від народнага верша (гл.Народнае вершаскладанне). Назва паходзіць ад райка. Р. выкарыстоўваўся вандроўнымі артыстамі, мядзведнікамі, валачобнікамі і каляднікамі ў тэкстах для батлейкі. Рытм Р. заснаваны на паўтарэнні вершаваных радкоў як пэўных інтанацыйна-сэнсавых адзінстваў, звязаных паміж сабой сумежнай рыфмоўкай. Колькасць складоў у радках неаднолькавая, няма ўпарадкаванасці ў размяшчэнні націскаў. З нар. творчасці перайшоў у л-ру. У бел. паэзіі ўжываўся ў ананімных творах, да яго звярталіся Цётка (верш «Ласы»), М.Чарот (паэма «Босыя на вогнішчы»). У сучаснай бел. паэзіі амаль не выкарыстоўваецца.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАСЦЯЖЭ́ННЕ-СЦІСКА́ННЕ,
віддэфармацыі стрыжня (бруса і інш.) або яго часткі пад уздзеяннем падоўжных расцягвальных ці сціскальных сіл. Характарызуецца зменай даўжыні стрыжня (яго часткі). Улічваецца пры вызначэнні найважнейшых мех. характарыстык матэрыялаў: модуляў пругкасці, межаў трываласці, пругкасці, цякучасці і інш.
Істотнае значэнне мае дыяграма дэфармавання. Для пластычных матэрыялаў яна характарызуецца прамой лініяй у пачатковай (пругкай) стадыі расцяжэння (дзе сапраўдны Гука закон), участкам цякучасці і зніжэннем расцягвальнага намагання ў месцы ўтварэння шыйкі (звужэння) узору (гл.Паўзучасць матэрыялаў). Дыяграма расцяжэння крохкіх матэрыялаў (напр., чыгуну) характарызуецца малой дэфармацыяй, што папярэднічае разрыву.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАЎНАПЛО́ДНІК (Isopyrum),
род кветкавых раслін сям. казяльцовых. Каля 30 відаў. Пашыраны ў Паўн. паўшар’і. На Беларусі 1 від — Р. пылюшнікавы (I. thalictroides), занесены ў Чырв. кнігу. Трапляецца ў дубова-грабавых і грабавых лясах.
Р. пылюшнікавы — шматгадовая карэнішчавая расліна. Ранневясновы эфемероід. Сцябло тонкае, голае ці слабаапушанае выш. да 30 см. Лісце з перапончатымі прылісткамі, прыкаранёвае — доўгачаранковае, верхняе — сядзячае, трайчастае. Кветкі дыяметрам да 1 см, белыя, адзіночныя, радзей сабраныя па 2—3, на доўгіх кветаножках. Плод — шматлістоўка. Дэкар. і меданосная расліна. Ядавіты.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЭЗЕРВА́Ж (франц. réservage ад лац. reservare зберагаць, захоўваць),
1) від паглыбленай гравюры на метале спосабам траўлення; разнавіднасць афорта. Узнік у 2-й пал. 19 ст. Малюнак пяром або пэндзлем, нанесены мастаком спец. чарнілам непасрэдна на паверхню металу, пакрываюць кіслотатрывалым грунтам і апускаюць друкарскую форму ў ваду. Пры набрынянні чарніла прыўзнімае часткі грунту, якія лёгка здымаюцца і агаляюць метал для траўлення.
2) Спосаб двухколернай афарбоўкі керамічных вырабаў з выкарыстаннем натуральнага тону самой керамікі: часткі вырабу, не прызначаныя для афарбоўкі, пакрываюць слоем тлушчу ці алею, які выгарае пры абпальванні.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СВЕ́ТНІК (Coronaria),
род кветкавых раслін сям. гваздзіковых. 5 відаў. Пашыраны ва ўмераным поясе Еўразіі, заносныя ў Паўн. Амерыцы. На Беларусі 1 від — С. зязюлін, або зязюлін цвет (C. flos-cuculi), нар. назвы — бурчык, палявая смалянка, чарацвет. Трапляецца на сухіх і забалочаных лугах, тарфяніках, у хмызняках.
Шматгадовыя травяністыя расліны. Сцёблы прамастойныя, апушаныя, выш. да 80 см. Прыкаранёвае лісце ў разетцы, суцэльнае, голае або апушанае, прадаўгавата-лапацістае, сцябловае — вузкаланцэтнае, супраціўнае. Кветкі ружова-чырв., чырв., адзіночныя або ў мяцёлчатых суквеццях. Плод — каробачка. Лек., дэкар., меданосныя расліны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СВІ́ЯЗІ (Anas),
птушкі сям. качыных атр. гусепадобных. 2 віды: С. (A. penelope), С. амерыканская (A. americana). Пашыраны пераважна на Пн Еўразіі і Паўн. Амерыкі. Жывуць на зарослых вадаёмах. На Беларусі 1 від — С. penelope, занесены ў Чырв. кнігу.
Даўж. цела да 55 см, маса да 1 кг. Галава ў самца С. іржава-карычневая з залаціста-жоўтым ілбом і цемем, астатняе апярэнне шэрае і белае. Самка карычнявата-бурая з чорнымі стракацінамі і белым брухам. Адкладваюць 7—10 яец. Пераважна расліннаедныя. Аб’екты палявання.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЛО́НКА.
вальдшнэп (Scolopax rusticola), птушка сям. бакасавых атр. сеўцападобных. Пашырана ў Еўразіі. Жыве ў вільготных мясцінах мяшаных і лісцевых лясоў, паблізу балот. На Беларусі звычайны пералётны і пралётны від. Нар. назва сломка. Зімуе на Пд Еўразіі і ў Паўн. Афрыцы.
Даўж. цела да 38 см, крыла да 20 см, маса да 350 г. Апярэнне спіны рыжавата-бурае з цёмнымі і светлымі стракацінамі. брушка рыжавата-шэрае з папярочным бурым малюнкам. Дзюба доўгая, моцная. Ногі адносна кароткія, шаравата-ружовыя. Кормяцца чарвямі, смаўжамі. насякомымі і іх лічынкамі. Палігамы. Аб’ект палявання.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СУСТРЭ́ЧНЫ БОЙ,
від баявых дзеянняў падраздзяленняў, часцей, злучэнняў, калі абодва бакі вырашаюць пастаўленыя задачы наступленнем. Можа ўзнікнуць пры сустрэчы з праціўнікам на маршы; у наступленні — пры адбіцці атак, контрудараў і інш.; у абароне — пры ажыццяўленні контратак і контрудараў, пры дзеяннях супраць паветр. і марскіх дэсантаў. С.б. характарызуецца няяснасцю становішча, хуткацечнасцю і рашучасцю дзеянняў бакоў. Умовамі яго поспеху з’яўляюцца бесперапынная разведка, своечасовае прыняцце рашэнняў, імгненнае давядзенне задач да войск, апярэджанне праціўніка ў манеўры, адкрыцці агню і інш. С.б. можа перарасці ў абарончы бой, адыход, праследаванне, а таксама ў сустрэчную бітву аператыўных аб’яднанняў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЫЦЬ (Cyperus),
род кветкавых раслін сям. асаковых. Каля 300 відаў. Пашыраны ў трапічных, субтрапічных, радзей умераных паясах. На Беларусі 1 від — С. бурая (C. fuscus). Трапляецца на вільготных лугах, водмелях і па берагах рэк. У культуры папірус (Стараж. Егіпет), чуфа, або С. ядомая, у аранжарэях і пакоях вырошчваюць С. чарговалістую (C. alternifolius) — цыперус.
Шматгадовыя, радзей двух- або аднагадовыя карэнішчавыя травы. Сцёблы прамастойныя. Лісце лінейнае, прыкаранёвае, часам рэдукаванае. Кветкі двухполыя, у каласках, сабраныя у парасонападобнае або галоўчатае суквецце. Плод — арэшак. Харч., тэхн., дэкар. расліны, некат. пустазелле.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЯРПУ́ХА (Serratula),
род кветкавых раслін сям. складанакветных. Каля 70 відаў. Пашыраны ў Еўразіі і Паўн. Амерыцы. На Беларусі 1 від — С. фарбавальная, ці некалючая (S. tinctoria). У культуры С.Вольфа (S. wolffii), зюзнікалістая (S. lycopifolia) і прамянёвая (S. radiata).
Шматгадовыя травяністыя расліны. Сцёблы прамастойныя, часам разгалінаваныя, апушаныя або голыя. Лісце чаргаванае, простае, суцэльнае ці перыстарассечанае, ніжняе чаранковае, на сцёблах — сядзячае. Кветкі ў кошыках белыя, ружовыя, пурпурныя. Кошыкі сабраны ў шчыткападобныя верхавінкавыя суквецці або адзіночныя. Плод — сямянка. Фарбавальныя (для шэрсці), лек., меданосныя і дэкар. расліны.