыс.т
—
673
843
733
749
1031
1379
Садавіна, тыс.т
—
—
—
414
373
383
—
Мяса ў забойнай вазе, тыс.т
219,3
274,7
401,8
857,0
1181,0
657
598
Малако, млн.т
1,4
2,0
3,2
6,1
7,5
5,1
4,5
Яйцы, млн.шт.
413,0
611,8
867,8
3035,0
3657,0
3373,0
3288,0
Табліца 2 Пагалоўе жывёлы і птушкі ў Беларусі (тыс. галоў)
Віды прадукцыі
1916
1941
1961
1980
1990
1996
2000
Буйная рагатая жывёла
2293
2843
3666
6735
7166
5054
4221
у т. л. каровы
1610
1956
2021
2748
2439
2137
1845
Коні
1483
1170
519
234
219
229
217
Свінні
2444
2520
3164
4437
5204
3895
3566
Авечкі і козы
2050
2578
1213
564
510
262
174
Птушка, млн. галоў
—
14,7
18,6
37,3
49,8
40,1
30,1
Да арт.Сельская гаспадарка. Жывёлагадоўчы комплекс у Брэсцкім раёне.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АКЦЁРСКАЕ МАСТА́ЦТВА,
від выканальніцкай творчасці, майстэрства ствараць мастацкія вобразы.
У тэатры акцёр увасабляе характары, выкарыстоўваючы свае інтэлект, тэмперамент, эмоцыі, міміку, голас, рухі, жэсты, пластыку цела і г.д.Сцэн. вобраз ён стварае на аснове літ. вобраза драматургіі, разам з тым прапануе ўласнае бачанне і трактоўку вобраза, узбагачае і пашырае яго. Акцёрскае мастацтва падзяляецца на драм., опернае, балетнае, эстраднае, цыркавое і г.д.; дыферэнцыруецца паводле жанраў (камедыя, вадэвіль, фарс, трагедыя і інш.).
Элементы акцёрскага мастацтва ў часы першабытнага грамадства меліся ў масавых дзействах, абрадах, рытуалах. Як від мастацтва сфарміравалася ў Стараж. Грэцыі. Тады ж зарадзілася традыцыя выканальніцкай стылістыкі асн. жанраў драматургіі: трагедыі (велічнасць, узнёслая пафаснасць, вытанчаная пластыка) і камедыі (падкрэсленая перабольшанасць ці знарочыстае паніжэнне таго, што паказваецца). Акцёры выступалі ў масках. У Стараж. Рыме традыцыі акцёрскага мастацтва ўзбагаціліся жанрам пантамімы, у сярэднія вякі — мастацтвам гістрыёнаў і скамарохаў. У сярэднявеччы сфарміраваліся літургічная драма, містэрыя, міракль, маралітэ, узнік фарс. Вышэйшае дасягненне нар.т-ра масак — італьян.камедыя дэль артэ. У эпоху Адраджэння акцёрскае мастацтва было скіравана на раскрыццё вял. ідэй, увасабленне індывід. і псіхалагічна складаных характараў. У перыяд класіцызму ў ім узмацніўся рацыяналістычны пачатак, вял. ўвага аддавалася дэкламацыйнасці. Рамантызм прывёў на сцэну ўзрыўны тэмперамент, бурныя страсці герояў, надзвычайную эмацыянальнасць і імпульсіўнасць. Рэаліст. акцёрскае мастацтва вызначаецца дакладным і псіхалагічна тонкім раскрыццём характару. Яго тэарэт. асновы і метадалогію працы з акцёрам заклаў і распрацаваў К.С.Станіслаўскі (гл.Станіслаўскага сістэма). На пач. 20 ст. ўзніклі і з сярэдзіны 20 ст. атрымалі пашырэнне мадэрнісцкія плыні ў акцёрскім мастацтве (умоўнасць, замест жыццёвых рэалій знакавасць і вобразная метафарычнасць). Побач з гэтым з’явіліся патрабаванні большай вастрыні і абагульненасці акцёрскага мастацтва, узмацнення яго агітацыйных функцый (творчасць У.Меерхольда, Б.Брэхта). Своеасаблівыя сістэмы акцёрскага мастацтва склаліся ў т-ры Усходу (Індыя, Кітай, Японія).
Карані акцёрскага мастацтва Беларусі ў глыбокай старажытнасці. Яго элементы меліся ў рытуальных святах, звязаных з гадавым цыклам кругавароту сонца і земляробчым календаром, з жыццём чалавека — ад з’яўлення яго на свет да памінання памерлага, у нар. ігрышчах, абрадах, карагодах. Першыя прафес. акцёры — скамарохі. Вял. пашырэнне на Беларусі атрымалі школьны тэатр, батлейка, народная драма. Характэрная выканальніцкая манера ва ўсіх відах фалькл.т-ра — завостраная сац. акрэсленасць сцэн. вобразаў, акцэнтаванне ўвагі на камед. і сатыр. рысах персанажаў, карнавальны характар ігры, узбуйненне акцёрскіх фарбаў. У 18—19 ст. прыкметны след у акцёрскім мастацтве балета, оперы, драмы пакінулі выканаўцы гар. і маёнткавых т-раў, выхадцы з нар. нізоў, пераважна з сялян.
Развіццё бел.прафес. акцёрскага мастацтва новага часу звязана з дзейнасцю Дуніна-Марцінкевіча тэатра, Першай беларускай трупы Ігната Буйніцкага, Першага таварыства беларускай драмы і камедыі. У 1920-я г. расло прафес. майстэрства, пашыраліся стылявыя пошукі. акцёрскага мастацтва БДТ-3 характарызавалася каларытнай самабытнасцю, нар. сакавітасцю, яркасцю; у БДТ-1 ад фальклорна-этнагр. кірунку з акрэсленымі сац. матывамі акцёрскага мастацтва ўзнялося да высокага рамант. гучання і псіхалагічна тонкага малюнка вобразаў; БДТ-2 быў адметны эксперыментатарствам, тэатр. кідкасцю. Глыбока раскрыліся таленты (Ф.Ждановіча, У.Галубка, У.Крыловіча, Г.Грыгоніса, К.Міронавай і інш. У канцы 1920-х — 30-я г. на акцёрскае майстэрства адмоўна паўплывалі ідэалагізацыя, вульгарны сацыялагізм, схематызм. Нягледзячы на гэта, акцёрскае майстэрства развівалася, паглыбілася псіхал. распрацоўка характараў. Яркія сцэн. вобразы ўвасобілі У.Уладамірскі, Г.Глебаў, А.Ільінскі, Л.Ржэцкая. Акцёры Б.Платонаў, І.Ждановіч, пераадолеўшы вонкавую манументальнасць і рыторыку, паказвалі цікавыя ўзоры сцэн. творчасці. Акцёрскае мастацтва ўзбагацілі У.Дзядзюшка, Ц.Сяргейчык, В.Галіна, В.Пола, І.Шаціла, М.Бялінская, М.Звездачотаў, Р.Кашэльнікава, Я.Глебаўская, А.Радзялоўская, С.Бірыла, А.Шэлег.
З сярэдзіны 1960-х г. разам з акцёрамі старэйшага і сярэдняга пакаленняў (С.Станюта, Л.Рахленка, З.Стома, Г.Макарава, Ф.Шмакаў, І.Матусевіч, З.Канапелька, З.Браварская) набірала творчую сілу новае пакаленне (В.Тарасаў, Г.Гарбук, Л.Давідовіч, М.Захарэвіч, П.Дубашынскі, А.Мілаванаў, Г.Талкачова, У.Куляшоў, Г.Дубаў, Т.Кокштыс, Я.Шыпіла і інш.). Значны ўклад у акцёрскае мастацтва зрабілі майстры рус. т-раў Беларусі (У.Кумельскі, А.Кістаў, Дз.Арлоў, А.Клімава, Р.Янкоўскі і інш.).
У 1920—40-я г. падрыхтоўка бел. акцёраў вялася ў тэатр. студыях, у 1940—60-я г. ў студыях пры т-рах імя Я.Купалы і Я.Коласа, з 1945 у Бел.тэатр. ін-це (цяпер Бел. акадэмія мастацтваў). Акцёрамі працуюць і выпускнікі Бел. ун-та культуры.
У кіно акцёрскае мастацтва абапіраецца на традыцыі т-ра і дакумент. кінематографа. На пач. 20 ст. першых прафес. кінаакцёраў (М.Пікфард, Л. і Д.Гіш і інш.) выхаваў амер. рэжысёр Д.Грыфіт, які распрацаваў асн. прынцыпы акцёрскага мастацтва ў кінематографе. У 1920-я г. Л.Куляшоў заснаваў школу «кінанатуршчыкаў», што імкнуліся спалучаць экспрэсіўнасць мімікі і пантамімы з натуральнасцю аблічча. С.Эйзенштэйн выкарыстоўваў «тыпаж» (непрафес. выканаўца з выразнай знешняй сац. характарнасцю). Жанравае кіно як мастацка-рэкламны сродак выкарыстоўвала «зорку» — акцёра са сталым абліччам і характарам (камед. маскі, вамп, гангстэр, «папялушка» і інш). Выдатныя акцёры-«зоркі» стварылі глыбокія тыповыя вобразы (Ч.Чаплін, Д.Фербенкс, Пікфард, Л.Гіш, І.Мазжухін, А.Нільсен). У 1930—40-я г. са з’яўленнем гуку акцёры атрымалі магчымасць надаваць персанажам большую псіхал. і маст. аб’ёмнасць (Ж.Габэн, М.Сімон, М.Дзітрых, В.Лі, Л.Аліўе, Ч.Лоўтан, Г.Гарба, Х.Богарт, Г.Фонда, Б.Бабачкін, В.Марэцкая, Л.Арлова). У 1940—50-я г. дасягненні Куляшова і Эйзенштэйна развілі майстры італьян. неарэалізму, у 1950—60-я г. актуальнымі застаюцца імкненні да натуральнасці і псіхал. дакладнасці характараў у фільмах майстроў неарэалізму, французскай «новай хвалі», польск., венг., рас., груз. кіно, творчасці Ж.Філіпа, Ж.Маро, Дж.Мазіны, М.Мастраяні, С.Ларэн, І.Тулін, М. фон Сюдаў, Б.Ланкастэра, С.Трэсі, М.Бранда, З.Цыбульскага, Л.Вініцкай, С.Бандарчука, І.Смактуноўскага, Д.Баніёніса, М.Ульянава.
У 1970—80-я г. ў акцёрскім мастацтве фарміраваліся разнастайныя індывід. стылі (Ж.Дэпардзьё, Дж.Нікалсан, Д.Хофман, Дж.Фонда, Л.Ульман, Х.Шыгула).
У бел. кіно ў 1920—30-я г. вызначыліся пераважна рас. акцёры. Але прыкметныя ролі стварылі і бел. акцёры У.Крыловіч, В.Пола, Б.Платонаў, Л.Мазалеўская. У 1940—50-я г. ў фільмах-спектаклях раскрылася бліскучае майстэрства Г.Глебава, Платонава, Дзядзюшкі, Рахленкі, Полы, Ржэцкай. У 1960—90-я г. высокага прафес. ўзроўню дасягнула акцёрскае мастацтва Станюты, Стомы, Кармуніна, Г.Макаравай, Куляшова, Мілаванава, А.Дзянісава, В.Белахвосціка, Т.Мархель, У.Гасцюхіна, Г.Гарбука, М.Яроменкі, С.Сухавей.
Літ.:
Станиславский К.С. Работа актёра над собой: Дневник ученика. Ч. 1—2. М., 1951;
Советское актёрское искусство, 50—70 годы. М., 1982;
Майстры беларускай сцэны. Мн., 1986;
Атрошчанка А. Фларыян Ждановіч: Біягр. нарыс. Мн., 1972;
Яго ж. Уладзіслаў Галубок. Мн., 1969;
Есакоў А. Уладзімір Крыловіч: Жыццёвы і творчы шлях. Мн., 1956;
Няфёд У. Народны артыст СССР П.С.Малчанаў. Мн., 1958;
Яго ж. Народны артыст БССР У.І.Уладамірскі. Мн., 1954;
Сабалеўскі А. Барыс Платонаў: Жыццё і творчасць вялікага беларускага артыста. 2 выд.Мн., 1989;
Яго ж. Глеб Глебаў: Жыццё і творчасць вялікага беларускага камед. акцёра. Мн., 1994;
Скібнеўскі А. Народны артыст СССР А.К.Ільінскі. Мн., 1954;
Сяргейчык Ц. Нататкі акцёра: Шлях жыцця і творчасці. Мн., 1973;
Кузняцова К. Ірына Ждановіч. Мн, 1970;
Яе ж. Генрых Грыгоніс: Крытыка-біягр. нарыс. Мн., 1984;
Гаробчанка Т. Вольга Галіна: Крытыка-біягр. нарыс. Мн., 1980;
Бурьян Б. Судьба чужая — как своя: Этюды о сценич. созданиях Александры Климовой. Мн., 1982;
Малчанаў П. Тэатр — жыццё маё: Успаміны. Мн., 1984;
Арлова Т. Купалаўцы: Эцюды пра акцёраў. Мн., 1985;
Обухович А. Полвека на сцене. Мн., 1987.
А.В.Сабалеўскі (тэатр), Г.В.Ратнікаў (кіно).
Да арт.Акцёрскае мастацтва. А.Ільінскі ў ролі Несцеркі («Несцерка» В.Вольскага).Да арт.Акцёрскае мастацтва. М.Ульянаў у ролі маршала Г.К.Жукава (мастацкі фільм «Блакада»).Да арт.Акцёрскае мастацтва. С.Станюта ў ролі Марылі («Раскіданае гняздо» Я.Купалы).Да арт.Акцёрскае мастацтва. Ч.Чаплін у фільме «Агні вялікага горада».
Да арт.Акцёрскае мастацтва. Г.Глебаў у ролі Пустарэвіча (злева), Б.Платонаў — Адольфа Быкоўскага («Паўлінка» Я.Купалы).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРАМЫСЛО́ВАСЦЬ, індустрыя,
найважнейшая галіна матэрыяльнай вытв-сці, якая аказвае вырашальнае ўздзеянне на ўзровень эканам. развіцця грамадства; сукупнасць прадпрыемстваў (фабрык, заводаў, электрастанцый, шахтаў, руднікоў і інш.), занятых вырабам прылад працы, вытв-сцю энергіі, здабычай сыравіны і паліва, нарыхтоўкай лесу, апрацоўкай і перапрацоўкай прадуктаў, атрыманых у П. або вырабленых у сельскай гаспадарцы. Паводле характару вытв-сці і прадметаў працы падзяляецца на здабыўную і апрацоўчую, паводле эканам. прызначэння і выкарыстання прадукцыі — на вытв-сць сродкаў вытв-сці і вытв-сць прадметаў спажывання. Адрозніваюць П. цяжкую, лёгкую, харчовую і інш., якія ў сваю чаргу падзяляюцца на галіны і асобныя віды вытв-сці (напр., лёгкая П. уключае тэкстыльную, швейную, гарбарную, футравую, абутковую і інш.).
П. зарадзілася ў рамках натуральнай гаспадаркі. Яна ўзнікла як самаст.галіна грамадскай вытв-сці пасля аддзялення рамяства ад сельскай гаспадаркі. У станаўленні П. як самастойнай сферы грамадскай працы вял. ролю адыгралі гарады, дзе склаліся першыя элементы капіталіст. адносін. У сваім развіцці П. прайшла 3 стадыі: дробнатаварную, мануфактурную і фабрычную. Пераход ад мануфактуры да буйной машыннай індустрыі абумоўлены прамысловым пераваротам, які адбыўся спачатку ў Вялікабрытаніі, а потым і ў інш. краінах. У канцы 19 і пач. 20 ст. больш хуткімі тэмпамі П. развівалася ў ЗША і Германіі, якія апярэдзілі Вялікабрытанію. У перыяд паміж 1-й і 2-й сусв. войнамі найхутчэй развівалася П. ЗША. Да пач. 1920-х г. ЗША давалі амаль палавіну сусв. здабычы вугалю, каля 3/5сусв. вытв-сці чыгуну і сталі, 2/3 здабытай ва ўсім свеце нафты, 85% сусв. выпуску аўтамабіляў. П еўрап. краін была разбурана 1-й сусв. вайной. П. Францыі дасягнула даваен. ўзроўню ў 1924. У Вялікабрытаніі выпуск прамысл. прадукцыі да 1929 дасягнуў толькі аб’ёму 1913. У Германіі стабілізацыя эканомікі пачалася з 1924, за кошт крэдытаў ЗША і Вялікабрытаніі, і да 1927 быў адноўлены даваенны ўзровень. За гады 1-й сусв. вайны ўзбагацілася і забяспечыла далейшы рост П Японія. Сусв.эканам. крызіс 1929—33 суправаджаўся рэзкім скарачэннем прамысл. вытв-сці, асабліва ў ЗША, Францыі і Вялікабрытаніі. Пасля выхаду з крызісу ў найбуйнейшых еўрап. краінах і ў Японіі назіраўся значны рост ваен. вытв-сці.
2-я сусв. вайна 1939—45 нанесла цяжкі ўдар па прамысл. вытв-сці еўрап. краін і Японіі. У аднаўленні П. гэтых краін важную ролю адыграў Маршала план, паводле якога магутныя фінансавыя ўліванні амер. крэдытаў дазволілі адрадзіцца Еўропе і Японіі. Сусв. канкурэнцыя прымусіла еўрап. краіны аб’яднацца і гэта прывяло да стварэння «Агульнага рынку» (ЕЭС). За гады вайны нац. даход ЗША падвоіўся, удвая вырасла прамысл.вытв-сць. Аб’ём П. ЗША у 1953 павялічыўся ў параўнанні з 1947 на 37%. Канкурэнцыя з боку еўрап. краін і Японіі з’явілася магутным стымулам для ўкаранення дасягненняў навукова-тэхн. рэвалюцыі (НТР).
Дзякуючы электрыфікацыі і хімізацыі вытв. працэсаў рэзка павысілася прадукцыйнасць працы, змяніўся падыход да праблемы выкарыстання сыравінных рэсурсаў, атрымалі развіццё новыя галіны эканомікі. Характэрнай рысай НТР стала аўтаматызацыя вытв-сці, у прыватнасці стварэнне і выкарыстанне ў вытв-сці электронна-выліч. тэхнікі. Калі ў 2-й пал. 19 ст. найважнейшымі галінамі П. былі тэкст., металургічная, чыг. машынабудаванне, а ў 1-й трэці 20 ст. — аўтамаб., электраэнергетычная і хім., то пасля 2-й сусв. вайны гал. вагу набылі атамная, электронная, аэракасмічная, нафтахім., распрацоўкі біятэхналогій.
У Рас. імперыі тэмпы прамысл. развіцця сталі рэзка расці пасля адмены прыгоннага права. Перабудова рас. П. адбывалася на базе ўласных матэрыялаў — металу, мінер. паліва, цэменту і інш., уласнага машынабудавання. Здабыча вугалю і нафты, выплаўка чыгуну да канца 19 ст. павялічыліся ў 3 разы. Прамысл. ўздым у 1909—13 вывеў Расію па тэмпах росту вытв-сці на 1-е месца ў свеце. Да 1909 тут узніклі магутныя карпарацыі і канцэрны, куды ўваходзілі машынабудаўнічыя і металаапрацоўчыя з-ды. Нягледзячы на высокія тэмпы развіцця П., Расія напярэдадні 1-й сусв. вайны па агульным аб’ёме валавой прадукцыі адставала ад ЗША, Германіі і Вялікабрытаніі, асабліва па прадукцыйнасці працы і вытв-сці на душу насельніцтва. Пасля Кастр. рэвалюцыі 1917 буйнейшыя прадпрыемствы асн. галін П. Расіі былі нацыяналізаваны, у т. л. 11 100 акц. прадпрыемстваў. У перыяд нэпа (1921—27) было дазволена прыватнае прадпрымальніцтва. За перадваенны перыяд у СССР былі створаны новыя галіны вытв-сці, пабудаваны буйныя прамысл. прадпрыемствы, паявілася цяжкае машынабудаванне. У выніку 2-й сусв. вайны СССР страціў трэць свайго нац. багацця. Эканоміка была адноўлена за даволі кароткі тэрмін. На месцы ранейшых пабудавана каля 3200 тэхнічна больш дасканалых і магутных прадпрыемстваў. У 1950—60-я г. рабіліся спробы гасп. рэформ: у 1957 кіраванне П. было перададзена ў Саветы нар. гаспадаркі, спрабавалі перавесці прадпрыемствы на гасп. разлік, аднак існуючая ў краіне паліт. сістэма вельмі хутка задушыла рэформы. Рэальнае рэфармаванне эканомікі Расіі пачалося з 1992, калі стаў складвацца рыначны механізм.
На Беларусі мануфактуры паявіліся ў 1-й пал. 18 ст. Першымі былі Налібоцкая шкляная мануфактура, на якой у 1748 працавала больш за 100 чал., выпускала 100 відаў прадукцыі (аконнае шкло, графіны, бакалы і інш), і Урэцкая шкляная мануфактура. Потым паявіліся Нясвіжская мануфактура шаўковых паясоў, Слуцкая мануфактура шаўковых паясоў, Нясвіжская дывановая мануфактура, Нясвіжская суконная мануфактура, Гродзенскія каралеўскія мануфактуры. У 19 ст. ўзніклі першыя ф-кі і заводы. Але ў 1-й пал. 19 ст. пераважала дробная вытворчасць, якая ў 1860 у 2 разы пераўзыходзіла мануфактурную і фабрычную. Дробныя прадпрыемствы пераважалі ў харчовай, гарбарнай і тэкст. галінах. З 1860 да 1900 колькасць прадпрыемстваў павялічылася да 17,1 тыс., а рабочых на іх з 2364 да 63,5 тыс. У канцы 19 ст. паявіліся першыя акц. т-вы. З 1900—13 аб’ём вытв-сці на акц. прадпрыемствах Беларусі павялічыўся ў 5,2 раза. Эканам. ўздым спрыяў прытоку замежных інвестыцый, гал. чынам у лесаапрацоўку. Напярэдадні 1-й сусв. вайны П. Беларусі пастаўляла 26,8% піламатэрыялаў, 23,5% фанеры, 11,7% запалак, 10,2% паперы, 9,9% спірту, шкляной прадукцыі агульнарас. вытв-сці. За 1-е дзесяцігоддзе сав. улады П. у БССР была адноўлена і пачала развівацца на планавай аснове. Ствараліся новыя галіны вытв-сці і будаваліся прамысл. прадпрыемствы. У 1930-я г.БССР ператварылася ў індустр. рэспубліку: выпускала металаапр. станкі, сельгасмашыны, маторы, турбіны, радыёпрыёмнікі і інш. У перадваенны час на долю Беларусі прыпадала 33,8% усёй вырабленай у СССР фанеры, 27% запалак, 30% аліфы, 25% дражджэй, 11% маргарыну, больш за 10% станкоў. Па вытв-сці шарсцяных тканін Беларусь займала ў СССР 2-е месца. У перыяд Вял.Айч. вайны П. Беларусі была разбурана. Яе аднаўленне пачалося адразу пасля вызвалення ў 1944. Напр., за гады 5-й пяцігодкі ўведзены ў дзеянне 1010 новых прамысл. прадпрыемстваў, у т. л. 150 буйных. Расло значэнне вядучых галін П. — энергетыкі, машынабудавання і металаапрацоўкі, развівалася хім.прам-сць, асабліва вытв-сцьмінер. угнаенняў; пабудаваны Салігорскі калійны камбінат (гл.«Беларуськалій»), Гродзенскі азотнатукавы з-д (гл.Гродзенскае вытворчае аб’яднанне «Азот»), суперфасфатны ў Гомелі (гл.Гомельскі хімічны завод). У 1960-я г. здадзены ў эксплуатацыю Наваполацкае вытворчае аб’яднанне «Нафтан», Магілёўскі камбінат сінтэтычнага валакна, Лідскі лакафарбавы завод і інш. Значная ўвага аддавалася рэканструкцыі і мадэрнізацыі вытв-сці, аснашчэнню яе аўтаматычнымі і механічнымі лініямі, аўтаматызаванымі сістэмамі кіравання.
З распадам СССР і разрывам традыцыйных эканам. сувязей сітуацыя ў П. Беларусі пагоршылася: пачаліся перабоі з пастаўкамі сыравіны, паліва і электраэнергіі, страчаны звычныя рынкі збыту прамысл. прадукцыі. Да 1995 спад вытв-сці склаў 31%. Складаная сітуацыя ў эканоміцы вымусіла ўрад распрацаваць праграму «Асноўныя кірункі сацыяльна-эканамічнага развіцця Беларусі на 1996—2000 г.», дзе прадугледжвалася павялічваць рост тэмпаў валавога ўнутр. прадукту (ВУП) штогод на 4—6%. Урад і Нац.АН Беларусі распрацавалі праграму развіцця прамысл. комплексу Рэспублікі Беларусь на 1998—2015. Для яе рэалізацыі неабходны дадатковыя капіталаўкладанні — не менш як 2 млрд. долараў штогод. А замежныя інвестары павінны атрымаць поўныя гарантыі абароны сваіх капіталаў і мець рэальныя выгады ад інвестыцый. Гл. таксама Індустрыялізацыя, Беларусь (раздз. Прамысловасць).
Літ.:
Экономическая история зарубежных стран: Курс. лекций. Мн., 1996;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЎТАМАБІ́ЛЬНАЯ ПРАМЫСЛО́ВАСЦЬ,
галіна машынабудавання. Асн. прадукцыя: аўтамабілі, вузлы, агрэгаты, цягачы, прычэпы, паўпрычэпы, матацыклы, веласіпеды, мапеды і запасныя часткі да іх. Характарызуецца высокім узроўнем спецыялізацыі, шырокім каапераваннем, перадавой тэхналогіяй, цеснымі сувязямі з металургічнай, металаапр., электратэхн., прыладабуд., хім., нафтахім. і інш. галінамі прам-сці.
Аўтамабільная прамысловасць узнікла ў канцы 19 ст. (Германія, Францыя, Вялікабрытанія, ЗША), з пач. 20 ст. развіваецца ў Расіі. Першыя легкавыя аўтамабілі выпушчаны ў Рызе ў 1908—15 (з-д «Руса-Балт»), грузавыя — у 1924 [з-д АМО («Аўтамабільнае Маскоўскае таварыства») у Маскве] і ў 1925 (Яраслаўскі аўтамаб.з-д). У 1931—32 закончана рэканструкцыя АМО (цяпер ЗІЛ, аўтамаб.з-д імя Ліхачова) і пабудаваны Горкаўскі аўтамаб.з-д (Ніжні Ноўгарад), з 1940 выпускаюцца малалітражныя аўтамабілі на Маскоўскім аўтазборачным з-дзе (цяперашні АЗЛК). У час Вял.Айч. вайны створаны Уральскі (г. Міяс) і Ульянаўскі з-ды, пасля вайны прадпрыемствы аўтамабільнай прамысловасці пабудаваны ў розных рэгіёнах б.СССР [у гарадах Мінск, Крамянчуг, Кутаісі, Жодзіна, Саранск, Запарожжа, Бішкек (б. Фрунзе)], створаны заводы па выпуску аўтобусаў [Львоў, Паўлава (на р. Ака), Лікіна ў Маскоўскай вобл.], мікрааўтобусаў у Рызе і інш. У 1970 даў прадукцыю Волжскі аўтамаб.з-д (ВАЗ), у 1976 — комплекс заводаў у г. Набярэжныя Чаўны (КамАЗ).
У 1991 на прадпрыемствах б.СССР выпушчана 1657 тыс. аўтамабіляў, у т. л. легкавых 1059 тыс., грузавых 524 тыс., аўтобусаў 74 тыс.Найб. ўзровень вытворчасці быў дасягнуты ў 1980 (выпушчана 2199 тыс. аўтамабіляў). Сусв. аўтамабільная прамысловасць вызначаецца высокай канцэнтрацыяй вытв-сці і збыту ў адносна невял. колькасці канцэрнаў-манапалістаў. У ЗША 90% аўтамабіляў выпускаюць з-ды «вялікай тройкі» — «Джэнерал мотарс», «Форд мотар» і «Крайслер». Японскія фірмы «Таёта мотар» і «Нісан мотар» выпускаюць больш за 60% аўтамабіляў краіны, «вялікая чацвёрка» Германіі — «Фольксвагенверк», «Мерседэс-Бенц», «А. Опель» і «Форд» — 75%, італьянскія фірмы «ФІАТ», «Альфа Рамео» і «Лянчыя» — 80% аўтамабіляў, у Францыі вядучыя фірмы «Рэно» і «Пежо». Штогод у свеце вырабляецца 45—50 млн. аўтамабіляў, з іх каля 25% грузавых і аўтобусаў, 50% ідзе на замену старых і зношаных машын. Дынаміку вытворчасці аўтамабіляў у свеце гл. ў табліцы.
На Беларусі аўтамабільная прамысловасць развіваецца з 1944, калі пад Мінскам пачалася зборка грузавых аўтамабіляў з прывазных вузлоў і дэталяў. У 1945—47 на гэтым месцы пабудаваны Мінскі аўтамабільны завод (МАЗ), у 1958 у г. Жодзіна — Беларускі аўтамабільны завод (БелАЗ). У 1975 створана ВА«БелаўтаМАЗ», цэнтры аўтамабільнай прамысловасці: Мінск, Жодзіна, Магілёў, Пінск, Ліда, Гродна, Бабруйск, Баранавічы і Асіповічы. Асн. прадукцыя: велікагрузныя аўтамабілі і аўтапаязды поўнай масай да 40 і 50 т, грузавыя аўтамабілі высокай праходнасці, самазвалы, лесавозы, гар. турысцкія аўтобусы (МАЗ), кар’ерныя самазвалы грузападымальнасцю ад 30 да 200 т, шлакавозы, аэрадромныя цягачы (БелАЗ), пазадарожныя аўтамабілі «Волат», трубавозы, колавыя цягачы грузападымальнасцю да 50 і 65 т (Мінскі завод колавых цягачоў), самазвалы грузападымальнасцю 23 т, самазвальныя паязды для шахтаў, аўтабетонамяшалкі, дарожна-будаўнічыя машыны (Магілёўскі аўтамабільны завод), дарожныя веласіпеды і матацыклы (Мінскі матацыклетны і веласіпедны завод) і інш. За год вырабляецца 21,3 тыс. грузавых аўтамабіляў (1994, макс. вытворчасць была дасягнута ў 1985 — 42,5 тыс.), 128 тыс. матацыклаў і 603 тыс. веласіпедаў (1991). У 1994 наладжаны выпуск аўтобусаў «Амкадор-Ікарус» (зборка) акцыянерным т-вам «Амкадор-Пінск», аўтобусаў ЛіАЗ-5256 на доследным з-дзе «Нёман» у г. Ліда, эксперым. зборка малалітражных аўтамабіляў «Ака» на Гродзенскім заводзе карданных валоў. Прадпрыемствы аўтамабільнай прамысловасці Беларусі кааперуюцца і супрацоўнічаюць з заводамі Расіі, Германіі, Чэхіі і інш. краін.
А.С.Рукцешэль.
Дынаміка вытворчасці аўтамабіляў ў свеце (у тыс.шт.)
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГА́НДАЛЬ,
галінанар. гаспадаркі, якая забяспечвае абарачэнне тавараў, іх рух са сферы вытворчасці ў сферу спажывання. Гандаль у межах асобнай краіны наз. ўнутраным. Ён выконвае грамадска неабходную функцыю — давядзенне тавараў да спажыўца. Падзяляецца на рознічны і аптовы гандаль. Гандаль адной краіны з інш. краінамі, які складаецца з імпарту і экспарту тавараў, — знешні гандаль. Гандаль розных краін паміж сабой у сваёй сукупнасці — міжнар. гандаль. Характар і роля гандлю вызначаюцца пануючым спосабам вытв-сці.
Гандаль узнік з паяўленнем грамадскага падзелу працы і таварна-грашовых адносін. У рабаўладальніцкіх і феад. грамадствах, дзе панавала натуральная гаспадарка, пераважаў знешні гандаль, які ахопліваў нязначную частку прадуктаў вытв-сці і абслугоўваў пераважна асабістае спажыванне пануючых слаёў насельніцтва. Вырашальную ролю ў міжнар. гандлі адыгрывалі купцы буйных гандл. гарадоў. У перыяд распаду феадалізму рост знешняга гандлю і зараджэнне сусв. рынку спрыялі росту таварнай вытворчасці. Штуршком да развіцця міжнар. гандлю паслужыла адкрыццё Амерыкі і марскога шляху ў Індыю. У 16—17 ст.Унутр. і знешні гандаль у краінах Еўропы быў сканцэнтраваны пераважна ў руках купецтва. Большая ч. рознічнага гандлю на ўнутр. рынку ажыццяўлялася непасрэдна таваравытворцамі — сялянамі і рамеснікамі.
Прамысл. пераварот у краінах Зах. Еўропы прывёў да з’яўлення на рынку тавараў фабрычнай вытв-сці, выцяснення і разарэння дробных таваравытворцаў. Рост гарадоў і паляпшэнне трансп. сродкаў садзейнічалі павелічэнню колькасці рознічных крам і іх тавараабароту. У 1-й пал. 19 ст. ва ўнутр. гандлі краін Зах. Еўропы і ЗША набылі пашырэнне рознічныя крамы, якія спецыялізаваліся на пэўнай групе тавараў (бакалейныя, маскатэльныя, мануфактурныя). На мяжы 19—20 ст. рост выпуску стандартных тавараў масавага ўжытку абумовіў стварэнне новых тыпаў гандл. прадпрыемстваў і метадаў гандлю (гл.Гандлёвы цэнтр).
На Русі гандаль паявіўся ў 9 ст. Яго цэнтрамі былі гарадскія рынкі («торг», «торжище»). У Кіеўскай Русі развіццё гандлю паскорылася з узнікненнем таварна-грашовых адносін (9—10 ст.). Унутр. гандаль найчасцей вялі самі вытворцы, без пасрэднікаў, знешні — купцы. У перыяд феад. раздробленасці (12—14 ст.) гандаль абмяжоўваўся маштабамі асобных княстваў, хоць і паміж імі існавалі гандл. сувязі на аснове прыродна-геагр. падзелу працы. Буйным гандл. цэнтрам быў Ноўгарад, які вёў гандаль з Зах. Еўропай. З 14 ст.гандл. цэнтрам стала Масква. Развіццю гандлю садзейнічалі рэформы Пятра I у пач. 18 ст. Мытная рэформа 1753—57, якая адмяніла ўнутр. пошліны, садзейнічала росту ўнутр.ўсерас. рынку. У 2-й пал 18 ст. ў Маскве ўзніклі першыя крамы пры купецкіх дамах. У 1797 дазволена мець крамы і пры жылых дамах.
Развіццю гандлю на Беларусі спрыяла выгаднае геагр. становішча. Праз яе тэрыторыю ў 9—11 ст. праходзіў шлях «з варагаў у грэкі», пазней існавалі гандл. сувязі з Ноўгарадам, Псковам, Масквой, украінскімі, прыбалтыйскімі і польскімі землямі, ганзейскімі гарадамі Зах. Еўропы. Гандаль вёўся пераважна на гар. рынках і ў час кірмашоў. Далучэнне Беларусі да Расіі паўплывала на ўмацаванне сувязей з агульнарас. рынкам. Буд-ва чыгунак у 2-й пал. 19 ст. стымулявала развіццё прам-сці, ажыўленне ўнутр. і знешніх гандл. сувязей, аптовага і рознічнага гандлю. У пач. 20 ст. на Беларусі ўзмацніўся ўплыў буйных агульнарас. і замежных манапал. аб’яднанняў, якія кантралявалі асн. галіны аптовага Г. Пасля Кастр. рэвалюцыі 1917 прыватны гандаль у БССР быў заменены сав. кааперацыяй ці выцеснены сацыяліст. сектарам сав. гандлю. На сучасным этапе пераходу да рыначнай эканомікі існуюць дзярж., кааператыўны, калгасны і прыватны гандаль. Дзярж. гандаль абслугоўвае пераважна насельніцтва гарадоў. Яго ўдзельная вага ў агульным тавараабароце краіны ў 1995 складала 38%. Каап. гандаль абслугоўвае пераважна сельскіх пакупнікоў. Калгасны гандаль ажыццяўляюць калгасы і калгаснікі, якія прадаюць насельніцтву лішкі сваёй прадукцыі. Прыватны гандаль ажыццяўляецца сіламі і сродкамі прыватных прадпрымальнікаў. Недзяржаўныя формы гандлю ў 1995 склалі 62% ад агульнага тавараабароту, у т. л. прыватны гандаль — 19%.
Літ.:
Дарбинян М.М. Торговля и производство: хозяйственные связи. М., 1984;
Долан Э.Дж., Линдсей Д.Е. Микроэкономика: Пер. с англ. СПб., 1994.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІДРАТЭ́ХНІКА (ад гідра... + тэхніка),
галіна навукі і тэхнікі, якая займаецца вывучэннем водных рэсурсаў, іх выкарыстаннем у нар. гаспадарцы, барацьбой са шкодным уздзеяннем вод, буд-вам і эксплуатацыяй гідратэхнічных збудаванняў (ГТЗ). Цесна звязана з гідраўлікай, гідрамеханікай, гідралогіяй, геалогіяй, гідрагеалогіяй, будаўнічай механікай, механікай грунтоў і інш.
Гідратэхніка вывучае ўплыў вадзяных патокаў на ГТЗ і рэчышчы, распрацоўвае тэорыю ўстойлівасці ГТЗ і іх асноў, метады рэгулявання рачнога сцёку. Даследуе фільтрацыю вады праз грунты, стварае метады разліку і канструявання ГТЗ і іх асноў, спосабы іх буд-ва і эксплуатацыі (гл.Гідратэхнічнае будаўніцтва). Асн. кірункі практычнай гідратэхнікі: выкарыстанне воднай энергіі (гл.Гідраэнергетыка); абвадненне, арашэнне і асушэнне с.-г. зямель (гл.Меліярацыя, Меліярацыйная навука); водазабеспячэнне населеных пунктаў і прамысл. прадпрыемстваў, ачыстка сцёкавых вод і іх адвядзенне (гл.Каналізацыя); забеспячэнне суднаходства і лесасплаву па водных шляхах, неабходных умоў для рыбнай гаспадаркі; ахова населеных пунктаў, прамысл. прадпрыемстваў, ліній электраперадачы і сувязі, трансп. збудаванняў, с.-г. угоддзяў ад шкоднага ўздзеяння воднай стыхіі (наваднення, паводкі, апаўзання берагоў, утварэння яроў і інш.); ахова водных рэсурсаў ад забруджвання і вычарпання (гл.Ахова вод).
Гідратэхніка — адна з найб. старажытных галін навукі і тэхнікі. Яшчэ за 4400 г. да н.э. ў Стараж. Егіпце ствараліся каналы для арашэння зямель у даліне р. Ніл, будаваліся земляныя плаціны. У Вавілоне за 4—3 тыс.г. да н.э. ў гарадах працавалі водаправоды і артэзіянскія калодзежы. У перыяд росквіту Стараж. Грэцыі і Рыма пабудаваны водаправод у Карфагене, каналізацыя ў Рыме, пачалося асушэнне Пантыйскіх балот. За 2 тыс.г. да н.э. на тэр. сучасных Нідэрландаў будаваліся дамбы для аховы прыбярэжных тэрыторый ад затаплення. За 500—400 г. да н.э. створаны першыя суднаходныя збудаванні (канал ад Ніла да Чырвонага мора). У сярэднія вякі пашырыліся вадзяныя млыны (прыводзіліся ў дзеянне вадзянымі коламі), будаваліся сістэмы водазабеспячэння гарадоў і замкаў, суднаходныя шлюзы і порты, вяліся работы па асушэнні і арашэнні зямель. У 17—18 ст. з развіццём мануфактур звязана буд-ва плацін і гідрасілавых установак. У 2-й пал. 19 ст. развіццё гідратэхнікі звязана з вынаходствам гідраўлічных турбін і буд-вам гідраэлектрычных станцый, стварэннем водных шляхоў, асушальных і арашальных сістэм і г.д. У Расіі гідратэхніка пачала развівацца з канца 16 ст. У СССР развіццё гідратэхнікі звязана з асваеннем рэк Сібіры, Сярэдняй Азіі і Д.Усходу, буд-вам буйных арашальных і асушальных сістэм, каскадаў ГЭС на Волзе і Каме, працяглых каналаў, з рэканструкцыяй і збудаваннем глыбакаводных шляхоў і інш. Значны ўклад у развіццё гідратэхнікі зрабілі М.Я.Жукоўскі, М.С.Ляляўскі, М.М.Паўлоўскі, Ф.Р.Зброжак, М.А.Веліканаў, П.Г.Аляксандраў, Б.Я.Ведзянееў, Б.Р.Галёркін, М.М.Герсяванаў, С.Я.Жук і інш.
На Беларусі развіццё гідратэхнікі звязана з выкарыстаннем млыноў вадзяных (вядомыя з часоў Кіеўскай Русі, пашырыліся ў 16—18 ст.), з буд-вам у 18—19 ст. Агінскага, Аўгустоўскага, Бярэзінскага, Дняпроўска-Бугскага каналаў (гл. адпаведныя арт.), з дзейнасцю Заходняй экспедыцыі па асушэнні балот пад кіраўніцтвам І.І.Жылінскага. У 1940—50-я г. пабудаваны міжкалгасныя і калгасныя ГЭС (179), з 1960-х г. вяліся буйнамаштабныя работы па стварэнні асушальна-ўвільгатняльных сістэм, сажалкавых рыбаводных гаспадарак, водазабеспячэнні населеных пунктаў, прамысл. прадпрыемстваў і г.д. У 1976 уведзена Вілейска-Мінская водная сістэма, у 1988 — Сляпянская водная сістэма. Даследаванні ў галіне гідратэхнікі вядуцца ў Бел.НДІ меліярацыі і лугаводства, Цэнтр.НДІ комплекснага выкарыстання водных рэсурсаў, Бел.дзярж. ін-це па праектаванні водагасп. і меліярац.буд-ва, БПА, Брэсцкім політэхн. ін-це, БСГА і інш. Падрыхтоўка спецыялістаў-гідратэхнікаў вядзецца на ф-це энергет.буд-ваБПА, у Пінскім і Лепельскім гідрамеліярац. тэхнікумах.
Літ.:
Правдивец Ю.П., Симаков Г.В. Введение в гидротехнику. М., 1995;
Субботин А.С. Основы гидротехники. Л., 1983;
Чугаев Р.Р. Гидротехнические сооружения. Ч. 1—2. 2 изд. М., 1985;
Сельскохозяйственные гидротехнические мелиорации. М., 1981.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІЛЮСТРА́ЦЫЯ (ад лац. illustratio наглядная выява) у мастацтве, 1) выява, якая суправаджае, дапаўняе, наглядна тлумачыць тэкст і ўспрымаецца ў пэўным адзінстве з ім (малюнак, гравюра, фотаздымак, рэпрадукцыя і інш.).
2) Галінакніжнай графікі. Яе развіццё цесна звязана з гісторыяй кнігі (гл.Мастацтва кнігі). Уваходзячы ў маст. арганізм кнігі, газеты, часопіса, І. часта дапаўняецца інш.дэкар. элементамі афармлення (застаўкамі, канцоўкамі, ініцыяламі). Першапачаткова рукапісныя кнігі ілюстраваліся мініяцюрамі. З вынаходніцтвам кнігадрукавання і дрэварыту І. стала адной з гал. састаўных частак графікі.
На Усходзе найб. раннія дрэварытныя І. вядомы ў Кітаі з 6—7 ст., асабліва пашырыліся ў 12 ст.; у канцы 16 ст. там вынайшлі і каляровы дрэварыт У Японіі кніжная графіка ўзнікла ў пач. 17 ст., яе росквіт прыпадае на 18 — пач. 19 ст. (Х.Маранобу, К.Утамара, К.Хакусай). Еўрап. дрэварытная І. ўзнікла ў 15 ст., першапачаткова была цесна звязана з мініяцюрай. З часам яна стала важным сродкам пашырэння рэліг.-дыдактычных, пазней гуманіст. і рэфармацыйных ідэй. Раннія І. вылучаліся лаканізмам абагульненых контураў, якія гарманіравалі са шрыфтамі. З 16 ст. павялічылася імкненне да перадачы глыбіні прасторы і жывапісных эфектаў (А.Дзюрэр, Г.Гольбейн Малодшы, Л.Кранах Старэйшы, Тыцыян і інш). З канца 16 ст. пашырыліся І. ў тэхніцы медзярыту, яны пераўтвараюцца ў самаст. кампазіцыі, якія выконвалі на асобных аркушах. Асаблівая ўвага аддавалася франтыспісу, пабудаванаму на ўзор трыумфальнай барочнай аркі. У 18 ст. шырокае распаўсюджанне атрымала вытанчаная віньетка ў стылі ракако (Ж.А.Фраганар, У.Хогарт і інш.). Масаваму пашырэнню І. ў 19 ст. садзейнічала вынаходства тарцовай гравюры, літаграфіі і асабліва фотамех. рэпрадукцыі. Гэтаму перыяду ўласцівы і завершаныя І. на асобных аркушах, і накіды ў тэксце, пашырэнне часопіснай графікі (А.Дам’е, У.Блейк, Э.Дэлакруа, В.Васняцоў, І.Білібін і інш.). У І. 20 ст.вял. ролю адыгрывае інтэрпрэтацыя мастаком літ. тэксту, што дапускае шматзначнасць яго трактоўкі (П.Пікасо, Р.Гутуза, Р.Кент, У.Фаворскі, А.Канеўскі і інш.).
На Беларусі І. бярэ пачатак ад мініяцюр рукапісаў (Аршанскае евангелле, Лаўрышаўскае евангелле і інш.). Асобнае месца займаюць І. Радзівілаўскага летапісу з рэаліст. адлюстраваннем гіст., быт. і фалькл.сцэн. З паяўленнем бел. кнігадрукавання (16 ст.) пашырылася дрэварытная І. (гравюры выданняў Ф.Скарыны, П.Мсціслаўца, друкарняў Вільні, Брэста, Нясвіжа, Куцейны, Магілёва), якая склалася пад уплывам зах.еўрап. (пераважна нямецкай) І. і змененай на мясц. грунце візант. традыцыі. Развівалася ў творчасці М. і В.Вашчанкаў, Ф.Ангілейкі, А. і Л.Тарасевічаў і інш. У 17 ст. ў бел. І. пачалі выкарыстоўваць медзярыт (М.Вашчанка). У 19 — пач. 20 ст. ў кніжнай графіцы працавалі І.Аляшкевіч, А.Бартэльс, К.Бахматовіч, С.Богуш-Сестранцэвіч, В.Ваньковіч, К.Кастравіцкі, К.Каганец і інш. Забарона царскім урадам бел. мовы і кнігадрукавання прывяла да часовага заняпаду І. У 1920-я г. закладваліся асновы сучаснай нац. школы бел. І. (М.Філіповіч, П.Гуткоўскі, А.Тычына, Г.Змудзінскі, В.Дваракоўскі, Я.Горыд, Я.Драздовіч). У 1930—40-я г. значны ўклад у развіццё І. зрабілі В.Літко, М.Малевіч, Б.Басаў, А. і В.Волкавы, Я.Мінін і інш. У Вял.Айч. вайну пашырылася сатырычная І. (В.Букаты, Дз.Красільнікаў, В.Козак). Пасля вайны ілюстравалася пераважна дзіцячая л-ра. Новы этап развіцця бел. І. пачаўся ў 1960-я г. Важнае значэнне мела стварэнне аддзялення кнігі пры Бел.тэатр.-маст. ін-це (1971), выд-ваў «Мастацкая літаратура» і «Юнацтва». У 1970—90-я г. ў кніжнай графіцы працавалі і працуюць М. і У.Басалыгі, Я.Кулік, А.Кашкурэвіч, А.Лось, Г. і Н.Паплаўскія, У.Савіч, М.Селяшчук, В.Славук, В.Шаранговіч, А.Шэвераў і інш.
Літ.:
Церашчатава В.В. Беларуская кніжная графіка, 1917—1941. Мн., 1978;
Шматаў В.Ф. Сучасная беларуская графіка, 1945—1977. Мн., 1979;
Книговедение: Энцикл. сл. М., 1982;
Шматаў В.Ф. Беларуская кніжная гравюра XVI—XVIII стст. Мн., 1984.
У.Фаворскі. Ілюстрацыя да драмы А.С.Пушкіна «Барыс Гадуноў». 1954.Да арт.Ілюстрацыя. Бельбела да Павія. Мініяцюра «Цар Давід». 1430.А.Дзюрэр. Нараджэнне Хрыста. Ілюстрацыя да «Жыццяпісу Марыі». Нюрнберг. 1511.Ілюстрацыя да «Евангелля напрастольнага» П.Мсціслаўца. 1575.В.Шаранговіч. Ілюстрацыя да паэмы А.Міцкевіча «Пан Тадэвуш». 1985.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІЛА́Н (Milano),
горад на Пн Італіі, у цэнтр.ч. Паданскай раўніны. Адм. ц. вобласці Ламбардыя і прав. Мілан. 1,5 млн.ж., з прыгарадамі каля 4,5 млн.ж. (1998); другі па колькасці насельніцтва (пасля Рыма) горад краіны. Важны вузел чыгунак і аўтадарог, злучаны суднаходнымі каналамі з р. По. 2 аэрапорты, у т. л.міжнар.Гал.прамысл., важны навук. і культ. цэнтр краіны. Больш за 50% эканамічна актыўнага насельніцтва занята ў прам-сці (каля 10 % занятых ва ўсёй прам-сці краіны), якая мае шматгаліновы характар. Вядучая галіна — машынабудаванне: вытв-сць абсталявання для металургіі і інш. галін прам-сці, аўтамаб., авіяц., трактарная прам-сць, вытв-сць матацыклаў, веласіпедаў, с.-г. машын, чыг. рухомага саставу і абсталявання, матора-, прылада- і станкабудаванне, электратэхн., радыёэлектронная, ваенная прам-сць. Развіты нафтаперапр., хім., гумавая прам-сць, металургія (асабліва вытв-сць якасных сталей). Прадпрыемствы тэкст., харч., швейнай, гарбарна-абутковай і інш. галін. Найбуйнейшы цэнтр выдавецкай справы ў Італіі. Метрапалітэн. У М. знаходзяцца праўленні вядучых канцэрнаў краіны, банкі, гандл. і фондавая біржы. У М. — шэраг ВНУ, у т. л. 3 ун-ты, кансерваторыя, акадэмія выяўл. мастацтваў, і навук. устаноў, у т. л. Акадэмія л-ры. Нац.б-ка, б-ка Амбразіяна і інш. Міланская прамысл. выстаўка.
Засн. ў 4 ст. да н.э. інсубрамі (адно з кельцкіх плямён). З 196 пад уладай Рыма, буйны эканам. цэнтр Рым. імперыі. У 313 выдадзены Міланскі эдыкт. У 539 разбураны остготамі, у 569 заваяваны лангабардамі. З 774 пад уладай Каралінгаў. З канца 10 ст. ўладанне архіепіскапа, буйны гандл. і рамесніцкі цэнтр (выраб зброі, шоўку, сукна). Вайна (патарыя) гараджан супраць архіепіскапа прывяла да ўтварэння ў М. камуны (1147). Горад падтрымаў вайну папства супраць ням. імператара Фрыдрыха I Барбаросы, у 1162 разбураны яго войскамі. Адбудаваны на сродкі Ламбардскай лігі. У 1176 гараджане ўдзельнічалі ў разгроме імперскіх войск пад Леньяна. Паводле Канстанцкага міру 1183 за М. замацаваны правы камуны. З 1277 пад уладай тыраніі Вісконці, з 1395 сталіца Міланскага герцагства. У 14 ст. адзін з гал. цэнтраў гандлю і вытв-сці ў Еўропе (вырабы з жалеза, тэкстыль), горад чаканіў сваю манету. З 1450 уладанне роду Сфорца, пры двары якіх працавалі Д.Брамантэ і Леанарда да Вінчы. Пасля смерці апошняга Сфорца (1535) М. захапіў імператар Карл V і аддаў горад свайму сыну Філіпу II (каралю Іспаніі). У 1706 заваяваны Аўстрыяй. У 1796 акупіраваны Напалеонам, з 1797 сталіца Цызальпінскай рэспублікі, з 1802 — Італьян. рэспублікі, з 1805 — Італьян. каралеўства. У (815—59 у складзе Аўстрыі, цэнтр Ламбарда-Венецыянскага каралеўства. У 1859 вызвалены, разам з Ламбардыяй у складзе Сардзінскага каралеўства, з 1861 — адзінага Італьян. каралеўства. У 2-й пал. 19 — пач. 20 ст. М. ператварыўся ў буйны гандл.-прамысл. і фінансавы цэнтр з моцным рабочым рухам. У 2-ю сусв. вайну значна разбураны.
Аблічча сярэдневяковага М. вызначалася авальным планам з радыяльнай сеткай вуліц і цэнтрам на пл. П’яцца даль Дуома. Захаваліся фрагменты стараж.-рым. пабудоў, помнікі раннехрысц. і раманскага дойлідства: касцёлы Сан-Ларэнца Маджорэ (пачаты ў 4 ст., перабудаваны ў 11 і 16 ст., мазаікі 4—5 ст.), Сант-Амброджа (9—12 ст.; клуатры — з 1492, арх. Брамантэ), Сант-Эўсторджа (12—13 ст.; капэла Партынары, 1462—68, арх. Мікелоца, фрэскі В.Фопы). У М. — гатычны сабор (1386—1856, арх. А. і Ф. дэльі Аргані, С.Арсеніга, М.Фрызоне, К.Салары, П.Тыбальдзі і інш.), замак Кастэла Сфарцэска (пачаты ў 1450, арх. Дж. да Мілана, А.Філарэтэ, Брамантэ, фрэскі паводле эскізаў Леанарда да Вінчы; у 1952—56 рэканструяваны пад музей), рэнесансавыя касцёлы Санта-Марыя дэле Грацые (1466—97, арх. Г.Салары, Брамантэ; у трапезнай размалёўка «Тайная вячэра» Леапарда да Вінчы), Санта-Марыя прэса Сан-Сатыра (1479—83, арх. Брамантэ, фасад 19 ст.); шэраг збудаванняў у стылях барока і класіцызму, у т. л.т-р«Ла Скала» (1778, арх. Дж. П’ермарыні). Сярод пабудоў у сучасных стылях: вышынныя будынкі Пірэлі (1956—60, арх. Дж.Понці, А.Раселі; выш. 130 м), Торэ Веласка (1956—58) і інш. Музеі: Нац. навукі і тэхнікі Леанарда да Вінчы, марскі, карцінныя галерэі Брэра, Амбразіяна. Тэатры «Ла Скала», «Пікала-тэатр» і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАРО́ДНЫЯ МАСТА́ЦКІЯ ПРО́МЫСЛЫ,
адна з форм народнай творчасці, звязаная з вырабам прадметаў дэкар.-прыкладнога характару на продаж; галінанароднага дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва; арганічная частка матэрыяльнай і духоўнай культуры народа. Вытокі Н.м.п. у хатніх промыслах, якія з цягам часу ператварыліся ў дробную таварную вытв-сць (гл.Рамёствы). Існавалі звычайна як невял. саматужныя майстэрні з выкарыстаннем ручной працы, у выглядзе хатняй вытв-сці (працавала адна сям’я), радзей як арцелі майстроў, што пераходзілі з вёскі ў вёску. У формах, расфарбоўцы, арнаментацыі вырабаў Н.м.п. яскрава выяўляюцца эстэт. густы народа, яго шматвяковыя культ. традыцыі. Залежнасць ад патрабаванняў рынку вымушала майстроў прытрымлівацца мясц. традыцый, аператыўна адгукацца на патрабаванні і густы спажыўцоў (чужое, безгустоўнае не прыжывалася).
Вядомы ўсім народам свету У некат. краінах развіццё капіталіст. адносін, пашырэнне прамысл. вырабаў прывяло Н.м.п. да заняпаду або поўнага выраджэння (ЗША, краіны Зах. Еўропы). У некат. краінах, дзе капіталіст. таварна-грашовыя адносіны не набылі развітога характару (пераважна Азія і Афрыка), шырока бытуюць і ў наш час. У канцы 19 — пач. 20 ст. пачалося іх адраджэнне як важнай часткі нац. культуры. Шырока вядомы сярэднеазіяцкае дыванаткацтва, апрацоўка каштоўных і каляровых металаў у народаў Каўказа, бурштыну і скуры ў Прыбалтыцы, косці і футра ў народаў Д. Усходу, у Расіі філігрань, фініфць. выраб карункаў, кераміка (гл.Гжэльская кераміка, Дымкаўская цацка), размалёўка па дрэве і метале (гл.Жостаўская размалёўка, Хахламская размалёўка), лакавая мініяцюра (гл.Лакі мастацкія, Мсцёрская мініяцюра, Палехская мініяцюра, Фядоскінская мініяцюра, Холуйская мініяцюра) і інш.
На Беларусі асн. відамі Н.м.п. здаўна былі ганчарства, розныя віды мастацкага пляцення (пераважна з лазы), такарнае рамяство, набіванка, пернікарства, выраб мэблі, часткова — ткацтва, вышыўка. Найб. пашырыліся Н.м.п. ў канцы 19—1-й пал. 20 ст., хоць насычэнне рынку адносна таннымі прамысл. вырабамі прывяло некат. іх віды да заняпаду (набіванка, пернікарства). У сувязі са зменамі ў канструкцыі, паляпшэннем знешняга і ўнутр. выгляду нар. жылля пашырыліся віды Н.м.п., звязаныя з дэкар. аздабленнем інтэр’ера: размалёўка па дрэве, шкле, палатне (гл.Агоўская размалёўка, Агоўскія куфры, Давыд-Гарадоцкія куфры, Лідскія куфры, Нарачанска-Дзісенскія дываны), саломка мастацкая. З мэтаю падтрымкі Н.м.п. у асяродках іх традыц. развіцця земствы арганізоўвалі школы і майстэрні: ткацкія — у Севасцянавічах (Магілёўшчына) і Лепелі, лозапляцення — у Магілёве і Гомелі і інш. Было арганізавана Таварыства дапамогі хатняму рамяству, якое дапамагала нар. майстрам у паляпшэнні якасці вырабаў, узбагачэнні форм і дэкору, арганізацыі збыту прадукцыі. У 1920—30-я г. майстры-саматужнікі аб’ядноўваліся ў арцелі (ганчарныя, ткацка-вышывальныя і інш.). У 1938 створаны Бел.маст.-прамысл. саюз, які аб’яднаў іх у адзіную сістэму. У час Вял.Айч. вайны і пасляваен. перыяд адбудовы вёскі ў сувязі з недахопам прамысл. утылітарна-дэкар. вырабаў аднавіліся традыц. Н.м.п., пераважна ганчарства, ткацтва, пляценне з саломы і лазы, аплікацыя саломай па дрэве і палатне, размалёўка. Многія асяродкі традыц. Н.м.п. паслужылі асновай для стварэння вытв. аб’яднанняў і ф-к маст. вырабаў з апорнымі пунктамі па рабоце з майстрамі-надомнікамі ў навакольных вёсках. У 1965 яны былі далучаны да Упраўлення маст. прам-сці Мін-вамясц. прам-сці Беларусі. У 1988 упраўленне рэарганізавана ў Бел.вытв.-гандл. аб’яднанне «Белмастпромыслы», у 1991 — у асацыяцыю «Бел.нар.маст. промыслы», з 1993 — у Бел.дзярж. канцэрн маст. промыслаў. У канцы 1980-х г. уздым цікавасці да нац.бел. культуры і прыняцце закона аб індывідуальнай працоўнай дзейнасці (1987) адрадзілі традыц. Н.м.п. і пашырылі новыя формы іх арганізацыі (кааператывы, дамы рамёстваў і інш.). У 1999 прыняты закон «Аб народным мастацтве, народных промыслах (рамёствах) у Рэспубліцы Беларусь».
Лабачэўская В.А. Зберагаючы самабытнасць: 3 гісторыі нар. мастацтва і промыслаў Беларусі. Мн., 1998.
Я.М.Сахута.
Да арт.Народныя мастацкія промыслы. Ганчар І.Генбіцкі з в. Гарадная Столінскага раёна Брэсцкай вобл.Да арт.Народныя мастацкія промыслы. Майстрыха аплікацыі саломкай на тканіне К.Русаковіч з в. Рухава Старадарожскага раёна Мінскай вобл.Да арт.Народныя мастацкія промыслы. Майстар мастацкай размалёўкі Дз.Цубер з г. Давыд-Гарадок Столінскага раёна Брэсцкай вобл.