ЛЁЗНА,

гарадскі пасёлак, цэнтр Лёзненскага р-на Віцебскай вобл., на левым беразе р. Мошна. Чыг. станцыя на лініі Віцебск—Смаленск. За 40 км на ПдУ ад Віцебска. Аўтадарогамі звязаны з Віцебскам, Смаленскам, Оршай, Янавічамі, Арэхаўскам. 7,6 тыс. ж. (1998).

У канцы 16 ст. сяло Л. ў складзе Мікулінскай вол. Віцебскага пав. З 1625 — уласнасць кн. Агінскіх. У 1654 Л. ўпамінаецца як мястэчка. Пасля 1-га падзелу Рэчы Паспалітай (1772) у Рас. імперыі. цэнтр воласці Аршанскага пав. Магілёўскай губ. У 1786 Агінскія заснавалі тут мураваную правасл. царкву (знішчана ў 1961). У пач. вайны 1812 у Л. 2 тыдні стаяў 3-і франц. корпус маршала М.​Нея. З 1831 у Л. штогод праводзілася 4 кірмашы, былі развіты рамёствы. З адкрыццём у 1866—67 руху па Рыга-Арлоўскай чыгунцы на ўскраіне Л. пабудавана чыг. станцыя. У 1870 Л. перайшло да Храпавіцкіх, потым да А.​І.​Шабекі. У 1865 адкрыта нар. вучылішча, у 1875 (пры чыг. станцыі) — царк.-прыходская школа (у 1887 пераўтворана ў 4-класнае нар. вучылішча). У 1880 у Л. 1536 ж., 216 дамоў, 25 крам, валасное праўленне, бальніца. У 1897—2473 ж. З 1924 цэнтр Лёзненскага раёна, з 27.9.1938 гар. пасёлак. У Вял. Айч. вайну з 17.7.1941 да 8.10.1943 акупіравана ням. фашыстамі, якія загубілі ў Л. 1200 чал. У 1972—5,7 тыс. чал.

Працуюць малочны, хлебны з-ды, Лёзненскі кансервава-агароднінасушыльны завод, ільнозавод, аграпрамтэхніка, сельгасхімія. 2 сярэднія і дзіцяча-юнацкая спарт. школы, школа мастацтваў, 4 дашкольныя ўстановы, Дом культуры, 2 б-кі, Дом піянераў і школьнікаў, кінатэатр, Лёзненскі ваенна-гістарычны музей, бальніца, паліклініка, аптэка. Могілкі сав. воінаў і партызан, магіла ахвяр фашызму; помнік Вызвалення. Радзіма мастака М.​Шагала.

Лёзна. Вуліца Леніна.

т. 9, с. 230

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДУШАНБЕ́,

горад, сталіца Таджыкістана. Размешчаны ў Гісарскай даліне, на р. Душанбінка (у верхнім цячэнні р. Варзоб), на выш. 750—930 м. 582,4 тыс. ж. (1991). Чыг. вузел. Прам-сць: машынабуд. і металаапр. (з-ды тэкст. машын, гідраагрэгатаў, кабелю, быт. халадзільнікаў, арматурны і інш.), лёгкая (баваўнянае, гарбарна-абутковае, швейнае аб’яднанні, шаўковы камбінат), харчасмакавая (маслабойны, тлушчавы, мясны, малочны камбінаты і інш.), буд. матэрыялаў (цэментны, домабуд. камбінаты, з-д жалезабетонных канструкцый і інш.). Турызм. АН Таджыкістана. 8 ВНУ (у т. л. ун-т). Т-ры: оперы і балета, тадж. драмы, рус. драматычны, маладзёжны і інш.; цырк, філармонія. Заапарк, бат. сад АН.

Пабудаваны на месцы кішлака Дзюшамбе, у якім да 1917 жылі некалькі соцень жыхароў. У 1922 кішлак разбураны басмачамі. З 1924 Д. — сталіца Таджыкскай АССР (з 1925 горад), з 1929 — Таджыкскай ССР, з 1991 — Таджыкістана.

Сучасны горад з прамавугольнай сеткай вуліц-алей, шырокімі азялененымі плошчамі і паркавай зонай са штучным возерам пабудаваны паводле ген. планаў 1037 і 1965. Галоўная арх.-планіровачная вось горада — праспект Рудакі з бульварам, асн. плошчамі, помнікамі Рудакі, А.​Фірдаўсі і інш., будынкамі прэзідыума АН Таджыкістана (1934—36, арх. С.​В.​Куцін), бібліятэкі імя Фірдаўсі (1952—54, арх. С.​Л.​Анісімаў, скульпт. А.​А.​Татарынава, маст. М.​Алімаў), выліч. цэнтра (1976, арх. В.​М.​Лях), Палаца саюза тэатр. дзеячаў (1974, арх. Э.​В.​Ярзоўскі, Ю.​Л.​Пархаў, у інтэр’еры тэматычнае пано — маст. С.​У.​Курбатаў і інш.). Музеі: Рэсп. аб’яднаны (гіст.-краязнаўчы і выяўл. мастацтва) імя Бахзада, літ. імя С.​Айні і імя М.​Турсун-задэ, этнаграфічны.

Да арт. Душанбе. Панарама горада (злева), Нацыянальная бібліятэка імя А.​Фірдаўсі (справа).
Да арт. Душанбе. Помнік А.​Фірдаўсі.
Душанбе. Дом урада.

т. 6, с. 268

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАРТРЭ́Т ДАНА́ТАРСКІ,

выява данатара — заказчыка твора выяўл. мастацтва або заснавальніка храма. Трапляецца ў розных відах мастацтва, часцей у жывапісе. Заснавальніка храма часта малявалі з мадэллю будынка ў руках на абразе ці манум. размалёўцы (перад Ісусам Хрыстом, Маці Божай, святым заступнікам) або асобна, але ў кантэксце агульнай сістэмы размалёвак і дэкору храма або кнігі ў спалучэнні з інш. выявамі. Адметныя рысы П.д.: адлюстраванне данатара звычайна ўкленчаным у малітоўнай позе са складзенымі рукамі, арыентаванасць кампазіцыйнага цэнтра на святога-заступніка, самапаглыбленасць і сузіральнасць стану партрэтаванага, адсутнасць знешніх калізій і падкрэсленых сувязей са знешнім светам.

Вядомы з эпохі ранняга сярэднявечча ў мастацтве многіх еўрап. краін, росквіту дасягнуў у 14—15 ст. (размалёўка «Энрыка Скравеньі прыносіць у дар капэлу» работы Джота ды Бандоне ў Капэле дэль Арэна ў г. Падуя, Італія, 1305; алтарныя карціны «Мадонна з канцлерам Раленам» Я. ван Эйка, 1435; «Св. Кацярына і св. Магдаліна з данатарамі» Х. ван дэр Гуса, 1476—78).

На Беларусі першыя П.д. вядомы з 11 ст. (выявы тураўскага кн. Яраполка Ізяславіча, яго маці Гертруды і яго жонкі Ірыны ў «Кодэксе Гертруды», паміж 1078 і 1087). Найб. пашыраны ў 16—18 ст. у іканапісе: абразы «Пакланенне вешчуноў» (каля 1514) з выявай данатара Я.​Сегеня (выява данатара — 2-я пал. 17 ст.), «Маці Божая са святымі Ігнаціем Лаёлам і Францыскам Ксаверыем» (1-я пал. 17 ст.), дзе святым нададзены партрэтныя рысы кн. М.К. і Ю. Радзівілаў, і інш. Вядомы і познія ўзоры П.д. (фрэска «Спас з данатарамі» М.​Кошалева ў Баранавіцкім Пакроўскім саборы, 1902—11).

Б.​А.​Лазука, А.​Ю.​Хадыка.

Партрэт данатарскі. Фрагмент абраза «Пакланенне вешчуноў» з партрэтам данатара Я.​Сегеня. 2-я пал. 17 ст.

т. 12, с. 106

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СА́ЎЧАНКА Аркадзь Маркавіч (н. 6.4.1936, г. Віцебск),

бел. спявак (барытон). Нар. арт. Беларусі (1976). Нар. арт. СССР (1985). Скончыў Маскоўскую кансерваторыю (1960). З 1960 саліст Нац. акад. т-ра оперы Беларусі. Валодае мяккім лірычным голасам своеасаблівага прыгожага тэмбру, шырокага дыяпазону, высокай вак. тэхнікай, майстэрствам сцэн. пераўвасаблення. Яму ўласціва ўдумлівая адпрацоўка, філігранная шліфоўка дэталей вак. і сцэнічнага бакоў ролі. Сярод партый нац. рэпертуару: Апанас і Фон Шолен («Алеся» Я.​Цікоцкага), Лагоўскі («Яснае світанне» А.​Туранкова), Лявон Бурак, Максім Багдановіч, Міхал («Калючая ружа», «Зорка Венера», «Новая зямля» Ю.​Семянякі), Кізгайла («Сівая легенда» Дз.​Смольскага), Ляўчук («Сцежкаю жыцця» Г.​Вагнера), Фаскары, Бургамістр («Джардана Бруна», «Візіт дамы» С.​Картэса), Понцій Пілат («Майстар і Маргарыта» Я.​Глебава); класічных і сучасных опер: Анегін, Ялецкі, Томскі («Яўген Анегін», «Пікавая дама» П.​Чайкоўскага), Мізгір («Снягурачка» М.​Рымскага-Корсакава), Януш («Галька» С.​Манюшкі), Фігара («Севільскі цырульнік» Дж.​Расіні), Марсель, Шарплес («Багема», «Чыо-Чыо-сан» Дж.​Пучыні), Валянцін («Фауст» Ш.​Гуно), Эскамільё, Зурга («Кармэн», «Шукальнікі жэмчугу» Ж.​Бізэ), Дон Жуан, граф Альмавіва («Дон Жуан», «Вяселле Фігара» В.​А.​Моцарта), Рыгалета, граф ды Луна, Радрыга, Жэрмон, Рэната («Рыгалета», «Трубадур», «Дон Карлас», «Травіята», «Баль-маскарад» Дж.​Вердзі), Тэльрамунд («Лаэнгрын» Р.​Вагнера), Малатэста («Дон Паскуале» Г.​Даніцэці), Лістрат («У буру» Ц.​Хрэннікава), Камісар («Брэсцкая крэпасць» К.​Малчанава), Фердынанд, Андрэй Балконскі («Заручыны ў манастыры», «Вайна і мір» С.​Пракоф’ева). Выканаў партыі Адама ў тэлеоперы «Ранак» Вагнера, Яўхіма ў радыёоперы «Барвовы золак» К.​Цесакова, Скарыны ў фільме-оперы «Францыск Скарына» Дз.​Смольскага. У канцэртным рэпертуары арыі з класічных і сучасных опер, рамансы, творы бел. кампазітараў, бел., рус. і ўкр. нар. песні.

А.​Я.​Ракава.

Аркадзь Маркавіч Саўчанка.
А.Саўчанка ў ролі Радрыга.

т. 14, с. 198

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РЭ́ЙК’ЯВІК (Reykjavik),

горад, сталіца Ісландыі. Самая паўн. сталіца ў свеце. Знаходзіцца на паўд.-зах. узбярэжжы в-ва Ісландыя, на паўд. беразе зал. Фахсафлоўі Атл. акіяна. 105,5 тыс. ж., з прыгарадамі больш за 150 тыс. ж. (1996). Гал. порт краіны, вузел аўтадарог. Міжнар. аэрапорт Кеблавік. Асн. эканам. (больш за 60% прамысл. вытв-сці Ісландыі) і культ. цэнтр краіны. Прам-сць: рыбаперапрацоўчая (кансервы, рыбнае філе, рыбін тлушч, мука, угнаенні і інш.), суднабуд. і суднарамонтная, вытв-сць рыбалоўных сетак, рыбапрамысл. абсталявання. Ёсць мылаварныя, маргарынавыя, абутковыя прадпрыемствы. Традыц. вытв-сць шарсцяных тканін, у т. л. пледаў, вязаных вырабаў. У раёне Р. — алюм., азотнахім., цэм. з-ды. Рыбалавецкая база. Гарачыя крыніцы паблізу Р. выкарыстоўваюцца для цеплафікацыі. Ун-т. Ін-ты вулканалогіі, метэаралогіі і інш. Музеі: Нацыянальны, маст. галерэя, Прыродазнаўча-гіст. і інш. Тэатр. За 50 км ад Р. нац. парк Тынгведлір — гісторыка-прыродны запаведнік.

Засн. каля 874 на месцы высадкі першых пасяленцаў-нарвежцаў у Ісландыі. Да 17 ст. хутар, у 17—18 ст. невял. пасёлак. У 1786 атрымаў гар. правы. З 1845 месца знаходжання альтынга (парламента), з 1904 — урада аўтаномнай Ісландыі. З 1920 афіц. сталіца каралеўства Ісландыя, з 1944 — Ісландскай рэспублікі.

У рэгулярнай забудове Р. пераважаюць 2—3-павярховыя будынкі. Сярод пабудоў, блізкіх да архітэктуры дацкага класіцызму, сабор (1787—96, арх. А.​Кіркеруп, перабудаваны ў 19 ст.), будынак альтынга (1880—81, арх. Ф.​Мельдаль). У духу нац. рамантызму — Нац. б-ка (1908, арх. М.​Нільсен), пабудовы Гудзьёўна Самуэльсана (Ісландскі ун-т, 1938—40, і інш.), Сігвальдзі Тордарсана (аднасямейныя жылыя дамы ў прыгарадзе Р., 1957—58), «Дом Поўначы» (культ. цэнтр; 1965—68, арх. А.​Аалта) і інш.

Панарама Рэйк’явіка.
Рэйк’явік. Від з заліва Фахсафлоўі.

т. 13, с. 563

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТЛУ́ШЧАВЫ АБМЕ́Н, ліпідны абмен,

сукупнасць працэсаў пераўтварэнняў тлушчаў у арганізме чалавека і жывёл. Уключае ператраўліванне і ўсмоктванне тлушчаў і прадуктаў іх распаду ў страўнікава-кішачным тракце, прамежкавы Т.а., выдаленне з арганізма. Ліпіды забяспечваюць да 40% агульнай колькасці калорый, выконваюць пластычную функцыю пабудовы мембран клетак і інш. Найб. важныя ліпіды — трыацылгліцэролы (ТАГ) або нейтральныя тлушчы. Расшчапленне тлушчаў расл. і жывёльнага паходжання ў дарослых людзей пачынаецца ў кішэчніку (у грудных дзяцей у страўніку). Пад уплывам жоўці адбываецца эмульгаванне тлушчаў і актывацыя ліпазы. ТАГ расшчапляюцца да ды-, монагліцэрыдаў, гліцэрыны і тлустых кіслот. 25—30% эмульгаваных тлушчаў усмоктваецца кішэчнікам і пераходзіць у кроў без змены. Тлустыя к-ты ўсмоктваюцца ў комплексе з жоўцевымі к-тамі. Частка гліцэрыны і тлустых к-т у слізістай абалонцы кішэчніка ідзе на рэасінтэз тлушчаў, астатняя пераходзіць у кроў і лімфу.

Прамежкавы Т.а. уключае расшчапленне ТАГ у тканках з утварэннем вышэйшых тлустых к-т і гліцэрыны, мабілізацыю тлустых к-т з тлушчавых дэпо, іх акісленне, утварэнне кетонавых цел, біясінтэз вышэйшых тлустых к-т і інш. Тлустыя к-ты паступаюць у органы і тканкі, далей акісляюцца ў цыкле трыкарбонавых к-т. Каля 30% тлустых к-т затрымліваецца ў печані пры аднаразовым праходжанні праз яе. У печані ўтвараюцца ліпапратэіды рознай шчыльнасці, якія ўдзельнічаюць у Т.а. ўсіх органаў і тканак. Сінтэз ТАГ ажыццяўляецца гал. чын. у тлушчавай тканцы, печані, сценцы кішэчніка. Асн. шлях выдалення тлушчу — праз скуру з сакрэтамі сальных і потавых залоз, невял. ч. — з фекаліямі, мачой. Т.а. узмацняецца пры фіз. нагрузцы, галаданні, ахаладжэнні і інш. стрэсавых уздзеяннях.

Літ.:

Кучеренко Н.Е., Васильев А.Н. Липиды. Киев, 1985;

Липовецкий Б.М. Клиническая липидология. СПб., 2000.

І.​М.​Семяненя.

т. 15, с. 478

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТЫШКЕ́ВІЧ Канстанцін Піевіч (17.2.1806, г. Лагойск Мінскай вобл. — 13.7.1868),

бел. гісторык, археолаг, краязнавец, адзін з заснавальнікаў бел. навук. археалогіі. З роду Тышкевічаў, брат Я.П.Тышкевіча. Вучыўся ў Полацкім езуіцкім, Забельскім дамініканскім калегіумах. Скончыў Віленскі ун-т (1828). У 1828—36 у мін-ве фінансаў Царства Польскага. З 1836 жыў у Лагойску, дзе заснаваў ашчадны банк для мяшчан і сялян, цукровыя з-ды, Лагойскую палатняную мануфактуру і інш.; на аснове ўласных калекцый разам з бацькам і братам стварыў Лагойскі музей старажытнасцей. У 1861 удзельнічаў у рабоце Мінскага губ. к-та па сял. пытаннях. Шмат вандраваў па Расіі і замежжы, чл. навук. т-ваў у Вільні, Кракаве, Маскве, Празе, Парыжы, Лондане. Адзін з заснавальнікаў Віленскага музея старажытнасцей, чл. Віленскай археалагічнай камісіі. Даследаваў каля 200 курганоў, гарадзішчаў і замчышчаў у Мінскай губ., стварыў першыя тапагр. планы гарадзішчаў. Лічыў курганы старадаўнімі пахаваннямі, а гарадзішчы месцамі, дзе выконваліся розныя абрады. Першы класіфікаваў знаходкі па тэхніцы і матэрыялах выканання і звёў іх у табліцы. У 1856 арганізаваў экспедыцыю Па р. Вілія, у выніку якой сабраў багаты этнагр. матэрыял і напісаў краязнаўчую манаграфію «Вілія і яе берагі» (Дрэздэн, 1871; на польск. мове). Адзін з раздзелаў кн. «Пра курганы ў Літве і Заходняй Русі» (1865) прысвяціў знаходкам стараж. пісьменнасці ятвягаў. Паклаў пачатак вывучэнню стараж. Лагойска, Заслаўя, Астрашыцкага Гарадка і інш.

Літ.:

Каратынскі В. Канстанцін Тышкевіч // Творы. Мн., 1981;

Каханоўскі Г.А. Адзін з ранніх даследчыкаў беларуска-літоўскага пагранічча // Быт і культура беларусаў. Мн., 1984;

Яго ж. Археалогія і гістарычнае краязнаўства Беларусі ў XVI—XIX стст. Мн., 1984;

Карев Д.В. Белорусская историография конца XVIII — нач. XX вв. // Наш радавод. Гродна, 1993. Кн. 5, ч. 2.

Дз.​У.​Караў.

К.П.Тышкевіч.

т. 16, с. 85

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТЭРПЕ́НЫ (ад грэч. terebinthos тэрпенцінавае дрэва),

пашыраныя ў прыродзе ненасычаныя вуглевадароды агульнай ф-лы (C5H8)n, дзе n > 2; адносяцца да ізапрэноідаў.

Паводле колькасці ізапрэнавых звёнаў падзяляюць на монатэрпены (n = 2), ці ўласна Т. (найб. пашыраныя), сэсквітэрпены (n = 3), дытэрпены (n = 4), трытэрпены (n = 6) і політэрпены (напр., каўчук натуральны). У кожнай групе Т. адрозніваюць аліфатычныя, ці ацыклічныя (з адкрытым ланцугом вугляродных атамаў), і карбацыклічныя злучэнні, якія падзяляюць на мона-, бі- і трыцыклічныя (адпаведна з 1, 2 і 3 карбацыкламі ў малекуле); ды-, тры- і політэрпены могуць мець больш за 3 цыклы. Т. выяўлены амаль ва ўсіх тканках раслін; звычайна ў эфірных алеях, шкіпінарах, бальзамах, смолах разам з Т. ёсць іх кіслародзамяшчальныя вытворныя — тэрпеноіды. Паводле характару функц. груп тэрпеноіды падзяляюць на спірты, альдэгіды, кетоны, эфіры, к-ты і інш. (напр., камфора, ментол, смаляныя кіслоты, тэрпінеол). Монатэрпены — бясколерныя вадкасці (tкіп 150—190 °C), сэсквітэрпены — бясколерныя вязкія вадкасці або легкаплаўкія крышт. рэчывы (tкіп 230—300 °C), для дытэрпенаў tкіп> 300 °C. Большасць Т. маюць шчыльн. < 1000 кг/м³. Усе Т. добра раствараюцца ў непалярных арган. растваральніках і раствараюць алеі, тлушчы і смолы, не раствараюцца ў вадзе. Многія аптычна актыўныя. Т. лёгка акісляюцца на паветры (асабліва на святле), ізамерызуюцца і полімерызуюцца, далучаюць галагены і галагенавадароды. Т. вылучаюць з прыроднай сыравіны перагонкай з вадзяной парай, экстракцыяй арган. растваральнікамі; індывід. Т. атрымліваюць з іх сумесей фракцыйнай рэктыфікацыяй у вакууме, вымарожваннем і інш. метадамі, а таксама сінтэтычна. Выкарыстоўваюць Т. і тэрпеноіды (індывідуальна ці ў выглядзе шкіпінару, эфірных алеяў, смол) як кампаненты парфумных кампазіцый і харч. эсенцый, як лек. сродкі, растваральнікі, інсектыцыды, флатарэагенты і інш.

Я.​Г.​Міляшкевіч.

т. 16, с. 142

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛІ́ДСКІ ПАВЕ́Т,

адм.-тэр. адзінка ў 16—20 ст. у ВКЛ, Рас. імперыі, Польскай Рэспубліцы. Цэнтр — г. Ліда. Папярэднікам Л.п. было Лідскае намесніцтва, вядомае з 1382. З 1413 уваходзіла ў Віленскае ваяв., часам Лідскае намесніцтва называлі паветам. Пасля адм. рэформы 1565—66 да Лідскага намесніцтва далучаны суседнія Васілішскае і Эйшышкскае намесніцтвы (са складу Трокскага ваяв.), а іх агульная тэр. ўтварыла ўласна Л.п. з фіксаванымі межамі. Л.п. увайшоў у Віленскае ваяв., меў павятовую харугву чырв. колеру з выявай «Пагоні». Пасля далучэння да Рас. імперыі ў 1794 уключаны ў Віленскае, у 1795 — у Слонімскае намесніцтвы, у 1796 — у Літоўскую, у 1801 — у Гродзенскую, у 1843 — у Віленскую губ. Межы павета пры гэтым практычна не мяняліся. Пасля рэформы 1861 падзелены на 24 воласці: Аляксандраўскую, Арлянскую, Астрынскую, Беліцкую, Беняконскую, Васілішскую, Вялікамажэйкаўскую (скасавана ў пач. 20 ст.), Ганчарскую, Дакудаўскую, Дубіцкую, Жалудскую, Жырмунскую, Забалацкую, Каняўскую, Лебядскую, Лідскую, Ляцкую, Мытлянскую, Пакроўскую, Радунскую, Ражанкаўскую, Тарноўскую, Шчучынскую, Эйшышкскую. Тэр. больш за 4,9 тыс. кв. вёрст. У 1864 нас. каля 110 тыс. ж., у т. л. больш за 75 тыс. католікаў, каля 30 тыс. праваслаўных, каля 6 тыс. іудзеяў, 31 касцёл, 19 цэркваў, 18 яўр. малітоўных дамоў; 15 мястэчак, 15 сёл, 866 вёсак, 876 інш. паселішчаў (калоній, фальваркаў, аколіц, хутароў і інш.). У 1910 дзейнічалі 244 ф-кі і з-ды з 2160 рабочымі. У 1913—252,5 тыс. ж. З 2.2.1919 у складзе ЛітБел, неўзабаве заняты польскім войскам. Паводле Рыжскага мірнага дагавора 1921 у Польшчы, у Навагрудскім ваяв. Пазней Дубіцкая, Ляцкая і Пакроўская вол. перайменаваны адпаведна ў Навадворскую, Дамброўскую і Сабакінцкую гміны. З 1939 Л.п. у БССР, яго паўн. частка (Каняўская і Эйшышкская вол.) адышла да Літвы, а астатняя тэр. 2.12.1939 уключана ў Баранавіцкую вобл. 15.1.1940 Л.п. скасаваны.

В.​Л.​Насевіч.

т. 9, с. 251

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАФТАХІМІ́ЧНАЯ ПРАМЫСЛО́ВАСЦЬ,

галіна прам-сці па вытв-сці сінт. матэрыялаў і вырабаў з іх, заснаваная на хім. перапрацоўцы прадукцыі нафтаперапрацоўчай прамысловасці і газавай прамысловасці. Асн. прадукцыя Н.п.: сінт. каўчук, хім. валокны, прадукты асн. арган. сінтэзу (этылен, прапілен, поліэтылен, спірты, альдэгіды і інш.), гумава-тэхн. вырабы (гл. Гумаазбеставая прамысловасць), розныя віды шын. Прадукцыя Н.п. выкарыстоўваецца ва ўсіх галінах нар. гаспадаркі.

Да 1-й сусв. вайны (1914—18) вытв-сць прамысл. арган. прадуктаў грунтавалася на перапрацоўцы каксоўнага каменнага вугалю і харч. сыравіны. Выкарыстанне нафты як важнейшай крыніцы хім. сыравіны стала магчымым у пач. 20 ст. ў выніку ўкаранення ў прам-сць новых метадаў яе перапрацоўкі — крэкінгу і піролізу. Прамысл. вытв-сць нафтахім. прадуктаў з крэкінг-газаў распачалі ў ЗША: у 1918 наладжана вытв-сць ізапрапілавага спірту, у 1920 — аліфатычных хім. прадуктаў. У б. СССР станаўленне Н.п. адбывалася ў 1929—40-я г.: у 1932 упершыню ў свеце арганізавана прамысл. вытв-сць сінт. каўчуку, у 1949 — сумесная вытв-сць фенолу і ацэтону кумольным метадам. Стан і тэмпы развіцця Н.п. вызначаюць прагрэс многіх галін нар. гаспадаркі, дзе рэалізуецца прыбытак і эканомія сыравіны і энергіі за кошт выкарыстання нафтапрадуктаў. Найб. развітая Н.п. у ЗША, Японіі, Германіі, Расіі, Вялікабрытаніі, Францыі, Італіі, Кітаі, Канадзе, Мексіцы.

На Беларусі Н.п. пачала развівацца ў пасляваен. час. Адно з першых прадпрыемстваў галіны — Барысаўскі завод «Гуматэхніка» створаны ў 1947. У 1952 у Бабруйску пабудаваны з-д па вытв-сці натуральнага каўчуку, з 1959 Бабруйскі з-д гумавых тэхн. вырабаў (гл. «Беларусьгуматэхніка»), У 1972 засн. буйнейшы ў Еўропе Беларускі шынны камбінат, які выпускае шыны больш як 140 тыпапамераў для аўтамабіляў, трактароў, камбайнаў і скрэпераў. Высакаякасны віскозны корд для шын вырабляе Светлагорскі завод сінтэтычнага валакна. Найбуйнейшыя прадпрыемствы галіны: Магілёўскае вытворчае аб’яднанне «Хімвалакно», Гродзенскае вытворчае аб’яднанне «Хімвалакно», Наваполацкае вытворчае аб’яднанне «Палімір», а таксама Баранавіцкі і Брэсцкі з-ды бытавой хіміі. Гл. таксама Нафтахімія.

Я.​І.​Шчарбіна.

т. 11, с. 217

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)