НАВІКО́Ў Мікалай Іванавіч (8.5.1744, радавы маёнтак Ціхвінскае-Аўдоцціна каля г. Бронніцы Маскоўскай вобл., Расія — 12.8.1818),
рускі асветнік, журналіст, кнігавыдавец, пісьменнік. Вучыўся ў дваранскай гімназіі пры Маскоўскім ун-це. З 1769 выдаваў часопісы. у т. л. сатырычныя («Трутень», «Пустомеля», «Живописец», «Кошелек»), першыя рас. часопісы: філас. «Утренний свет» (1777—80), крытыка-бібліягр. «Санкт-Петербургские ученые ведомости» (1777), дзіцячы «Детское чтение...» (1785—89). Склаў і выдаў «Спроба гістарычнага слоўніка пра расійскіх пісьменнікаў» (1772), кнігу помнікаў рас. гісторыі і л-ры «Старадаўняя расійская вівліёфіка» (1773—75) і інш. Аўтар цыкла сатыр. апавяданняў «Прыказкі расійскія» (1782), прац па педагогіцы («Пра выхаванне і навучанне дзяцей...», 1783), эканоміцы («Пра гандаль увогуле», 1783) і інш. Выступаў супраць прыгоннага права, за нац. асновы рус. культуры. Арганізатар друкарняў, бібліятэк, школ у Маскве, кніжных магазінаў у гарадах Расіі. У 1770-я г. далучыўся да масонаў. У 1792 за антыўрадавую дзейнасць паводле загаду Кацярыны II зняволены на 15 гадоў, вызвалены ў 1796 без дазволу працягваць ранейшую дзейнасць.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НІКАЛА́ЕВА (сапр.Валянская) Галіна Яўгенаўна
(18.2.1911, в. Усманка Марыінскага р-на Кемераўскай вобл., Расія — 18.10.1963),
руская пісьменніца. Скончыла Горкаўскі мед.ін-т (1935). Друкавалася з 1939. Пісала навелы, нарысы, вершы (зб. «Скрозь агонь», 1946). Раман «Жніво» (1950, Дзярж. прэмія СССР 1951; на яго аснове маст. фільм «Вяртанне Васіля Бортнікава», 1953) прысвечаны праблемам пасляваен. вёскі. У рамане «Бітва ў дарозе» (1957, экранізацыя 1961) узняты надзённыя сац. і маральныя праблемы, карціна жыцця сав. грамадства 1950-х г. Аўтар прысвечанай моладзі «Аповесці пра дырэктара МТС і галоўнага агранома» (1954), «Апавяданняў бабкі Васілісы пра цуды» (1962), напісаных на фалькл. аснове, няскончанага рамана «Моцнае ўзаемадзеянне» (урыўкі выд. 1964), кнігі нататак пра прыроду «Наш сад» (выд. 1964), апавяданняў. Паводле некат. твораў Н. зроблены інсцэніроўкі: п’есы «Васіль Бортнікаў» («Высокая хваля», 1952), «Першая вясна» (1955; абедзве разам з С.Радзінскім) і інш.
Тв.:
Собр. соч.Т. 1—3. М., 1987—88;
Завещание: Повести. Рассказы. Поэма. Стихи. Томск, 1990.
Літ.:
Воспоминания о Галине Николаевой. М., 1984;
Пичурин Л.Ф. Путь к «Битве...»: Страницы жизни Г.Е.Николаевой. Томск, 1986.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАРЫ́ЖСКІЯ ПАГАДНЕ́ННІ 1954,
міжнародныя дагаворы, якія аформілі ваен. саюз ЗША, Вялікабрытаніі, Францыі і інш. краін — удзельніц Арганізацыі Паўночнаатлантычнага дагавору (НАТО) з ФРГ; падпісаны 23.10.1954 у Парыжы. Набыў сілу 5.5.1955. Уключалі: пратакол (падпісалі ЗША, Вялікабрытанія, Францыя і ФРГ) пра спыненне акупац. рэжыму ў ФРГ пасля 2-й сусв. вайны і дадаткі да пратакола, што ўводзілі ў дзеянне з некат. зменамі «Агульны дагавор» 1952; пратаколы (падпісалі Вялікабрытанія, Францыя, Італія, Бельгія, Нідэрланды, Люксембург і ФРГ) пра стварэнне ў межах НАТО на базе Брусельскага пакта 1948 паміж Вялікабрытаніяй, Францыяй і краінамі Бенілюкса ваен. групоўкі — Заходнееўрапейскага саюза; рэзалюцыю дзяржаў — членаў НАТОпра далучэнне да гэтай арг-цыі ФРГ. Паводле пагадненняў ФРГ забаранялася вытв-сць атамнай і інш. відаў зброі масавага знішчэння, аднак дазвалялася мець узбр. сілы ў складзе 12 дывізій. Нягледзячы на скасаванне акупац. статута, англ., амер. і франц. войскі заставаліся на тэр.ФРГ. Пасля ратыфікацыі П.п. парламентамі Вялікабрытаніі і Францыі (май 1955) СССР ануляваў англа-савецкі 1942 і франка-савецкі 1944 дагаворы аб саюзе і ўзаемадапамозе. Заключэнне і ратыфікацыя П.п. папярэднічалі афіц. прыёму ФРГ у НАТО (9.5.1955).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЎЛІКО́ЎСКІ (Pawlikowski) Юзаф (19.3.1767, в. Розпжа Лодзінскага ваяв., Польшча — 1829),
польскі публіцыст, паліт. дзеяч. Вывучаў права ў Ягелонскім ун-це (Кракаў), дзе належаў да Саюза філантропаў. Працаваў адвакатам. Выступаў супраць Таргавіцкай канфедэрацыі. Адзін з гал. арганізатараў паўстання 1794. Пасля разгрому паўстання эмігрыраваў у Бельгію, потым у Францыю, дзе 22.8.1795 падпісаў акт пра стварэнне радыкальнай эмігранцкай арг-цыі Польская дэпутацыя. У 1799—1800 сакратар і дарадчык А.Т.Касцюшкі. Пазней жыў у Варшаве, з 1821 чл. тайнага Нац.патрыят.т-ва. У 1826 арыштаваны, памёр у зняволенні. У першай публіцыст. працы «Пра польскіх прыгонных», выдадзенай ананімна ў 1788, выказваў фізіякратычныя погляды радыкалаў, якія патрабавалі адмены прыгону, асабістай незалежнасці і правоў для сялян. У трактаце «Палітычныя думкі для Польшчы» (1789) сфармуляваў філас. праграму нар. манархіі. Пад кіраўніцтвам Касцюшкі напісаў працу «Ці могуць палякі дамагчыся незалежнасці?» (1800), у якой патрабаваў спалучэння нац.-вызв. барацьбы з барацьбой за грамадскі прагрэс. Аўтар «Успамінаў пра падрыхтоўку касцюшкаўскага паўстання» (1876).
Літ.:
Идеи гуманизма в общественно-политической и философской мысли Белоруссии (дооктябрьский период). Мн., 1977.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРАГНО́З (ад грэч. prognosis прадбачанне, прадказанне),
навук.-абгрунтаванае суджэнне пра магчымы будучы стан якіх-н. аб’ектаў або з’яў, пра альтэрнатыўныя шляхі і тэрміны іх дасягнення. Распрацоўваецца на аснове ўсебаковага і глыбокага навук. пазнання і аналізу аб’ектыўных заканамернасцей, тэндэнцый і ўзаемасувязей развіцця грамадства і прыроды, канкрэтных умоў развіцця дадзенага аб’екта прагназіравання. П. уключае вядомыя і невядомыя звесткі пра аб’ект, уяўляе сабой ідэальны вобраз, мадэль, апісанне імавернасных падзей, працэсаў, з’яў. Паводле крытэрыю часу П. падзяляюць на бягучыя (ад некалькіх гадзін да некалькіх месяцаў), кароткатэрміновыя (да 5 гадоў), сярэднетэрміновыя (5—10 гадоў), доўгатэрміновыя (ад 10—15 да 20—30 гадоў) і звышдоўгатэрміновыя. Паводле сваёй прыроды П. падзяляюцца на гідраметэаралагічныя, геал., біял., медыка-біял., касмалагічныя, геагр. і інш. Другую групу складаюць П., якія адносяцца да развіцця грамадства (эканам., сац., псіхал., дэмаграфічныя, культ.-эстэт. і інш.). Адрозніваюць таксама П. даследчыя (пошукавыя) і нарматыўныя.
Літ.:
Лисичкин В.А. Теория и практика прогностики. М., 1972;
Мартино Дж. Технологическое прогнозирование: Пер. с англ.М., 1977;
Котляров И.В. Теоретические основы социального проектирования. Мн., 1989;
Теория прогнозирования и принятия решений. М., 1977.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРАХА́НАЎ Аляксандр Андрэевіч (н. 26.2.1938, Тбілісі),
рускі пісьменнік, публіцыст. Скончыў Маскоўскі авіяцыйны ін-т (1960). У 1969—71 карэспандэнт «Литературной газеты». З 1991 гал. рэдактар газ. «Завтра» (да 1993 «День»). У аповесцях «Вясковыя» (1969), «Радуйся», «Іду ў шлях мой», «Палёт вечаровай гусі», «Трактат пра хлеб» (усе 1971) спалучэнне авангарда і архаікі. Заклік да беражлівага стаўлення да прыроды і чалавека ў раманах «Час поўдзень» (1977), «Месца дзеяння» (1979), «Вечны горад» (1981). Раманы «Дрэва ў цэнтры Кабула» (1982), «Малюнкі баталіста» (1986), «Сон пра Кабул» (2000), зб. навел «Трэці тост» (1991) пра ўдзел сав. войск у вайне ў Афганістане. Аўтар раманаў «І вось прыходзіць вецер», «Афрыканіст» (абодва 1984), «Анёл праляцеў» (1991), «Апошні салдат імперыі» (1993), «Чэчэнскі блюз» (1998), «Чырвона-карычневы» (1999), «Якія ідуць уначы» (2001), аповесцей «Адмірал» (1983), «Знак Дзевы» (1990), аповесці-рэпартажу «Расколаты свет» (1983), апавяданняў, артыкулаў і інш. Прозе П. ўласцівы філасафічнасць, дынамізм, экспрэсіўнасць, пафаснасць.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАШЭ́ТНІКАЎ Фёдар Міхайлавіч (17.9.1841, г. Екацярынбург, Расія — 21.3.1871),
рускі пісьменнік. Скончыў Пермскае павятовае вучылішча (1859). З 1863 у Пецярбургу. Друкаваўся з 1861. Бядотнае становішча парэформеннай вёскі адлюстраваў у аповесці «Падліпаўцы» (1864), умовы жыцця і працы уральскіх рабочых — у раманах «Горнарабочыя» (1866), «Глумавы» (1866—67), «Дзе лепш?» (1868). Тэме жаночай эмансіпацыі прысвяціў раман «Свой хлеб» (1870). У 1867—70 жыў у Брэсце. Тут напісаў камедыю «Прагрэс у павятовым горадзе» (1868, выд. 1871), у якой выкарыстаў мясц. назіранні, нарысы «Ад Брэст-Літоўска да Пецярбурга (дарожныя ўражанні)», «На захадзе (апавяданне доктара)», «Кірмаш у яўрэйскім горадзе», «Будні і святы Янкеля Дворкіна і яго сям’і» і інш.пра жыццё і побыт насельніцтва Беларусі. У рукапісным накідзе «Вяшчальнік» намаляваў адмоўны вобраз царскага чыноўніка на Беларусі. Пра знаходжанне ў Брэсце, пра норавы гараджан і знаёмых пісаў у дзённіку.
Тв.:
Полн. собр. соч.Т. 1—6. Свердловск, 1936—48;
Избр. произв.Т. 1—2. М., 1956.
Літ.:
Филиппова К. Между людьми: Повесть о писателе Ф.М.Решетникове. Свердловск, 1952;
Кліманскі С.У. Рашэтнікаў на Беларусі // Даследаванні па літаратуры і мове. Гродна, 1967.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САВЕ́Т МІНІ́СТРАЎ ЗАМЕ́ЖНЫХ СПРАЎ (СМЗС),
міжнародны орган у складзе міністраў замежных спраў СССР, ЗША, Вялікабрытаніі, Францыі і Кітая, які існаваў пасля 2-й сусв. вайны «для правядзення неабходнай падрыхтоўчай працы па мірным урэгуляванні». Засн. паводле рашэнняў Патсдамскай канферэнцыі 1945. За час існавання Савета адбылося 6 яго сесій: 1-я 11.9—2.10.1945 у Лондане, 2-я 25.4—16.5 і 15.6—12.7.1946 у Парыжы, 3-я 4.11—12.12.1946 у Нью-Йорку, 4-я 10.3—24.4.1947 у Маскве, 5-я 25.11—15.12.1947 у Лондане, 6-я 23.5—20.6.1949 у Парыжы. Да 1947 правёў значную работу па выпрацоўцы праектаў мірных дагавораў з краінамі, што ўдзельнічалі ў 2-й сусв. вайне на баку нацысцкай Германіі — Італіяй, Балгарыяй, Венгрыяй, Румыніяй і Фінляндыяй (гл.Парыжскія мірныя дагаворы 1947). Аднак з-за рознагалоссяў бакоў не ўдалося падрыхтаваць праекты мірных дагавораў з Германіяй і Японіяй. Разглядаў і справы, перададзеныя яму па ўзгадненні паміж урадамі — членамі Савета (пытанні пра спагнанне рэпарацый з Германіі, праперамешчаных асоб, пра дату склікання і працэдуру працы Парыжскай мірнай канферэнцыі 1946 і інш.). Спыніў дзейнасць у 1949.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САЛІГО́РСКІ КРАЯЗНА́ЎЧЫ МУЗЕ́ЙЗасн. ў 1976, адкрыты ў 1984 у г. Салігорск Мінскай вобл.Пл. экспазіцыі 310 м², больш за 9 тыс. адзінак асн. фонду (2002). Мае 3 залы ў выглядзе шахтавых штрэкаў (мастак А.В.Клязовіч). Сярод экспанатаў каменныя прылады працы 2—1-га тыс. да н.э. з археал. раскопак на тэр. раёна, калекцыі прадметаў матэрыяльнай культуры сялян 19 — пач. 20 ст. (жорны, кросны, церніца, гліняны і драўляны посуд і інш.), нар. ткацтва, інтэр’ер сял. хаты, узоры нар. адзення, матэрыялы пра падзеі грамадз. вайны, калектывізацыю, рэпрэсіі сав. часу, пра мастака і пісьменніка Б.Залескага, прыродазнаўца К.Валасовіча. Экспазіцыя Вял.Айч. вайны прысвечана дзейнасці падполля і партыз. руху на Старобіншчыне, землякам Героям Сав. Саюза А.А.Жуку, В.З.Каржу, Л.З.Муравіцкаму, Дз.С.Наруцкаму, А.К.Стампкоўскай, героям вайны братам М. і І. Цубам. У асобным раздзеле пра гісторыю Салігорска дэманструюцца прылады працы шахцёраў, узоры калійных солей. У зале прыроды чучалы птушак, жывёл, калекцыі насякомых рэгіёна. Музей ладзіць выстаўкі мясц. майстроў керамікі, ткацтва, саломапляцення, калекцый прадметаў этнаграфіі і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САМУЙЛЁНАК Эдуард Людвігавіч (5.8.1907, С.-Пецярбург — 12.2.1939),
бел. пісьменнік. Вучыўся ў польскай гімназіі (Петраград). Юнацкія гады правёў на радзіме бацькі ў в. Бандзелі Верхнядзвінскага р-на Віцебскай вобл. Працаваў у газ. «Чырвоная Полаччына», «Літаратура і мастацтва». Дэбютаваў вершамі ў 1928. Аповесць «Тэорыя Каленбрун» (1933) — вострасюжэтны твор пра барацьбу польск. працоўных супраць фашызму. Выкрыццю фашызму і яго дэмагагічнай ідэалогіі прысвечаны апавяданні «Сустрэча», «Урачыстая меса», «Герой нацыі». Аўтар зб-каў прозы «Пункт апоры» (1935), «Дачка эскадрона» (1937). Пісаў пра калектывізацыю («Абухам у лоб», «Русалчыны сцежкі», «Насустрач будучыні»), ідэалізавана адлюстраваў побыт калгаснай вёскі (аповесць «Паляўнічае шчасце», 1933). У рамане «Будучыня» (1938) паказаў жыццё груз. народа. Аўтар п’ес «Сяржант Дроб» (інсцэніроўка аповесці «Тэорыя Каленбрун», паст. 1935, БДТ-3), «Пагібель воўка» (апубл. і паст. 1939, БДТ-1 і БДТ-2).
Тв.:
Зб.тв.Т. 1—2. Мн., 1952;
Апавяданні. Мн., 1967;
Будучыня. Мн., 1970;
Апавяданні і аповесць. Мн., 1977.
Літ.:
Вольскі В.Ф. Эдуард Самуйлёнак. Мн., 1951;
Слова пра сябра: Успаміны аб Эдуарду Самуйлёнку. Мн., 1962.