НО́ВІКАЎ (Анатоль Рыгоравіч) (30.10.1896, г. Скапін Разанскай вобл., Расія — 23.9.1984),
расійскі кампазітар, муз.-грамадскі дзеяч. Засл. дз. маст. Расіі (1947). Нар.арт. Расіі (1961). Нар.арт.СССР (1970). Герой Сац. Працы (1976). У 1921—27 вучыўся ў Маскоўскай кансерваторыі ў Р.Гліэра. У 1939—43 маст. кіраўнік Ансамбля песні і танца ВЦСПС, у 1948—51 — Ансамбля песні Усесаюзнага радыё. Сабраў і адрэдагаваў каля 500 рус.нар. песень («Рускія народныя песні», т. 1—3; некат. ў яго запісе). Аўтар муз. камедый «Ляўша» (паст. 1957), «Калі ты са мной» (паст. 1961), «Каралева прыгажосці» (паст. 1964), «Асобае заданне» (паст. 1965), «Чорная бяроза» (паст. 1969), «Васіль Цёркін» (паст. 1971), паэмы «Нам патрэбен мір» для салістаў, хору, чытальніка і арк. (1954), кантат, хароў, музыкі да драм. спектакляў, шматлікіх песень («Смуглянка», «Дарогі», «Расія», «Вася-Васілёк», «Гімн дэмакратычнай моладзі свету» і інш.). Дзярж. прэміі СССР 1946, 1948.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НУРПЕІ́САЎ (Абдыжаміл Карымавіч) (н. 22.10.1924, с. Какарал Аральскага р-на Кзыл-Ардзінскай вобл., Казахстан),
казахскі пісьменнік. Нар. пісьменнік Казахстана (1985). Скончыў Літ.ін-т імя М.Горкага ў Маскве (1956). Піша на каз. і рус. мовах. Друкуецца з 1949. Першы раман «Курляндыя» (1950, 2-я рэд. пад назвай «Доўгачаканы дзень», 1958) пра падзеі Вял.Айч. вайны. Шырынёй сац. абагульненняў, глыбінёй псіхал. аналізу, самабытнымі нац. характарамі вызначаецца трылогія «Кроў і пот» (кн. 1—3, 1961—70, Дзярж. прэмія СССР 1974; аднайм. фільм 1979) пра падзеі 1-й сусв. і грамадз. войнаў. Актуальнасцю і вастрынёй праблематыкі вылучаецца раман «Абавязак» (на рус. мове, 1984). Працуе ў жанры нарыса і літ.-крытычнай эстэтыкі (кнігі «Роздумы», 1972; «Край блакітных гор», 1979). На бел. мову асобныя яго творы пераклаў А.Кудравец.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
О́РЛІК (Піліп Сцяпанавіч) (22.10.1672, в. Касута Вілейскага р-на Мінскай вобл. — 25.5.1742),
украінскі дзярж. дзеяч. З бел. шляхецкага роду герба «Навіна». Вучыўся ў Кіева-Магілянскім калегіуме. Служыў у ген.вайск. канцылярыі Левабярэжнай Украіны, у 1702—08 ген. пісар. Атрымаў у пасаг значныя маёнткі на Палтаўшчыне. У час Паўночнай вайны 1700—21 прыхільнік швед. пратэктарату над Украінай. У 1708 разам з гетманам І.Мазепам і часткай казацкай старшыны перайшоў на бок шведаў. Пасля Палтаўскай бітвы 1709 разам з Мазепам і швед. каралём Карлам XII уцёк у тур. ўладанні. Там у 1710 пасля смерці Мазепы абвешчаны яго прыхільнікамі ўкр. гетманам. У 1711 удзельнічаў у паходзе крымскіх татар на Украіну. У 1714—20 жыў у Швецыі, потым у Германіі, Польшчы, Францыі. Падбіваў многія дзяржавы на інтэрвенцыю супраць Расіі. Аўтар мемуараў. Імя О. згадваецца ва ўкр.нар. думах.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
О́Э (Кэндзабура) (н. 31.1.1935, Осе, Японія),
японскі пісьменнік. Скончыў Такійскі ун-т. Дэбютаваў у 1957. Зведаў моцны ўплыў Ф.Дастаеўскага, Л.Талстога, У.Фолкнера, Ж.П.Сартра. Асн. тэма яго твораў — моладзь у сучасным грамадстве. У раманах «Моладзь, якая спазнілася» (1962), «Асабісты вопыт» (1964), «Футбол 1860» (1967), «Агарнулі мяне воды да душы маёй» (т. 1—2, 1973), «Нататкі пінчранера» (1976), «Гульні равеснікаў» (1979) і інш. праблемы станаўлення асобы і ўзаемадачыненняў індывід. і масавай свядомасці, матывы паводзін і псіхалогія «падманутага пакалення», роля моладзі ў духоўным выратаванні грамадства і прычыны яе маральнай дэградацыі, пошукі нац. каранёў, суаднесенасць гіст. вопыту з сучаснасцю. Аўтар «Хірасімскіх нататкаў» (1966), аўтабіягр. рамана «Лісты да мілага мінулага» (1987). Нобелеўская прэмія 1994.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАВАРО́ЦІ ((Pavarotti) Лучана) (н. 12.10.1935, г. Модэна, Італія),
італьянскі спявак (тэнар). Вучыўся ў А.Полы і Э.Кампагальяні. На опернай сцэне з 1961. Выступае ў буйнейшых т-рах свету, у т. л. ў «Ковент-Гардэн» (Лондан), «Ла Скала» (Мілан), «Метраполітэн-опера» (Нью-Йорк), Венскай дзярж. оперы і інш. Валодае голасам прыгожага звонкага тэмбру, надзвычай вял. дыяпазону. Яго выкананне адметнае шчырасцю, эмацыянальнасцю. У рэпертуары рознахарактарныя партыі пераважна ў італьян. класічных операх: Рудольф, Каварадосі, Калаф, («Багема», «Тоска», «Турандот» Дж.Пучыні), Радамес, Атэла, Герцаг («Аіда», «Атэла», «Рыгалета» Дж.Вердзі), Немарына, Тоніо («Любоўны напітак» і «Дачка палка» Г.Даніцэці), Хазэ («Кармэн» Ж.Бізэ). Выступаў у трыо з Х.Карэрасам і П.Дамінга, запісаў з імі шэраг папулярных оперных арый. Аўтар успамінаў «Гісторыя майго жыцця» (1981). 1-я прэмія на Міжнар. конкурсе вакалістаў імя А.Перу (Рэджанель-Эмілія, Італія, 1961).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПА́ВЕЛ З ВІ́ЗНЫ,
дзеяч Рэфармацыі ў ВКЛ 2-й пал. 16 ст. Быў віленскім суперінтэндантам, «міністрам». Як ідэолаг антыпрыгонніцкай партыі бел. і літоўскіх антытрынітарыяў выступіў на сінодзе ў Іўі (1568) супраць феад. эксплуатацыі, прыгоннай залежнасці сялян, іх цяжкай працы на паноў. Асуджаў існуючую сац. несправядлівасць. Як сведчыць пратакол сінода, П. з В. сцвярджаў: «Я так разумею і так веру, што сапраўднаму хрысціяніну нельга мець падданых, а тым больш нявольнікаў і нявольніц, бо гэта паганства панаваць над сваім братам, карыстацца з яго поту і крыві. Святое пісанне ясна сведчыць, што Бог стварыў род чалавечы з адной крыві, таму ўсе мы родныя, усе браты».
Літ.:
Из истории философской и общественно-политической мысли Белоруссии: Избр. произв. XVI — нач. XX в. Мн., 1962;
Подокшин С.А. Реформация и общественная мысль Белоруссии и Литвы (вторая половина XVI — начало XVII в). Мн., 1970.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАДГО́РСКІ-АКО́ЛАЎ ((Podhórski-Okołów) Леанард) (21.12.1891, б. маёнтак Рым, Капыльскі р-н Мінскай вобл. — 4.1.1957),
польскі паэт, літаратуразнавец, перакладчык. Вучыўся ў Львоўскім ун-це (1912—14). Ў 1-ю сусв. вайну служыў у рас. арміі ў Нясвіжы і Бабруйску. З 1922 у Варшаве; з 1955 дырэктар Музея імя А.Міцкевіча. Аўтар паэт. зб-каў «Сонечны смех» (1912), «Дарога ў Эмаўс» (1923). Асн. тэмы зб. «Беларусь» (1924) — успаміны дзяцінства, туга па родных мясцінах, прыгажосць бел. краявідаў. Беларусі прысвяціў таксама вершы «Туганавічы» і «Тракт пад Нясвіжам», «Гасцінец». Аўтар даследаванняў «Чачот невядомы» (1937), «Міцкевічаўскія рэаліі» (т. 1—2, 1952—55). На бел. мову яго асобныя вершы пераклалі М.Гайдук, М.Кавыль, А.Лойка, Я.Семяжон.
Тв.:
Wybór poezji. Warszawa, 1960;
Бел.пер. — у кн.: Табе, Беларусь: Паэты свету пра Беларусь. Мн., 1968.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАКРО́ВАЎ ПРАСВЯТО́Й БАГАРО́ДЗІЦЫ НА НЕ́РЛІ ЦАРКВА́ помнік архітэктуры 12 ст. каля г.п. Багалюбава Уладзімірскай вобл.
(Расія),
у пойме р. Нерль. Належыць да Уладзіміра-Суздальскай школы дойлідства. Пабудавана ў 1165 кн. Андрэем Багалюбскім у памяць пра памерлага сына. 1-купальны 4-стаўповы крыжова-купальнага тыпу храм вылучаецца выключнай гармоніяй крыху выцягнутых па вертыкалі прапорцый, вытанчанасцю пластычнай апрацоўкі (ступеньчатыя лапаткі, перспектыўныя парталы, каменныя рэльефы). Фасады расчлянёны складанымі пучковымі пілястрамі з тонкімі паўкалонкамі. У верхняй іх частцы — разныя выявы цара Давіда, жаночых галоў, ільвоў, грыфонаў. Па верхняй частцы барабана праходзіць дэкар. пояс (арачкі, выкружкі, парэбрык, трохвугольнікі). Цыбулепадобны купал устаноўлены замест першапачатковага шлемападобнага. Да 1672 мелася вежа з ходам на хоры. Помнік значна скажоны ў час рамонту 1877 (знішчаны галерэі, што прымыкалі да яго з трох бакоў, фрэскі). Уключана ЮНЕСКА у спіс Сусветнай спадчыны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЛА́ЦЦА (італьян. palazzo ад лац. palatium палац),
тып гар. палаца-асабняка, характэрнага для італьян. Адраджэння. Склаўся ў 15 ст. пераважна ў Фларэнцыі [арх. Ф.Брунелескі (П.Піці), Мікелоца і інш.]. Класічнае П. ўяўляла сабой 3-павярховы (радзей 2- ці 4-павярховы) будынак, які фасадам выходзіў на вуліцу. Кампазіцыйным цэнтрам яго быў унутр. двор, абнесены арачнымі галерэямі. Раннія П. вылучаліся маналітнасцю аб’ёму, суровым вонкавым выглядам, мелі фасады, апрацаваныя буйным рустам. З 16 ст. ў афармленні фасадаў узмацнілася роля ордэрных элементаў і скульпт. дэкору; кампазіцыя набыла большую сувязь з гар. забудовай і прыродным асяроддзем (П.Фарнезе ў Рыме, 1513—89, арх. А. да Сангала Малодшы, Мікеланджэла, Дж. дэла Порта). Да задніх фасадаў стаў прылягаць тэрасны сад (арх. Д.Брамантэ, Рафаэль і інш.). У розных абласцях Італіі склаліся мясц. разнавіднасці П.