ГАРБАЧЭ́ЎСКІ Іван Іванавіч [4.10.1800, Магілёўская губ. (паводле інш. звестак Чарнігаўская губ.) — 21.1.1869], удзельнік руху дзекабрыстаў. Па маці звязаны сваяцтвам з Г.Каніскім. Выхоўваўся ў Дваранскім палку ў Пецярбургу. З 1820 служыў у 8-й артыл. брыгадзе ў г. Наваград-Валынскі (цяпер Жытомірская вобл. Украіны). У 1823 уступіў у Т-ва з’яднаных славян. Сааўтар новага статута і праекта рэарганізацыі т-ва (1824—25). Вёў агітацыю сярод салдат і афіцэраў 8-й артыл. брыгады. У час паўстання Чарнігаўскага пях. палка (29.12.1825—3.1.1826) спрабаваў узняць суседнія вайск. часці. 20.1.1826 арыштаваны, накіраваны ў Пецярбург. Прыгавораны да смяротнага пакарання. Па царскай канфірмацыі пазбаўлены дваранства і высланы ў Сібір на катаржныя работы. Пасля сканчэння тэрміну катаргі (1839) жыў на пасяленні ў г. Пятроўскі Завод (зараз Пятроўск Забайкальскі Чыцінскай вобл., Расія).

В.В.Швед.

т. 5, с. 55

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)