сямейства млекакормячых атр. драпежных. Вядомы з сярэдняга міяцэну Еўразіі. 17 родаў (12 вымерлых), 7 відаў. Пашыраны ўсюды, акрамя Антарктыды і Аўстраліі. Трапляюцца пераважна ў лясных раўнінных і горных ландшафтах. Жывуць паасобна або сем’ямі (самка з маладымі, часам з самцом). Буры М., чорны М. (Ursus americanus) і белагруды М. (U. thibetanus) зіму праводзяць у спячцы. На Беларусі 1 від — буры мядзведзь. 5 відаў і 3 падвіды ў Чырв. кнізе МСАП.
Даўж. да 3 м, выш. ў карку да 1,35 м, маса да 1 т. Склад цела масіўны. Галава вялікая, з падоўжанай мордай, лапы моцныя, пяціпальцыя, ступняходныя. Футра густое, з развітым падшэрсткам. Афарбоўка белая, чорная або бурая з рознымі адценнямі. Усёедныя. Манагамы. Нараджаюць 2—3 (зрэдку да 5) медзведзяняці 1 раз у 2 гады. Гл. таксама Белы мядзведзь, Грызлі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАЧНІ́ЦЫ (Myotis),
род млекакормячых жывёл сям. гладканосых (звычайных) лятучых мышэй атр. рукакрылых. Больш за 80 відаў. Пашыраны ўсюды, акрамя Арктыкі, Антарктыкі і некат. акіянічных астравоў. Жывуць у розных ландшафтах, у сховішчах, адзіночнымі асобінамі, групамі, калоніямі. Зімой упадаюць у спячку. У Чырв. кнізе МСАП 2 віды: Н. шэрая (M. grisescens) і індыйская (M. sodalis). На Беларусі 5 відаў: Н. вялікая (M. myotis), Натэрэра, або раснічастая (M. nattereri), сажалкавая (M. dasycneme) — занесены ў Чырв. кнігу; вусатая (M. mystacinus) і вадзяная, або Н.Даўбентона (M. daubentoni). Трапляюцца ў дуплах дрэў, пабудовах, часта непадалёку ад вады.
Даўж. 3,5—8,5 см. Поўсць густая, пушыстая, бурая з рознымі адценнямі, зверху больш цёмная. Вушы сярэдніх памераў. Крылы тупыя, шырокія. На нагах лятальная перапонка. Кормяцца насякомымі (акрамя 3 рыбаедных відаў). Нараджаюць 1 дзіцяня ў год.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЛЯТУ́ХІ, палятухавыя (Pteromyidae),
сямейства млекакормячых атр. грызуноў. Вядомы з міяцэну (каля 20 млн.г. назад). 13 родаў, 36 відаў. Пашыраны ў Еўропе, Азіі і Паўн. Амерыцы. Жывуць на дрэвах, гнёзды ў дуплах. Актыўныя на змярканні і ноччу. На Беларусі 1 від — П. звычайная (Pteromys volans), трапляецца ў Віцебскай вобл. Занесена ў Чырв. кнігу.
Даўж. да 60 см, хваста да 63 см, маса да 1,4 кг (у П. звычайнай адпаведна да 21 см, 14 см і 170 г). Поўсць густая, тонкая, шаравата-бураватая. Хвост пушысты. Вочы вялікія. Здольныя да планіравання (адсюль назва) з дрэва на дрэва (на адлегласць да 60 м) з дапамогай пакрытых шэрсцю скурных складак па баках цела паміж пярэднімі і заднімі канечнасцямі. Могуць мяняць напрамак палёту з дапамогай хваста. Кормяцца насеннем, парасткамі, пупышкамі, ягадамі, грыбамі, часам насякомымі. Нараджаюць да 4 дзіцянят.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАМО́РНІКІ, паморнікавыя (Stercorariidae),
сямейства птушак атр. сеўцападобных. Вядомы з ранняга міяцэну (каля 25 млн.г. назад). 2 роды: П. вялікія — Catharacta (1 або 2 віды, пашыраныя біпалярна, у Арктыцы і Антарктыцы) і ўласна П. — Stercorarius (3 віды, пашыраныя кругапалярна ў Арктыцы і Субарктыцы). Жывуць на марскіх узбярэжжах, у тундры. Утвараюць рассеяныя калоніі. Добра плаваюць. На Беларусі адзначаюцца як залётныя віды.
Даўж. да 60 см, размах крылаў да 150 см, маса да 2 кг. Афарбоўка бурая, у некат. светлыя шыя і брушка. Дзюба ўкарочаная, моцная, з кручком на канцы, укрыта 4 рагавымі шчыткамі (рамфатэкай). Хвост завостраны, сярэднія рулявыя пёры бываюць падоўжаныя. Кормяцца рыбай, адбіраюць здабычу ў інш. птушак (клептапаразітызм), а таксама ягадамі, беспазваночнымі, грызунамі, птушанятамі, разбураюць гнёзды інш. птушак. Нясуць 2 яйцы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПІ́ЛЬШЧЫКІ,
шэраг сямействаў насякомых падатр. сядзячабрухіх атр. перапончатакрылых: П. сапраўдныя (Tenthredinidae), сцябловыя (Cephidae), П.-ткачы (Pamphiliidae) і інш. Больш за 6,7 тыс. відаў. Пашыраны ўсюды, акрамя Антарктыды. Жывуць пераважна ў лясах, а таксама на лугах, палях, у садах, трапляюцца ў стэпах і пустынях. Многія П. — шкоднікі лясных і с.-г. раслін, напр., П. вішнёвы слізісты (Caliroa limacina), збожжавы звычайны (Cephus pygmaeus), рапсавы (Athalia rosae), хваёвы звычайны (Diprion pini), яблыневы пладовы (Hoplocampa testudinea) і інш. На Беларусі больш за 200 відаў.
Даўж. 0,2—30 мм. Крылаў 2 пары, заднія меншыя. Ротавыя органы грызуча-ліжучыя. Яйцаклад пілападобны. Самкі адкладваюць яйцы ў надрэзы, «прапіленыя» яйцакладам (адсюль назва) у тканках ліста або інш. органах расліны. Вусенепадобныя лічынкі і дарослыя асобіны расліннаедныя, некат. дарослыя — драпежнікі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПОЛІГІНІ́Я (ад полі... + грэч. gynē жанчына, жонка),
1) у заалогіі форма палавых зносін, пры якой за 1 сезон размнажэння самец спароўваецца з некалькімі самкамі. Пры тэрытарыяльнай П.індывід. ўчасткі некалькіх самак размешчаны ў межах тэрыторыі, якую ахоўвае самец. Вядома ў прыдонных рыб, каланіяльных птушанятных відаў птушак, некат. млекакормячых (рукакрылыя, грызуны, ніжэйшыя прыматы). Пры гарэмнай П. самец збірае каля сябе групу самак (гарэм), якая распадаецца адразу пасля іх апладнення (напр., у птушак — курыныя, у млекакормячых — капытныя, ластаногія і інш.). Аблігатная П. мае месца ў млекакормячых, якія пастаянна жывуць групоўкамі з некалькіх самак і 1 самца (зебры, кашалоты, некат. мартышкі і інш.). У грамадскіх насякомых пад П. разумеюць наяўнасць у сям’і некалькіх самак, якія даюць патомства.
2) У цытагенетыцы П. — з’яднанне аднаго мужчынскага і двух ці больш жан. прануклеусаў у яйцаклетцы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАГАЧЫ́, грабеньчатавусыя (Lucanidae),
сямейства жукоў падатр. разнаедных. Каля 1000 відаў. Найб. шматлікія і разнастайныя ў трапічных лясах, жывуць на ствалах дрэў. На Беларусі 5 відаў: алянёк звычайны (Dorcus parallelopipedus), насарог малы, або рагачык аднарогі (Sinodendron culinricum), рагач сіні (Platycerus caraboides), рагачык сціплы (Ceruchus chrysomelinus), жук-алень (Lucanus cervus) — самы буйны з жукоў бел. фауны (даўж. да 8,5 см). Насарог малы і жук-алень занесены ў Чырв. кнігу Беларусі.
Даўж. да 11 см. Вусікі 10-членікавыя, каленчатыя, з грабеньчатай булавой. Верхнія сківіцы развітыя, з зубцамі, у самцоў многіх відаў нагадваюць рогі (адсюль назва). Лапкі 5-членікавыя. Дарослыя кормяцца сокамі дрэў. Лічынкі з мясістым выгнутым целам, вял. галавой; развіваюцца і кормяцца ў гнілых ствалах і каранях.
С.Л.Максімава.
Рагачы: 1 — жук-алень (а — самец; б — самка; в — лічынка); 2 — алянёк звычайны; 3 — рагач сіні.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САБА́ЧЫЯ.
воўчыя, псовыя (Canidae), сямейства млекакормячых атр. драпежных. 15 (12) родаў, 35 (29) відаў. Пашыраны паўсюдна, акрамя Антарктыды і некат. астравоў (Мадагаскар, Новая Зеландыя, Сулавесі, Тайвань, арх. Меланезія і Палінезія). Жывуць у разнастайных, пераважна адкрытых ландшафтах. Селяцца ў норах або логавах. Трымаюцца паасобна, часам парамі, некат. — сямейнымі групамі і зграямі. На Беларусі пашыраны воўк, ліс, янотападобны сабака.
Даўж. да 160 см, маса да 80 кг. Афарбоўка разнастайная, пераважна аднатонная. Галава падоўжаная, морда вострая, вушы стаячыя. Футра густое, звычайна пушыстае. Хвост доўгі. На пярэдніх лапах па 5 пальцаў (у гіенавага сабакі — 4), на задніх — па 4; кіпцюры тупыя, не ўцягваюцца. Драпежнікі, спажываюць і расл. корм. Манагамы. Нараджаюць 3—4 (зрэдку да 13—16) шчанят 1 раз на год. Многія С. — аб’екты промыслу і зверагадоўлі (ліс, пясец і інш.). Да С. адносяцца ўсе пароды сабак свойскіх.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САРАКУ́ШЫ (Saniidae),
сямейства птушак атр. вераб’іных. Больш за 60 відаў, пашыраны ў Еўразіі, Паўн.-Зах. Афрыцы, Паўн. Амерыцы. На Беларусі 4 віды: жулан; С. чарналобы, С. шэры, С. чырвонагаловы. Пералётныя птушкі. Жывуць у садах, парках, гаях, хмызняках. С. чарналобы і С. шэры занесены ў Чырв. кнігу Беларусі.
Даўж. цела жулана да 20 см, маса каля 30 г. Галава і шыя шэрыя, спіна рыжавата-каштанавая, каля вачэй чорная папярочная палоска. Хвост доўгі, ступеньчаты. Даўж. С. шэрага каля 25 см, маса 68—75 г. Апярэнне зверху шэрае, знізу белаватае, хвост чорны з белым пер’ем па краях, крылы чорныя. Чарналобы С. меншы (маса 47—53 г), адрозніваецца ад шэрага чорным ілбом. Апярэнне мяккае, крылы кароткія, круглаватыя, хвост доўгі. Дзюба кручком. Кладка — 4—6 яец. Кормяцца насякомымі, іх лічынкамі, дробнымі паўзунамі, грызунамі, зрэдку птушкамі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СКРЫТАШЫ́ЙНЫЯ ЧАРАПА́ХІ (Cryptodira),
падатрад паўзуноў атр. чарапах. 8 сям., каля 50 родаў, 148 відаў. Вядомы з трыясу, паходзяць ад катылазаўраў. Пашыраны амаль усюды, акрамя Антарктыды. Большасць вядуць паўводны спосаб жыцця. На Беларусі 1 від — балотная чарапаха, занесеная ў Чырв. кнігу.
Даўж. панцыра ад 10 да 150 см, маса да 400 кг (слановыя чарапахі). Цела ўкрыта панцырам, які складаецца са спіннога (карапакс) і брушнога (пластрон) шчытоў. Здольныя ўцягваць шыю (адсюль назва) і галаву пад панцыр, пры гэтым выгінаюць шыю S-падобна ў верт. плоскасці. Тазавыя косці не зрошчаныя з панцырам. Пластрон укрыты 11—12 рагавымі шчыткамі. Адкладваюць яйцы на сушы. Кормяцца расл. і жывёльным кормам. Жывуць зрэдку да 150 гадоў. Некат. віды ў Чырв. кнізе МСАП. Асобныя віды — аб’екты развядзення і промыслу (выкарыстоўваюць мяса, тлушч, яйцы, рагавыя шчыткі. Іл.гл. да арт.Чарапахі.