РЭ́ЙК’ЯВІК (Reykjavik),

горад, сталіца Ісландыі. Самая паўн. сталіца ў свеце. Знаходзіцца на паўд.-зах. узбярэжжы в-ва Ісландыя, на паўд. беразе зал. Фахсафлоўі Атл. акіяна. 105,5 тыс. ж., з прыгарадамі больш за 150 тыс. ж. (1996). Гал. порт краіны, вузел аўтадарог. Міжнар. аэрапорт Кеблавік. Асн. эканам. (больш за 60% прамысл. вытв-сці Ісландыі) і культ. цэнтр краіны. Прам-сць: рыбаперапрацоўчая (кансервы, рыбнае філе, рыбін тлушч, мука, угнаенні і інш), суднабуд. і суднарамонтная, вытв-сць рыбалоўных сетак, рыбапрамысл. абсталявання. Ёсць мылаварныя, маргарынавыя, абутковыя прадпрыемствы. Традыц. вытв-сць шарсцяных тканін, у т. л. пледаў, вязаных вырабаў. У раёне Р. — алюм., азотнахім., цэм. з-ды. Рыбалавецкая база. Гарачыя крыніцы паблізу Р. выкарыстоўваюцца для цеплафікацыі. Ун-т. Ін-ты вулканалогіі, метэаралогіі і інш. Музеі: Нацыянальны, маст. галерэя, Прыродазнаўча-гіст. і інш. Тэатр. За 50 км ад Р. нац. парк Тынгведлір — гісторыка-прыродны запаведнік.

Засн. каля 874 на месцы высадкі першых пасяленцаў-нарвежцаў у Ісландыі. Да 17 ст. хутар, у 17—18 ст. невял. пасёлак. У 1786 атрымаў гар. правы. З 1845 месца знаходжання альтынга (парламента), з 1904 — урада аўтаномнай Ісландыі. З 1920 афіц. сталіца каралеўства Ісландыя, з 1944 — Ісландскай рэспублікі.

У рэгулярнай забудове Р. пераважаюць 2—3-павярховыя будынкі. Сярод пабудоў, блізкіх да архітэктуры дацкага класіцызму, сабор (1787—96, арх. А.​Кіркеруп, перабудаваны ў 19 ст.), будынак альтынга (1880—81, арх. Ф.​Мельдаль). У духу нац. рамантызму — Нац. б-ка (1908, арх. М.​Нільсен), пабудовы Гудзьёўна Самуэльсана (Ісландскі ун-т, 1938—40, і інш.), Сігвальдзі Тордарсана (аднасямейныя жылыя дамы ў прыгарадзе Р., 1957—58), «Дом Поўначы» (культ. цэнтр; 1965—68, арх. А.​Аалта) і інш.

Панарама Рэйк’явіка.
Рэйк’явік. Від з заліва Фахсафлоўі.

т. 13, с. 563

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)