ПУШКА́Р (Мікалай Мікітавіч) (8.5.1919, г.п. Барысаўка Белгародскай вобл., Расія — 29.12.1993),
бел.мастак-кераміст. Засл. дз. маст. Беларусі (1990). Скончыў Харкаўскае маст. вучылішча (1937). Яго работы выкананы ў мяккіх акруглых формах, з натуральных матэрыялаў (пераважна шамот, тэракота), вызначаюцца лірычнасцю, выразным псіхалагізмам, добрым веданнем нар. традыцый, часта гумарыстычнай трактоўкай сюжэтаў і персанажаў. Сярод твораў: «Беларуская бульба», «Браткі-беларусы» (абодва 1966), «Мы з табою, як рыбка з вадою», «Дамашняя баталія» (абодва 1975), «Паляшук-пясняр» (1976), «Дударыкі-дудары» (1978), «Кум і кума» (1979), «Палескія напевы» (1980), «Мой родны кут» (1981), «Сон палешука» (1982), «Гарманіст», «Музыка» (абодва 1983), «Несцерка» (1984), «Сямейны хор» (1985) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАМАНО́ЎСКІ (Аляксандр) (1915, г. Віцебск — 12.11.1955),
бел. і аўстрал.мастак. Скончыў школу-дзесяцігодку (1932) і Віцебскі маст. тэхнікум (1938). Працаваў мастаком у т-ры і рэдакцыях газет. У 1940 прызваны ў Чырв. Армію, з 1941 быў у ням. палоне. Пасля 2-й сусв. вайны эмігрыраваў у Аўстралію. Найб. плённа працаваў у жанрах паліт. карыкатуры, скетча, плаката. Яго малюнкі друкаваліся ў бел. і рас. эмігранцкай перыёдыцы. Яго творы экспанаваліся на маст. выстаўках у Аўстраліі. У 1955 у г. Сідней выдадзены альбом яго скетчаў. Быў чл.Аўстрал.маст.т-ва і Беларускага інстытута навукі і мастацтва ў Нью-Йорку, якому завяшчаў некалькі сваіх малюнкаў. Трагічна загінуў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РО́ТКА ((Rothko) Марк) (25.9.1903, г. Дзвінск, цяпер Даўгаўпілс, Латвія — 25.2.1970),
амерыканскі мастак. Беларускага паходжання. Вучыўся ў Школе прыгожых мастацтваў Іельскага ун-та (1921—23). З 1925 у Нью-Йорку. Адзін з заснавальнікаў групы «Дзесяць» (1935). У ранні перыяд звяртаўся да сац. матываў, якія трактаваў у духу экспрэсіянізму, у 1942—47 працаваў у сюррэалістычнай манеры. Пазней звярнуўся да абстрактнага экспрэсіянізму. Творы вызначаюцца манументальнасцю, лаканічнасцю кампазіцыі (абмяжоўваў формы 2—3 квадратамі), пераважна светлым каларытам і аксамітнасцю фактуры, наўмыснай незавершанасцю афарбоўкі плоскасці: «Нумар 10» (1950), «Нумар 118» (1961), «Darke Over Brown № 14» (1963), серыя карцін для аздаблення капэлы Ін-та рэлігіі і чалавека ў Х’юстане (1969—70) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«РУХ»,
бел. тэатр пантамімы. Існаваў у 1980—2001 у Мінску. Створаны пры Бел.рэсп. т-ры юнага гледача, з 1984 у Маладзёжным т-ры Беларусі, з 1986 у складзе Белдзяржфілармоніі. Рэж.-пастаноўшчык У.Колесаў. Мовай пластычнага мастацтва ў сваіх пастаноўках, у вобразна-метафарычнай форме ўзнімаў актуальныя праблемы быцця, вайны і міру, маральных пошукаў асобы. У рэпертуары: паэма «Сымон-музыка» паводле Я.Коласа (1980), араторыя «Кліч» (1981), жанрава-бытавыя замалёўкі паводле альбома Х.Бідструпа «Люстэрка» (1982), фалькл. прадстаўленне «Дар» паводле слав.нар. традыцыйных абрадаў і святкаванняў (1983), драма «Праметэй» (1984), а таксама «Жылі-былі» паводле англ.нар. казкі «Тры парсючкі» (1984). Аўтар сцэнарыяў Колесаў, мастак Дз.Мохаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЫНКЕ́ВІЧ (Уладзімір Іванавіч) (н. 29.10.1952, г. Керкі, Туркменістан),
бел.мастак-акварэліст, мастацтвазнавец. Канд. мастацтвазнаўства (1987). Скончыў маст.-графічны факультэт Віцебскага пед. ін-та (1974). З 1978 выкладае ў Бел. ун-це культуры ў Мінску. Сярод лепшых твораў серыі акварэляў «Метрабуд» (1988), «Паазер’е» (1989), «Стварэнне свету» (1993), «Дыялектыка палётаў» (1993—95), «Італьянскі сшытак» (1996), «Сем колераў сонца» (1997), «Восеньскі букет» (1990—2001), дыпціх «Поўня ў небе і крыж на зямлі» (1995), лісты «Няголеная рыба», «Іншы свет», «Птушка-восень» (усе 1996). Работы вылучаюцца колеравай экспрэсіяй, рытмічнасцю кампазіцыі, разнастайнасцю выкарыстання маст. прыёмаў. Даследуе праблемы бел. графікі 19—20 ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СІНЬЯРЭ́ЛІ ((Signorelli) Лука) (паміж 1445—50, г. Картона, Італія — 16.10.1523),
італьянскі мастак эпохі Адраджэння. Вучыўся ў П’ера дэла Франчэскі, зазнаў уплыў А. дэль Палаёлы і Перуджына. Працаваў у Картоне, Фларэнцыі, Ларэце, Рыме, Арвіета і інш. Творы вызначаюцца строгасцю, гераічнасцю вобразнага ладу; фрэскі ў Сіксцінскай капэле Ватыкана (1481—83), у клуатры манастыра Монтэалівета Маджорэ ў Таскане (1497), капэле Сан-Брыцыо сабора ў Арвіета (1499—1504); станковыя карціны «Мадонна на троне ў акружэнні святых» (1484), «Пан» (1488—90). Асаблівую ўвагу аддаваў выяўленню фігуры чалавека ў складаных ракурсах з падкрэсленай выразнасцю пластычнай мадэліроўкі, напружанасцю контурнага малюнка, якому ў позніх работах уласціва некат. застыласць.
Л.Сіньярэлі. Паўстанне з мёртвых. Фрэска капэлы Сан-Брыцыо сабора ў Арвіета. 1499—1504.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЎСТРАЛАПІТЭ́К (ад лац. australis паўднёвы + грэч. pithēkos малпа),
найбольш прымітыўны від чалавека, першы прадстаўнік сям.гамінідаў. З’явіўся ў Афрыцы каля 5—4 млн.г. назад. Аўстралапітэкі мелі невял. рост (120—130 см), вагу (да 40 кг) і аб’ём галаўнога мозга (435—600 см³), масіўныя сківіцы, моцна выражаныя надброўныя дугі, пакаты лоб, падбародак адсутнічаў. Хадзілі на дзвюх нагах, былі здольныя вырабляць найпрасцейшыя каменныя прылады. Унутры віду аўстралапітэкаў вылучаюць падвіды: аўстралапітэк з Афара (australis afarensis), аўстралапітэк афрыканскі (australis afrikanus), аўстралапітэк масіўны (australis robustus, іншая назва парантрап), аўстралапітэк Бойса (australis boisei, іншая назва зінджантрап). Некаторыя вучоныя адносяць да аўстралапітэкаў і чалавека ўмелага (Homo habilis) — першага прадстаўніка роду Homo, які, верагодна, паходзіў ад аўстралапітэка з Афара ці афрыканскага.
Л.І.Цягака.
Аўстралапітэк афрыканскі. Рэканструкцыя. Мастак З.Бурыян.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БУРЛЮ́К (Давід Давідавіч) (21.7.1882, хутар Семіратоўшчына Лебядзінскага пав. Харкаўскай губ. — 15.1.1967),
рускі паэт і мастак. Адзін з першых рус. футурыстаў (гл.Футурызм), арганізатар групы кубафутурыстаў. У 1902—03 вучыўся ў Мюнхенскай каралеўскай акадэміі (мастацтваў), у 1910—14 — у Маскоўскім вучылішчы жывапісу, скульптуры і дойлідства. У 1913—14 разам з У.У.Маякоўскім і В.В.Каменскім удзельнічаў у турнэ футурыстаў па Расіі. З 1920 жыў у Японіі, з 1922 — у ЗША, дзе займаўся пераважна мастацтвам. Пачаў друкавацца ў 1899. Аўтар зб-каў вершаў «Хвост, які лысее» (1919), «Вершы і біяграфія. Да 25-годдзя маст.-літ. дзейнасці (1898—1923)» (1924), «1/2 стагоддзя» (1932), «Талстой. Горкі. Паэмы» (1929) і інш., кн. прозы «Па Ціхім акіяне» (1927) і ўспамінаў «Маякоўскі і яго сучаснікі» (1932).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІСКО́НЦІ ((Viskonti) Лукіна) (сапр.Вісконці ды Мадроне; 2.11.1906, г. Мілан, Італія — 17.3.1976),
італьянскі рэжысёр. Адзін з заснавальнікаў неарэалізму ў італьян. кіно. Распад сямейных, грамадскіх адносін, чалавек і яго час, мастак і культура, гібель прыгажосці і мастацтва ў сучасным свеце — гал. тэмы фільмаў Вісконці, адметных вытанчанай пластычнай культурай: «Рока і яго браты» (1960), «Леапард» (1962), «Туманныя зоркі Вялікай Мядзведзіцы» (1965), «Гібель багоў» (1969), «Смерць у Венецыі» (1971), «Сямейны партрэт у інтэр’еры» (1974), «Бязвінны» (1976). Шэраг фільмаў Вісконці атрымаў прэміі міжнар. кінафестываляў. З 1945 ставіў спектаклі ў драм. і муз. т-рах (п’есы У.Шэкспіра, Т.Уільямса, Ж.Ануя, А.Мілера, А.Чэхава, оперы Г.Даніцэці, Дж.Вердзі, Р.Штрауса).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВО́ЛКАЎ (Сяргей Анатолевіч) (н. 18.3.1942, Мінск),
бел.мастак. Засл. дз. маст. Беларусі (1989).Сын А.В.Волкава, унук В.В.Волкава. Скончыў Мінскае маст. вучылішча (1962), Бел.тэатр.-маст.ін-т (1970). Працуе ў галіне станковай і кніжнай графікі. Аўтар станковых серый «Спартыўныя суддзі» (1971), «Працоўны Мінск» (1977), «Армейскія будні» (1979), «Абаронцы роднай зямлі» (1980, 1984), «Начныя палёты» (1982), «Будучыя алімпійцы» (1988) і інш. Аформіў кнігі «Палескія рабінзоны» Я.Маўра (1981), «Спех — курам на смех» Э.Валасевіча, «Пра нашу Дашу» П.Кавалёва, «Беларускія народныя загадкі» (усе 1982), «На двары Алімпіяда» Э.Агняцвет, «Дзед і ўнучка» М.Маляўкі, «Кыонг і яго сябры» У.Карызны (усе 1984), «Казкі дзяцей Беларусі» (1995).
Стварыў больш за 100 плакатаў, серыі сяброўскіх шаржаў.
С.Волкаў. Ілюстрацыя да кнігі «Казкі дзяцей Беларусі». 1995.