АБМЕЖАВА́ЛЬНЫЯ ЗАКО́НЫ па землеўладанні і землекарыстанні,

сукупнасць расійскіх нарматыўных актаў па абмежаванні маёмасных правоў насельніцтва Беларусі, Літвы і Правабярэжнай Украіны ў канцы 18 — пач. 20 ст. ў сферы землеўладання і землекарыстання. Пасля далучэння гэтых тэрыторый да Рас. імперыі канфіскоўваліся маёнткі памешчыкаў, якія адмовіліся прысягаць расійскім імператарам, землі ўдзельнікаў паўстання 1794, 1830—31, 1863—64 падлягалі і секвестру (у гэтым выпадку ўладальнік павінен быў прадаць зямлю або абмяняць яе на маёнтак ва ўнутраных раёнах Расіі). У 1864—65 набываць зямлю (за выключэннем пераходу па спадчыне) і ўступаць у землекарыстанне было забаронена «асобам польскага паходжання» і яўрэям. У 1860—1-й пал. 1870-х г. канфіскаваны або секвестраваны сотні зямельных участкаў ваколічнай шляхты. У 1882 у сельскай мясцовасці мяжы аселасці яўрэям забаронена арандаваць, браць у заклад ці кіраванне зямельную маёмасць усіх відаў. У 1884 аналагічны закон прыняты да «асоб польскага паходжання». З 1887 на Беларусі (апрача Магілёўскай губ.) права куплі зямлі пазбаўлены іншаземцы. У канцы 1860-х—80-я г. пэўныя абмежаванні ўведзены і для сялян (напр., яны маглі купляць канфіскаваныя або секвестраваныя маёнткі толькі цалкам). У выніку абмежавальных законаў плошча зямель мясц. памешчыкаў на Беларусі паменшылася з 7,5 млн. дзес. (78,4%) да 4,1 млн. дзес. (42,4%). Пад уплывам рэв. руху ў пач. 20 ст. шэраг абмежавальныя законы скасаваны, астатнія праіснавалі да 1917.

Літ.:

Громачевский С.Г. Ограничительные законы по землевладению в Западном крае с мотивами и разъяснениями. Спб., 1892;

Жукович П.И. О русском землевладении в Северо-Западном крае со времени присоединения его к России. Спб., 1895.

В.​П.​Панюціч.

т. 1, с. 28

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАЛІ́ЦЫЯ, Галіччына,

1) гістарычная назва зах.-ўкр. і польскіх зямель у складзе імперыі Габсбургаў у канцы 18 — пач. 20 ст. Ахоплівала тэр. сучасных Івана-Франкоўскай, Львоўскай і Цярнопальскай абласцей Украіны, Жэшаўскага і б.ч. Кракаўскага ваяводстваў Польшчы. Складалася з Зах. Галіцыі, населенай пераважна палякамі, і Усходняй, населенай украінцамі. Усх. Галіцыя з 6 ст. н.э. заселена славянамі (белыя харваты, дулебы), у 9—11 ст. у складзе Кіеўскай Русі, з 1141 у Галіцкім княстве, з 1199 у Галіцка-Валынскім княстве. У 1349—1772 пад уладай Польшчы. Пасля 1-га падзелу Рэчы Паспалітай (1772) з яе Бэлзскага і значных частак Кракаўскага, Сандамірскага і Рускага ваяводстваў утворана правінцыя «Каралеўства Галіцыі і Ладамерыі» ў складзе Аўстр. імперыі (з 1867 Аўстра-Венгрыя). У 1786—1849 у правінцыю ўваходзіла таксама Букавіна, у 1795—1809 — тэр. паміж рэкамі Піліца і Зах. Буг (т.зв. Новая, ці Зах. Галіцыя). У 1809—15 ад Галіцыі аддзелена Цярнопальская акр., у 1846 — Кракаў з наваколлем. У 1848 у Галіцыі скасавана прыгоннае права. У 1-ю сусв. вайну Усх. Галіцыя была арэнай ваен. дзеянняў (гл. Галіцыйская бітва 1914). Пасля распаду Аўстра-Венгрыі (кастр. 1918) у ліст. 1918 у Львове абвешчана Зах.-ўкр. нар. рэспубліка (ЗУНР; праіснавала да ліп. 1919). У выніку польска-сав. Вайны 1919—20 Усх. Галіцыя трапіла пад уладу Польшчы (юрыдычна прызнана за ёй у 1923), у 1939 далучана да Укр. ССР (з 1991 незалежная Укр. дзяржава).

2) Назва тэр. Кракаўскага, Львоўскага, Станіслаўскага і Тарнопальскага ваяводстваў Польшчы ў 1919—39 і акругі, акупіраванай ням.-фаш. войскамі, Польшчы (т.зв. ген.-губернатарства) у 1941—45.

С.​Б.​Каўн.

т. 4, с. 465

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ДЗЯ́ДЗЬКА АНТО́Н»,

перакладны твор бел. л-ры 19 ст. Пераклад зроблены з польск. агітацыйнай брашуры «Бацька Шыман», якая з’яўляецца перапрацоўкай рус. публіцыстычнай брашуры А.​Іванова (В.​Варзара) «Хітрая механіка» (Цюрых, 1874). Выдадзена ў 1892 М.Абрамовічам у Тыльзіце (на тытуле для канспірацыі пазначана Вільня) пад назвай «Дзядзька Антон, або Гутарка аб усім чыста, што баліць, а чаму баліць — не ведаем...». Да тыльзіцкага выдання мела дачыненне інтэрнац. студэнцкая арг-цыя ў Маскве (уваходзілі Абрамовіч, В.​Вароўскі, Н.​Чарноцкі і інш.). Пераклад разлічаны на бел. чытача. Твор напісаны ў форме навук.-папулярнай гутаркі па палітэканоміі, удала спалучае агітацыйную публіцыстыку і маст. прозу. Апавядальнік Антон, які раней настаўнічаў, працаваў на ф-ках, абураецца, што мужык жыве «ў бядзе, голадзе дый холадзе», аналізуе аграрнае пытанне, стан нар. асветы, выдаткі на цара і царскую сям’ю, дзярж. апарат, армію, заклікае бел. сялян браць прыклад з рускіх, якія выступаюць супраць цара. Гутарка заканчваецца заклікам (у польскім арыгінале яе няма): «А цяпер — проціў цара і яго чыноўнікаў пойдзем!» Ранейшым варыянтам «Дз.А.» з’яўляецца «Старая прысказка», выдадзеная К.​Гучкоўскім у 1887 у Львове (канфіскавана паліцыяй, вядомы экз. зберагаецца ў Цэнтр. гіст. архіве Украіны ў Львове). У 1903 выдадзены ў Лондане новы пераклад і новая апрацоўка брашуры пад назвай «Гутарка аб тым, куды мужыцкія грошы ідуць» (перавыд. ў Пецярбургу ў 1907, забаронена цэнзурай). Аўтарства твора доўгі час памылкова прыпісвалася А.​Гурыновічу.

Публ.:

Беларуская літаратура XIX стагоддзя: Хрэстаматыя. 2 выд. Мн., 1988.

Літ.:

Александровіч С.Х. Пуцявіны роднага слова. Мн., 1971. С. 77—82, 118, 122, 155;

Каханоўскі Г. Адчыніся, таямніца часу. 2 выд. Мн., 1984.

В.​У.​Скалабан.

т. 6, с. 135

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЗЯРЖА́ЎНЫ АКАДЭМІ́ЧНЫ НАРО́ДНЫ АРКЕ́СТР РЭСПУ́БЛІКІ БЕЛАРУ́СЬ імя І.​І.​Жыновіча.

Пачаў дзейнасць у Мінску ў 1930 як Бел. дзярж. ансамбль нар. інструментаў (створаны на аснове ансамбля нар. інструментаў Бел. муз. тэхнікума, 1928). Першы маст. кіраўнік Дз.Захар (1930—35), з 1946 маст. кіраўнік і гал. дырыжор І.Жыновіч, з 1975 — М.Хазінец. У 1937 ператвораны ў Аркестр бел. нар. інструментаў у складзе Бел. філармоніі, з 1948 наз. Дзярж. нар. аркестр БССР, імя І.​Жыновіча з 1974, акадэмічны з 1987. Аркестр унікальны па складзе інструментаў і па гучанні. Асн. месца належыць бел. цымбалам, уключае таксама дудкі і ліры, баяны, флейты, габоі, кларнеты, групу ўдарных. У рэпертуары больш за 1000 арыгінальных твораў і пералажэнняў бел. кампазітараў, у т. л. У.​Алоўнікава, А.​Багатырова, Я.​Глебава, Я.​Дзягцярыка, Жыновіча, Э.​Зарыцкага, В.​Іванова, С.​Картэса, У.​Кур’яна, А.​Мдывані, В.​Помазава, Ю.​Семянякі, Дз.​Смольскага, Р.​Суруса, К.​Цесакова, Я.​Цікоцкага, М.​Чуркіна і інш., кампазітараў-класікаў, сучасных замежных аўтараў. З аркестрам выступалі майстры бел. сцэны Л.​Александроўская, Л.​Аляксеева, З.​Бабій, І.​Балоцін, М.​Ворвулеў, С.​Данілюк, М.​Дзянісаў, С.​Друкер, В.​Малькова, Р.​Млодак, Т.​Ніжнікава, І.​Пятроў, І.​Сарокін, Н.​Ткачэнка, а таксама спевакі Расіі, Украіны, Зах. Еўропы і інш. Калектыў гастраліруе за мяжой, удзельнік шматлікіх фестываляў і конкурсаў. У розны час у аркестры працавалі цымбалісты А.Астрамецкі, В.Бурковіч, С.Навіцкі, Х.​Шмелькін, М.Шмелькін і інш.; працуюць (1997) салісты А.Курмакін, С.Лясун, А.Рудкоўскі.

Літ.:

Жинович И.И. Государственный белорусский народный оркестр. Мн., 1958;

Ракова Е.Я. Государственный народный оркестр БССР имени И.​И.​Жиновича. Мн., 1978.

А.​Я.​Ракава.

Дзяржаўны акадэмічны народны аркестр Рэспублікі Беларусь.

т. 6, с. 147

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАТЫ́НЬ,

лясны масіў за 30 км на З ад г. Смаленск, дзе паводле рашэння ЦК ВКП(б) ад 5.3.1940 органамі НКУС у крас.—маі 1940 расстраляны каля 4,4 тыс. польскіх афіцэраў. У вер.кастр. 1939 польскія афіцэры, у т. л. з Пінскай флатыліі ВМФ Польшчы (сярод іх былі ўраджэнцы Зах. Беларусі) інтэрніраваны Чырв. Арміяй у час вызвалення Зах. Беларусі і Зах. Украіны і зняволены ў лагеры ваеннапалонных у г. Казельск Калужскай вобл. У сак.крас. 1943 у Вял. Айч. вайну група ням. экспертаў выявіла ў Катынскім лесе 8 брацкіх магіл. Сав. ўрад адхіліў абвінавачванне ў знішчэнні польскіх афіцэраў і абвінаваціў у гэтым злачынстве немцаў. Пасля вызвалення ў вер. 1943 Смаленска спец. камісія на чале з акад. М.​Н.​Бурдэнкам канстатавала, што польскіх афіцэраў там расстралялі восенню 1941 немцы. У крас. 1990 урад СССР прызнаў адказнасць НКУС за гібель польскіх ваеннапалонных. У ліст. 1990 Гал. ваен. пракуратура СССР пачала следства з удзелам прадстаўнікоў Ген. пракуратуры Польшчы. У кастр. 1992 прэзідэнт Расіі перадаў прэзідэнту Польшчы дакументы, якія пацвердзілі адказнасць вышэйшых улад СССР за злачынства і яго ўтойванне. Праведзеная польскімі спецыялістамі ў 1994 эксгумацыя пацвердзіла месца пахавання расстраляных ваеннапалонных. У 1989 у К. пабудаваны мемарыял. У 1990 у Гродне на вайск. могілках устаноўлены помнік-крыж і мемар. пліта з прозвішчамі 168 жыхароў горада — польскіх афіцэраў, расстраляных у К. і інш. сав. лагерах.

Літ.:

Абаринов В.К. Катынский лабиринт М., 1991;

Кузняцоў І. Палітыка і лёс людзей // Полымя. 1995. № 9;

Katyń: Dokumenty ludobójstwa. Warszawa, 1992;

Basak A. Historia pewnej mistyfikacji: Zbrodnia Katyńska przed Trybunałem Norymberskim. Wrocław, 1993.

т. 8, с. 179

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КЕРЧ,

горад на Украіне, у Аўтаномнай Рэспубліцы Крым, на беразе Керчанскага праліва. 170 тыс. ж. (1998). Марскі порт. Чыг. станцыя. Злучана чыг. паромнай пераправай са ст. Каўказ (Таманскі п-аў). Здабыча жал. руды (Камыш-Бурунскі камбінат). Прам-сць: металургічная, суднабуд. і суднарамонтная, харчасмакавая. Тэатр. Гіст.-археал. музей. Мемар. ансамбль героям абароны Аджымушкая (1982), Мелек-Чэсменскі курган (4 ст. да н.э.), склеп Дэметры (1 ст. н.э.), царква Іаана Прадцечы (10—13 ст.).

Засн. стараж. грэкамі пад назвай Пантыкапей у 1-й пал. 6 ст. да н.э. У пач. 5—4 ст. да н.э. сталіца Баспорскай дзяржавы. У 10—12 ст., магчыма, уваходзіла ў Тмутараканскае княства (пад 1068 згадваецца як Корчаў). У 13 ст. захоплена мангола-татарамі (наз. Чэркіо). З 1318 консульства (адм. адзінка), падпарадкаваная Генуі. Пасля 1475 апорны пункт Турцыі для абароны Крыма ад казакоў. У рус.-тур. вайну 1768—74 занята рас. войскамі (1771). Паводле Кючук-Кайнарджыйскага міру 1774 адышла да Расіі, з 1775 горад Азоўскай губ. З 1821 рэйдавы порт, цэнтр Керч-Енікальскага граданачальства. У 1825 засн. Музей старажытнасцей. У Крымскую вайну 1853—56 захоплена англ. дэсантам, моцна пацярпела ад пажару (выгарала трэцяя ч. горада). У канцы 19 — пач. 20 ст. адзін з буйных партоў Расіі. У 1900 К. злучана чыгункай з Джанкоем. У грамадз. вайну ў крас. 1918 акупіравана аўстра-германскімі, у канцы 1918 — англа-франц. войскамі, пазней белагвардзейцамі. У 1920 вызвалена Чырв. Арміяй. У Вял. Айч. вайну месца значных баёў. З 1944 у складзе Крымскай вобл. РСФСР, з 1954 — Украіны.

Літ.:

Акулов М.Р. Керчь — город-герой. М. 1980.

т. 8, с. 239

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КО́РМЧЫЯ КНІ́ГІ (ад стараслав. кръмьчии — стырнавы, рулявы),

зборнікі царк. і свецкіх законаў, якія выкарыстоўваліся пры кіраванні царквой і ў духоўных судах паўд. і ўсх.-слав. краін. Аб’ядноўвалі царк. правілы, пастановы ўсяленскіх і памесных сабораў, імператарскія пастановы адносна царквы, вытрымкі з заканад. зборнікаў. Т. зв. Кормчая 14 тытулаў без тлумачэнняў (Старажытнаславянская кормчая) — пераклад з грэч. мовы, зроблены ў Балгарыі ў пач. 10 ст. На Русь трапіла ў 11 ст. Найб. ранні яе спіс наўгародская Яфрэмаўская кормчая пач. 12 ст. Гістарыяграфічныя матэрыялы К.к. выкарыстоўваліся пры напісанні рус. летапісаў, некат. іх палажэнні ўключаны ў мясц. помнікі царк. права. У канцы 12 ст. ў Грэцыі складзена асобая рэдакцыя К.к., перакладзеная ў Сербіі ў 1-й пал. 13 ст. на стараж.-слав. мову і атрымала назву Сербскай рэдакцыі. Яна змяшчала і новыя заканад. палажэнні. У 15—16 ст. найб. пашырэнне мела на землях ВКЛ і разглядалася як кодэкс права. Мела некалькі спісаў, у т. л. Румянцаўскі (апошняя трэць 15 ст.), Пінскі спіс 1634. З ВКЛ Сербская рэдакцыя трапіла ў Маскоўскую Русь. Апошняе яе выданне ў 1816. У 1260—70-я г. на Русі ўзнікла Руская рэдакцыя К.к. на аснове больш ранніх рэдакцый з дапаўненнем мясц. тэкстаў. («Закон судны людзям», інш. юрыд. помнікі, манаскія статуты і правілы, гіст. і біягр. творы і інш.). К.к. Рус. рэдакцыі былі пашыраны на ўсёй Русі. Спісаў Сербскай рэдакцыі К.к. на землях Украіны і Беларусі (захавалася больш як 10) было больш, чым спісаў Рус. рэдакцыі (3 экз.), што тлумачыцца яе больш раннім распаўсюджваннем.

В.​С.​Пазднякоў.

т. 8, с. 420

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗАТО́НСКАГА КАМІ́СІЯ,

камісія, накіраваная ЦКК ВКЛ(б) для абследавання практыкі правядзення нац. палітыкі ў БССР. Знаходзілася ў Беларусі з 9.5 да 27.6.1929. Узначальваў старшыня ЦКК Кампартыі Украіны У.​П.​Затонскі. Зрабіла даклад, які ўключаў эканам. агляд, стан і перспектывы развіцця мястэчак, палітыка-асв. работу ў БССР, выдавецкую дзейнасць, пытанні беларусізацыі, стан прэсы, навук. думкі ў гуманітарнай галіне. Характарыстыкі камісіі вызначаліся катэгарычнасцю. Крытычна ацэньвалася «Гісторыя Беларусі» У.​М.​Ігнатоўскага за ідэалізацыю мінулага і папулярызацыю нашаніўскага адраджэння, навук. дзейнасць В.​Ю.​Ластоўскага, С.​М.​Некрашэвіча, Я.​Лёсіка, Б.​І.​Эпімах-Шыпілы і інш., выказаны крытычныя заўвагі ў адрас Я.​Купалы, А.​Дудара, М.​Зарэцкага. Пад жорсткую крытыку трапіў З.​Х.​Жылуновіч за грамадска-паліт. і эстэт. погляды, літ. практыку; негатыўна ацэнена і дзейнасць кіраўнікоў рэспублікі: старшыні ЦВК БССР А.​Р.​Чарвякова [за выступленне ў лют. 1920 на VII з’ездзе КП(б)Б у абарону нац. інтэлігенцыі], наркома асветы БССР А.​В.​Баліцкага (за правядзенне ў ліст. 1926 разам з Ігнатоўскім акад. канферэнцыі па бел. правапісе), наркома земляробства Дз.​Ф.​Прышчэпава і інш. Характарыстыка практыкі правядзення нац. палітыкі ў БССР увязвалася са станам сельскай гаспадаркі. Адзначалася, што кулацкае наступленне на ідэалаг. фронце Беларусі адчуваецца найб. моцна і змест яго прымае нац. формы. 27.6.1929 Затонскі выступіў на Бюро ЦК КП(б)Б з асн. вывадамі камісіі. Даклад быў накіраваны ў ЦК і ЦКК ВКП(б), у т. л. асабіста І.​В.​Сталіну. Вывады камісіі паслужылі важкай падставай для абвінавачванняў, якія былі прад’яўлены бел. навук. і творчай інтэлігенцыі ў канцы 1920-х г.

М.​П.​Касцюк.

т. 7, с. 8

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАМО́РСКАЯ КУЛЬТУ́РА, культура тваравых урнаў, усходнепаморская культура, культура падклёшавых пахаванняў,

вейхераўска-краташынская культура, археалагічная культура плямён, якія ў 7—2 ст. да н.э. насялялі тэр. Польшчы, ПдЗ Беларусі і ПнЗ Украіны. Падзяляецца на 3 этапы: 7 — сярэдзіна 6 ст., сярэдзіна 6 ст. — 5 ст., 4—2 ст. да н.э. На тэр. Беларусі яе помнікі маюць перыферыйны характар і датуюцца 4—2 ст. да н.э. Прадстаўлены неўмацаванымі паселішчамі і бескурганнымі могільнікамі з абрадам трупаспалення. На Бел. Палессі зафіксавана каля 20 пунктаў з матэрыяламі П.к. Селішчы размяшчаліся паблізу рэк і азёр, забудоўваліся невял. паўзямлянкамі і наземнымі жытламі слупавой канструкцыі. На Беларусі, на тэр. ад Зах. Буга да р. Льва, адкрыта 8 могільнікаў П.к., на якіх выяўлена ад 1 да 5 пахаванняў. Яны прадстаўлены 3 тыпамі — падклёшавыя, урнавыя і ямныя. Нябожчыкаў спальвалі па-за межамі могільніка, рэшткі спалення ссыпалі на дно ямкі або змяшчалі ў гліняныя урны; у шэрагу выпадкаў урну накрывалі зверху вял. гаршком — клёшам. У магілы ставілі разнастайны посуд, клалі быт. рэчы і ўпрыгожанні: жал. і бронзавыя фібулы, спіральныя бранзалеты, кольцы, каменныя і шкляныя пацеркі. Асн. маса знаходак — ляпны посуд (таўстасценныя гаршкі з бугрыстай і шурпатай паверхняй, глянцаваныя міскі, збаны, вазы, накрыўкі, кубкі, падстаўкі). Насельніцтва займалася земляробствам і жывёлагадоўляй, чорнай і каляровай металургіяй, ганчарствам і інш. П.к. мела поліэтнічны характар. Ёсць меркаванні пра ўваходжанне яе ў склад праславян. Найб. вядомыя на Беларусі помнікі П.к. Камень Пінскага, Аздамічы Столінскага, Трасцяніца і Кусічы (Агароднікі) Камянецкага р-наў Брэсцкай вобл. і інш.

В.​С.​Вяргей.

Кераміка паморскай культуры.

т. 12, с. 35

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАРТРЭ́Т САРМА́ЦКІ,

від партрэта, характэрны для мастацтва Рэчы Паспалітай, пераважна часоў барока (16—18 ст). Узнікненне звязана з комплексам светапогляду і культуры сарматызмубел.-літ. магнатэрыі пераважала паданне пра іх паходжанне ад патрыцыяў Стараж. Рыма). Спалучаў рысы параднага, рыцарскага і труннага (гл. Партрэт пахавальны) партрэтаў і прадстаўлены шырокім спектрам твораў — ад падобных да рэпрэзентатыўных зах.-еўрап. партрэтаў позняга рэнесансу і барока да народна-прымітыўнага мастацтва. У мастацтве Беларусі і Украіны шмат пераймаў ад фармальна-эстэт. асноў іканапісу, што абумовіла плоскаснасць трактоўкі аб’ёмаў, лінеарнасць малюнка, вял. плоскасці яркіх колеравых паверхняў, акцэнтаванне дэкар. элементаў і фактуры каштоўных тканін, адсутнасць святлоценявых эфектаў. Адметныя рысы П.с. — павышаная ўвага да пратакольнай дакладнасці партрэтнай характарыстыкі, адлюстраванне персанажа ў парадным адзенні, пышныя драпіроўкі, спалучэнне паэтычна-ўрачыстай рэтраспектыўнасці вобраза з інфарматыўнымі элементамі (выявы гербаў, атрыбутаў улады ці духоўнага сану, надпісы пра партрэтаванага і інш.). Стваральнікамі П.с. былі пераважна ананімныя цэхавыя мастакі (партрэты Міхаіла Барысавіча, мяжа 16—17 ст.; роду Весялоўскіх, 1630—40-я г.; А.​Астроўскага, 1-я пал. 17 ст.; І.​Завішы, 1732; Я.​Вішнявецкага, 3-я чвэрць 17 ст., і інш.), але захаваліся і імёны некат. жывапісцаў: І.​Шрэтэр (працаваў у 1641—85, аўтар партрэта К. і М. Радзівілаў, 1646), Д.​Шульц [1615—83; аўтар партрэтаў Радзівілаў (у т. л. Я.​Радзівіла, 1612—55) і Пацаў].

Літ.:

Тананаева Л.И. Сарматский портрет: Из истории пол. портрета эпохи барокко. М., 1979;

Хадыка А.Ю., Хадыка Ю.В. Непаўторныя рысы: З гісторыі бел. партрэта. Мн., 1992.

Б.​А.​Лазука, А.​Ю.​Хадыка.

Партрэт сармацкі. Партрэт Я.​Вішнявецкага. 3-я чвэрць 17 ст.

т. 12, с. 107

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)