ПРАДМО́ВА,
напісанае аўтарам, рэдактарам або іншай асобай слова да чытача, якое змяшчаецца ў пачатку кнігі ці асобнай публікацыі для лепшага іх разумення.
Заснавальнік П. на Беларусі — Ф.Скарына: гуманіст.-асветніцкія, навуч.-пазнавальныя П. да асобных кніг Бібліі. Некат. П. адрасаваны ці прысвечаны мецэнатам [напр., прадмова Міколы Гусоўскага да кн. «Песня пра зубра» (1523) адрасавана каралеве Боне). У выданні Статута ВКЛ 1588 у якасці П. змешчана прамова Л.Сапегі на Варшаўскім сейме. У асобных кнігах ролю П. выконвалі вершаваныя эпікграмы. У 16—17 ст., у часы вострай ідэалаг. барацьбы і рэліг. палемікі, П. мелі пераважна сінкрэтычны характар, былі сродкам выражэння надзённых пытанняў грамадска-паліт. жыцця, важных праблем развіцця культуры, поглядаў і імкненняў прадстаўнікоў розных сац. груповак і рэлігійных кірункаў, грамадзянскага, нац. і эстэт. крэда іх аўтараў (П. С.Буднага, В.Цяпінскага да асобных твораў палемічнай і перакладной л-ры). У П. таго часу — зародкі бел. філалогіі, крытыкі, літ.-знаўства і публіцыстыкі. Важную ролю ў развіцці бел. л-ры і грамадскай думкі 19 — пач. 20 ст. адыгралі П. Я.Чачота, Р.Падбярэскага, Ф.Багушэвіча, Цёткі і інш. пісьменнікаў.
У сучаснай л-ры П. не мае цвёрдых, выразна акрэсленых жанравых прыкмет. Паводле формы і стылю П. самыя разнастайныя — ад кароткіх дзелавых анатацый да разгорнутых артыкулаў. Бываюць П. ад аўтара, рэдактара, укладальніка, перакладчыка, рэдкалегіі і інш. У залежнасці ад характару і прызначэння выдання (збор твораў, навук. манаграфія, зборнік артыкулаў, слоўнік, публікацыя помніка пісьменнасці і інш.) у П. падаецца сціслая інфармацыя пра змест і гісторыю ўзнікнення, аўтара, раскрываюцца прынцыпы і мэты выдання і інш. П., як правіла, суправаджаюцца першыя публікацыі ў газеце, часопісе. У выданнях тыпу хрэстаматый ці анталогій, апрача агульнай П., нярэдка падаюцца і кароткія П. да кожнай публікацыі помніка пісьменнасці, урыўка з буйнога твора або твораў пісьменніка. Ролю П. часам выконваюць пасляслоўі.
В.А.Чамярыцкі.
т. 12, с. 537
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)