Сандвічавы астравы, архіпелаг у цэнтр. частцы Ціхага ак., штат ЗША — Гаваі і ўладанне Мідуэй. Пл. 16,7 тыс.км². Гавайскія астравы — вяршыні падводнага вулканічнага хрыбта, складаюцца з 24 вулканічных і каралавых астравоў, выцягнутых з З-Пн-З на У-Пд-У больш як на 3600 км (самыя вял. і значныя — Гаваі, Ааху, Каўаі, Ланаі, Малакаі, Маўі, Нііхау, Кахаалаве). Выш. да 4205 м (патухлы вулкан Маўна-Кеа на в-ве Гаваі). Дзеючыя вулканы Маўна-Лоа (4170 м) і Кілаўэа (1247 м). Клімат трапічны, пасатны. Сярэднямесячная т-ра 18—25 °C. Ападкаў ад 700 мм (на паўд.-зах. берагах) да 3500—4000 мм за год (на в-ве Каўаі ў асобныя гады больш за 10 000 мм). На наветраных схілах вільготныя трапічныя лясы, на падветраных — рэдкалессе і саванны; шмат эндэмічных відаў раслін. Плантацыі ананасаў, цукр. трыснягу, кавы і інш. трапічных культур. Развіта кветкаводства. Рыбалоўства. Суднабудаванне. Кліматычныя курорты. Турызм. Адкрыты Гавайскія астравы ў 1778 англ. мараплаўцам Дж.Кукам.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КО́ДЭКС РЭСПУ́БЛІКІ БЕЛАРУ́СЬ АБ ЗЯМЛІ́ (КаЗ),
сістэматызаваны заканад. акт, які рэгулюе зямельныя адносіны на тэр. Беларусі. Прыняты Вярх. Саветам Рэспублікі Беларусь 11.12.1990, уведзены ў дзеянне 1.1.1991 і дзейнічае з пазнейшымі дапаўненнямі і зменамі. Складаецца з прэамбулы, 16 раздз., 17 глаў, 141 артыкула. Рэгулюе зямельныя адносіны і накіраваны на стварэнне ўмоў для рацыянальнага выкарыстання і аховы зямель, аднаўленне ўрадлівасці зямлі, захаванне і паляпшэнне навакольнага асяроддзя, для раўнапраўнага развіцця ўсіх форм гаспадарання. У ім сфармуляваны агульныя палажэнні, што замацоўваюць права краіны на зямлю, вызначаны склад зямель, кампетэнцыя Саветаў дэпутатаў на прадастаўленне зямель ва ўладанне і карыстанне, рэгулююцца правы і абавязкі землеўладальнікаў і землекарыстальнікаў, вызначаны нормы па землеўладанні грамадзян і землекарыстанні, вызначаны прававы рэжым асобных катэгорый зямель. Кодэкс рэгулюе пытанні пакрыцця страт, нанесеных землеўладальнікам ці землекарыстальнікам, вырашэння зямельных спрэчак і адказнасці за парушэнне зямельнага заканадаўства і інш. У сувязі з тым, што многія палажэнні КаЗ устарэлі, падрыхтаваны новы праект кодэкса, які ў бліжэйшы час будзе разгледжаны парламентам краіны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МА́РКАВА,
вёска ў Маладзечанскім р-не Мінскай вобл. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 19 км на З ад Маладзечна, 95 км ад Мінска, 3 км ад чыг. станцыі Пруды. 772 ж., 291 двор (1999).
Вядома з 1415 як велікакняжацкае сяло і двор у складзе ВКЛ. З 1476 да пач. 16 ст. цэнтр павета і воласці. У 1519 разбурана ў час вайны Маск. дзяржавы з ВКЛ 1512—22. У 1532 уласнасць Яна Радзівіла, у 2-й пал. 16 ст. мястэчка, гаспадарскае ўладанне. У 18 ст. цэнтр староства. З 1793 у Рас. імперыі. У 1897 765 ж., 122 двары, царква, капліца, нар. вучылішча. З 1921 у Віленскім ваяв. Польшчы, з 1939 у БССР, з 1940 цэнтр сельсавета ў Маладзечанскім р-не. У Вял.Айч. вайну ням.-фаш. захопнікі знішчылі 72 хаты. З 1949 цэнтр калгаса.
Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, аптэка, амбулаторыя, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Помнік землякам, якія загінулі ў Вял.Айч. вайну. Помнік архітэктуры — Свята-Успенская царква (1860).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РО́ДНЯ,
вёска ў Клімавіцкім р-не Магілёўскай вобл., каля р. Лабжанка, на скрыжаванні аўтадарог на Клімавічы, Касцюковічы, Хоцімск. Цэнтр сельсавета і эксперым. базы. За 17 км на ПдУ ад г. Клімавічы, 141 км ад Магілёва, 10 км ад чыг. ст. Асмолавічы. 733 ж., 261 двор (2001). Сярэдняя школа. Дом культуры, б-ка, бальніца, амбулаторыя. аптэка, аддз. сувязі. Помнік землякам, якія загінулі ў Вял.Айч. вайну.
У 1727 сяло ў Крычаўскім старостве ВКЛ, у 1747 дзярж. ўласнасць, 20 двароў. З 1772 у Рас. імперыі. У 1780 мястэчка ў Клімавіцкім пав. Магілёўскай губ., 289 ж., 76 двароў, драўляная царква. У пач. 19 ст. прыватнае ўладанне, вінакурны з-д. У 1880—455 ж., 78 двароў, вадзяны млын, нар. вучылішча, мураваная царква, малітоўная школа; у 1897—834 ж., 122 двары, крупадзёрка. З 1924 вёска, цэнтр сельсавета Клімавіцкага р-на Калінінскай, у 1926—30 — Магілёўскай акруг, з 1938 — Магілёўскай вобл. У 1926 у Р 471 ж., 88 двароў. У 1967 да Р далучана в Пачаеўка.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АСТРЫНА́,
гарадскі пасёлак у Беларусі, у Шчучынскім раёне Гродзенскай вобласці. За 22 км ад Шчучына, 29 км ад чыг. ст. Ражанка на лініі Масты—Ліда, на скрыжаванні аўтадарог Гродна—Ліда і Масты—Шчучын—Радунь—Вільнюс. 2,8 тыс.ж. (1995).
Па пісьмовых крыніцах вядома з 1450. У 15 — пач. 16 ст. каралеўскае ўладанне, цэнтр воласці Трокскага пав. З 1487 мястэчка. У 16—18 ст. цэнтр староства ў Лідскім пав. У 1641 атрымала магдэбургскае права. З 1793 цэнтр воласці. З 1795 у складзе Рас. імперыі. У 1859 у мястэчку 970 ж., 170 дамоў, царква, капліца, праводзіліся штотыднёвыя кірмашы. У 1897 — 2410 ж. У 1921—39 у складзе Польшчы, з 1926 цэнтр гміны Шчучынскага пав. З 1939 у БССР, з 1940 гар. пасёлак Васілішкаўскага р-на. У Вял.Айч. вайну акупіравана ням.-фаш. захопнікамі. У 1954—60 цэнтр Васілішкаўскага р-на, у 1960—62 у Скідзельскім, з 1962 у Шчучынскім р-нах.
Дрэваапр., буд. матэрыялаў, харч.прам-сць. Брацкая магіла сав. воінаў і партызанаў. Помнік Цётцы (А.Пашкевіч). Царква 19 ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕ́ЛІЦА,
вёска ў Лідскім р-не Гродзенскай вобл., на правым беразе р. Нёман. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 30 км на Пд ад г. Ліда, 140 км ад Гродна, 9 км ад чыг. ст. Нёман, на шашы Ліда—Слонім. 3079 ж., 1214 двароў (1995).
Вядома з 15 ст. як велікакняжацкае і прыватнае ўладанне. З 1486 мястэчка. У канцы 15 — пач. 16 ст. цэнтр староства і павета. У 1553 М.Радзівіл Руды заснаваў у Беліцы кальвінскі збор, тут праходзілі кальвінісцкія сіноды. З 1795 у складзе Рас. імперыі, у Лідскім пав. У 1886 цэнтр воласці, 883 ж., 100 двароў. З 1921 у складзе Польшчы. З 1939 у БССР, з 1940 цэнтр сельсавета ў Лідскім р-не. У Вял.Айч. вайну акупіравана ням. фашыстамі. У 1970 у Беліцы 913 ж., 285 двароў.
У вёсцы сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, бальніца, хлебапякарня, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Помнікі драўлянага дойлідства — капліца (канец 19 — пач. 20 ст.) і царква (пач. 20 ст.). Каля вёскі стаянкі мезаліту, неаліту і бронзавага веку.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВО́ЎПА,
вёска ў Ваўкавыскім р-не Гродзенскай вобл., на р. Ваўпянка. Цэнтр сельсавета і саўгаса. За 30 км на Пн ад г. Ваўкавыск, 65 км ад Гродна, 13 км ад чыг. ст. Рось, на аўтадарозе Ваўкавыск—Гродна. 848 ж., 337 двароў (1996).
У 1-й пал. 15 ст. сяло і двор, належала вял.кн.ВКЛ Казіміру IV Ягелончыку, з 1449 — кн. Гальшанскім. У канцы 15 — пач. 16 ст. мястэчка Гарадзенскага пав. У дакументах 16 ст. згадваецца двор Воўпа з замкам і мястэчкам.
З 2-й пал. 16 ст. зноў велікакняжацкае ўладанне. У 1624—1831 належала Сапегам. З 1795 у складзе Рас. імперыі. У 1886 цэнтр воласці Гродзенскага пав. У 1893 — 2027 ж. У 1921—39 у Польшчы, у Ваўкавыскім пав. Беластоцкага ваяв. З 1939 у БССР, з 1940 цэнтр сельсавета Ваўкавыскага р-на. У 1965—67 у Мастоўскім р-не. У 1970 — 956 жыхароў.
Каля вёскі Воўпаўская ГЭС. Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, бальніца, аптэка, амбулаторыя, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Царква. Помнік архітэктуры — Воўпаўскі касцёл Іаана Хрысціцеля (1773).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДА́ШКАЎКА,
вёска ў Магілёўскім р-не, на правым беразе р. Дняпро, на аўтадарозе Магілёў—Быхаў. Чыг. станцыя на лініі Магілёў—Жлобін. Цэнтр сельсавета, калгаса і эксперым. базы «Дашкаўка». За 22 км на Пд ад Магілёва. 1850 ж., 704 двары (1997).
Паводле пісьмовых крыніц вядома з 1597 як сяло, заснаванае кн Б.Саламярэцкім, старостам крычаўскім і слуцкім. У 1604 у Вейнянскім войтаўстве Магілёўскага староства. У 1758 мястэчка ў т.зв. Быхаўскім графстве, прыватнае ўладанне, 50 двароў. У 1885 адкрыта школа. У 1897—1197 ж., 195 двароў, нар. вучылішча, царква, параходная прыстань, магазін, млын. маслабойня, крупадзёрка, 3 заезныя дамы. З 1924 у Магілёўскім р-не. У 1971—1807 жыхароў.
Магілёўская абл. доследная с.-г. станцыя і праектна-пошукавая станцыя хімізацыі сельскай гаспадаркі, дрэваапрацоўчы з-д. Сярэдняя і муз. школы, Дом культуры, б-ка, бальніца, аптэка, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў, магіла ахвяр фашызму. Помнік архітэктуры — сядзібны дом (пач. 20 ст.). Каля вёскі група археал. помнікаў (стаянка каменнага веку, гарадзішчы, селішча і курганны могільнік).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГО́МЕЛЬСКАЯ ВО́ЛАСЦЬ, Гомельскае староства,
буйное феад.ўладанне. Цэнтр — г.Гомель. З 12 ст. ўваходзіла ў Чарнігаўскае, з канца 14 ст. — у Старадубскае княства ВКЛ. Ахоплівала сучасную тэр. Добрушскага, частку Гомельскага, паўд. часткі Буда-Кашалёўскага і Веткаўскага р-наў. У 1435—46 належала непасрэдна вял. князю літоўскаму. У гэты час з яе вылучаны некалькі сёл, аддадзеных у прыватную ўласнасць феадалам. Астатняя частка воласці паслядоўна перадавалася ўдзельным князям серпухаўскаму і бароўскаму Васілю Яраславічу, Свідрыгайлу, мажайскаму Івану Андрэевічу і яго сынам. У 1500 занята Маскоўскай дзяржавай і ўключана ў Старадубскі пав. У 1535 вернута ў ВКЛ, уключана ў Віленскае ваяв. Да 1770-х г.дзярж. ўласнасць, называлася староствам. З 1565 у Рэчыцкім пав. Мінскага ваяв. У розныя часы ахоплівала ад 20 да 60 паселішчаў, частка з іх часова вылучалася ў якасці ленных маёнткаў. З 1772 у Рас. імперыі, уключана ў Гомельскі павет, з 1777 — Беліцкі павет Магілёўскай губ. У 1775 і 1778 дзвюма часткамі падаравана Кацярынай II графу П.А.Румянцаву-Задунайскаму, з 1836 уладанне графа І.Ф.Паскевіча-Эрыванскага, з 1856 дзярж. ўласнасць.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАБРУ́ЙСКАЯ ВО́ЛАСЦЬ, Бабруйскае староства,
дзяржаўнае ўладанне ў ВКЛ. Займала большасць тэр. сучасных Бабруйскага, Кіраўскага і прылеглыя да іх ч. Жлобінскага і Светлагорскага р-наў. Напачатку ўваходзіла, відаць, у Свіслацкае княства. З 15 ст. воласцю кіраваў намеснік, якога прызначаў вял. князь. У 1560 тут праведзена адм. рэформа — замест стараж. адзінак падаткаабкладання (дымоў) уведзены службы. На працягу 15—16 ст. некалькі сёл воласці былі падараваны вял. князем розным феадалам. У 1565 тэр. Бабруйскай воласці ўключана ў Рэчыцкі пав. Менскага ваяв.Валочная памера ў воласці праведзена ў 1611—39, замест службаў намерана 475 аселых валок, на якіх месцілася каля 1 тыс.сял. двароў. Акрамя таго, у Бабруйску было 409 мяшчанскіх дамоў і ў прадмесцях 286 гаспадарак агароднікаў. У 17—18 ст. намеснікі (дзяржаўцы) зваліся старостамі, а сама воласць — староствам. У 2-й пал. 16 — 1-й пал. 17 ст. на пасаду бабруйскага старосты прызначаліся прадстаўнікі шляхецкага роду Трызнаў, потым інш. буйныя феадалы, у т. л. Радзівілы. Пасля далучэння да Рас. імперыі (1793) са староства ў якасці павятовага цэнтра вылучаны г. Бабруйск, а само яно паступова падзялілася на некалькі асобных маёнткаў.