МАХДЗІ́ Суданскі, Мухамед Ахмед ібн ас-Сеід Абдалах (12.8.1844, в-аў Лебаб, Судан — 22.6.1885), арабскі рэліг. дзеяч, правадыр нар. паўстання ва Усх. Судане ў 1880-я г. Атрымаў традыц.рэліг. адукацыю ў Амдурмане і Берберы. Чл. суфійскага рэліг. ордэна Саманія. Пасля разрыву з кіраўніком ордэна пасяліўся на в-ве Аба на Ніле. Набыў вядомасць як таленавіты прапаведнік, заклікаў вярнуцца да першапачатковай «чысціні» ісламу, выкрываў злоўжыванні англа-егіп. улад. У 1881 абвясціў сябе махдзі, узначаліў барацьбу народаў Усх. Судана супраць замежнага панавання. У студз. 1885 авалодаў сталіцай Судана — г. Хартум. Заснаваў новую сталіцу — г. Амдурман, дзе неўзабаве памёр. Грабніца М.С. — месца паломніцтва мусульм. вернікаў Судана, а яго нашчадкі адыгрываюць важную ролю ў рэліг. і паліт. жыцці краіны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАМІНА́ЦЫЯ (ад лац. nominatio найменне),
утварэнне моўных адзінак, якія рэпрэзентуюць у семантыцы мовы і свядомасці чалавека класы прадметаў, уласцівасцей, дзеянняў, адносін, што маюць месца ў рэчаіснасці; складаны працэс узаемадзеяння мыслення, мовы і рэчаіснасці, у якім адлюстроўваюцца пазнанне свету чалавекам і назапашванне ім інфармацыі ў выглядзе моўных знакаў. Гэтым тэрмінам абазначаюць і вынік працэсу Н. — значымую моўную адзінку. Існуюць Н. першасныя («рука», «белы», «піць») і другасныя («выручыць», «бялюткі», «пітво»). Сярод другасных Н. паводле спосабу называння адрозніваюцца сінтэтычна-словаўтваральныя («рэзаць—рэзчык»), аналітычна-словаспалучальныя («рэзаць» — «той, хто рэжа»), фразеалагічныя («біць бібікі» — гультайнічаць) і метафарычныя («чорная дзірка» — зорка пэўнага фізічнага тыпу). Апошнім часам да Н. адносяць і сказ як найменне (знак) пазамоўнай сітуацыі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕРАВАРО́Т,
карэнная змена існуючага паліт. становішча, якая заключаецца ў змяненні насільным або ненасільным шляхам дзеючага правіцеля або ўрада і прывядзенне да ўлады інш.паліт. сіл. П. былі пашыраны на апошніх этапах існавання Стараж. Рыма, манархій феад. грамадства (т.зв. «дварцовыя П.»), цяпер маюць месца ў паліт. рэжымах тых краін, дзе дэмакр. традыцыі не маюць трывалых каранёў у жыцці грамадства. Паліт., ваен., «парламенцкія» і інш. П. парушаюць нармальнае функцыянаванне паліт. ін-таў, дэмакр. механізмаў распрацоўкі і прыняцця законаў, вырашэння важнейшых пытанняў дзярж. і грамадскага жыцця. Для выключэння П. з жыцця дэмакр. грамадства неабходна раздзяленне ўлад, кантроль за дзейнасцю кожнай з галін улады, а таксама стварэнне такіх эканам. і сац. умоў, якія б садзейнічалі стабільнасці грамадскага развіцця па шляху прагрэсу.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРЫДА́ТАК,
азначэнне, выражанае назоўнікам ці субстантывіраванай часцінай мовы ў той жа склонавай форме, што і азначаемае імі слова. Выражае прыкмету прадмета праз адносіны да другога прадмета («лес-гусляр», «вочы-зоркі»).
Бываюць развітыя і неразвітыя, адасобленыя і неадасобленыя («Нам ніхто на заслоніць дарогу — вольнай раці касцоў маладых». П.Трус). Далучаюцца да азначаемага слова непасрэдна або пры дапамозе злучнікаў ці злучнікавых слоў. Могуць указваць на асобу паводле роду заняткаў, пасады, прафесіі, сац. прыналежнасці, прыналежнасці да пэўнага калектыву, арганізацыі, месца жыхарства, нацыянальнасці («жанчыны-вязальшчыцы», «дзяўчына-кантралёр», «дзед-пенсіянер», «чабаны-таджыкі»), на відавую прыкмету пры яе родавай назве («грыб-баравік»), з’яўляюцца ўласнымі назвамі (часопіс «Полымя»).
Літ.:
Беларуская граматыка. Ч. 2. Сінтаксіс. Мн., 1986;
Сямешка Л.І., Шкраба І.Р., Бадзевіч З.І. Курс беларускай мовы. Мн., 1996.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САРТБА́ЕВА (Кайыргуль) (н. 20.6.1936, с. Кара-Булак Чуйскай вобл., Кіргізія),
кіргізская спявачка (лірыка-драм. сапрана). Нар.арт.СССР (1980). Скончыла Маскоўскую кансерваторыю (1962). З 1962 салістка Кіргізскага т-ра оперы і балета. З 1986 рэктар (з 1987 праф.) Кіргізскага ін-та мастацтваў. Сярод партый: Ай-Чурэк, Каныкей, Тотуя («Месяцавая прыгажуня», «Манас», «Тактагул» У.Уласава, А.Малдыбаева і У.Ферэ), Джаміля («Джаміля» М.Раўхвергера), Гюльсара («За гадзіну да світання» Уласава і Ферэ), Таццяна («Яўген Анегін» П.Чайкоўскага), Вольга («Русалка» А.Даргамыжскага), Дэздэмона («Атэла» Дж.Вердзі), Чыо-Чыо-сан («Чыо-Чыо-сан» Дж.Пучыні), Маргарыта («Мефістофель» А.Бойта), Мікаэла («Кармэн» Ж.Бізэ) і інш. У камерным рэпертуары значнае месца займаюць творы рус. і замежных кампазітараў. Дзярж. прэмія Кіргізіі 1989.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СКАЧКІ́ ЛЁГКААТЛЕТЫ́ЧНЫЯ,
віды лёгкай атлетыкі, якія ўключаюць скачкі з разбегу ў вышыню, даўжыню, трайны скачок і скачкі з шастом. Скачкі ў выш., даўж. і з шастом уваходзяць у праграму лёгкаатлетычнага дзесяцібор’я (мужчыны); скачкі ў выш. і даўж. — сямібор’я (жанчыны). У праграмы спаборніцтваў С.л. ўключаны ў 1860-х г., у праграму Алімп. гульняў — у 1896. На Беларусі спаборніцтвы па С.л. праводзяцца з 1913 (г. Гомель, скачкі ў выш. і даўж. з месца). Чэмпіянаты Беларусі па лёгкай атлетыцы, у т. л. і па С.л., адбываюцца з 1924. Сярод бел. лёгкаатлетаў найб. вызначыліся: у трайным скачку — У.Булатаў, Г.Валюкевіч, У.Гараеў — сярэбраны прызёр XVII Алімп. гульняў (1960, Рым), А.Каваленка — бронз. прызёр, І.Лапшын — сярэбраны прызёр XXIV Алімп. гульняў (1988, Сеул).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІДРАМЕХАНІЗА́ЦЫЯ (ад гідра... + механізацыя),
спосаб механізацыі земляных, горных і інш. работ, пры якім асн.тэхнал. працэсы выконваюцца за кошт энергіі патоку вады. Асн. сродкі гідрамеханізацыі — гідраманіторы, землясосныя снарады, землечарпальныя снарады, гідраэлеватары, эрліфты, помпы (у т. л. грунтавыя), загрузачныя апараты, трубаправоды і інш. абсталяванне для транспартавання пульпы (гл.Гідраўлічны транспарт).
Гідрамеханізацыя прадугледжвае: разбурэнне грунту (горнай пароды) струменем вады або мех. рыхліцелямі з утварэннем воднай сумесі (пульпы); транспартаванне сумесі самацёкам (па латаках, жалабах, каналах) або пад напорам (па трубах) да месца ўкладкі; укладку грунту ў цела збудавання або адвалы з выдаленнем (адводам) вады. Гідрамеханізацыя выкарыстоўваецца ў горнай прам-сці (пры здабычы карысных выкапняў адкрытым спосабам і вугалю — падземным; гл.Гідраўлічная здабыча), пры буд-ве гідратэхн. збудаванняў (плацін, дамбаў, насыпаў, перамычак), у сельскай гаспадарцы (намыў урадлівых глеяў, торфу, сапрапеляў на прылеглыя да вадаёмаў малапрадукцыйныя землі; пры меліярацыі вадаёмаў, ачыстцы сажалак і каналаў ад наносаў, рэкультывацыі, планіроўцы зямель і інш.), у рыбнай прам-сці (выгрузка рыбы з сетак і транспартаванне яе па трубах). Гідрамеханізацыя выкарыстоўваецца таксама для распрацоўкі пяску і жвіру ў кар’ерах, пры дапаможных работах (гідрапопелавыдаленне і інш.). Спосабам гідрамеханізацыі пабудаваны самая высокая (80 м) намыўная плаціна Мінгечаурскай ГЭС (Азербайджан), найб. працяглыя (55 км) намыўныя плаціны і дамбы Кіеўскай ГЭС. На Беларусі гідрамеханізацыі выкарыстоўваюцца для паглыблення рэчышчаў рэк (напр., р. Свіслач у Мінску), азёр і каналаў, павышэння гар. тэрыторый для забудовы і інш.
Літ.:
Шкундин Б.М. Гидромеханизация в энергетическом строительстве. М., 1986;
Харин А.И. Гидромеханизация в мелиоративном строительстве. М., 1982;
Глевицкий В.И. Гидромеханизация в транспортном строительстве. М., 1988.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІ́ДЭРСТВА,
уплыў чалавека ці сац. групы на інш. людзей з мэтай арганізацыі сумеснай дзейнасці. Існуе некалькі тэорый Л. Прыхільнікі тэорыі рыс тлумачаць прыроду Л. выдатнымі якасцямі пэўнай асобы; лідэрам лічаць чалавека з асаблівым комплексам псіхал. якасцей. Прыхільнікі тэорыі Л. як функцыі пэўнай сітуацыі зыходзяць з таго, што тыя або інш. рысы лідэра мяняюцца ў залежнасці ад канкрэтных сітуацый. У тэорыі, якая вызначае ролю паслядоўнікаў, на першае месца ставіцца не сам лідэр, а яго паслядоўнікі, іх сац., псіхал. патрэбнасці, інтарэсы і запатрабаванні. Прыхільнікі інтэрактыўнай тэорыі Л. сцвярджаюць, што лідэрам можа стаць любы чалавек, які займае адпаведнае месца ў сістэме міжасобасных узаемаадносін. У сучасным грамадстве Л. ўяўляе сабой спосаб асобасных узаемадзенняў, заснаваных на інтэграцыі розных сац. слаёў (груп) з дапамогай дзеянняў спецыфічных механізмаў вакол праграмы (канцэпцыі) лідэра па вырашэнні розных сац. праблем і задач грамадскага развіцця. На ўзроўні малой групы лідэр кіруе дзеяннем групы, бярэ на сябе адказнасць, знаходзіць аптымальныя спосабы задавальнення групавых інтарэсаў і г.д. На ўзроўні вял.сац. груп лідэр абавязаны найперш выражаць інтарэсы дадзенай сац. групы, прадстаўляць іх у розных структурах. На ўзроўні грамадства існуе асаблівы тып Л. — палітычнае, калі лідэр інтэгрыруе інтарэсы вял. груп людзей у паліт. праграмы, каардынуе іх намаганні па рэалізацыі патрэбнасцей і ператварае мэты і задачы ў канкрэтныя дзеянні. Ням. сацыёлаг М.Вебер адзначаў 3 тыпы Л.: традыцыйнае, заснаванае на веры ў непарушнасць традыцый, калі фармальнае Л. пераходзіць ад бацькі да сына, па сваяцкай лініі і г.д.; рацыянальна-легальнае, або бюракратычнае, якое базіруецца на законах, правілах, нормах; харызматычнаеЛ., заснаванае на веры мас у свайго лідэра, у незвычайныя здольнасці правадыроў; некаторыя лічаць, што харызма ідзе ад Бога і што яна надае магічную сілу тым, хто ёю валодае. Ад канкрэтных праяў Л. ў многім залежыць развіццё грамадства, жыццё і дабрабыт людзей.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРАЦО́ЎНЫ ДАГАВО́Р,
пагадненне паміж работнікам і наймальнікам. Паводле П.д. работнік абавязваецца выконваць работу па адной або некалькіх прафесіях, спецыяльнасцях або пасадах адпаведнай кваліфікацыі і выконваць унутраны прац. распарадак; наймальнік абавязваецца прадастаўляць работніку абумоўленую П.д. работу, забяспечваць умовы працы, прадугледжаныя заканадаўствам аб працы, лакальнымі нарматыўнымі актамі і пагадненнямі бакоў, своечасова выплачваць работніку заработную плату. Дагаворнымі бакамі з’яўляюцца наймальнік і работнік, якія знаходзяцца паміж сабой у прац. адносінах на аснове П.д. Па агульным для наймальнікаў правіле не дапускаецца заключэнне П.д. з асобамі да 16 гадоў. П.д. можа быць заключаны з асобай, што дасягнула 14 гадоў, з пісьмовай згоды аднаго з бацькоў (усынавіцеля, папячыцеля) для выканання лёгкай працы, якая не прычыніць шкоды здароўю і не парушыць працэс навучання.
Умовы П.Д., што вызначаюць сукупнасць правоў і абавязкаў дагаворных бакоў, складаюць яго змест. У П.д. павінны быць: звесткі пра работніка і наймальніка; месца работы з указаннем структурнага падраздзялення, куды работнік уладкоўваецца; працоўныя функцыі работніка; асн. правы і абавязкі работніка і наймальніка; тэрмін П.д. (для тэрміновага дагавора); рэжым працы і адпачынку (у выпадку адрознення ад агульнаўстаноўленага); умовы аплаты працы. Паводле пагаднення бакоў у П.д. могуць быць уключаны і інш. (дадатковыя) умовы, абавязковыя для абодвух бакоў. Пасля заключэння П.д. яго бакі набываюць правы і нясуць абавязкі, замацаваныя ў заканадаўстве аб працы, калект. дагаворы і ў лакальных актах наймальніка.
П.д. можа быць заключаны на няпэўны ці пэўны тэрмін, але не больш як на 5 гадоў; на час выканання пэўнай работы; на час выканання абавязкаў часова адсутнага работніка, за якім захоўваецца месца работы; на час выканання сезонных работ. П.д. заключаецца ў пісьмовай форме і падпісваецца бакамі. Пасля заключэння П.д. прыём на работу афармляецца загадам (распараджэннем). Заканадаўства Рэспублікі Беларусь прадугледжвае таксама такі від П.д., як кантракт, які заключаецца на пэўны тэрмін, і мае асаблівасці ў параўнанні з агульнымі нормамі заканадаўства аб працы і прадугледжвае кампенсацыю за пагаршэнне прававога становішча работніка.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СКЛАДу мовазнаўстве,
частка слова, утвораная галосным гукам або яго спалучэннем з зычнымі на аснове злітнага з імі вымаўлення. У залежнасці ад прынцыпаў складападзелу існуе некалькі тэорый будовы С. У бел. мове складаўтваральныя галосныя «а», «э», «о», «у», «і», «ы» з адным («гэ», «ра»), двума («збы», «цаў»), трыма («стра», «сква», «клас»), чатырма («гвалт», «пстры») і большай колькасцю зычных, часам толькі галоснымі (акрамя «ы»): «у-бок», «а-сабліва», «і-мя». У слове бывае ад 1 да 6 і болей С. У вуснай мове пераважаюць словы больш кароткія па колькасці С. У бел. мове больш слоў 1- і 2-складовых. С. бываюць націскныя (вымаўляецца больш выразна і напружана, аднак сіла, працягласць, вышыня тону гучання не заўсёды мацней і даўжэй за ненаціскны) і ненаціскныя (пераднаціскныя: «па-ляў-нічымі», паслянаціскныя: «паляўні-чы-мі»). У слове з 5 і болей С. з націскам на 1-м С. ўзнікае пабочны націск на перадапошнім С. («вы-ра-та-ва-ны-мі»). Ад месца С. ў слове залежыць іх падзел на пачатковыя (характэрна большая гучнасць і разнастайнасць спалучэння зычных: «ка-валак»), канцавыя і неканцавыя («кло-паты»). У залежнасці ад месца галоснага С. бываюць адкрытыя (на канцы галосны: «два») і закрытыя (на канцы зычны: «дах»), непрыкрытыя (пачынаецца з галоснага: «эх») і прыкрытыя (пачынаецца з зычнага: «вугал»). Адкрытыя і закрытыя С. могуць быць прыкрытымі («мы», «дах») і непрыкрытымі («а», «іл»). Адкрытымі непрыкрытымі могуць быць толькі С., утвораныя адным галосным; найб. колькасць тыпаў С. — прыкрытыя. У бел. мове (у параўнанні з рус.) больш адкрытых і менш непрыкрытых С. Колькасцю С., вымаўленых за адзінку часу (секунду, мінуту), вымяраецца тэмп маўлення. Сярэдні тэмп маўлення на бел. мове — 3 С. ў секунду.