род кветкавых раслін сям. метлюжковых. Каля 30 відаў. Пашыраны ўсюды, акрамя тропікаў. На Беларусі 2 віды П.: паўзучы (E. repens) і сярэдні (E. intermedia). Трапляюцца на лугах, лясных палянах, узлесках, палях і агародах.
Шматгадовыя, пераважна карэнішчавыя травы выш. 30—150 см. Сцёблы ўзыходныя, унутры полыя. Лісце чаргаванае, пляскатае або ўздоўж згорнутае, вузкалінейнае, шурпатае, шыза-зялёнае ці шараватае. Кветкі дробныя, сабраныя ў агульнае суквецце рыхлы колас. Плод — зярняўка. Некат. віды культывуюцца як кармавыя расліны, выкарыстоўваюцца ў селекцыі мароза- і холадаўстойлівых пшанічна-пырнікавых гібрыдаў. Шкоднае пустазелле П. паўзучы мае лек. ўласцівасці, ужываецца ў ежу (свежыя і высушаныя карэнішчы), выкарыстоўваецца як пашавая і сенакосная культура.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЯРЭ́СНА, троліус (Trollius),
род кветкавых раслін сям. казяльцовых. Каля 30 відаў. Пашыраны ва ўмераным і халодным паясах Паўн. паўшар’я. На Беларусі 1 від — П. еўрапейская (T. europaeus), занесены ў Чырв. кнігу. Трапляецца на вільготных лясных палянах, узлесках, лугах. У культуры вырошчваюцца П.: азіяцкая (T. asiaticus), алтайская (T. altaicus), кітайская (T. chinensis), Ледэбура (T. ledebourii). Большасць садовых форм і сартоў з’яўляюцца гібрыдамі П. азіяцкай, еўрапейскай і кітайскай і аб’яднаны пад назвай П. культурная (T. × culturum).
Шматгадовыя травяністыя карэнішчавыя расліны выш. 50—100 см. Сцёблы прамыя, малагалінастыя. Лісце пальчата-раздзельнае, пераважна прыкаранёвае. Кветкі буйныя, часта адзіночныя, жоўтыя або аранжавыя, маюць пялёсткі-нектарнікі з нектарнай ямкай пры аснове. Плод — шматлістоўка. Ядавітыя. Дэкар. расліны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАЗУ́ХА (Arabis),
род кветкавых раслін сям. крыжакветных. Больш за 100 відаў. Пашыраны пераважна ва ўмераным поясе Паўн. паўшар’я і ў гарах трапічнай Афрыкі. На Беларусі 3 віды Р.: Жэрара (A. gerardii), стрэлкападобная (A. sagittata), павіслая (A. pendula). Трапляюцца ў хваёвых лясах, хмызняках, на палях, лугах. Як дэкар. расліны культывуюць Р. альпійскую (A. alpina), каўказскую (A. caucasica) і інш.
Адна- і шматгадовыя травяністыя расліны. Сцёблы з шараватым адценнем, пераважна апушаныя, прамастойныя, выш. 10—60 см, часам ляжачыя, лёгка ўкараняюцца. Лісце суцэльнае, густаапушанае, прыкаранёвае ў разетцы. Кветкі белыя, ружовыя, жаўтаватыя, простыя або махрыстыя, сабраныя ў невял. шчыльныя шчытка- ці парасонападобныя гронкі. Плод — стручок. Дэкар. расліны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РДЗЕСТ, урэчнік (Potamogeton),
род кветкавых раслін сям. рдзеставых. Каля 100 відаў. Пашыраны паўсюдна. На Беларусі 17 відаў. Найб. вядомыя Р.: бліскучы (P. lucens), грабеньчаты (P. pectinatus), кучаравы (P. crispus), плывучы (P. natans), пранізаналісты (P. perfoliatus). Растуць у стаячай або з павольнай плынню прэснай ці слаба салёнай вадзе на глыб. да 3 м. Утвараюць зараснікі і спрыяюць зарастанню вадаёмаў.
Шматгадовыя пераважна падводныя карэнішчавыя травы. Сцёблы даўж. да 6 м. Надводнае лісце скурыстае, падводнае — перапончатае, празрыстае. Кветкі дробныя, непрыкметныя, у цыліндрычных коласападобных суквеццях над вадой. Плод — касцянка- ці арэшкападобны. Р. — важны кампанент прэснаводнай флоры. Зараснікі — месца нерасту і нагулу рыбы, некат. віды ідуць на ўгнаенне і корм жывёле. Кармавыя расліны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЭМАНТА́НТНЫЯ РАСЛІ́НЫ,
расліны, здольныя да паўторнага або шматразовага цвіцення і плоданашэння на працягу аднаго вегетац. перыяду. Маюць вельмі кароткі перыяд спакою і здольнасць перыядычна (на працягу 2—3 тыдняў) закладваць пладовыя пупышкі, якія хутка прарастаюць, адбываецца аддзяленне бутонаў, цвіценне і плоданашэнне амаль да замаразкаў. Да Р.р. належаць травяністыя (напр., алісум, лабелія, рэмантантны гваздзік), дэкар.-кустовыя (рэмантантныя і чайнагібрыдныя ружы, некат. віды спірэі), цытрусавыя, ягадныя (некат. сарты суніц і малін) культуры. Пры спрыяльных пагодных умовах (цёплая і вільготная восень пасля сухога лета) рэмантантнасць бывае ў бэзу, вішні, грушы, яблыні і інш. Пры паўторным цвіценні і плоданашэнні кветкі і плады драбнеюць, насенне горш узыходзіць. Выкарыстоўваюцца ў дэкар. і аматарскім садаводстве, кветкаводстве.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САКСАУ́Л (Haloxylon),
род кветкавых раслін сям. лебядовых. 10 відаў. Пашыраны ў паўпустынях і пустынях Азіі. Найб. вядомыя С.: белы (H. persicum), зайсанскі (H. ammodendron) і чорны (H. aphyllum).
Кусты ці невял. дрэвы (выш. 1,5—12 м) з магутнай каранёвай сістэмай, якая часам дасягае глыб. 11 м. Жывуць 30—60 гадоў. Галінаванне вілаватае, маладыя парасткі членістыя, ломкія. Лісце ў выглядзе дробных бескаляровых лускавінак або бугаркоў (фотасінтэз адбываецца ў зялёных галінах). Кветкі двухполыя, па 4 у пазухах лускападобных прыкветнікаў. Плод — арэшак. Выкарыстоўваюцца для замацавання пяскоў і азелянення гарадоў.
Драўніна ідзе на паліва, паташ. Зімой зялёныя галінкі — корм вярблюдаў і авечак. Тэхн., дэкар., кармавыя расліны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САЛЯ́НКА (Salsola),
род кветкавых раслін сям. лебядовых. Больш за 200 відаў. Пашыраны ў пустынях і паўпустынях Еўразіі, Афрыкі, заносныя ў Амерыцы і Аўстраліі. На Беларусі 3 віды С.: пантыйская (S. pontica), руская, або курай, паташнік, ці попельнік (S. ruthenica), і ўзгоркавая (S. collina). Трапляюцца ўздоўж дарог, чыгунак, на пустках, каля жылля.
Аднагадовыя травы, невял. дрэвы, кусты ці паўкусты. Сцёблы прамастойныя або ўзыходныя, растапырана-галінастыя, цвёрдаапушаныя. Лісце невял., вузкае, мясістае, суцэльнае, чаргаванае, на верхавінцы звычайна шыпаватае. Кветкі малапрыкметныя, адзіночныя ў пазухах лісця або ў коласападобных ці мяцёлчатых суквеццях, двухполыя. Плод — сухі арэшак. Корм для вярблюдаў, авечак, коз; некат. віды выкарыстоўваюцца для замацавання пяскоў. Дэкар. расліны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СВЕМП, Свемпс (Svemps) Лео (19.7.1897, хутар Барану, цяпер Гулбенскі р-н, Латвія — 7.3.1975), латышскі жывапісец. Нар.маст.СССР (1963). Вучыўся ў студыі А.Бальшакова (1917) і ў Вышэйшых маст.-тэхн. майстэрнях (1918) у Маскве. З 1918 у Латвіі. Чл. «Групы рыжскіх мастакоў» (1928—38). Выкладаў у АМ у Рызе (1940—41, 1944—52, з 1954, з 1947 праф., з 1961 рэктар). Аўтар маляўнічых, мажорных, паводле ўнутр. ладу, кантрастных па колеры пейзажаў і нацюрмортаў: «Вуліца, асветленая сонцам» (1922), «Старая Рыга» (1927), «Нацюрморт. Кветкі» (1955), «Весціена» (1956), «Нацюрморт з грушамі і кветкамі» (1966), «Нацюрморт з газетай» (1967) і інш.Дзярж. прэмія Латвіі 1957.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЕЙТЛІ́ЕЎ (Кара) (1.1.1915, с. Караган Бахардэнскага р-на, Туркменістан — 2.5.1971),
туркменскі пісьменнік, дзярж. дзеяч. Нар. пісьменнік Туркменістана (1967). Скончыў Бакінскі пед.ін-т (1941). У 1943—44 дырэктар Туркм.т-ра оперы і балета. У 1963—71 міністр культуры Туркменістана. Друкаваўся з 1938. Аўтар зб-каў вершаў і паэм на тэмы сучаснасці: «Ліра паэта» (1941), «Сістр» (1944), «Крыніца» (1950), «Кветкі Індыі» (1960), «Крылатыя часы» (1962) і інш. Многія яго вершы пакладзены на музыку. Напісаў п’есу «Джахан» (паст. 1946), камедыю «Сын пастуха» і драму «Дачка садоўніка» (з Г.Мухтаравым) і інш. На бел. мову яго асобныя вершы пераклаў Ю.Свірка.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СІ́ДА, грудніка (Sida),
род кветкавых раслін сям. мальвавых. Каля 150 (паводле інш. звестак да 300) відаў. Пашыраны ў тропіках і субтропіках. У Амерыцы і Еўропе культывуюць С. вострую (S. acuta) і шматгадовую (S. napala), у Індыі і Афрыцы — С. рамбалістую (S. rombifolia). На Беларусі інтрадукавана С. гермафрадытная (S. hermaphrodita).
Шматгадовыя травяністыя, кустовыя і паўкустовыя расліны. Сцёблы прамастойныя, выш. 2—4 м. Лісце чаргаванае, 5—7-лопасцевае, клінападобнае або суцэльнае. Дробныя кветкі белыя ці жоўтыя, адзіночныя або сабраныя па 5—10 у суквецце. Плод — каробачка. Сцёблы маюць 13—19% валакна, якое разам з ільняным, джутавым і кенафавым выкарыстоўваюць для вытв-сці грубых тканін і вяровак. Тэхн., кармавыя, меданосныя расліны.