МЕСАПАТА́МСКАЯ НІЗІ́НА.

Міжрэчча, нізіна ўздоўж рэк Тыгр і Еўфрат, гал. ч. ў Іраку, а таксама ў Іране, Сірыі і Кувейце. Даўж. больш за 1000 км, шыр. 400 км. Размешчана на месцы перадгорнага прагіну альпійскай складкаватай зоны М. Азіі і Ірана. Складзена з пясчана-гліністых алювіяльных адкладаў рэк, марскіх адкладаў і інш. Паводле характару рэльефу падзяляецца на паўн. ч. (Верхняя М.н., або Джэзірэ) да шыраты г. Багдад — узгорыстае плато з невял. ўзвышшамі (Джэбель-Сінджар, 1359 м, Джэбель-Хамрын і інш.) і паўд. ч. (Ніжняя М.н., або Вавілонія) — плоская нізіна, ніжэй за 100 м над узр. мора. Тэр. Ніжняй М.н. перыядычна заліваецца паводкавымі водамі, моцна забалочаная, асабліва ўзбярэжжа Персідскага заліва. Клімат на Пн субтрапічны, кантынентальны, на Пд трапічны, пустынны. Лета гарачае, т-ра 33—34 °C. Зіма на Пн умераная (сярэдняя т-ра студзеня 7 °C, маразы да -18 °C), на Пд цёплая (15—17 °C). Сярэднегадавая колькасць ападкаў 200—300 мм, на Пд паніжаецца да 100 мм. Максімум ападкаў — зімой. Па М.н. працякаюць рэкі Тыгр і Еўфрат, якія зліваюцца ў агульнае рэчышча Шат-эль-Араб, на ПдЗ — р. Карун. Расходы рэк нераўнамерны на працягу года, частыя паводкі разбуральнай сілы. Расліннасць паўпустынная і пустынная, палынова-салянкавая, толькі на схілах узвышшаў Верхняй М.н. растуць дрэвы і хмызнякі (дубы, фісташкі). Уздоўж рэк — галерэйныя лясы: еўфрацкая таполя, вербы, тамарыскі. У Ніжняй М.н. — фінікавая пальма. Жывёльны свет прадстаўлены грызунамі, паўзунамі, членістаногімі. З буйных млекакормячых — газель, дзікі асёл, шакал. У затапляльных зарасніках уздоўж рэк шмат вадаплаўнай птушкі, водзяцца дзікі. Развіта багарнае і паліўное земляробства (пшаніца, рыс, бавоўнік, фінікавая пальма), качавая жывёлагадоўля. Радовішчы нафты: Кіркук, Румайла і інш. Буйныя гарады: Багдад, Басра (Ірак), Абадан (Іран). М.н. адзін са стараж. цэнтраў цывілізацыі (Асірыя, Вавілонія і інш.).

М.​В.​Лаўрыновіч.

т. 10, с. 298

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЕТАЛАГРА́ФІЯ (ад металы + ...графія),

раздзел металазнаўства, які вывучае структуру металаў і сплаваў з дапамогай аптычнай і электроннай мікраскапіі, дыфракцыі рэнтгенаўскіх прамянёў. Даследуе заканамернасці ўтварэння структуры, яе змен пад уплывам знешніх уздзеянняў.

Вывучэнне паверхні металу няўзброеным вокам, праз лупу або мікраскоп з павелічэннем да 10 разоў дазваляе выявіць макраструктуру (крышталічную, хім. або мех. неаднастайнасць у выглядзе буйных зярнят, дэфектаў і дамешкаў). Даследаванне паліраванай і траўленай паверхні пры дапамозе мікраскопа з павелічэннем у 50—1500 разоў дазваляе выявіць мікраструктуру (памеры і формы зярнят, размеркаванне структурных фаз, уключэнняў і дэфармацый). Металаграфскае траўленне (уздзеянне кіслотным і інш. актыўным рэагентам) дае магчымасць устанавіць унутр, структурную будову сплаву. З дапамогай трансмісійнага мікраскопа вядуць электронна-мікраскапічнае даследаванне (выяўляюць фрагменты структуры памерам у некалькі нанаметраў, назіраюць скопішчы дыслакацый і скажэнняў крышт. рашоткі); электроннага сканіруючага мікраскопа — атрымліваюць відарысы дэфектаў структуры з вял. глыбінёй рэзкасці пры павелічэнні да 20 тыс. разоў (вывучаюць паверхні разбурэння, аб’ёмныя ўключэнні і інш.); рэнтгенаўскага дыфрактометра — атрымліваюць інфармацыю аб крышталеграфічных параметрах асобных фаз, унутр. напружаннях, раствораных у металах атамах. Адначасова з металаграфскімі даследаваннямі будовы металаў і сплаваў вывучаюць умовы, што выклікаюць змену іх унутр. структуры (уздзеянне награвання і ахаладжэння, пластычнай дэфармацыі, адпачыну, рэкрышталізацыі, спякання, насычэння хім. элементамі і інш.), а таксама даследуюць фіз. (мех.) уласцівасці. Даныя выкарыстоўваюць для вывучэння працэсаў атрымання метал. матэрыялаў з зададзенымі ўласцівасцямі. М. выкарыстоўваецца як адзін з метадаў кантролю якасці пры ліцці, тэрмаапрацоўцы, апрацоўцы ціскам, зварцы і інш. Першыя даследаванні структуры з выкарыстаннем аптычнага мікраскопа праведзены ў 1931 П.​А.​Аносавым.

На Беларусі М. выкарыстоўваюць пры распрацоўцы новых матэрыялаў у Фізіка-тэхн. ін-це Нац. АН Беларусі, Бел. навукова-вытв. канцэрне парашковай металургіі, БПА, у металургічнай і металаапрацоўчай прам-сці.

Літ.:

Смолмен Р., Ашби К. Современная металлография: Пер. с англ. М., 1970;

Лившиц Б.Г. Металлография. 3 изд. М., 1990;

Приборы и методы физического металловедения: Пер. с англ. Вып. 1—2. М., 1973—74.

Г.​М.​Гайдалёнак.

т. 10, с. 304

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІСЬКО́ (Павел Андрэевіч) (н. 14.3. 1931, в. Знамя Слуцкага р-на Мінскай вобл.),

бел. пісьменнік. Скончыў БДУ (1955). Працаваў у друку, у час. «Полымя», з 1972—80 у выд-ве «Мастацкая літаратура». Друкуецца з 1954. Першы зб. апавяданняў «Калодзеж» (1967). Кнігі нарысаў «Гаспадыні свайго лёсу» (1968), «Дрэва жыцця» (1973), аповесць «Ціхае лета» (1973), раман «Градабой» (1980) прысвечаны пасляваен. вёсцы. Падзеі Вял. Айч. вайны адлюстраваў у аповесцях «Поезд ішоў на Захад» (1972), «Калянае лісце» (1974), рамане «Мора Герадота» (1976). Ваеннае і пасляваен. жыццё ў рамане «Хлопцы, чые вы будзеце...» (ч. 1—2, 1989—92). Аўтар дэтэктыўна-фантаст. аповесці «Ніль адмірары, або Я выбіраю смерць» (1999). Творчасці М. ўласцівы ўвага да бытавой стыхіі нар. жыцця, шчырыя адносіны да чалавека працы, жывое шматфарбнае нар. слова. Аўтар зб-каў сатыры і гумару «Дзівак-чалавек» (1972), «Чэрці ў коміне» (1978), «Вясельны марафон» (1984), «Лекцыя з падвывам» (1988), «Развітальная гастроль» (1991), п’ес «Ліха крадзецца ціха» (1976), «Канфлікт мясцовага значэння» (1989) і інш. У творы для дзяцей уводзіць прыгодніцкі і фантаст. элемент (кнігі «Падарожжа ў калгас», 1970; «Зямля ў нас такая», 1971; «Навасёлы, або Праўдзівая, часам вясёлая, часам страшнаватая кніга пра незвычайны месяц у жыцці Жэні Мурашкі», 1972; «Прыгоды Бульбобаў», 1977; «Грот афаліны», 1985; «Эрпіды на планеце Зямля», 1987; «Прыйдзі, дзень-залацень!», 1993, і інш.). Піша вершы.

На бел. мову пераклаў паэму М.​Гогаля «Мёртвыя душы», казку П.​Яршова «Канёк-гарбунок», аповесці Я.​Носава «Шуміць лугавая аўсяніца» і «Чырвонае віно перамогі», У.​Цендракова «Ноч пасля выпуску» і інш.

Тв.:

Выбр. тв. Т. 1—2. Мн., 1991;

Між мінулым і будучым. Мн., 1986;

Акрабат у бутэльцы. Мн., 1994.

Літ.:

Юрэвіч У. Абрысы. Мн., 1976;

Шупенька Г. Цеплыня чалавечнасці. Мн., 1977;

Дзюбайла П. Беларускі раман. Гады 70-я. Мн., 1982;

Андраюк С. Жыць чалавекам. Мн., 1983;

Савік Л. Каб не астыла цяпло зямлі. Мн., 1984.

С.​А.​Андраюк, І.​У.​Саламевіч.

П.А.Місько.

т. 10, с. 475

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЛАДАГРАМАТЫ́ЗМ,

адна з плыняў параўнальна-гістарычнага мовазнаўства. Склалася ў Еўропе ў 1870-я г. намаганнямі ням. лінгвістаў (К.​Бругман, Б.​Дэльбрук, А.​Лескін, Г.​Остгаф, Г.​Паўль, Г.​Гірт, В.​Штрэйтберг, І.​Шміт і інш.). Меў прыхільнікаў у інш. краінах (П.​Ф.​Фартунатаў, І.​А.​Бадуэн дэ Куртэнэ, А.​А.​Шахматаў у Расіі, М.​Брэаль, А.​Мее ў Францыі, Г.​І.​Аскалі ў Італіі, С.​Буге, К.​Вернер у скандынаўскіх краінах, У.​Уітні ў ЗША, Я.​Развадоўскі, Я.​Лось у Польшчы). Младаграматыкі адмовіліся ад асн. навук. уяўленняў 1-й пал. 19 ст. (ідэя трохэтапнасці глотагенічнага працэсу: аморфны стан прамовы — аглюцінацыя — флексійны лад; вучэнне В.​Гумбальта пра ўнутр. форму мовы, якая служыць адбіткам «духу» народа; падыход А.​Шляйхера да мовы як да прыроднага арганізма). У аснове М. — індуктыўны падыход да жывых моўных з’яў і працэсаў і погляд на мову як на індывідуальна-псіхал. з’яву, якая павінна вывучацца параўнальна-гіст. метадам. Гэты метад быў даведзены младаграматыкамі да высокай ступені навук. дакладнасці. Яны сцвярджалі, што гукавыя законы, на якіх грунтуецца развіццё моў, дзейнічаюць стыхійна і паслядоўна. Адхіленне ад іх дзеяння — або праява дзеяння іншых, яшчэ не пазнаных гукавых законаў, або вынік змяненняў па аналогіі. Такое разуменне сутнасці і ролі гукавых законаў дало младаграматыкам магчымасць абгрунтаваць прынцып гістарызму ў мовазнаўстве як аснову навук. метадалогіі і ў далейшым дазволіла вучоным усвядоміць і размежаваць паняцці дыяхраніі і сінхраніі ў моўнай дынаміцы і прывяло да ідэі сістэмнасці мовы. Для саміх младаграматыкаў быў характэрны пазасістэмны, «атамарны», хоць і вельмі дэталёвы разгляд паасобных моўных з’яў. Пільная ўвага младаграматыкаў да моўных фактаў садзейнічала іх размежаванню як аб’ектаў даследавання і складанню паасобных мовазнаўчых дысцыплін — фанетыкі, этымалогіі, гіст. граматыкі, семасіялогіі, дыялекталогіі. Тэрмін «младаграматыкі» (ням. Junggrammatiker) уведзены Ф.​Царнке.

Літ.:

Томсен В. История языковедения до конца XIX в.: Пер. с дат. М., 1938;

Пауль Г. Принципы истории языка: Пер. с нем. М., 1960.

А.​Я.​Міхневіч.

т. 10, с. 495

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАЦЫЯНА́ЛЬНЫЯ ПА́РКІ,

асабліва ахоўныя прыродныя тэрыторыі (акваторыі), якія маюць экалагічную, гіст., эстэт. каштоўнасць і амаль не змененыя дзейнасцю чалавека. Ствараюцца для захавання пэўных прыродных комплексаў і выкарыстання іх у рэкрэацыйных, асв., навук. мэтах. Вылучаюцца своеасаблівым спалучэннем натуральных і культ. ландшафтаў. У Н.п. праводзяцца мерапрыемствы па ўзнаўленні ландшафтаў, захаванні рэдкіх і знікаючых відаў раслін і жывёл. Тэрыторыя Н.п. звычайна падзяляецца на зоны: запаведную, гасп., рэкрэацыйную і (часам дадаткова) буферную (вакол Н.п.). Статус Н.п., прыняты Міжнародным саюзам аховы прыроды і прыродных рэсурсаў (МСАП) у 1969, мае пэўныя патрабаванні да арганізацыі парку: адносна вял. тэрыторыя, наяўнасць каштоўных у навук. і пазнавальных адносінах прыродных ландшафтаў або аб’ектаў, адносная захаванасць прыродных комплексаў, дазвол наведвання парку турыстамі пры спец. умовах. У большасці краін Н.п. — найб. распаўсюджаная катэгорыя дзярж. ахоўных тэрыторый з розным рэжымам аховы. Н.п. маюць асаблівыя адм. дзярж. органы, якія з’яўляюцца асн. землекарыстальнікам на тэрыторыі Н.п. або ў яго адпаведнай зоне.

Першы Н.п. створаны ў ЗША (1872, Йелаўстонскі нацыянальны парк). У пач. 20 ст. Н.п. з’явіліся ў Паўд. Амерыцы — Наўэль-Уапі (Аргенціна, 1903), Ігуасу (Бразілія, 1909); у Еўропе — Пельву (Францыя, 1913), Энгадзін (Швейцарыя, 1914), Кавадонга (Іспанія, 1915) і інш. Існуе больш за 2,3 тыс. нац. паркаў (у т. л. ў Еўропе — больш за 160) агульнай плошчай больш як 400 млн. га. Каля 30 Н.п. свету маюць плошчу больш за 1 млн. га — Грэнландскі нацыянальны парк (Данія, 7 млн. га), Вуд-Бафала (Канада, 4,5 млн. га), Серэнгеці (Танзанія, 2 млн. га), Цэнтральнакалахарскі (Батсвана, 5,3 млн. га), Габійскі (Манголія, 5 млн. га) і інш.

На Беларусі існуюць 4 Н.п.: Белавежская пушча, Браслаўскія азёры, Нарачанскі, Прыпяцкі, агульнай пл. каля 327 тыс. га.

Літ.:

Заповедными тропами зарубежных стран. М., 1976;

Реймерс Н.Ф., Штиль марк Ф.Р. Особо охраняемые природные территории. М., 1978.

А.​М.​Петрыкаў.

т. 11, с. 242

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЯДЗЕ́ЛЬНЫЯ ШКО́ЛЫ,

прыватныя або грамадскія агульнаадук., прафес. або рэліг. школы, навучанне ў якіх праводзіцца ў выхадныя дні (найчасцей у нядзелю; адсюль назва). Гістарычна найб. ранняя форма пазашкольнай адукацыі. Падзяляюцца на канфесіянальныя шкалы розных веравызнанняў для рэліг.-маральнага выхавання (у хрысціян — нядзельныя, мусульман — пятнічныя, іудзеяў — суботнія) і свецкія. Канфесіянальныя Н.ш. ўзніклі ў сярэдзіне 16 ст. (першая пры Міланскім саборы) у форме нядзельных размоў. У 17—18 ст. пашырыліся ў краінах Еўропы і Паўн. Амерыцы. Свецкія Н.ш. з’явіліся ў сярэдзіне 18 ст. (першая ў 1756 у Базелі, Швейцарыя). У 19 ст. агульнаадук. Н.ш. адыгралі значную ролю ў развіцці нар. адукацыі ў Вялікабрытаніі, Францыі, Германіі і інш. еўрап. краінах. Ствараліся таксама Н.ш. і курсы прафес. падрыхтоўкі. У пач. 20 ст. агульнаадук. Н.ш. амаль спынілі існаванне ў сувязі з арг-цыяй дзярж. школьных сістэм і ўвядзеннем усеагульнага абавязковага навучання. Канфесіянальныя Н.ш. і ў наш час існуюць у многіх краінах.

У Рас. імперыі і на Беларусі канфесіянальныя Н.ш. эпізадычна ўзнікалі з пач. 18 ст. Найб. стабільнымі былі лютэранскія. Свецкія пачалі стварацца асобнымі прадпрымальнікамі ў 1-й пал. 19 ст. (напр., у 1816 пры Трохгорнай мануфактуры Прохаравых у Маскве). У канцы 1850 — пач. 1860-х г., у выніку дэмакр. ўздыму, агульнаадук. Н.ш. арганізоўваліся інтэлігенцыяй амаль паўсюдна. У 1858 адкрыта Н.ш. ў Палтаве, у 1859 — у Кіеве, Магілёве, Мінску, Пецярбургу, у 1860 — у Гродне, Брэсце, Вільні. У пач. 1862 у 178 гарадах Рас. імперыі 331 Н.ш. Спробы выкарыстаць Н.ш. для рэв. прапаганды сталі падставай да іх закрыцця (1862). З канца 1880-х г. у выніку грамадскай ініцыятывы зноў пачалося іх стварэнне. У 1904 на Беларусі дзейнічала 20 Н.ш. і курсаў (1950 навучэнцаў, у т. л. 1148 жанчын). У 1920-я г. свецкія Н.ш. заменены інш. тыпамі школ для дарослых (гл. таксама Вячэрняе навучанне). На пач. 2000 у Беларусі 1094 Н.ш. розных канфесій для дзяцей і дарослых.

т. 11, с. 406

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАДВО́ДНАЯ ВАЙНА́,

баявыя дзеянні падводных лодак (ПЛ) супраць караблёў і суднаў праціўніка з мэтай іх знішчэння, або парушэння яго марскіх камунікацый. Вялася ў 1-ю (1914—18) 1 2-ю (1939—45) сусв. войны. У 1-й сусв. вайне страты гандл. флоту ад ПЛ склалі 14 млн. брута-рэгістравых тон і 192 баявыя караблі. Германія, насуперак міжнар. пагадненням і прававым нормам, тапіла гандл. судны праціўніка і нейтральных дзяржаў. Пытанне аб забароне П.в. абмяркоўвалася на Вашынгтонскай канферэнцыі 1921—22, але яна не прыняла прапанову Вялікабрытаніі забараніць выкарыстанне ПЛ. У 1936 ЗША, Вялікабрытанія, Францыя, Італія, Японія падпісалі пратакол аб правілах дзеянняў ПЛ у адносінах да гандл. суднаў у ваен. час; да пратакола далучыліся СССР (1937) і некаторыя інш. краіны. Паводле гэтага дакумента, ПЛ і надводныя ваен. караблі, у адносінах да гандл. суднаў павінны былі кіравацца нормамі міжнар. права. Толькі ў выпадку ўпартай адмовы гандл. судна прыпыніцца ці супраціўлення агляду (вобыску) яно магло быць затоплена або пазбаўлена магчымасці далейшага плавання пры ўмове, што пасажыры, экіпаж і дакументы з судна будуць вывезены папярэдне ў бяспечнае месца. Аднак гэтыя патрабаванні на практыцы не выконваліся. У сувязі з агрэсіяй супраць Іспаніі прадстаўнікі Вялікабрытаніі, Францыі, СССР і інш. дзяржаў падпісалі ў 1937 Ніёнскае пагадненне аб мерах па барацьбе з пірацкімі дзеяннямі ПЛ фаш. дзяржаў. Нягледзячы на гэтыя дакументы, за гады 2-й сусв. вайны агульныя страты гандл. флоту ад ПЛ склалі каля 23 млн. брута-рэгістравых тон (знішчана таксама каля 400 баявых караблёў). Адначасова флаты дзяржаў, што ваявалі, страцілі 1123 ПЛ (у 1-ю сусв. вайну — 265), з іх Германія — больш за 800. У П.в. вызначыліся многія сав. маракі-падводнікі, у т. л. Героі Сав. Саюза А.Х.Марынеска, ураджэнец г. Віцебск С.Н.Багарад і інш.

Літ.:

Подводники атакуют: Сб. М., 1985;

Дениц К. Немецкие подводные лодки, 1939—1945 гг.: Пер. с нем. СПб., 2000.

В.​А.​Юшкевіч, У.​Я.​Калаткоў.

т. 11, с. 490

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЛАНЭ́З [польск. polonez ад франц. (danse) polonaise польскі танец],

старадаўні польскі танец-шэсце ўрачыстага характару. Жанрава вызначальныя рысы — 3-дольны тактавы памер, тыповая рытмаформула , каданс . Папярэднік П. —4-дольны павольны «пешы» танец, які вылучыўся з вясельных абрадавых танцаў, у 17 ст. адкрываў вясковыя святы або выконваўся ў час вяртання з палявых работ. У 18 ст. пад назвай «польскі танец» пашырыўся ў шляхецкім асяроддзі, дзе набыў ваяўнічы характар. У канцы 18 ст. атрымаў назву «П.» Адыграў прыкметную ролю ў фарміраванні нац. аблічча польскай прафес. музыкі. З 1790-х г., калі паявіліся «Паланэзы не для танца» М.​К.​Агінскага, і ў 19 ст., у перыяд рамантызму, П. узбагаціўся рысамі паэмнасці, значна пашырыўся яго эмац. дыяпазон. Вяршыні развіцця дасягнуў у творчасці Ф.​Шапэна. Да П. звярталіся І.​С.​Бах, В.​А.​Моцарт, К.​М.​Вебер, М.​Глінка, П.​Чайкоўскі, А.​Скрабін, А.​Лядаў і інш.

Найб. раннія звесткі пра П. на Беларусі адносяцца да 1780-х г. і звязаны з творчасцю Я.​Д.​Голанда (арыя Паляка з оперы «Чужое багацце нікому не на карысць», паст. 1780, Нясвіж) і Р.​Вардоцкага (арыя з оперы «Апалон-заканадаўца, або Рэфармаваны Парнас», паст. ў школьным т-ры Забельскага дамініканскага калегіума, Верхнядзвінскі р-н). У 19 ст. вядомы П. для канцэртнага выканання І.​Дабравольскага (для скрыпкі), Міхала Казіміра Агінскага (для скрыпкі і фп.), Міхала Клеафаса Агінскага і В.​Казлоўскага (для арк.), Н.​Орды, А.​Абрамовіча, С.​Манюшкі, К.​Ельскага, Ф.​Міладоўскага (для фп.) і інш. Асаблівую папулярнасць набыў П. «Развітанне з Радзімай» Міхала Клеафаса Агінскага. З сучасных бел. кампазітараў П. пісалі Дз.​Лукас (з музыкі да кінафільма «Несцерка»), Ю.​Бяльзацкі (з сюіты на тэмы польск. нар. танцаў), Г.​Вагнер (з балета «Падстаўная нявеста») і інш.

І.​Дз.​Назіна.

т. 11, с. 537

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЛАТАНІ́ЗМ,

у вузкім сэнсе — кірунак стараж.-грэч. філасофіі 1 ст. да н.э. — пач. 3 ст. н.э.; у шырокім сэнсе — усякі філас. кірунак, які абапіраецца на вучэнне Платона.

У антычнасці П. быў прадстаўлены філосафамі Акадэміі платонаўскай (Спеўсіп, Ксенакрат, Аркесілай, Карнеад і інш.). У духу стаіцызму трактаваў вучэнне Платона Пасідоній; створаны ім стаічны П. знайшоў апору ў багаслоўі Філона Александрыйскага, у гнастыцызме, у — герметызме і ва ўсёй данікейскай патрыстыцы, а ў 2—3 ст. н.э. ў Нуменія, настаўніка Плаціна і Арыгена, які выступаў за сінтэзаванне П. і арыстоцелізму. Гэта садзейнічала пераадоленню элементаў натуралізму, характэрнага для эпохі элінізму, і складванню ў 3 ст. н.э. асноў неаплатанізму. Інтарэс да П. адрадзіўся пасля аднаўлення ў Фларэнцыі філосафам М.​Фічына платонаўскай Акадэміі (1459), адкуль ён праз кембрыджскую школу распаўсюдзіўся ў Англіі. Пад уплывам англ. філасофіі і дзякуючы ням. ідэалізму П. і неаплатанізм адрадзіліся ў Германіі, аднак толькі з Г.​Лейбніца пачалося гіст. разуменне першапачатковага П.

Неабходны элемент П. — проціпастаўленне пачуццёвага свету свету ідэй. Паводле гэтай канцэпцыі, не ідэя ўтварае сабой адлюстраванне матэрыі, а матэрыя ёсць адлюстраванне і выцяканне ідэі. Платонаўскую ідэю ў П. разглядаюць як родавае, гранічна абагульненае і жыццёва важнае лагічнае паняцце, якое змяшчае ў сабе прынцып канструявання сутнасці рэчы і, значыць, самой рэчы, утварае субстанцыянальную рэчаіснасць і яе мэту. Дамінуючую ролю ў гісторыі П. адыгрывала разуменне дыялектыкі як метаду, заснаванага на ўстанаўленні адзінства процілегласцей. Пры дапамозе такога разумення былі распрацаваны 3 асн. іпастасі (Адзінага, Розуму і Сусв. душы), выяўленне якіх заўсёды складала асн. змест П. (разам з вытлумачэннем матэрыяльнага космасу). Адной з асн. канцэпцый П. з’яўляецца вучэнне аб бессмяротнасці душы і цела, або аб кругавароце душ, г. зн. аб іх пераўвасабленні і перасяленні (сам Платон лічыў, што пасля смерці цела душа пераходзіць у другое цела або функцыянуе ў космасе).

Літ.:

Богомолов А.С. Античная философия. М., 1985;

Лосев А.Ф. Словарь античной философии: Избр. ст. М., 1995.

С.​Ф.​Дубянецкі.

т. 12, с. 412

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРАДМО́ВА,

напісанае аўтарам, рэдактарам або іншай асобай слова да чытача, якое змяшчаецца ў пачатку кнігі ці асобнай публікацыі для лепшага іх разумення.

Заснавальнік П. на Беларусі — Ф.​Скарына: гуманіст.-асветніцкія, навуч.-пазнавальныя П. да асобных кніг Бібліі. Некат. П. адрасаваны ці прысвечаны мецэнатам [напр., прадмова Міколы Гусоўскага да кн. «Песня пра зубра» (1523) адрасавана каралеве Боне). У выданні Статута ВКЛ 1588 у якасці П. змешчана прамова Л.​Сапегі на Варшаўскім сейме. У асобных кнігах ролю П. выконвалі вершаваныя эпікграмы. У 16—17 ст., у часы вострай ідэалаг. барацьбы і рэліг. палемікі, П. мелі пераважна сінкрэтычны характар, былі сродкам выражэння надзённых пытанняў грамадска-паліт. жыцця, важных праблем развіцця культуры, поглядаў і імкненняў прадстаўнікоў розных сац. груповак і рэлігійных кірункаў, грамадзянскага, нац. і эстэт. крэда іх аўтараў (П. С.​Буднага, В.​Цяпінскага да асобных твораў палемічнай і перакладной л-ры). У П. таго часу — зародкі бел. філалогіі, крытыкі, літ.-знаўства і публіцыстыкі. Важную ролю ў развіцці бел. л-ры і грамадскай думкі 19 — пач. 20 ст. адыгралі П. Я.​Чачота, Р.​Падбярэскага, Ф.​Багушэвіча, Цёткі і інш. пісьменнікаў.

У сучаснай л-ры П. не мае цвёрдых, выразна акрэсленых жанравых прыкмет. Паводле формы і стылю П. самыя разнастайныя — ад кароткіх дзелавых анатацый да разгорнутых артыкулаў. Бываюць П. ад аўтара, рэдактара, укладальніка, перакладчыка, рэдкалегіі і інш. У залежнасці ад характару і прызначэння выдання (збор твораў, навук. манаграфія, зборнік артыкулаў, слоўнік, публікацыя помніка пісьменнасці і інш.) у П. падаецца сціслая інфармацыя пра змест і гісторыю ўзнікнення, аўтара, раскрываюцца прынцыпы і мэты выдання і інш. П., як правіла, суправаджаюцца першыя публікацыі ў газеце, часопісе. У выданнях тыпу хрэстаматый ці анталогій, апрача агульнай П., нярэдка падаюцца і кароткія П. да кожнай публікацыі помніка пісьменнасці, урыўка з буйнога твора або твораў пісьменніка. Ролю П. часам выконваюць пасляслоўі.

В.​А.​Чамярыцкі.

т. 12, с. 537

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)