АНТАНЕ́НКА-ДАВІДО́ВІЧ Барыс Дзмітрыевіч
(5.8.1899, г. Рамны Сумскай вобл., Украіна — 9.5.1984),
украінскі пісьменнік. Скончыў Кіеўскі ін-т нар. асветы (1923). Падзеі рэвалюцыі 1917, грамадз. вайны, аднаўленчы перыяд адлюстраваў у зб-ках апавяданняў, нарысаў і аповесцяў «Зацярушаныя сілуэты» (1925), «Сіняя валошка» (1927), «Смерць» (1928), «Сапраўдны муж» (1929), «Людзі і вугаль» (1932). Маральна-этычная тэматыка ў рамане «За шырмай» (1957), зб. апавяданняў і аповесцяў «Слова маці» (1960). Аўтар публіцыст., літ.- і мовазнаўчых артыкулаў (зб-кі «Аб чым і як», 1962; «У літаратуры і каля літаратуры», 1964; «Як мы гаворым», 1970). Рэпрэсіраваны ў 1935, рэабілітаваны ў 1956. Дзярж. прэмія Украіны імя Т.Шаўчэнкі 1992 (за зб-кі прозы розных гадоў «Смерць», «Сібірскія навелы», «Завышаныя ацэнкі», публ. 1991).
Тв.:
Твори Т. 1—2. Київ, 1991.
В.А.Чабаненка.
т. 1, с. 380
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)