ПЛАТАНІ́ЗМ,
у вузкім сэнсе — кірунак стараж.-грэч. філасофіі 1 ст. да н.э. — пач. 3 ст. н.э.; у шырокім сэнсе — усякі філас. кірунак, які абапіраецца на вучэнне Платона.
У антычнасці П. быў прадстаўлены філосафамі Акадэміі платонаўскай (Спеўсіп, Ксенакрат, Аркесілай, Карнеад і інш.). У духу стаіцызму трактаваў вучэнне Платона Пасідоній; створаны ім стаічны П. знайшоў апору ў багаслоўі Філона Александрыйскага, у гнастыцызме, у — герметызме і ва ўсёй данікейскай патрыстыцы, а ў 2—3 ст. н.э. ў Нуменія, настаўніка Плаціна і Арыгена, які выступаў за сінтэзаванне П. і арыстоцелізму. Гэта садзейнічала пераадоленню элементаў натуралізму, характэрнага для эпохі элінізму, і складванню ў 3 ст. н.э. асноў неаплатанізму. Інтарэс да П. адрадзіўся пасля аднаўлення ў Фларэнцыі філосафам М.Фічына платонаўскай Акадэміі (1459), адкуль ён праз кембрыджскую школу распаўсюдзіўся ў Англіі. Пад уплывам англ. філасофіі і дзякуючы ням. ідэалізму П. і неаплатанізм адрадзіліся ў Германіі, аднак толькі з Г.Лейбніца пачалося гіст. разуменне першапачатковага П.
Неабходны элемент П. — проціпастаўленне пачуццёвага свету свету ідэй. Паводле гэтай канцэпцыі, не ідэя ўтварае сабой адлюстраванне матэрыі, а матэрыя ёсць адлюстраванне і выцяканне ідэі. Платонаўскую ідэю ў П. разглядаюць як родавае, гранічна абагульненае і жыццёва важнае лагічнае паняцце, якое змяшчае ў сабе прынцып канструявання сутнасці рэчы і, значыць, самой рэчы, утварае субстанцыянальную рэчаіснасць і яе мэту. Дамінуючую ролю ў гісторыі П. адыгрывала разуменне дыялектыкі як метаду, заснаванага на ўстанаўленні адзінства процілегласцей. Пры дапамозе такога разумення былі распрацаваны 3 асн. іпастасі (Адзінага, Розуму і Сусв. душы), выяўленне якіх заўсёды складала асн. змест П. (разам з вытлумачэннем матэрыяльнага космасу). Адной з асн. канцэпцый П. з’яўляецца вучэнне аб бессмяротнасці душы і цела, або аб кругавароце душ, г. зн. аб іх пераўвасабленні і перасяленні (сам Платон лічыў, што пасля смерці цела душа пераходзіць у другое цела або функцыянуе ў космасе).
Літ.:
Богомолов А.С. Античная философия. М., 1985;
Лосев А.Ф. Словарь античной философии: Избр. ст. М., 1995.
С.Ф.Дубянецкі.
т. 12, с. 412
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)