РАЁШНІК, райковы верш,

від народнага верша (гл. Народнае вершаскладанне). Назва паходзіць ад райка. Р. выкарыстоўваўся вандроўнымі артыстамі, мядзведнікамі, валачобнікамі і каляднікамі ў тэкстах для батлейкі. Рытм Р. заснаваны на паўтарэнні вершаваных радкоў як пэўных інтанацыйна-сэнсавых адзінстваў, звязаных паміж сабой сумежнай рыфмоўкай. Колькасць складоў у радках неаднолькавая, няма ўпарадкаванасці ў размяшчэнні націскаў. З нар. творчасці перайшоў у л-ру. У бел. паэзіі ўжываўся ў ананімных творах, да яго звярталіся Цётка (верш «Ласы»), М.​Чарот (паэма «Босыя на вогнішчы»). У сучаснай бел. паэзіі амаль не выкарыстоўваецца.

В.​П.​Рагойша.

т. 13, с. 248

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)