АЛА́,

рака ў Беларусі, у Кіраўскім, Бабруйскім р-нах Магілёўскай вобл. і Жлобінскім, Светлагорскім р-нах Гомельскай вобл., левы прыток Бярэзіны (бас. Дняпра). Даўж. 100 км. Пл. вадазбору 1230 км² у межах Цэнтральнабярэзінскай раўніны і Прыдняпроўскай нізіны. Даліна пераважна трапецападобная, шыр. 0,8—1 км. Пойма (у вярхоўі асушаная і разараная) шыр. ад 0,5 да 1,5 км. Рэчышча каналізаванае. Берагі стромкія, выш. 1—3 м, у ніжнім цячэнні нізкія. Асн. прытокі: Рылейка, Беліца, Вял. Вязанка. Сярэднегадавы расход вады ў вусці 5,9 м³/с, 52% гадавога сцёку прыпадае на вясну. Выкарыстоўваецца як водапрыёмнік меліярац. сістэм. На рацэ г.п. Кіраўск.

Рака Ала ў Бабруйскім раёне.

т. 1, с. 224

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АДРО́Ў,

рака на У Беларусі, правы прыток Дняпра. Даўж. 75 км. Пл. вадазбору 676 км². Пачынаецца на паўн. схіле Аршанскага узв., вусце на паўд. ускраіне г. Орша. Цячэ ў Аршанскім, Сенненскім і Талачынскім р-нах Віцебскай вобл. Даліна спачатку трапецападобная, ніжэй карытападобная, шыр. 0,6—0,8 км.

Пойма пераважна двухбаковая, шыр. 0,1—0,3 км. Рэчышча ў вярхоўі каналізаванае, далей звілістае. Берагі нізкія, у сярэднім і ніжнім цячэнні стромкія. Сярэднегадавы расход вады ў вусці 4,4 м³/с. На веснавы перыяд прыпадае каля 70% гадавога сцёку. Ледастаў з сярэдзіны снеж. да канца сакавіка. Выкарыстоўваецца як водапрыёмнік меліярацыйных сістэм. У ніжнім цячэнні Адрову — г. Барань.

т. 1, с. 136

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АСТРАЎКІ́,

возера ў Беларусі, у Лепельскім раёне Віцебскай вобл., у бас. р. Тураўлянка, за 30 км на ПнУ ад г. Лепель. Пл. 0,54 км², даўж. 1,74 км, найб. шыр. 0,92 км, найб. глыб. 12,7 м, даўж. берагавой лініі 5,6 км. Пл. вадазбору 102 км².

Схілы катлавіны выш. 4—6 м, на З да 15 м. Берагі невысокія, на ПнУ і ПнЗ зліваюцца са схіламі. 2 астравы агульнай пл. 0,1 га. Дно глыб. да 1,5—2 м (каля зах. і ўсх. берагоў да 3—4 м) пясчанае, глыбей глеістае. Расліннасць уздоўж берагоў утварае паласу шыр. да 25 м. Упадае ручай з воз. Рагоўскае. Злучана пратокай з воз. Цеменіца.

т. 2, с. 53

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЫГАНАШЧА́НСКАЕ ВО́ЗЕРА, Выганаўскае возера,

у Івацэвіцкім р-не Брэсцкай вобл., на водападзеле р. Шчара і Ясельда, за 37 км на У ад г. Івацэвічы, на тэр. гідралагічнага заказніка Выганашчанскае. Пл. 26 км², даўж. 7 км, найб. шыр. 4,8 км, найб. глыб. 2,3 м, даўж. берагавой лініі 21 км. Пл. вадазбору 87,1 км². Схілы катлавіны спадзістыя, пераважна забалочаныя. Берагі нізкія, тарфяністыя, пад хмызняком, на Пн і Пд сплавінныя. Дно плоскае, выслана сапрапелем, у зах. ч. шматлікія мелі. З Пн на Пд возера перасякае Агінскі канал. Вылучаецца відавым багаццем вышэйшых водных раслін і наяўнасцю прыбярэжнай разнатраўна-асакова-злакавай сплавіны шыр. да 150 м. Мноства вадаплаўных птушак. Зарастае.

Выганашчанскае возера.

т. 4, с. 303

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЯРКУ́ДСКАЕ ВО́ЗЕРА, Вяркуда,

ва Ушацкім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Тураўлянка, за 17 км на У ад г.п. Ушачы. Уваходзіць ва Ушацкую групу азёр. Пл. 1,8 км², даўж. 2,2 км, найб. шыр. 1,3 км, найб. глыб. 12 м, даўж. берагавой лініі 9 км. Пл. вадазбору 9,1 км². Схілы катлавіны выш. 25—30 м, пераважна пад лесам, на У 5—7 м, разараныя. Берагі зліваюцца са схіламі, на Пд нізкія, забалочаныя. Падводная частка катлавіны складаецца з 2 плёсаў. Прыбярэжная зона пясчаная, глыбакаводная, выслана глеямі. Паласа расліннасці шыр. да 140 м. Упадаюць 3 ручаі, на ПнЗ злучана ручаём з Павульскім возерам.

т. 4, с. 394

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДРЫ́СЫ,

возера ў Расонскім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Дрыса (выцякае з возера), за 35 км на У ад г.п. Расоны. Пл. 2,26 км², даўж. 3,7 км, найб. шыр. 960 м, найб. глыб. 3,7 м, даўж. берагавой лініі больш за 11 км. Пл. вадазбору 1578 км². Схілы катлавіны выш. 5—10 м (на З 15—20 м), параслі мяшаным лесам. Берагі пад хмызняком і лесам. Дно плоскае. У цэнтры 5 астравоў агульнай пл. 1 га. Мелкаводдзе ўздоўж берагоў і вакол астравоў да глыб. 2 м пясчанае і глеістае. На Пд упадае р. Ушча, на ПнЗ злучана пратокай з воз. Глыба.

т. 6, с. 229

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЗЯСНА́,

рака, левы прыток р. Дняпро, у Расіі і на Украіне. Даўж. 1130 км. Пл. бас. 88,9 тыс. км². Бярэ пачатак на Смаленска-Маскоўскім узв., упадае ў Дняпро вышэй Кіева. У верхнім цячэнні берагі пераважна нізінныя і забалочаныя, ніжэй г. Бранск правы бераг павышаецца. Пасля ўпадзення р. Сейм даліна расшыраецца, рака ўтварае шмат рукавоў і старыц. Рэчышча пясчанае, звілістае, няўстойлівае, шмат мелей. Гал. прытокі: Судасць, Сноў (справа), Болва, Наўля, Няруса, Сейм і Асцёр (злева). Ледастаў са снеж. да красавіка. Вясной у паводку шырока разліваецца. Сярэдні гадавы расход вады ў вусці 360 м³/с. Рэгулярнае суднаходства ад г. Ноўгарад-Северскі. Гал. прыстані: Ноўгарад-Северскі, Макошына, Чарнігаў, Асцёр, Жукін.

т. 6, с. 164

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДО́ЎЖЫНА,

возера ва Ушацкім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Крашанка, за 6 км на Пд ад г.п. Ушачы. Пл. 0,65 км², даўж. 2 км, найб. шыр. 500 м, найб. глыб. 18 м, даўж. берагавой лініі больш за 5 км. Пл. вадазбору 14,3 км². Схілы катлавіны выш. 20—26 м (на ПдЗ 7—15 м), пад хваёвым лесам. Берагі пад хмызняком, месцамі забалочаныя. Дно да глыб. 4—7 м высцілаюць пясчаныя адклады, глыбей — сапрапель і глеі. Шыр. паласы надводнай расліннасці да 25 м. На Пд у возера ўпадае ручай з воз. Баркоўшчына, на Пн выцякае ручай у воз. Вечалле. Уваходзіць у курортную зону Ушачы.

т. 6, с. 188

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЁДЗІ, Ёдава, Едаўскае возера,

у Астравецкім р-не Гродзенскай вобл., у бас. р. Страча, за 33 км на ПнУ ад г.п. Астравец. Уваходзіць у Сарачанскую групу азёр. Пл. 0,61 км², даўж. 1,6 км, найб. шыр. 520 м, найб. глыб. 19,7 м, даўж. берагавой лініі каля 3,7 км. Пл. вадазбору 4,4 км². Схілы катлавіны выш. 6—10 м, разараныя, паўд. 8—15 м, пад лесам. Берагі зліваюцца са схіламі, на ПдУ і ПдЗ сплавінныя. Дно плоскае, да глыб. 2—4 м выслана пяском і апясчаненымі адкладамі, ніжэй сапрапелі. Шыр. паласы расліннасці 10—40 м. Упадаюць 4 ручаі, на ПдУ злучана пратокай з воз. Гульбеза.

т. 6, с. 407

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗАПАЛО́ССЕ, Запалоскае возера,

у Міёрскім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Вята, за 13 км на ПнЗ ад г. Міёры. Пл. 0,37 км², даўж. 1,1 км, найб. шыр. 440 м, найб. глыб. 6,9 м, даўж. берагавой лініі 3,8 км. Пл. вадазбору 13,1 км². Схілы катлавіны выш. 15—25 м, у верхняй ч. разараныя, на З парослыя лесам. Берагі высокія, абрывістыя, на ПнЗ зліваюцца са схіламі, на ПдУ і ў паўн. заліве сплавінныя, усюды пад хмызняком. Дно складанай будовы (упадзіны чаргуюцца з мелкаводнымі і астраўнымі падняццямі), уздоўж берагоў пясчанае, глыбей глеістае. 3 астравы агульнай пл. 2 га. Зарастае. Упадаюць 2 ручаі.

т. 6, с. 530

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)